Мова

Выказванні пра беларускую мову

Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову. (Я. Колас)


Я - беларус, і я шчаслівы,

Што маці мову мне дала,

Што родных песень пералівы

І зблізку чую, і здаля. (Н. Гілевіч)


Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам. (Я. Сіпакоў)


Народ пранясе цябе, родная мова,

Святлом незгасальным у сэрцы сваім. (М. Танк)


Дзяды і бацькі нашу мову стваралі,

Каб звонка звінела, была, як агонь. (П. Броўка)


Мова - гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ. (І. Мележ)


Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму - на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае - гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць - калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны - гэта родная мова. (З. Бядуля)


Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі. (В. Ластоўскі)


Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. (Ф. Багушэвіч)


Я закаханы ў матчыну мову, а ёю пахнуць хлеб і малако. (С. Грахоўскі)


Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. (Цётка)


Роднае слова - гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. (Я. Колас)


Якія цудоўныя назвы і словы,

Якая цудоўная родная мова!

І ўсё мілагучна для слыху майго:

І звонкае "дзе", і густое "чаго". (П. Панчанка)


Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю. (Я. Колас)


Багата, родная ты мова,

Цябе стварыў і ўзнёс народ.

А вобразы якія ў словах,

А параўнанняў што за ўзлёт! (П. Броўка)


Родная мова, цудоўная мова!

Ты нашых думак уток і аснова! (У. Дубоўка)


Беларусь, ты не забыта.

У душы, як Божы знак:

Хата… Канюшына… Жыта…

Бульба… Бусел… Шпак…

Мроя… Хлопец закаханы…

Цемра… Шлях дамоў…

Беларусь, ты збудавана

З беларускіх слоў! (Л. Дайнека)


Ігнараваць мову - гэта значыць ігнараваць народ, нацыю. (П. Пестрак)


Беларускае слова ад Бога.

Слову нашаму Бог дапамог.

Хто не любіць яго, ад таго

Назаўсёды адвернецца Бог! (Р. Барадулін)


Мова родная, мова дзядоў!

Іншай мовы мы ў сэрцы не чуем.

Мілагучнасцю любых нам слоў,

Быццам музыкай, душы чаруем. (Л. Геніюш)


Дала мне маці гэту мову,

Каб не нямым пайшоў у свет,

Дала мне маці гэту мову,

Як спадчыну і запавет. (А. Пысін)


Ад абразы, ад позірку злога,

Шлях заблытаўшы для наслання,

Неруш ранішні - матчына слова

Мне, як бору, цябе засланяць? (Р. Барадулін)


Пароль неўміручасці - родная мова. (П. Макаль)


Дык шануй, Беларус, сваю мову -

Гэты скарб нам на вечныя годы. (І. Грамовіч)


Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў. (Ф. Скарына)


Кажуць, мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Для мяне ж яна вечна жывая.

Як раса, як сляза, як зара. (П. Панчанка)


Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўдзеў чужую апратку - той адышоў ад народу далёка-далёка. Ён чужы ў роднай вёсцы, у сваёй сям'і. І на яго браты глядзяць як на чужынца. (Цётка)


Не цурайцесь роднай песні

Ў шчасці і ў жалобе. (Я. Купала)


Ці плачу я, ці пяю,

Ці размаўляю з матуляю -

Песню сваю, мову сваю

Я да грудзей прытульваю. (П. Панчанка)


Незвычайнае хараство і зладжанасць чуецца нам у гучанні роднага слова. (А. Крывіцкі)


Хоць яго з поля, як зелле, высмоктвалі,

Не забывалася ў долі нясытае, -

Не забывалася ў долі нясытнае, -

Намі навечна ў насевак усыпана

Роднае слова. (М. Лужанін)


Хто забыў сваіх продкаў - сябе губляе, хто забыў сваю мову - усё згубіў. (У. Караткевіч)


Магутнае слова, ты, роднае слова!

Са мной ты на яве і ў сне. (Я. Купала)


Не забудзьма ж нашчадкам сваім

Перадаць у нязменнай красе

Наша добрае слова. (А. Вялюгін)


Ведай: роднае слова грымела

У крывавым агні барыкад,

За свабоду адважна і смела

Заклікала ў паход, як набат. (Н. Гілевіч)


Дарагая, магутная мова народа майго! Ты жыць вечна будзеш! ("Полымя")


У бліндажы, ў траншэі вузкай,

Хоць бой упарты бушаваў,

А роднай мовы беларускай

Ніколі я не забываў. (П. Прануза)


Можа, мовы чужой навучуся,

Каб суседзяў гасцінна вітаць,

Але толькі на ёй, беларускай,

Буду людзям аб долі спяваць. (Л. Геніюш)


Хто ж нас абакраў зухавата?

Хто ў душах святое забіў?

