Сям'я

Выказванні пра сям'ю

Радасць бацькі, які трымае

На руках малога сына –

Шчасце Бога, які трымае

На руках дзіця Сусвету (В. Трэнас).


Бацька прыйшоў,

На парозе прысеў,

З працы нібыта вярнуўся дахаты:

- Што ж ты адрокся, сынок, як і ўсе?

Што ж не адведаеш таты? (М. Скобла)


Калі жывуць яшчэ бацькі,

Заўсёды знойдзеш ты прытулак.

Яны - твой тыл і паратунак,

Калі жывуць яшчэ бацькі. (А. Грачанікаў)


Наведвайце бацькоў,

пакуль яны жывыя,

Пакуль дымяцца коміны —

нагрэйцеся ў бацькоў.

Калі адчай вякоў

гайнёй ваўкоў завые,

Не трэба анікому ён,

сум ля сляпых слупкоў.

Пішыце ім часцей,

спакоем ахінайце,

Як ахіналі некалі

яны ўсе вашы сны.

Без бацькавых надзей,

без ціхай ласкі маці,

Куды б ані заехалі,

вы будзеце адны (Р. Барадулін).


Каб было ў цябе шчасця багата

І не скрэбліся кошкі ў душы,

Карані свае - маці і тату -

Нібы вока сваё, беражы. (Т. Дзям'янава)


Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою ты стаў чысцей

І не страціў святое штосьці. (Р. Барадулін)


Бо бацька і маці і родная мова,

узнятая к славе амаль з небыцця,

паэтаў натхнёным і велічным словам,

для беларусаў – пытанне жыцця (Л. Геніюш).


Радня — працяг твайго зямнога дня.

Маліся, каб не скора вечарэла,

Каб адзіноту крэўнасцю сагрэла,

Каб ля цябе не зябла дабрыня (Р. Барадулін).


Той дзень, лічы, завянуў пустацветам,

Калі ты пяць хвілін пашкадаваў,

Каб дзецям паказаць куточак свету,

І хараство людзей, і дрэў, і траў. (П. Панчанка)


Дзяцінства, дзяцінства. як роснае ранне

Ты хутка пад промнямі сонца мінаеш. (П. Броўка)


У маленстве - кожны паэт, кожны мастак. (В. Вітка)


Усё часцей дзяцінства сніцца, дзе б у дароге я ні быў. (П. Броўка)


Не для таго мы гадавалі дзяцей, каб яны пад старасць нам не памагалі. (І. Грамовіч)


Над ракой, што прабягае праз далёкае маленства

І забытыя легенды неяк зноў спыніўся я. (М. Танк)


Ёсць у кожнага на свеце

Самы любы чалавек:

Ён у хаце -- сонца свеціць,

I яго мы любім век.

То бабуля дарагая,

3 ёй не знаем мы бяды:

I прыгожая такая,

I ласкавая такая,

Клапатлівая заўжды (Я. Крупенька).


Ці то нядзеля, ці то будзень

Я сплю спакойна па начах —

Мяне бабуля ў школу будзіць,

Смяецца сонейка ў вачах.

Яе пагляд цяплом здзіўляе,

Бы шэпча мне: «У добры час!»

Бабуля ў школу выпраўляе,

Смяецца сонейка ў вачах.

Вачэй бабуліных іскрынкі

Мне свецяць ласкай, дабрынёй.

Каб не найшла на іх хмурынка,

Я пакажу ёй дзённік свой (М. Чарняўскі).


Мая бабуля добрая такая,

Мая бабуля проста залатая!

А ўжо так мяне бабулька любіць,

Кожны раз і песціць, і галубіць.

I да сэрца горне і мілуе,

I так шчыра, моцна пацалуе,

I прамовіць ласкавае слоўца,

I сама засвеціцца, як сонца (Н. Гілевіч).


Да матулькі мамінай

I матулькі татавай

Я іду з любоўю.

I матульцы мамінай,

I матульцы татавай

Зычу я здароўя.

I матульку маміну,

I матульку татаву

Буду шанаваці.

Мне матулька маміна

I матулька татава

Родныя, як маці (В. Жуковіч).


Бабулечка,

Бабулька,

Павер, на ўсёй планеце

Дабрэй, чым ты, —

Нікога

Няма на цэлым свеце! (Л. Пранчак)


Чуў я пра крыніцу шчасця,

Піў з крынічанькі ваду.

А яшчэ з адной крынічкі

Чэрпаю я дабрыню.

А крынічка гэта побач,

I ў ёй столькі цеплыні —

Ў сэрцы роднай мне бабулі

Ёсць крынічка дабрыні.

Дабрыня бабулі грэе,

Нібы сонейка цяпло.

I з бабуляй мне ніколі

Яшчэ сумна не было.

А калі мяне пахваляць —

Я скажу вам без хлусні:

Кінула бабуля ў сэрца

Мне зярняты дабрыні (Я. Жабко).


Дзед цюльпаны палівае,

Пра цюльпаны я спяваю.

Робім мы ўсё з дзедам самі —

Мы бабулі памагаем (Н. Галіноўская).