Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
"У творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча ёсць матывы, якія нагадваюць пропаведзь хрысціянскай пакорлівасці, цярпення, але зрэшты і ў гэтага пісьменніка праўда жыцця бярэ верх". (Іван Навуменка)
"Адносіны Купалы да літаратурнай спадчыны Дуніна-Марцінкевіча прасякнуты духам крытыцызму". (В. Івашын)
"Дзіўлюся я цяпер, як ён мог столькі працаваць, калі цалюсенькі дзень у гэтым самым доме дзеці гаманілі, чыталі ўслых кніжкі, а часам і проста дурэлі. Але ён з пісаннем сваім, з думкамі сваімі ад усіх запіраўся ў каморку... Памятаю і вялікі куфар, куды хаваў ён сваё пісанне, паўнюсенькі быў, але мала выйшла гэтага пісання адтуль у свет: па смерці Марцінкевіча стары дом згарэў, пайшла з дымам і большая палова працы гэтага заслужанага для нашай бацькаўшчыны чалавека" (Ядвігін Ш.).
"Месца Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў гісторыі айчыннага пісьменства вызначана трывала: пачынальнік новай беларускай літаратуры". (Я. Янушкевіч)
Як стораж, стаў смела на варце
Радзімых запушчаных гоняў,
Стаў сеяць па-свойму ўсё тое,
Што мы далей сеем сягодня. (Я. Купала)
"Пінскай шляхтай" драматург удала падхапіў традыцыі літаратурнага жыцця Палесся XVIII ст." (А. Мальдзіс)
На магіле Дуніна-Марцінкевіча
Пад соснамі на кургане капліца,
А ля яе ў зямліцы спіць паэт.
Дубкоў чародка па-над ім журыцца,
Язмін схіляе белы чысты квет.
Ды не слязою горкаю, празрыстай,
У сыпістых, пясчаных берагах
Плюскоча Іслач ля шляху вірыста,
Збіраецца да Нёмна ў дальні шлях.
Яе вітаем мы ў задуме яснай
I прыгаршчамі п’ем. Глыток. Глыток.
I сонца па-над намі непагасна,
I невычэрпны Іслачы выток. (А, Лойка)
Балада Дуніна-Марцінкевіча
(23.01.1808-17.12.1884)
Не трэба чужога, не трэба чужога!
Ні грошай, ні мовы, ні Бога,–
Нічога не трэба чужога!
Мужык беларускі-мужык,
Ён слухацца пана прывык.
Ён з панам разумным-разумны,
Ды толькі вось пан нешта сумны.
І царскія ўлады-не рады,
Шпікі, як сабакі, ля хаты.
Якую ён школку трымае?
Няўжо ён законаў не знае?
А пану шчэ сніцца паўстанне
І верыца ў светлае ранне,
Ды толькі не трэба чужога:
Ні праўды, ні волі, нічога,
Нічога не трэба чужога!
…Вятры за вакном завываюць,
Снягамі агонь засыпаюць,
Дзе чуюцца крыкі і смех.
І сыплецца, сыплецца снег
На ліпу, на хату, на долю.
І свечка асвечвае волю,
Якой не было і ці будзе.
За вокнамі мроі і людзі,
Надзеі, бяда, спадзяванні
І белая, сумная пані,
Якая сустрэчы чакае,
Якая адна і святая
І ёй не патрэбна чужога
Ні сына, ні мовы, ні Бога,
Нічога чужога, нічога!(В. Шніп)