Уладзімір Караткевіч
"У сюжэце паэмы ("Слова пра чалавечнасць") спляліся эпізоды сямейна-бытавой драмы з меладраматычнай развязкай". (Алег Лойка)
"Калі кнігі Караткевіча прачытае чалавек з далёкага краю, які ніколі не быў у нас, то нават і ён пранікнецца павагай да гэтай зямлі, да яе людзей, палюбіць іх". (С. Законнікаў)
"Творчасць Уладзіміра Караткевіча - прыкметная з'ява беларускай літаратуры XX стагоддзя. Усім лепшым, што створана гэтым пісьменнікам (а ён плённа працаваў як паэт, празаік, драматург, эсэіст, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык і сцэнарыст), магла б ганарыцца любая высокаразвітая сучасная літаратура". (А. Верабей)
"Нястомны вандроўнік і працаўнік, літаратар, які пастаянна і грунтоўна працуе над сабой, чалавек невычарпальна
светлага настрою, які ўмее смяяцца як дзіця, усёй душой любіць родных людзей, родную зямлю, - такім яго ведаюць многія". (Я. Брыль)
"Уладзімір Караткевіч валодаў непаўторным і дзівосным талентам, здольнасцю бачыць ідэальнае і гарманічнае ў чалавеку, жыцці і прыродзе. Аўтар адчуваў прыгожае ў жыцці. Аднак гэта было не спакойнае сузіранне навакольнага свету. Яго трывожыла праяўленне бездухоўнасці ў людзях, ён абуджаў у чалавеку добрае і чалавечнае. Пісьменнік быў непрымірымы да зла ва ўсіх формах яго праяўлення, ён змагаўся за чалавека, хацеў бачыць яго лепшым і прыгажэйшым". (А. Верабей)
"Скарына, Каліноўскі і Караткевіч апярэджвалі свой час. Прытым намнога. І таму іх не разумелі, і таму ім цяжка жылося". (А. Мальдзіс)
"Вялікае багацце творчасці Уладзіміра Караткевіча з'яўляецца нашым неацэнным духоўным скарбам, які заўсёды будзе надзейным апірышчам для тых, каму дарагая Беларусь, яе гісторыя і яе будучыня". (Д. Бугаёў)
"Творы Уладзіміра Караткевіча з захапленнем чытаюць розныя людзі, рознага веку і густаў, але, мне думаецца, большасць ягоных кніг знойдзе свой удзячны водгук у маладых сэрцах. Ён сам быў да скону сваіх дзён надта малады па натуры і ведаў, чым крануць маладыя душы. Сапраўды, высокае пробы рамантызм яго апавяданняў і вершаў, непадробны драматызм яго гістарычных твораў, шчыры і сумленны роздум ягоных эсэ - вось той дабрадзейны падмурак, на якім грунтуецца чытацкая прыхільнасць да яго. І ў яго будуць вучыцца наступныя пакаленні беларускіх літаратараў". (В. Быкаў)
"Караткевіч быў. Ён годна пражыў свае амаль 54 гады і пакінуў значны след у мастацкай гісторыі Беларусі.
Караткевіч ёсць. Яго творы нараджаюць усё больш і больш сапраўдных беларусаў.
Караткевіч будзе. Пройдзе не так шмат часу, і яго думкі заззяюць на небасхіле духоўнага жыцця сапраўды вольнай і незалежнай Беларусі. А дзеля гэтага ёсць "адзіна годны шлях: служыць айчыне да крывавага поту, не чакаючы ўзнагароды ад людзей і лёсу, проста таму, што іначай нельга. Іначай - сорам. І не апраўданне ганебнаму ўчынку ў тым, што "яны самі так хочуць". Сорам - самім так хацець". (П. Жаўняровіч)
I што ж гэта сёння народ наш спаткала?
Не знаю, ці верыць, не верыць,
Ды радыёдыктар выразна ж сказала:
Памёр Уладзімір Караткевіч!
