Зімовыя святы і абрадавыя лялькі

Зімовы каляндар беларусаў стракаціць цікавымі святамі і абрадамі.

Снежань

Апошні месяц года атрымаў назву ад слова "снег".

Народныя  прыказкі і прымаўкі, прыкметы:

Снежань зіму пачынае, а год канчае.

Мароз у снежні і снег вышэй хаты - будзе год тады багаты.

Снежань багаты на самыя разнастайныя святы:

4 снежня. Увядзенне. Назву свята праваслаўнай царквы народ тлумачыў так: «Бог прыводзіць зіму на зямлю».  Прадугледжвалася магчымае пацяпленне: «Уведзенне разбіваець ледзенне». 

7 снежня. Кацярына. Усё больш упэўнены наступ снежнай зімы адчуваўся з кожным днём: «Прыйшла Кацярына — прыйдзе і пярына».

9 снежня. Восеньскі (ці зімовы) Юр’я. Пра яго гаварылі, што ён «грудай гвоздзіць». У народнай прыкмеце гаворыцца: «Колькі на асенняга Юр’я снегу, столькі на вясенняга — травы».

13 снежня. Андросы (Андрос, Андрэй, Андрэйкі). Дзявочае свята. Народная традыцыя амаль нічым не звязана з хрысціянскім праслаўленнем апостала Андрэя Першазванага. Гэта адзін з 12 вучняў Хрыста, брат апостала Пятра. Пасля зыходжання Святога Духа апостал Андрэй з Віфсаіды прапаведаваў у І стагоддзі Евангелле ў розных краінах, у тым ліку і на славянскіх землях. Празваны Першазваным таму, што першы быў прызваны Хрыстом на апостальскае служэнне.

14 снежня. Прарок Навум, сваім імем выклікаў адзіную асацыяцыю: «ум». Пра яго гаварылі так: «Навум розуму навучыць» або «Навум наставіць на вум». Таму і імкнуліся з гэтага дня вучыць грамаце дзяцей, спадзеючыся, што яны, дзякуючы Навуму, хутчэй і лепш засвояць навуку.

17 снежня. Варвара. Яе імя таксама вельмі красамоўна абыгрывалася народам. Галоўнае, што адзначаў селянін, гэта як ад Варвары паступова пачынае прыбываць дзень («на казіны скок»), такім чынам, былі ўсе падставы «папракнуць» яе за тое, што яна, Варвара, «ночы ўваравала, а дня прытачыла». Другое сугучнае выкарыстанне імені Варвары ў прыкметах — што «Варвара варыць», г. зн. на яе дзень магчыма параўнальна цёплае надвор’е напярэдадні вялікіх маразоў. Цёплая пагода на Варвару прадказвала добры ўраджай ільну на лета. Гэты дзень быў «бабскім» святам, таму не пралі кудзелі, але талакно малоць і лён трапаць дазвалялася. Адзначалі яго і як свята надрэчных вёсак дзеля таго, каб дзеці і жывёла не тапіліся. Каб лепш пладзілася жывёла і вялася скаціна, у адных мясцінах пякліся пірагі з макам, якія называлі «варэнне» (зноў жа блізка да імені Варвары з яўным разлікам на яе спагаду), у другіх кутках ляпілі з пшанічнага цеста галовы, рогі, ногі, капыты, вушы і кармілі спечаным худобу. У абодвух выпадках праглядваецца культ Варвары як заступніцы хатняй жывёлы.

18 снежня. Сава (Саўка), як і Варвара, быў «бабскім» святам з тымі ж правіламі. Паколькі ён ішоў непасрэдна перад Міколам, то зваўся «Міколіным бацькам». Пра гэту «тройцу» гаварылі: «Барбара мосціць, Саўка цвякі вострыць, а Мікола прыбівае», маючы на ўвазе паступовае нарастанне маразоў. Калі на Саву надта дзьмуў вецер, такога ж ветру трэба было чакаць усю квадру пасля Пятра.

19 снежня.  Мікола Зімовы. Багата адлюстраваны ў прымаўках: “Без Міколы не бывае ні зімы, ні лета”, “Хвалі зіму на Міколе”, “Да Міколы няма зімы ніколі”.

22 cнежня. Ганны (Ганкі, Ганна).  Гэты прыкметны ў годзе дзень (з астранамічнага пункту погляду — 21-22 снежня зяўляецца днём зімовага сонцастаяння) прысвечаны шанаванню праведнай Анны — маці Багародзіцы. Католікі прысвячаюць гэтай падзей 26 ліпеня, дзень блізкі да летняга раўнадзенства.

24 снежня. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студзеня). Дзяўчаты варажылі, ці хутка выйдуць замуж. Насілі з песнямі “звязду”. Бытавалі прыказкі і прымаўкі звычайна тыя ж, што і ў праваслаўных: “Прыйшлі Калядкі, гаспадарам парадкі”, “Калядкі — добрыя святкі: бліны ды аладкі”, “На Каляды ясна — ясна й на Пятры”.

