Еўфрасіння Полацкая

"Зоркі асветы, запаленыя Ефрасінняй Полацкай і Кірылам Тураўскім, не згаслі ў вяках і дажылі да часоў скарынавых". (А. Петрашкевіч)


Сілай духоўнай узвысіла Полацк высока,

Тым, хто імкнуўся да кнігі,

свяціла, як зорка...

Мове, адзінай дзяржаве

Шчэ толькі злучацца —

Свет нас прымаў як народ

Па адной палачанцы (Д. Бічэль).


Веі замружу, і ўбачыцца вечар

— Белая цэркаўка тоненькай свечкай.

Гнёзды шпачыныя над Палатой.

Цені дубоў над халоднай вадой.

А за стагоддзямі ў прыцемку сінім

Вочы зямлячкі маёй, Еўфрасінні.

Цьмяна бялее на кнізе рука,

Б'ецца аб шыбу агонь матылька.

Полацк драўляны. Малінавы звон...

Хто ты? Ці мроя, ці ява, ці сон?

Можа, твой майстар на холад муроў

Выплеснуць здолеў гарачую кроў,

Позірк праменны, дыхание надзей,

Каб засталося святло для людзей?

Што ты хацела на роднай зямлі?

Ды цішыня. I стагоддзі прайшлі.

Толькі вось цэркаўкі белы пажар.

Толькі аблокаў павольных цяжар.

Толькі прымроіцца ў прыцемку сінім

Позірк зямлячкі маёй, Еўфрасінні (Н. Гальпяровіч)


Наш Крыж

Беларусь — Ефрасіння Святая,

памаліўшыся на раздарожжы,

павярні свае вочы да Божых

— Добры Божа цябе прывітае.

Між суседзяў у цесным тунелі,

Іх увагаю Край наш стамлёны.

Мы свой Крыж зберагчы не сумелі,

I збываюцца з Крыжа праклёны.

Крыж быў чысты, як Божая Хвала.

На чужынцаў праклёны складала.

Абярнуліся Матчыны словы

На дзяцей непавінных галовы.

Захварэлі і дзеці і сёстры.

Цэлы Край боль пранізвае востры.

То ж мы Богам абраныя ўсё-ткі,

Божы гнеў, як і ласка, — салодкі. (Д. Бічэль)


Апошняя малітва Ефрасінні Полацкай

Я крывінка твая — крывічанка,

Я былінка твая — палачанка,

Як над пожняй тужлівая чайка,

Я лячу да цябе, Радзіма,

Са святога Ерусаліма.

Я лячу, ды не маю сілы

Узляцець, бо аслаблі крылы,

А не хочацца ж так у магілу

— На святой хай сабе — ды чужыне:

Смерць, як рай, у сваёй дамавіне...

Мне б тады — і жыццё не віною,

Што не сплачана цяжкай цаною,

I агні б сплывалі Дзвіною,

Як грахі мае, як правіны,

Прад табой, маім сонцам адзіным.

Я крывінка твая — Ефрасіння,

Нада мной неба сіняе-сіняе,

— Ападаюць крылы знясілена...

Забяры мяне, Маці, Сястрыца,

Ці прышлі хоць жменьку зямліцы... (В. Зуёнак)


Выгнанне полацкіх князёў у Візантыю. Год 1129

Над Дзвіной — як чорны покрыў — ранне.

Гора смокча сэрцы, як змяя.

3 Полацка з'язджае на выгнанне

Ўся вялікакняская сям'я.

Усьмавы пантофлік з прошвай сіняй

На назе дзявочае прамок.

Слухае манашка Ефрасіння

Бацькі пасівелага папрок:

"Ты бясплоднае абрала ложа,

Брат твой ад самоты занямог.

Без унукаў я. Хто нам паможа?"

Коратка яна сказала: "Бог".

Уздыхнуў. Ладдзю панесла плынню.

3 далечы усе — як мурашы.

3 ветрам даняслося: "Ефрасіння!

Прадыслава! Полацк беражы!"

Не ўстаюць з каленяў, плачуць людзі...

Шмыгнуў некуды з даносам віж...

Юная ігумення, хто будзе

Несці за цябе і гэты крыж?

Не, твая рашучасць не растае,

Мужнасць не патопіцца ў слязах...

Візантыя! Клетка залатая

Вольным птушкам — полацкім князям!