I быццам маланкай мяне паласнула,
Душа забалела і цела,
Не помню ўжо, колькі хвілін прамінула,
Пакуль я стаяў так, здранцвелы. (У. Зянько)
"...Караткевіч заўсёды застаецца арыгінальным, ён не паўтарае іншых, хоць, па сутнасці, стварае мастацкую гісторыю Беларусі. I яго творы сталі адкрыццём у сучаснай беларускай літаратуры, арганічна ўліліся ў сусветны літаратурны працэс з яго ідэйна-мастацкімі пошукамі, сталі ў адным шэрагу з арыгінальнейшымі ўзорамі сусветнай мастацкай літаратуры". (А. Сцяпанава)
"Кожнае цэлае ўтвараецца з адзінкавага і асобнага. Дык хто ж ён, Уладзімір Караткевіч? Найперш - аршанскі Рыцар, Беларус! Прарок, усіх народаў і нацый Заступнік, прыўкрасны і мужны Пісьменнік". (В. Шынкарэнка)
"Творы У. Караткевіча аб каханні, кажучы словамі В. Бялінскага, - гэта мелодыя сэрца, музыка душы, якая не перакладаецца на чалавечую мову і тым не меней заключае ў сабе цэлую аповесць…" (А. Русецкі)
"Вершатворчасць Караткевіча з'яўляецца кардынальнай часткай яго літаратурнай спадчыны. У ёй мы сустракаем непасрэдныя i арыгінальныя вобразы, велізарную асабістую захопленасць, што вядзе да гіпербалізацыі, як i да прымяншэння, шырокую палітру фарбаў i пільны, i назіральны да падрабязнасцей i дэталей позірк. Таксама надзвычай прывабліваюць безупынная інтэлектуальная дапытлівасць Караткевіча, яго тонкае адчуванне гісторыі i, больш за ўсё, яго нястомны клопат аб будучай культуры сваёй радзімы". (А. Мак-Мілан)
"Творчасць Уладзіміра Караткевіча пры ўсёй яе традыцыйнасці ўсё ж адметная ў беларускай літаратуры. Сюжэты, матывы і вобразы яго твораў вылучаюцца перш за ўсё на фоне той сялянскай тэматыкі, якая здаўна панавала ў нашым прыгожым пісьменстве". (А. Века)
Да партрэта Уладзіміра Караткевіча
Дзіця з вачыма празарліўца,
3 душой, пакрыўджанай на свет,
Зірне — і будзе фраза ліцца,
Нібыта клёкат праз арліцу,
Як несупыннасць праз Тыбет.
Адчай з прарочымі вачыма,
Дзе ўзорацца шляхоў шляхі,
Дзе з небам раіцца Радзіма,
Дзе немагчымае магчыма.
Дзе дзівакуюць дзівакі.
Ахвярца верны неспакою
Над плынню крэўнае ракі.
I мова матчынай рукою
Яго сумленне трапяткое
Благаславіла на вякі. (Р. Барадулін)
Балада Уладзіміра Караткевіча
(26.11.1930-25.07.1984)
Ён паехаў на Прыпяць памерці.
Там у чоўне, як ліст у канверце,
Што напісаны Богам для Бога,
Ён па Прыпяці плыў, як па Леце,
І была яго боскай дарога.
Трапятаў за ім восеньскі вецер,
Нібы сцяг, што над вежай узняты,
Нібы дым, што над комінам хаты,
Дзе ніхто ўжо даўно не бывае,
Куды смерць нават не зазірае.
Човен плыў, і глядзелі ўслед людзі,
І знікалі, як крыгі вясною,
А ён быў, а ён ёсць, а ён будзе,
Быццам неба над белай зямлёю,
Дзе ёсць Прыпяць, дзе можна памерці,
Каб у чоўне, як ліст у канверце,
Што напісаны Богам для Бога,
Плыць спакойна і думаць пра многа,
Пра цябе і мяне маладога,
Што гаворыць, што можа памерці,
Быццам бы малако з вуснаў сцерці,
І памерці ў любую хвіліну,
Не па п’янцы, за маці-Айчыну…
Ён паехаў на Прыпяць, каб жыць,
Каб мяне з табой не разлюбіць,
Быццам неба над белай зямлёю,
Быццам сцяг па-над вежай старою… (В. Шніп)