Міхась Чарот

"У творах Міхася Чарота адлюстравана гераічная рэчаіснасць беларускага народа, яго творы поўныя жыццесцвярджальнага пафасу". ("Полымя")


"Асноўны матыў п'есы Міхася Чарота "На Купалле" - пошукі шчасця, які ў той час быў надта папулярным у Беларусі. У п'есе нязмушана разгортваліся актуальныя праблемы, сучасныя часу..." (С. Лаўшук)


"Вунь Мiхась Чарот... У яго кучаравая галава, скупая ўсмешка i нясмелы жэст. Ён вельмi прыгожы, як дзяўчына. I гэтая прыгажосць нейкая простая, даступная i добрая. На гэтым сходзе ён цэнтр, гэта вiдаць i ў перапынках, калi яго тут жа акружае то адна, то другая група. Ад яго як бы iдуць нябачныя нiцi ўсiх тутэйшых падзей". (Я. Скрыган)


"У 1939 годзе я быў пераведзены ў адзiночную камеру. Уважлiва аглядзеў сцены, шукаючы надпiсаў, i вось у кутку прачытаў тэкст верша, выкалупаны нечым вострым на сцяне. Гэта была апошняя сустрэча з маiм любiмым паэтам i другам Мiхасём Чаротам. Гадамi я захоўваў гэтыя яго словы ў сэрцы:


Я не чакаў

i не гадаў,

Бо жыў з адкрытаю душою,

Што стрэне лютая бяда,

Падружыць з допытам,

З турмою.

Прадажных здрайцаў лiхвяры

Мяне зацiснулi за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палi,

Мае бары, —

Кажу вам — я не вiнаваты!" (М. Хведаровіч)


Балада Міхася Чарота

(7.11.1896–29.10.1937)

На турэмнай сцяне ты прысягу рыфмуеш,

А прысяга твая не патрэбна нікому.

Табе хочацца жыць і ты ў думках дадому

Зноў бяжыш і зямлі пад нагамі не чуеш,

Той зямлі, на якой сёння слёзы і гора,

На якой людзі ёсць, што ўсё бачаць і чуюць,

І на вогнішчах босымі сёння начуюць,

І на мове тутэйшае з Богам гавораць.

І не хочыцца верыць табе, што былое

Стала сном, у якім ты паэт пашанотны,

А цяпер, як Айчына твая, ты гаротны

І навокал усё не тваё, а чужое.

Нават гэта прысяга, якую рыфмуеш

Не твая, бо ад страху яна і ты верыш,

Што яна адамкне ўсе турэмныя дзверы

І сябе, і сяброў ты ад смерці ўратуеш.

Толькі ты не ўратуеш нікога ў краіне,

У якой кожны міг нехта плача і гіне.

І цябе расстраляюць і будзе прысяга

Напаўняцца, як сэнсам, крывёю і жахам… (В. Шніп)