Алесь Адамовіч

Балада Алеся Адамовіча

(3.09.1927-26.01.1994)

Не думаць пра сябе нідзе, ніколі

І роднае нікому не аддаць.

Айчына ёсць, калі ў яе ёсць воля,

Нібыта жыватворная вада.

Не спіш ізноў– баліць душа і плача,

Што ўсё не так і сіл не маеш ты,

Каб перайначыць люд, які ты бачыш.

А люд, як лёд, халодны, не святы,

Але святым, каб быў ён тут– не трэба.

Героі– мёртвыя, ім не да нас

І мы глядзім на іх і бачым неба,

Дзе сонца, нібы залаты абраз

У храме нашым, у якім ты вечны,

Як і малітвы ўсе за родны край,

Каб быў, як сонца ў небе, незалежны,

І лепшага не знойдзеш, не шукай

Такога краю анідзе, ніколі.

Ты ў ім застаўся, як у жылах кроў

Жывога воя, што жыве і волю

Нясе ў сабе, бо з воляю прыйшоў… (В. Шніп)