I гады, і жыцці, як атаву,

Косяць Часу вострыя нажы,

А яна ўсё чуе: "Прадыслава!

Ефрасіння! Полацк зберажы!" (В. Іпатава)


Фрэскі святой Ефрасінні

Гады дазволаў межы абкасілі.

Падумаць пра духоўнасць самы час...

I фрэскі прападобнай Ефрасінні

Зірнулі праз імжу вякоў на нас.

I дабрыню пасеялі наўкола,

Бо колькі можна ў прыцемках гібець!

I людзі пачалі на стольны Полацк,

Як на анёла светлага, глядзець.

I згадваць,

Як да баганоснай славы,

У келлю,

Дзе не выпрастаць крыло,

Прыйшла калісьці юная Прадслава,

Каб несці людзям радасць і святло,

Каб над вірліва-плыткай Палатою,

Як немаце-няведанню дакор,

Узняўся,

Нібы сонца маладое,

Над стромай Свята-Спасаўскі сабор.

I каб душа была заўсёды з Богам,

Каб веры ані кроплі не згубіць,

Залатарукі палачанін Богша

Крыж неацэнны для яе зрабіў.

Вякі,

Нібы туман наддзвінскі сіні,

Сплылі за перакаты на спакой...

Ўскрыліла над зямлёю Ефрасіння

Асветніцай,

Пакутніцай,

Святой.

Саборы з рыпам расчынілі брамы,

Змёў павуцінне ранішні прамень,

I атэіст забранзавелы самы

Малітваю вітае існы дзень.

У сцены манастырскія сышліся

Хто верыць у Хрыстоў свяшчэнны шлях.

Крыжы зазіхацелі ў чыстай высі,

I крыжыкі заззялі на грудзях.

I трэба спадзявацца,

Што ніколі

Пад стайні іх не будуць зачыняць,

I сэрца працінаць нясцерпным болем,

I на крыжы шурпатым распінаць. (В. Лукша)


Еўфрасіння. XII ст.

Забыць свае імя, дзе корань роду слаўны?..

Няпраўда! Я твая унучка, Усяславе!

Ды годнасці маёй давеку не дакажуць,

Што найслаўнейшы — той, хто мае тытул княжы.

Чакаюць: бацькаў двор і мне паеадам стане.

I кроку не ступіць за пышнымі сватамі.

Гандлюючы сабой з уласнай чэсцю згодна,

Няўжо мне быць рабой для памнажэння роду?..

Жаніліся дасюль, ішлі далека замуж.

А справы іх — каму? а дзе сягоння самі?

I гіне першы той, хто ўзніме меч на брата

Рукою здрады злой, не толькі ў полі ратным.

На іхняй славе — тлен, нарошчаны вякамі.

Імя іх не ўзнясе і надмагільны камень.

Ды кожны задрыжыць сваей душою сподняй

У найапошні міг прад воляю гасподняй...

Для іх дзяцей сляпых, для іх нямых унукаў,

Што зведаюць нябыт і чорны дзень прынукі,

Я знаю, што зраблю перад судом суровым:

Я славу зберагу, я прынясу ім Слова! (Л. Тарасюк)


ПРИЛОГ К ПРЕПОДОБНОЙ МАТЕРИ ЕФРОСИНИИ

Ты паки маши, о Ефросиние,

Жителей града всих удобрение,

Яже потщася икону святую

Внести из далны в страну Полотскую.

Из Царяграда, камо из Ефесе

Царь благоверный всечестно принесе.

Твоего ради много прошения,

Российских деля стран украшения.

Припади к стопам небесного царя,

Да не лишай нас толикого дара.

Умоли паки возвращенной быти,

Иконе святей Полотск украсити.

Отчинный град твой, в нем же ты трудися.

Христу жениху ты уневестися.

Ибо толико град наш украшает

Девы образ и везде вславляет,

Елико небо солнцем украшенно,

Светлыми звезды дивно упещренно.

Полотску граду бе утверждение,

Столп, стена, помощ, и ограждение.

Ныне без него како нам прибыти,

Аки без слонца неудобно жити.

Убо, о мати, припади за нами

К господу Богу твоими рабами,

Да возвратит нам икону святую,

Просвети землю белороссийскую.