Ніхто без віны вінаватай

Адвечную мову зрабіў? (В. Жуковіч)


Наша родная мова... Гнуткая, пявучая, адвечна новая, без якой нельга ўявіць сабе свайго жыцця, як без хлеба, як без паветра (У.Караткевіч).


Вякамі ёй ходу-жыцця не давалі,

Вякамі чынілі насмешкі ды кпіны,

Вякамі крыўлялі, глушылі, тапталі,

Вялікую мову няшчаснай краіны (Н.Гілевіч).


Ільняная і жытнёвая. Сялянская.

Баравая ў казачнай красе.

Старажытная. Ты самая славянская.

Светлая, як травы ў расе.

Вобразная, вольная, пявучая,

Мова беларуская мая! (П.Панчанка).


Жывое ў вяках беларускае слова –

Народа душа і народа хвала.

Цябе абзывалі “мужыцкаю мовай”,

А нам жа ты матчынай мовай была. (А. Бачыла)


О матчына мова! Маленства вясна!

Ніколі ніхто мне цябе не заменіць,

Бо ты, як і маці, на свеце адна. (А. Бачыла)


Мова мая, народу скарб нятленны,

мова мая, ўваскросні і жыві! (Л. Геніюш)


Мова...

Родная мова

У марах, у песнях, у снах.

Мае ў ёй кожнае слова

Свой колер, і смак, і пах.

Зліваюцца гукі ў словы

I ў рэчышча роднай мовы,

Як рэкі ў мора, цякуць,

I думкі мае плывуць

На хвалях і дзён, і начэй

Да сэрцаў людскіх і вачэй. (А. Грачанікаў)


Нашая казка, легенда сiвая,

Велiчы сведка i мужных баёў,

Родная мова, пакуль ты жывая,

Будзе жыць й люд беларускiх краёў. (Н. Арсеннева)


Не загавор вы кажыце, а змова —

На словы багатая родная мова.

Ёсць слова наросхрыст — не нараспашку,

Сарочку сваю апрануць — не рубашку.

Ёсць слова паспешлівы — ды не таропкі,

Нялёгка прайсці праз горы і сопкі.

Ёсць слова таннець — не дзешавець...

Нам блізкія словы лягчэй зразумець.

На іх і трымаецца родная мова —

Таму беражыце яе кожнае слова! (С. Чыгрын)


Спрадвеку хлеб наш сакаўны

І мова сакаўная (В. Вітка).


Задумлівай, даверліваю моваю

Нясе нам любасць мудрае жыццё (К. Кірэенка).


Беларуская мова,

Маўчання хвілінаю

Ушануй аднаго са сваіх старэннікаў:

Як і ты, меў павагу,

Няспынна-плынная,

Да канкрэтных назоўнікаў —

Не да займеннікаў (Р.Барадулін).


У любiмай мове, роднай, наскай,

Ах, якiя словы: "Калi ласка!.."

Як звiняць яны сардэчнаю струною,

Праз усё жыццё iдуць са мною (П. Броўка).


Мова родная мая ты,

Што і дзедавай была!

Мова мамы, мова таты,

Мова нашага сяла! (Н. Гілевіч)


Калі мова мая

Уліецца ў агульны людскі акіян –

Пацячэ ў ім, стрыманая,

Цёплым Гальфстрымам.

І будзе мне сэрца грэць

Кожным ашчаджаным словам,

Бо як жыта спрадвечная

Беларуская мова! (Р. Барадулін)


І толькі так −

Як роўная між роўных −

Жыць можа мова родная мая (Г. Бураўкін).


Я слаўлю мову,

Што яднання дар

Дала і акадэміку, і цеслю (Г. Бураўкін).


Не чакайце, што буду хваліцца

Перад іншымі мовай маёй.

Хіба хваліцца з лесу крыніца,

Што грымотней яна за прыбой?

Той, хто любіць папраўдзе, ён ціха

Слова роднае ў сэрцы спяліць,

Беражэ ад пагарднага ліха:

Калі слову, то й сэрцу баліць... (Е. Лось)


Дык чаруй жа людзей паміж моваў другіх

І гучы вечна, ярка і нова

Мова продкаў маіх і нашчадкаў маіх –

Беларуская родная мова! (А. Ставер)


Моўны скарб, як спадчыну, прымаю

Ад дзядоў і прадзедаў сваіх,

Ад свайго квітнеючага краю,

Ад крыніц і ад жытоў цяжкіх (І. Багдановіч).


То ж айчыны нашай мова,

Мова прадзедаў, бацькоў.

У той мове што ні слова —

Дыямент жывы вякоў (К. Цвірка).


Хай зламыснiк дрыжыць,

Хай калоцяцца хлусы –

Не зламаць, не скарыць

Iм народ беларускi.

Покуль верас жыве – жывы пах

верасовы –

Мова люду майго, Беларуская Мова! (С. Сокалаў-Воюш)


...Ды калі ты не бязродны сын —

Гавары са мной па-беларуску (Я. Янішчыц).