Янка Брыль

"Хочаце ведаць, што такое беларус? Дык у творах Янкі Брыля ён вам сам пра сябе раскажа. Углядзіцеся толькі ў яго больш уважліва, услухайцеся ў яго гаворку, мясцовыя і немясцовыя гісторыі, і вы сэрцам адчуеце яго паэтычную жыццяздольнасць, якую нішто не знішчыць". (А. Адамовіч)


"У ім таленавіта, шчасліва, зайздросна спалучаюцца актыўная, яркая чалавечая асоба і выдатны пісьменнік". (М. Стральцоў)


"Я люблю Янку Брыля-чалавека, яго высакародства і дасціпны, не папсаваны таннай парадаксальнасцю розум. І яшчэ - пачуццё годнасці, развітае роўна настолькі, колькі трэба моцнаму, упэўненаму ў сабе чалавеку. Роўна столькі, колькі трэба для самаабароны і для сцвярджэння дабраты". (М. Стральцоў)


"Я з вогненнай вёскі..." - твор, у якім упершыню ў дакументальным жанры вайна падаецца вачыма мірнага насельніцтва, ахвяр агрэсіі". (В. Ляшук)


Балада Янкі Брыля

(4.08.1917-25.07.2006)

А ён спакойна жыў… Памёр спакойна,

Як неба памірае над зямлёй,

Дзе цішыня, як шкло, дзе вечна войны,

Дзе рэчак вены з нашаю крывёй

Парэзаны, як брытваю, мяжой.

І неба зноў спатоліцца душой,

А нам, як свечкам, ля крыжа застацца

Пад сонцам, як пад божаю слязой,

Дзе толькі на сябе нам спадзявацца,

Бо аніхто, ніхто не дапаможа

Прайсці зіму і гэта бездарожжа,

Якім сябе мы часта суцяшаем,

І наша неба з намі памірае…

А ён пайшоў, як Заўтра памірае,

Дзе цішыня, як на іконе шкло,

Дзе жыў ён светла, дзе расце святло,

Дзе нашага і ценю не было… (В. Шніп)