Гульнёвыя лялькі

Гульнёвыя лялькі, аб чым сведчыць іх назва, мелі сваёй асноўнай функцыяй быць забавай для дзіцяці і заставаліся яго спадарожнікамі напрацягу даволі доўгага часу або толькі на адну-дзве гульні. Такія лялькі не мелі нейкага магічнага падтэксту, іх не стваралі дзеля рытуалаў. Яны дзяліліся на сшыўныя і завернутыя. Да завернутых лялек адносіліся лялькі закруткі, якія вырабляліся вельмі проста. Такіх лялек дзеці маглі стварыць самі, бо рабіліся яны проста, умоўна. Асновай лялькі магла служыць драўляная цурка, да якой мацавалі валасы з кудзелі, малявалі вуглём тварык ці зусім не выяўлялі твару, з кавалачкаў тканіны шылі адзенне або заварочвалі ў тканіну, у нейкую кашулю ці хустку.