Хлеб

Гэты хлеб для цябе і сястры, еш яго на здароўе. (А. Куляшоў)


Які надзвычайны ў нас хлеб і які

Прыгожы, духмяны бясконца. (М. Танк)


Я помню малады водарны хлеб, які маці вымала з печы. (М. Лупсякоў)


У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. (І. Мележ)


З брыгадай дружнай за працай спорай

І не заўважым, як прыйдзе скора

З духмяным хлебам гарачы поўдзень. (М. Танк)


Няма нічога смачнейшага за свежы хлеб. (У. Караткевіч)


На белым вышываным ручніку -

Адкроеная луста хлеба. (В. Вітка)


І людзі, што пшаніцу, жыта сеюць,

І сонца, што палеткі саграе,

І дождж, і вецер, што над полем вее,

І аграном, што рана устае,

І хлебапёк,

І нават прадаўшчыца;

Камбайны, элеватары, млыны,

І грузавік, што пад дажджом імчыцца, -

Ствараюць хлеб

Для нас усе яны. (П. Панчанка)


Міколка стаў наразаць хлеб на стол. (М. Лынькоў)


Зямны паклон, падзяка і пашана

Ўсім, хто свежым хлебам корміць нас,

Хто кожны колас пестуе старанна,

Хто і арэ і сее ў добры час. (С. Грахоўскі)


Не растуць хлябы, марнуюцца,

Сохне праца ўся вялікая. (Я. Колас)


Звоняць зялёныя струны

Калгасных жытоў і пшаніц. (П. Броўка)


Спачатку ўсё ж быў хлеб,

А потым - слова.

Спакон быў чалавечай мовай хлеб,

Пакладзены на стол,

Пароўну разламаны,

Як мудра ён яднаў плямёны,

Свет людзей! (М. Арочка)


Хлеб - ёсць здаўна завядзёнка -

Першы ўзыходзіць на стол.

Бразнула звонка заслонка -

Пах жыццядайны наўкол. (С. Грахоўскі)


Хлеб чорны, хлеб жытні

Я шчыра ўслаўляю -

Смачнейшай яды

Папраўдзе, не знаю. (П. Броўка)


Адценне слоў – не глупства,

Ты ім не пагарджай.

Скарынка. Скіба. Луста.

Акраец. Каравай.

Акраец – шлях, дарога

І зайцаў хлеб лясны.

Скарынка – сум, трывога

І боль былой вайны.

Здараецца, вядома,

Што, выпіўшы ў гасцях,

Грызе скарынку дома

Пахмурны халасцяк.

А скіба – дзень вясновы.

Ралля. Плугі. Сяўба.

Наш хлеб – жыцця аснова,

Працяг і барацьба.

А луста – слова сытнае,

Духмянае і шчодрае.

Яно ад маці – сітнае

Ці наздравата-чорнае.

А каравай – вясельнае,

Святочнае яно.

На ручніку нясе яно

І радасць, і віно.

І справа тут не ў ежы,

А ў смачным змесце слоў,

І ў жытным ветры свежым,

І ў звоне каласоў… (П. Панчанка)


Хлеб у хаце!..

Пахучым сонцам

Цёплы бохан з покуці свеціць...

Мы сягоння рады бясконца,

Мы сягоння — райскія дзеці (Л. Якубовіч).


Пад потам арэ, барануе і сее,

Каб белага хлеба прыдбаці для вас,

А хто ж з вас яго ў бядзе пажалее?

Паслухалі ж песні яго вы хоць раз? (Я. Купала)


Мы ўсе ведаем чорстваму хлебу цану,

Бо мы выйшлі з таго пакалення, якое

Знала чорныя дні, горкі смак палыну... (М. Танк)


Наш хлеб сумленны — не прыманка,

Хоць ён нялёгка нам даецца (А. Пысін).


Растуць непрыкметна салдацкія дзеці.

Ім хопіць работы на нашай планеце,

Ім хопіць зямлі і блакітнага неба,

Крынічнай вады і духмянага хлеба (С. Грахоўскі).


У непагадзь і ў ясную пагоду

Да болю адчуваю кожны раз:

Мы ўсе з таго няскоранага роду,

Што чыстым хлебам шчодра корміць нас (С. Грахоўскі).


Настаў і час перакусіць.

Успомніў Хлеб Вандроўнік,

Што недзе, кінуты, ляжыць,

Духмяны і цудоўны! (М. Танк).


Навечна будзь благаславёны,

Запрацаваны ў поце хлеб,

Не квашаны і не салёны,

Для важных спечаны патрэб! (П. Броўка)


А ў печы дыхаў наздраваты, чорны,

Замешаны на горкім поце хлеб (С. Грахоўскі).


