Сымон Будны

Балада Сымона Буднага

(1530-13.01.1593)

1.

…І ён у Вашаве, і ён у Парыжы

Мог замкаў, маёнткаў сабе накупляць,

Але ён друкарню будуе ў Нясвіжы,

Каб кніжкі на мове сваёй друкаваць.

І нехта смяецца, і злосна пытае:

“Навошта ён грошы на школы дае?”

І восень ідзе, як арда, залатая,

Што ў дыме стагоддзяў, як дым, растае,

Бо ўжо не вярнуцца і не паўтарыцца

Таму, што было тут на нашай зямлі.

У Храм ён ідзе, каб за бедных маліцца,

Каб людзі, як людзі, на свеце жылі.

І словы малітвы ўзлятаюць высока

Да зор, як да свечак, што Бог запаліў.

І робіцца сэрцу трывожна і горка

І ў небе, як кнігі, лятуць жураўлі,

Знікаць, як радасць, знікаюць, як лета,

Якое было, як ёсць сёння Нясвіж.

І, пыл падымаючы, мчыцца карэта,

Але не яго-у далёкі Парыж,

Бо ён зімаваць застаецца ў Айчыне,

Дзе вецер, дзе хмары, дзе будуць снягі,

Дзе ў кнізе, нібы на маленькай ільдзіне,

Нам плыць і праз святаць і плыць праз

грахі

Ад княства далей, тут якога не будзе,

Але застанецца зямля і на ёй

Прыгожыя, вольныя, светлыя людзі,

Як княства вялікае з нашай крывёй.

2.

Не адшукаць у Вішневе тваёй магілы.

Магілаю тваёю стала ўся зямля,

Па-над якой бялюткія бусловы крылы,

Як ветразі вандруючага карабля,

Дзе нашых слаўных продкаў душы і малітвы

Над намі з вечнасці да вечнасці плывуць

Па той крыві, што ўжо за Беларусь праліта

Была і стала небам, дзе буслы лятуць

Да родных ніў, да Лоска, да Нясвіжа,

Дзе ты друкарні заснаваў, каб кнігі нам

Век асвятлялі шлях у беларускі Храм,

У Храм бялюткі пад адзіным боскім крыжам…

…І ты стаіш на белай роднае зямлі,

На снезе, як на белым-белым караблі,

Які спусціўся, каб цябе забраць з сабою

І вечна плыць над белаю, як снег, зямлёю,

Каб бачыў ты, што Беларусь жыве і нам

Прыйсці з табою ў беларускі Храм… (В. Шніп)