Алесь Пісьмянкоў

Балада Алеся Пісьмянкова

(25.02.1957-26.04.2004)

Ведайце: калі мяне не стане-

Я ў сваю дывізію пайшоў.

Аляксей ПЫСІН

Мы ідзём праз спёку і снягі,

Праз надзею, веру і любоў.

Як раку трымаюць берагі,

Мы жывём душою між сяброў.

І ніхто не ведае, хто з нас

Першым скажа вечнае: “Бывай…”

Нібы смерць, ляціць за намі час,

Як жыццё, прад намі родны край.

Ты гаворыш: “Будзем доўга жыць,

Як жывуць надзея і любоў…”

Ды за намі, як трава, крыжы

Прабіваюцца з зямлі сярод крыжоў.

Нечаканасць, як агонь, як стрэл,

Праз цябе-і ўжо цябе няма,

Толькі дождж і кветкі на дварэ,

Холад, бы вярнулася зіма.

На пытанне, што гучыць прыцішана:

“Дзе паэт? Дзе Саша Пісьмянкоў?”

Чуецца з нябёс узвышана:

“Ён да Аляксея Пысіна

У яго дывізію пайшоў…” (В. Шніп)