25 снежня. Раство каталіцкае (Каляды).

Спірыдон Сонцаварот.

30 снежня. Дзень Сцяпана знамянальны тым, што заканчваўся тэрмін службы парабкаў. Чалавек, які ад Каляд і да Каляд працаваў на свайго гаспадара, мог адчуць сябе, нарэшце, больш-менш вольным: «На святы Сцяпан кажан парабак сабе пан!» Парабак дарабляў абгавораны тэрмін і спадзяваўся ў наступным годзе на больш выгадную дамоўленасць: «На святога Сцяпана найду другога пана».

Ст удзень


Беларуская назва "студзень" сведчыць пра яго характар: значыць, гэты месяц сцюдзёны, калі на зямлю прыходзяць халады.

Народныя  прыказкі і прымаўкі, прыкметы:

Студзень — году пачатак, а зіме — палавіна. 

Студзень зямлю студзіць. 

Студзень хаты студзіць — рана гаспадароў будзіць. 

Калі ў студзені дажджы — дабра не жджы. 

Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік. 

Студзень пагодны — будзе год плодны. 

Калі студзень добра марозіць, селянін лучынку паліць і дровы з лесу возіць. 

Калі студзень імглісты — мокры год, калі халодны — позняя вясна і халоднае лета. 

6 студзеня. У праваслаўных — посная куцця. Перадкалядная вячэра.  У каталікоў — Тры Каралі.

7 студзеня. У праваслаўных — Ражаство Хрыстова. Пасля шматтыднёвага посту прадстаўляецца доўгачаканая магчымасць паесці ўволю скаромнага. У народным святочным календары беларусаў пачынаюцца Каляды. Здавён з гэтага дня па сялу пачыналі хадзіць калядоўшчыкі. Пераапранутыя ў цыганоў, казу, жорава, яны заходзілі ў хаты да гаспадароў, спявалі песні, скакалі пад скрыпку і бубен, выказвалі шчодрыя пажаданні. За гэта калядоўшчыкі атрымлівалі пачастункі, грошы. На працягу ўсіх Каляд нельга было нічога ні шыць, ні віць, ні плесці, ні рабіць, іначай, казалі, дзеці і жывёла, якія павінны з’явіцца на свет, народзяцца пакалечаныя.

13 студзеня.  Другая куцця ў праваслаўных вернікаў напярэдадні старога Новага года. Яе назва — «тоўстая» і «шчодрая». У народзе папярэджвалі: «Хто не пячэ бліноў перад Новым годам, у таго не будзе гладкай тлустай жывёлы, асабліва цялят».

На Шчадраца моладзь заўжды варажыла. Дзяўчаты абхоплівалі калы ў плоце і былі радыя, калі іх аказвалася ў пару; выпякалі штосьці з мукі і кармілі сабаку — чыё першае ён з’есць, тая дзяўчына раней за іншых і замуж пойдзе.

18 студзеня. Трэцяя (посная) куцця ў праваслаўных. Лічылася, што той, хто посціць напярэдадні свята Вадохрышча, і ўвесь год не з’есць нічога нячыстага ў стравах. Пасля заканчэння галоднай куцці сена, што ляжала на працягу двух калядных тыдняў, прыбіралася са стала і заносілася каровам, каб палепшыць і паскорыць іх малако, а заадно і засцерагчы ад сурокаў ведзьмы.

19 студзеня. Вадохрышча — апошняе свята каляднага цыкла: «Святое Хрышчэнне — і Калядам прашчэнне». У гэты дзень асвячаецца вада, якая затым выкарыстоўваецца пры розных бытавых выпадках і здарэннях. Напрыклад, яе даюць выпіць хвораму, ёю апырскваюць новую хату перад тым, як засяліцца, і вуллі, каб лепш вяліся пчолы; хрышчэнскай вадою асвячалі здавён поле перад сяўбою, труну, перш чым пакласці туды нябожчыка.

20 студзеня. Адзначаецца памяць святога прарока Іаана Хрысціцеля.

31 студзеня. Дзень Апанаса. Лічыўся паловаю зімы ў дачыненні да назапашанага для хатняй скаціны корму. Калі яго выкарыстана палова, селяніну можна спакойна чакаць першага веснавога выпасу. Калі ж заставалася меней — трэба было карміць больш ашчадна. Апанаса называлі абаронцам жывёлы ад маразоў.  Па надвор’ю вылічвалі пачатак надыходу цяпла і палявога сезона: раз на Апанаса завіруха — трэба чакаць працяглай вясны, з-за якой усе запасы з пуняў павымятаеш. Заканчваўся самы халодны месяц зімы, і народная прыказка папярэджвала: «Хавай нос у Апанасаўскі мароз!»

Лют ы

Месяц зімы, калі яна была ў самай сіле.

Народныя  прыказкі і прымаўкі, прыкметы:

Прыйдзе люты — спытае, як ты абуты. 

