Янка Купала

"Бадай, нельга знайсці больш дакладнага і больш глыбокага вызначэння сутнасці творчасці Янкі Купалы і таго ўкладу, які ён зрабіў у родную літаратуру, чым гэтыя два словы: народны паэт". (Р. Шкраба)


"Паэзія янкі Купалы - гэта квітнеючы і чароўны сад, дзе сабраны водар беларускай зямлі". (Я. Колас)


"Купалава песня да сэрца навечна праклала свой шлях". (М. Хведаровіч)


"Галоўнае, што ўплывала на творчасць Купалы, - гэта была песня беларуская, легенда беларуская, жывое жыццё беларускае". (У. Караткевіч)


"Гэты чалавек - Янка Купала - усім створаным вярнуў народу годнасць, годнасць за сваё мінулае, сілу жыць у сённяшнім, мужнасць, каб глядзець у будучыню". (У. Караткевіч)


"Песні Купалы - гэта люстра, у каторым свеціцца душа беларуса, яго жыццё, яго родны край; гэта праўдзівы, непадробны голас, што выходзіць з самай глыбі народнай душы, гэта - "крык, што жыве Беларусь!" (У. Самойлаў)


"Мы маем шмат каго... І ўсё адно Купала застанецца першай нашай любоўю, нашымі вачыма, нашым сумленнем, нашым вечна жывым сэрцам”. (У. Караткевіч)


"З прыходам у літаратуру Якуба Коласа і Янкі Купалы ў ёй з'явіўся псіхалагічна складаны, жыццёва праўдзівы вобраз беларуса - сапраўды нацыянальны характар". (І. Навуменка)


"І народ свята захоўвае ў сваім сэрцы памяць аб лепшым сваім сыне, які прайшоў разам з ім слаўны шлях барацьбы ў імя лепшых чалавечых ідэалаў". (Я. Колас)


"Творчасць Янкі Купалы... Спасцігай яе чыстым, адкрытым сэрцам, дарагі чытач. Прымай да сэрца паэтаў боль і паэтаву радасць, занепакоенасць маральным станам чалавека і чалавецтва, яго светлы аптымізм, веру ў чалавека". (М. Мішчанчук)


"Цяжка ды і немагчыма ўявіць нас, беларусаў, без Янкі Купалы. Ён наш буквар і энцыклапедыя, песня і сумленне". (А. Пысін)


Ты вечна будзеш сярод нас,

І непаўторнай тваё імя

Легендай стане ў вяках,

Паходняй, што сваім праменнем

Паможа ў будучыню шлях

Прабіць наступным пакаленням. (М. Танк)


"Янка Купала - не проста літаратурная з'ява ці эпоха, творчасць паэта - з'явішча грамадска-палітычная". (М. Лужанін)


"Няма ў нас мясціны такой, дзе не ззяе Купалава сэрца" (М. Лужанін)


Толькі Вязынку, хату Купалы

Наш народ захавае навек,

Бо і сёння адгэтуль нямала

Пачынаецца песенных рэк. (П. Панчанка)


"Паэзія, на думку Купалы, павінна быць праўдзівым люстрам жыцця народа" (В. Івашын)


"Янка Купала быў вясёлы, схільны да дабрадушных жартаў і гумару чалавек". (Я. Колас)


"Янка Купала любіў нас, маладых паэтаў, і мы заўсёды адчувалі яго бацькоўскую ўвагу да нас". (М. Хведаровіч)


"Купала гаварыў мала і не любіў без патрэбы гаварыць. тыя, хто Купалу ведаў, да яго з просьбамі выступіць не звярталіся. І ён быў на сходах звычайна пачэсным госцем.

Але калі Купала не ўмеў гаварыць, дык затое ўмеў слухаць. А да гэтага трэба таксама мець талент. Такога ўважлівага і адданага слухача, як Купала, я не сустракаў. Хацелася адкрыць яму ўсю душу, усе патаемныя думкі. Яго твар сведчыў, што твая таямніца будзе ім захаваная вярней, чым у цябе самога". (М. Шчаглоў)


Балада Янкі Купалы

(7.07.1882-28.06.1942)

…Сябе забыць ці быць забытым?

Сябе забіць ці быць забітым

І ў лесвічны ляцець пралёт?

Прыстукі чорныя, як лёд,

Як лёс, які нас напаткаў…

Купала падаў і ўставаў,

І заставаўся, як наш свет,

Як той адвечны наш партрэт,

Які даўно не беражом,

Не разумеючы– жывём

Мы толькі з ім і родны дом

Не будзе знішчаны агнём,

Ні часам, ні якой бядой,

І сум размыецца вадой,

Што з неба весняга пральецца,

І ўжо ніхто не пасмяецца

Над намі і над нашым краем,

Які ў нас быў, які мы маем

І будзем мець, як меў Купала.

Купала ёсць і нам нямала,

Каб быць, тутэйшае любіць,

Каб падаць і ўставаць, і жыць,

І заставацца, як наш свет,

Як той адвечны наш партрэт,

Які, нібыта Божы Храм,

Што звеку не належыць нам… (В. Шніп)