Моли прилежно и деву Марию,

Да проявит нам милость свою сию,

Да не небрежет отчинна ти града

И не оставит правоверна стада.

Удобно тебе мощно умолити,

Изволи токмо ходатайца быти.

Моли за нами, о святая мати,

Храни ны в твоей выну благодати,

Ея же аще ты ны не лишиши,

Вся на похвалу твою обратиши.

По вся дни тебе будем величати,

Венец похвалы песней соплетати. (С. Полацкі)


ЦЕНЬ ЕФРАСННІ

Па руінах разбураных келляў,

Там, дзе зеўраюць з трэшчын вякі,

Я спускаўся ў твае падзямеллі,

I спалохана ў пальцах трымцелі

Свечак доўгія языкі...

Пачарнелыя глыбы скляпенняў,

Лабірынты бясконцых хадоў

Праглыналі дрыготкія цені...

Быў як мудрасці сімвал нятленны—

Сцёрты надпіс далёкіх гадоў.

Сустракалі няветліва госця,

Не ўставалі з сатлелых грабніц

Мудрых продкаў пажоўклыя косці...

А жылі ж, пракліналі кагосьці,

Перш чым пасці закутымі ніц.

Пахла воскам у прыцемку сінім.

Iздавалася: з дна тайнікоў

Свецяць вочы Вялікай Княгіні...

Гэта здань твая, Ефрасіння,

Мільганула з глыбінь вякоў! (А. Звонак)


ПОЛАЦКАЙ САФІІ

Ля Полацкай Сафіі прыпынюся,

Сустрэне строгім выглядам яна.

Я Полацкай Сафіі пакланюся —

Прытулку, дзе ўладарыць даўніна.

Калісьці намаганнямі Ўсяслава

Сафія свой зазнала зорны час.

У галубцы выводзіла Прадслава

Па літарцы свяшчэннапісу вязь.

І летапісец дбайна і натхнёна

Тутэйшай мовай, так, як вымаўляў,

Пра недарод, князёў паходы, войны

На аркушах, прывезеных здаля,

Паведамляў і даты занатоўваў

Як сведка слаўных дзён і дзён благіх.

О, колькі б тайнаў нам адкрыла слова,

Знайшоўся б гэты летапіс калі б!

Да неба вежы белыя узняты,

Нібы для ўсіх вымольвае яна

Палёгкі там, дзе дух зламалі страты,

Відушчасці, дзе праўда не відна.

Ля Полацкай Сафіі прыпынюся.

Дзвіна свае колыша берагі.

Я гаварыць і дыхаць тут баюся,

Бо тут гавораць, дыхаюць вякі.

Паслухаць іх — з нас кожнаму спяшацца,

Пакуль сцяжына памяці бяжыць.

Таму я тут, што душам дакранацца,

Маёй і часу,

Трэба — з тым, каб жыць. (І. Багдановіч)


СВЯТЫ ПОКРЫЎ НАД БЕЛАРУССЮ

Птушка белая над Краінай сіняй —

то ахова наша і сіла... гэта дух

Святой Еўфрасінні... гэта слова

Святога Кірылы...

то ахвярнасць Сафіі Слуцкай

і пакутнікаў Вільні даўняй...

то Святыя зямлі Беларускай

да Хрыста ўзышлі пакаянна...

Птушка белая — па-над Краем сінім, —

барані нас ад чорнае былі...

хай асвецяць Божыя сілы нас,

што ў немачы саграшылі... (А. Бембель)


***

Церам-церамок, нібы Сезам.

Ды неўрадасць церамок дзяўчыне.

Ягада на пруткай ядлаўчыне,

Як акамянелая сляза.

Над зямлёй павіс

Манашкі плач,

Над стагоддзямі,

Над церамамі:

"Селянін мяне кахае, мама,

Самы добры ён,

Ты мне прабач...

3 ім шчаслівай буду,

Больш ні з кім!" —

Крык адчайны, як званы ў нягоду.

Манастыр.

Заклёны, як цвікі.

Немы стогн вачэй:

"Што ж не прыходзіш?"

Церам,

Дзе спаткалася дзяўчо

З тым,

Хто для яе даўно загінуў,

Як Сезам без залатых ключоў.

Хто адчыніць?

Пад дажджамі стыне.

Купалы купаюцца даўно

Ва ўспамінах аб былым,

Далёкім.

