Аркадзь Куляшоў

"Можна смела сказаць, што паэзія Аркадзя Куляшова - духоўная энцыклапедыя яго пакалення" (П. Панчанка).


"Паэма Куляшова («Сцяг брыгады») народная ў самым дакладным значэнні гэтага слова: яна паказала душу народа ў адзін з найбольш адказных і важных момантаў яго гісторыі”. (Рыгор Бярозкін)


"Мяккая задуменнасць і ўнутраная душэўная азоранасць яго верша ўвесь час суправаджаюцца моцнымі, цвёрдымі, мужнымі інтанацыямі і рытмамі”. (Н. Перкін)


"Тут — той шчаслівы і рэдкі выпадак, калі яно, паэтава пакаленне, з творчай сталасцю і юнацкай непасрэднасцю раскрыла, разгарнула свой унутраны свет, паведала лірычна-пранікліва — то са смуткам, то ўсмешліва, то ў складаным перапляценні розных настрояў — аб сваім каханні, аб сустрэчах і развітаннях, аб першым жыццёвым вопыце з яго салодкай самотнасцю і аб радасным адчуванні ўласнай маладосці". (В. Бечык)


"Ён быў першаадкрывальнікам у паэзіі. Таму кожны паэтычны твор Куляшова нараджаўся як дзіця — абрываючы пупавіну еднасці з папярэднікам". (В. Куляшова)


“Спадарожнічаючы нам з дзяцінства, са школьных год, паэзія Аркадзя Куляшова нязменна хвалюе актыўнасцю ідэйнага пошуку, багаццем і дасканаласцю мастацкіх вобразаў, сагравае сваёй непадробнай чалавечнасцю, наталяе прагу хараства”. (У. Гніламёдаў)


“Летапіс... - гэта кніга, якая мае сваю фабулу, свой сюжэт, сваіх герояў, тут ёсць пэўны грамадскі фон, рэальнае сацыяльна-бытавое асяроддзе”. (М. Мушынскі).


"Мне помніцца час, калі з’явілася паэма Аркадзя Куляшова “Сцяг брыгады”, якая тады ж захапіла і запаланіла мяне сваёй народнасцю, глыбінёй, свежай вобразнасцю і значнасцю сказанага паэтам". (К. Куліеў.)


Балада Аркадзя Куляшова

(6.02.1914-4.02.1978)

“Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.”-

Складаўся верш і плакала твая душа,

Бо бачыла, як наша мова дагарае

На ўсходзе зор чырвоных, што заміж крыжа,

Які ўтапталі людзі ў гразь, сарваўшы з

Храма,

І ў стайню Храм ператварылі, дзе б і ты

Не беларусам быў, а-беларускім хамам,

Якому родны край, як ля карчмы кусты….

А час ляціць, ляціць, нібыта воран чорны.

І кожны хоча жыць, а не ў зямлі ляжаць

У дзень пад небам сонечным, а ў

ночы-зорным.

Ты пішаш вершы, бо не можаш не пісаць

На мове продкаў, што знішчаецца, знікае,

Але жыве, бо сёння пішаш ты на ёй.

І cотня пройдзе год і нехта ж прачытае

Твой верш, нібы глыне глыток вады жывой:

“Хай ісціны старэюць з году ў год,

Хай сэрца разрывае гук жалезны,

А ты за ўсё ў адказе, мой балесны,

За мову, за дзяржаву, за народ!”

І ўбачыць ён, як сонца сумна дагарае

На захадзе, і праз стагоддзе за табой:

“Жыві, абуджаная ў сэрцы, дарагая…”

Паўторыць ціха і слязу змахне рукой… (В. Шніп)