Дыхне

Засмягласць нівы ў новым хлебе (А. Пысін).


І не было б на стале ў нас

Пахучага хлеба (М. Танк).


Побач красуе —

Ну й малайчына! —

Смачны, жытнёвы,

Мінскі наш, з кмінам (П. Броўка).


Хлеб

Нібыта ў жыце перапёлка,

Устрапянулася душа.

П'ю хлебны пах.Ён лепш за зёлкі,

Лепш сырадою з гладыша.

Ля печы маці б'е паклоны,

I кожны з іх, як адкрыццё.

На залатых далонях клёна

Ляжаць не боханы — жыццё.

I так захочацца — аж слінкі —

Акрайчык адламаць цішком.

Ад той пахучае скарынкі,

Што млее там, пад ручніком.

Як светла стала ў нашай хаце,

Аж вокны зіхацяць яе.

У сенцы хлеб выносіць маці —

Яму пашану аддае...

А памяць пільная вартуе

Хвілінку тую праз гады, —

Як рэжа, стоячы, матуля

На лусты бохан малады (С. Законнікаў).


Хлеб

Ці гэта звычка, ці патрэба -

Пачуўшы лепшы ў свеце пах,

Я зноў цалую бохан хлеба,

Які трымаю ў руках.

Вось гэта водар! Ну й духмяны!

Смачней за ўсё, што з ім ядуць!

Але ж і варты той пашаны,

З якой на стол яго кладуць!

У ім болей кошту, чым каштуе.

Ды я без хлеба не магу -

Нібы ласунак ем-смакую

І, нібы скарб свой, берагу.

Ў ім – веліч сіл зямлі і неба:

Тут і сяўба, і ўсходаў рост,

І бласлаўленне шчодрай глебы,

Якой не шкодзіць і мароз.

І шум дажджоў, і сонцапёкі,

І каласоў налітых звон…

О, хлебаробы! Хлебапёкі!

За вашу працу – вам паклон!

За мазалі, за кроплі поту,

За працу – зранку да начы…

І я ізноў цалую ўпотай

Скарынку, цёплую з пячы… (Т. Дзям'янава)


Музыка і хлеб

Сцяблiнка жытняя - несамавiты

Музычны iнструмент... Перш чым запець,

Трымала колас над зямлёй, налiты,

Каб ён, на радасць людзям, мог даспець.

Фiлосафы, паэты, запрыкмецьце,

Даследуючы змест людскiх патрэб:

Раднейшага няма нiчога ў свеце,

Як хлеб i музыка, як музыка i хлеб! (Н. Гілевіч)


***

Беларусы ідуць, хлеб свой жытні нясуць,

на ручнік палажыўшы ўрачыста.

Хлеб – як сонца ў руках, бохан хлебам прапах,

а ручнік, як іх сэрца – прачысты.

Хлеб і соль праз вякі, ўсклаўшы на ручнікі,

добрым людзям насустрач выносім.

Ўнукі сейбітаў мы, хлебаробаў сыны,

з працы мы, з чалавечых адносін.

Яшчэ большы ёсць скарб – стары песенны Край,

наша мова, што сэрца кранае,

гэты голас зямлі мы ад продкаў ўзялі

i нашчадкам яго захаваем.

Хлеб і соль, хлеб і соль праз цярпенні і боль

нёс народ наш рукамі ад плуга.

Тым, хто мову кране, нашу душу прыгне,

мы адплацім паводле заслугаў.

Плуг ў музеі спачыў, сёння іншы пачын

Беларуса па свеце праславіў.

Ўмеем жыць і тварыць, ўмеем Край бараніць,

а сяброў стрэнем хлебам ласкава (Л. Геніюш).


Хлеб

Наш жытні хлеб я выпякаць умела,

Рашчынены, замешаны ў пару,

Прапёкся каб, скарынка не счарнела,

Заглалжаная ласкай маіх рук.

На лісцейку дубовым, на аеры.

I пахне з хаты хлебам па сяле.

I першы бохан з крыжам на павер'е,

Каб спорыўся надзённы на стале.

I смакаваў пахучы, чорны, жытні

З гарачай печы родны каравай.

Хвалілі госці хлеб і старажытны,

Багаты хлебам, беларускі край (Л. Геніюш).


Хлебная скарынка

Пахне

Хлебная скарынка

Цёплым ветрыкам,

Хваінкай,

Летнім дожджыкам

Грыбным,

Лугам,

Полем аржаным,

І асенняй пазалотай,

Ды натхнёнаю

Работай (А. Дзеружынскі)