Францішак Багушэвіч

Балада Францішка Багушэвіча

(9.03.1840–15.04.1900)

“Яснавяльможнай пані, напэўна, вядома,

што яе высакароднаму сыну я абавязаны

ўсёй сваёй будучыняй; мабыць і да

сянняшняга дня я абіваў бы без усякай

карысці віленскі брук, калі б не ягоная

шляхетная дапамога…”

З ліста Ф. Багушэвіча да А.

Карловіч ад 26 жніўня 1865 г., Нежын

Лукішкі. Пляц. Натоўп маўчыць, чакае.

Пятля чарнее, як змяя, якая

З усходу прыпаўзла да нашай волі,

Каб мы не зналі лепшай светлай долі.

І ты ў натоўпе, быццам сэрца ў целе

Паўстанца, што яшчэ жывы, але

Надзею на змаганне ўжо ледзь цепле.

Жыццё, як снег на веснавым святле,

Знікае і слязой цячэ па твары

І ўжо Кастусь, нібы ў звана язык,

Вісіць пад небам, дзе дымяцца хмары,

І ты ў натоўпе, як у горле крык,

Стаіш, не знаючы як жыць у Вільні

Цяпер, калі натоўп маўчыць, чакае,

Калі пятля, нібы змяя жывая,

І Вільня ўся, нібыта склеп магільны,

З якога хочацца ўцячы, каб жыць,

Каб потым скрыпка з дудкай на крыжы

Заплакалі аб лепшай светлай долі…

Нічога ўжо не зменіцца ніколі

І ты па бруку віленскім брыдзеш,

Нібыта крыж у Беларусь нясеш… (В. Шніп)