Барыс Сачанка

Балада Барыса Сачанкі

(15.05.1936-5.07.1995)

У кнігах, што сабраў ты, Беларусь жыве,

Змагаецца, святкуе, плача і пяе,

І мае Бога і ў касцёле, і ў царкве,

І шмат хто любіць, як жыццё, найбольш яе,

Чым тую Беларусь, дзе ты даўно жывеш

І любіш, і кахаеш, быццам першы раз,

І кнігу прад сабой, нібы абраз, нясеш,

Нібыта праз агонь, праз ветравейны час.

У кнігу ты глядзіш, глядзіш, нібы ў вакно

Стагоддзяў, што прайшлі і што ідуць яшчэ.

І клічаш нас глядзець. А мы ўсё п’ем віно,

Яно, нібы агонь, але, як кроў, цячэ.

І ліпы ўжо цвітуць, і пчолы носяць мёд,

І ўжо, здаецца, гэтак будзе тут заўжды.

Але ў крыві ёсць лёд, ідзе да сэрца лёд,

Каб сэрца стала кропляй мёртвае вады.

І раптам за тваім вакном густы туман,

Ён светла з неба апусціўся на зямлю

Забраць тваё жыццё-прыпынены раман

На словах беларускіх: “Беларусь люблю…”

Не толькі ў нашых кнігах Беларусь жыве,

Змагаецца, святкуе, плача і пяе,

І мае Бога і ў касцёле, і ў царкве,

І шмат хто любіць, як жыццё, найбольш яе.

І ліпы зноў цвітуць, і пчолы носяць мёд,

І ўжо так будзе тут і заўтра, і заўжды.

І ў нашых сэрцах парастане мёртвы лёд,

І ў сэрцах будзе возера жывой вады. (В. Шніп)