Васіль Вітка

Балада Васіля Віткі

(16.05.1911-05.07.1996)

Жыццё-не казка. Казка– як жыццё,

І ў кожнай казцы Беларусь жыве,

Самотная, як восенню лісцё,

Як срэбра павуціны на траве,

І мудрая, як мудрая сава,

І мужная, багатая святлом

І мовай роднай, што ты шанаваў,

Бо ведаў, што без мовы мы памром

І Беларусь памрэ і толькі ў казках

Жыць застанецца на кароткі час,

І будзе гай шумець, і будуць краскі

Цвісці, але ўжо толькі не для нас…

І ты ішоў штодзённа да дзяцей,

Каб Беларусь у іх заўжды была

Не толькі ў казках, а ў душы жыла,

Была душой і вечнасцю людзей,

Якім наш родны край заўсёды мілы

Усім, што ёсць, што будзе і было.

І родны край не стане нам магілай,

Бо родны край – Жыццё, Любоў, Святло… (В. Шніп)