Уладзімір Жылка

Балада Уладзіміра Жылкі

(27.05.1900-1.03.1933)

“Не плач, не плач па сыну, маці…” -

Твой першы верш і ўздых апошні.

Ёсць Беларусь, а значыць шчасце

Таксама ёсць хоць і не кожны

Іх адчувае ў часе гэтым,

Дзе небяспечна быць паэтам,

Тым больш паэтам Беларусі,

Якога здрадзіць не прымусіць

Ніхто, калі паэт ад Бога…

Зноў прад табой, як смерць, дарога

І родны край усё далей,

І чым далей, тым ён мілей.

І сняцца Вільня, Менск і Прага,

І не сціхае ветру звяга

І ў снег, і ў дождж, і ў сухавей.

І ты вярнуцца спадзяешся,

І ў думках над сабой смяешся

Так, як паэт смяяцца можа.

А на чужыне ўсё прыгожа

І нат свая на снезе кроў.

Сваёй паэзіяй дамоў

Ты вернешся, але не скора,

Бо снег навокал, нібы мора,

Дзе ўсё патоне і загіне…

І будзеш ты ў сваёй краіне

Казаць: “Не плач па сыну маці.

Ёсць Беларусь і гэта - шчасце!” (В. Шніп)