У лютым востры мароз, кароткая зіма. 

Люты наробіць плюты. 

Ад лютага зіма збягае цёмнымі начамі. 

Як у лютым адгукнецца, так у жніўні адзавецца. 

Люты раніцай таргуе, а вечарам гаруе. 

Віхры і мяцелі ў лютым наляцелі. 

Завірухі і мяцелі ў лютым адгудзелі. 

2 лютага. Каталікі адзначаюць дзень сустрэчы зімы з летам — Грамніцы, або Стрэчанне. Лічыцца, што ўжо могуць быць грымоты навальніцы і прайшла палова зімы. Аб гэтым сведчаць і прыказкі: «На Грамніцу палавіна зімы» і «Грамніца — хлебу палавіца, а корму траціна».

Існавалі прыкметы: якое надвор’е на Грамніцы, такая i вясна, як на Грамніцы адліга — з ураджаю будзе фіга. У прыродзе адчуваецца пацяпленне, са стрэх бягуць першыя капяжы. “На Грамніцы певень нап’ецца, на Дабравешчанне – вол”.

Праваслаўныя будуць адзначаць Грамніцы 15 лютага. Раней яны казалі, што «паміж польскімі і нашымі Грамніцамі не трэба снаваць кросны, бо ваўкі будуць снаваць каля будынкаў».

На Беларусі гэтае свята знамянальна такім абрадам, як асвячэнне свечак у царкве. Грамнічныя свечкі (або проста «грамніцы») асабліва шанаваліся ў народзе — іх запальвалі з вераю ў дапамогу падчас навальніц, каб маланка не спаліла хату; іх давалі цяжка хвораму ў час канання, каб полымя асвятляла таму шлях на той свет, ачышчала душу ад грахоў. Жыло ў народзе перакананне, што грамнічных свечак баіцца «нячыстая сіла», таму і вешалі іх ля ўваходу ў хлеў ці на стайню, каб, маўляў, ведзьмы не адабралі ў кароў малака і не заездзілі да смерці коней.

5 лютага.  Агата – каталіцкая. У гэты дзень асвячаюць соль і хлеб. Паводле народных вераванняў, хлеб мог бараніць ад пажару, перуна і раптоўных хвароб. Таму і вядома: “Хлеб святой Агаты не пусціць бяды да хаты”. У праваслаўных гэтае свята прыпадае на 18 лютага. Нашы продкі ў гэты дзень прыглядаліся да надвор’я: калі надаралася цяпло, то больш ужо вялікіх халадоў не прадбачылася.

6 лютага. Аксіння (Ксеня, Аксені).  У царкоўным календары гэты дзень прысвечаны прападобнай Ксеніі (V ст.). Пазней сюды была ўключана і блажэнная Ксенія Пецярбургская.  Кепскае надвор’е ў гэты дзень сведчыла аб працягласці зімы. Як пераконвалі сялянскія назіранні, «калі на Аксінню дарогу перамяце, то і корм падмяце» — г. зн. зіма затрымаецца і хатняя жывёла паесць усе нарыхтаваныя яе запасы.

А вось 7 лютага людзі баяліся, каб нечакана не загрымеў гром, бо лічылася, калі такое здарыцца, дык прападуць пожні.

9 лютага — Іван Залатавус. У народным каляндары гэты дзень замацаваны за Іванам Залатавусам, а не за Злалавустам, як у царкоўным. Згодна лягендзе, Касьян падпаліў Івану Хрысціцелю вусы. Бог пакараў Касьяна тым, што яго прысвятак адзначалі толькі адзін раз у чатыры гады – 29 лютага па стараму стылю. І Івану Бог падараў залатыя вусы. Яшчэ існуе і такое тлумачэнне, чаму дзень Касьяна святкуецца толькі раз у чатыры гады: «Касьян тры гады запар у свае імяніны быў п’яны і толькі на чацвёрты год суняўся…» У мінулыя часы 29 лютага сяляне стараліся не выходзіць з хаты, асабліва да сонечнага ўзыходу.  Аб злым, недабразычлівым чалавеку казалі: «Гэтакій ты Касьян! Відаць, у цябе няма крыві-то чалавечай».

Кажуць, што Касьяну падпарадкаваны ўсе вятры, ён трымае іх на дваццаці ланцугах за дваццаццю замкамі. «У яго ўладзе спусціць вецер на зямлю і наслаць на людзей і на скаціну мор».

14 лютага. Трыфан. Калі начное неба было зорнае — гэта ўспрымалася як паказчык на познюю вясну. Па хатах сяляне рабілі свечкі, таму што назаўтра, у дзень Грамніц, адбывалася іх асвячэнне. Трыфан, які папярэднічае гэтаму святу, называўся ў народзе Грамнічным бацькам.

24 лютага. Аўлас.  Яго народ лічыў апекуном свойскай жывёлы. У гэты дзень жывёле трэба даваць лепшы корм, не працаваць на ёй. Таксама раілася аб’язджаць маладых коней.