Якуб Колас

"А "Новая зямля" - ды гэта ж своеасаблівая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства". (П. Броўка)


"Самым дарагім для нас імем у беларускай літаратуры побач з імем незабыўнага Янкі Купалы з'яўляецца імя Якуба Коласа". (К. Крапіва)


"Творчасць Якуба Коласа -гэта своеасаблівы летапіс жыцця народа, летапіс праўдзівы і хвалюючы", (М. Лынькоў)


"Якуб Колас - адзін з заснавальнікаў беларускай літаратурнай мовы, настаўнік некалькіх пакаленняў сучасных беларускіх пісьменнікаў". (М. Лужанін)


"Якуб Колас - з'ява ў духоўным жыцці беларускага народа незвычайная і, я сказаў бы, неабсяжная". (Н. Гілевіч)


"Якуб Колас - у сваёй геніяльнай прастаце, беларускасці - адзіны, непаўторны". (А. Лойка)


"З прыходам у літаратуру Якуба Коласа і Янкі Купалы ў ёй з'явіўся псіхалагічна складаны, жыццёва праўдзівы вобраз беларуса - сапраўды нацыянальны характар". (І. Навуменка)


Жыві, мілы Колас,

Многа летаў, зімаў.

З ясным сонцам побач

На зямлі радзімай. (Я. Купала)


"Калі гаварыць пра творчасць Коласа, то трэба сказаць, што самай вызначальнай яе рысай з'яўляецца веданне жыцця народнага, яго быту, яго дум, настрояў, у гэтым веданні аснова для творчасці - праўда жыцця". (А. Куляшоў)


"Якуб Колас быў не толькі паэт, празаік, драматург, а і вучоны, глыбокі знаўца гісторыі культуры свайго народа і роднай літаратуры". (А. Суркоў)


"Вобраз Якуба Коласа заўсёды жыве ў маёй душы. Ён вырастае перада мной як вобраз паэта. педагога, гуманіста, грамадскага дзеяча, барацьбіта за свабоду". (П. Тычына)


"Коласу, па яго духоўным складзе, было агідна слугаванне і падлешчванне. Ён трымаўся на роўнай назе, папярэдліва і далікатна”. (Максім Лужанін)


"У народных казачнікаў і апавядальнікаў Я. Колас вучыўся вобразнасці і выразнасці мовы”. (Ю. Пшыркоў)


"Вядома, Колас непараўнальны майстар, пісьменнік з вялікім вопытам і выдатнай літаратурнай школай”. (Н. Перкін)


"Але прырода ў Коласа, паэта-селяніна, не толькі прадмет любавання, яна, калі хочаце, мае сацыяльны аспект”. (Іван Навуменка)


"Вось чаму мы так лёгка адрозніваем свабодную, амаль гутарковую манеру апавядання Якуба Коласа ад крыху прыўзнятай, блізкай да кніжнай манеры З. Бядулі”. (Уладзімір Юрэвіч)


"Калі ж, нарэшце, раннім ранкам гром грымне, дождж заплешча ў рынах, ён выйдзе радасна на ганак з усмешкай мудрай селяніна!” (Алег Лойка)


"Дзень добры, друг, наш бацька Колас – народа нашага пясняр”. (Пятро Прыходзька)


"Як гарачы патрыёт, Якуб Колас усю сваю грамадскую дзейнасць аддае справе вызвалення радзімы". (К. Крапіва)


"Трылогіі Якуба Коласа "На ростанях" належыць адметнае і ганаровае месца ў творчасці пісьменніка і ў гісторыі беларускай літаратуры. Выкліканая да жыцця пэўнымі гістарычнымі падзеямі ў Беларусі, кніга не страціла надзённасці і актуальнасці, бо ў ёй пісьменнік ставіць і вырашае агульначалавечыя праблемы сэнсу жыцця, патрыятызму, кахання, чалавека і космасу і іншыя, якія хвалявалі, хвалююць і будуць хваляваць чалавека". (В. Ляшук)


Балада Якуба Коласа

(3.11.1882-13.08.1956)

…Іду ізноў на пляц Якуба Коласа

Да постаці паэтавай, да голаса,

Які мне чуецца ў бярозавым лісці.

Да Коласа, як да Айчыны, мне ісці

І ведаць, што не ўсе шчэ мары ажылі

Пад родным небам на пакутнае зямлі,

Дзе нам з табою выпаў не найлепшы лёс.

Стаю, нібыта ў Храме, у святле бяроз

І слухаю– Сымон-музыка грае нам

Пра Шлях, якім ісці, а мы ідзём да крам

І ўжо не думаем пра нашае жыццё.

Шуміць, як полымя нябеснае, лісцё,

І голас Коласа, нібыта крыж, над ім

І бачыцца, і чуецца, але– не ўсім:

“Мой родны кут, як ты мне мілы,

Забыць цябе не маю сілы…”

…Ідзеш і ты на пляц Якуба Коласа

Да постаці паэтавай, да голаса,

Які шчэ чуецца ў бярозавым лісці…

Да Коласа, як да Айчыны, нам ісці! (В. Шніп)