...Ефрасінні Полацкай акно

Безнадзейным пазірае вокам. (Л. Забалоцкая)


БОЖА НАШ

Божа наш, Твае мы просім ласкі:

Дай нам шчасце, радасць у жыцці,

На зямлі няроднай шлях наш цяжкі

Віфлеемскай зоркай асвяці!

А яшчэ, Усявышні, Цябе просім:

Здзейсніць мары-сны дапамажы,

— Каб у згараванай Беларусі

На святынях ажылі крыжы;

Каб у ціхай вечаровай сіні

Звон вяшчальны калыхаў зару;

Каб з душой Святое Еўфрасінні

Выйшла ў людзі Маці-Беларусь! (М. Кавыль)


РОДНАЕ

Бываюць дні ў маім жыцці,

Што жыць не хочацца, паверце!

Здаецца б, рукі апусціў

І мусіш дачакацца смерці.

Тады я еду у вёску зноў

Гняздо буслінае пабачыць,

А на балоце — груганоў,

А на лясных азёрах — качак.

Дзе мужнасці тваёй мяжа ?

Як сэрца беды не знясіляць ?

Не будзе шчасця без крыжа —

Крыжа Вялікай Ефрасінні.

Але надзею берагу —

Прыгожую, як твар дзяўчыны.

Іначай думаць не магу:

Усё ж нас шчасце не пакіне!

Адкрыю вам журбу маю,

За што нас Бог усіх карае:

Мы і гісторыю сваю,

Iмову матчыну не знаем!

Не трэба шчасця нам чакаць,

Пакуль Радзіму не адновім! ...

Спрабую песні я складаць

Упершыню на роднай мове. (С. Лапіцкая)


ЕФРАСІННЯ ПОЛАЦКАЯ

Сонца над брамай без руху.

Манастырская брама.

Неспатольная скруха,

Безвыходная драма.

Мір табе, Ефрасіння!..

Посах твой не прыстане,

Над Іярданам сінім

Скончыцца выпрабаванне.

"Прэч мірскія спакусы!..

Вечная Богу слава!.."

У раба Ісуса

Волі шукае Прадслава,

Праўды шукае, міру

І жывым, імагілам,

Шчасця — ніцым, сірым,

Бедным, галодным, хілым.

Над Іярданам сінім

Скончыцца выпрабаванне...

Мір табе, Ефрасіння!

Посах твой не прыстане.

Сонца над брамай без руху.

Манастырская брама.

Неспатольная скруха,

Чалавечая драма. (А. Лойка)


ПАПЯРЭДЖАННЕ

Час абарваны...

Сню нябыт...

Абрабаваныя пагляды...

Нібы сплывае ў плыні плыт,

срабрыста свеціцца спагада,

і ззяе заход залаты,

і сны расплаўленыя паляць...

Расперазаныя плыты —

сплывае спадчына і памяць.

Iпраступае праз зеніт

крыж зорны ў зорным карагодзе...

А мне і долі — сню нябыт —

крыж Богшы Лазара ўзыходзе.

Рукою творцы і суддзі

да судных дзён, каб, быццам раны,

смылелі словы —

не ўкрадзі

і не аддай! — занатавана.

Iславу —прэч,

І ўцеху — прэч...

У змрочнай пільнасці астралу

цябе дзялілі зман і меч,

а папярэджанне вяртала.

У камянях хаваўся след,

і пераймалі футаралы,

і зацінаўся бранзалет...

А папярэджанне вяртала.

Няўжо не вернешся цяпер ?

Ці ўжо няма куды вярнуцца ?!

І толькі цягнецца няўцерп

час абарваны... —

звёны рвуцца.

Былы і новы парадні,

злучы ў адзіную сцяжыну!

Якая скруха дзень пры дні

цябе праводзіць на чужыну.

Якая бездань — не змагчы,

не памагчы, не ўзяць з палону...

Не лес выносны — а карчы...

Што прызначалася для плёну?

Што лёс паклаў?

А з мітульгі —

у перападах не прыстала —

прадвесце славы і тугі —

глядзіць маўклівая Прадслава.

І той жа зор, і той жа твар...

Я сню нябыт.

Якое ранне

адзначыў зорны каляндар ?!

Гняце няпамяці цяжар.

Праменна свеціцца вяртанне. (А. Разанаў)