Сярэднія класы

У сярэдняй школе вучні судакранаюцца з тэматыкай народнай творчасці, таму пры вывучэнні верша А. Пісьмянкова “Продкі” (6 клас), нарыса У. Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі” (7 клас), раздзела “Прыкметы і павер’і” (5 клас), “Народныя песні. Благаславі, маці, вясну заклікаці…” (6 клас) таксама можна звярнуцца да народнай лялькі. Так, на заключным уроку па беларускай літаратуры ў 7 класе па твору У. Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”, напрыклад, можна правесці гульні “Накармі ляльку” і “Апрані ляльку”.

Шмат варыянтаў выкарыстоўвання беларускай народнай лялькі ёсць на занятках мастацтва ў 6-7 класах. Так, шасцікласнікі азнаёмяцца і пашыраць свае набытыя раней веды, наведаўшы наступныя ўрокі: “Святы ў розных культурах” і “Святы сваімі рукамі”. На гэтых занятках можна прапанаваць дзецям азнаёміцца з народным лялечным календаром, дзе на кожны  месяц года прадстаўлены народныя лялькі і народныя святы, да якіх яны ствараліся. Акрамя таго разам з вучнямі можна зрабіць такі каляндар сваімі рукамі, падрыхтаваўшы загадзя патрэбныя матэрыялы. Сямікласнікам будзе цікава пашырыць сваі веды на ўроках  “Паганская культура на беларускіх землях”, “Майстэрства мастакоў і рамеснікаў беларускіх зямель”, “Культавае і свецкае мастацтва эпохі Адраджэння на беларускіх землях”, дзе будзе праходзіць, у тым ліку, знаёмства з лялечным майстэрствам.

Заключны ўрок па беларускай літаратуры ў 7 класе па твору У. Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”

       Мэта і задачы: выклікаць цікавасць вучняў да мастацкіх нарысаў пра Беларусь, яе гісторыю, прыроду, жыццё і побыт людзей, культурныя традыцыі народа; разіваць звязнае маўленне, вобразнае ўяўленне; ввыхоўваць любоў да Радзімы, яе спадччыны; падрыхтаваць вучняў да напісання сачынення па тэме “Людзі беларускай зямлі”.

Абсталяванне: камп’ютар, карта Беларусі, выявва бусла, нарыс У. Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”, кніга “Этнарафія Беларусі”,  куфар з вопраткай і рознымі вышыванымі рэчамі хатняга ўжытку нашых бабуляў і дзядуляў, маслабойка, цэп, дзяжа і іншыя гаспадарчыя прылады працы.

Эпіграф:

Вазьмі ў звычай, сын герояў і багоў,

Не пагарджаць святым сваім мінулым,

А заслужыць яшчэ, і вартым быць яго!

У. Караткевіч

 

Настаўнік: Як многія казкі пачынаюцца зачынамі, зачынам нашага ўрока хай будуць словы, якімі пачынае свой твор У. Караткевіч “Зямля пад белымі крыламі”.

Вучань пад музычнае суправаджэнне чытае ўрывак на памяць ад слоў “Зараз вясна. <…> да слоў “І для вас я і хачу расказаць пра яе”.

Настаўнік: Менавіта так пачынаецца твор У. Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”. На апошніх уроках літаратуры мы з вамі з ім пазнаёміліся. Сёння наша задача падагуліць нашы веды. Успомніце, чаму даў такую назву свайму твору аўтар?

- Да якога віду літаратуры належыць гэты твор У. Караткевіча?

- Што такое публіцыстыка як від літаратуры?

- Якія жанры публіцыстыкі вы ведаеце?

- Да якога жанру належыць твор “Зямля пад белымі крыламі”?

- Што такое нарыс?

- Чым адрозніваюцца публіцыстычныя жанры ад мастацкіх твораў?

Настаўнік: Сапраўды для твораў публіцыстыкі У. Караткевіча характэрны “двайны дакументалізм”, калі ў іх спалучаецца асабіста ўбачаннае і пачэрпнутае ў разнастайных літаратурных крыніцах і дакументах.

Узгадайце словы аўтара пра тое, што даказвае гэта і іншыя прыклады прывядзіце.

Вучні зачытваюць словы з уступу “Я  аб’ездзіў на беларусі амаль усё…” Гавараць, што аўтар спасылаецца на паэму Я. Колоса “Новая зямля”, на гістарычныя даведкі (перапіс беларусаў, цар дуб “немцы хацелі спілаваць) і інш.

Настаўнік: А зараз раскажыце, як раней выглядала беларуская вёска?

Вучні перадаюць змест раздзела “Вёска, о родная вёска мая”. Тлумачаць словы: прызба,талака.

Настаўнік: А ці ведаеце вы, як беларусы вітаюць гасцей? Напрыклад, рускія скажуць нам: “Добро пожаловать!”, украінцы – “Ласкаво просимо!”. А як скажам мы, беларусы?

Сардэчна запрашаем!

Настаўнік: Назавіце раздзел кнігі, які адпавядае гэтым словам.

Просім у хату, госцейкі нашы!

Настаўнік: Уявіце, што мы з вамі зайшлі ў хату продкаў. Што мы маглі б убачыць там? Тым больш, што мы звамі знаходзімся ў музеі нашай школы, дзе ёсць экспазіцыя “Белруская хата”. Уключыце ў адказ і рэчы, якія знаходзяцца тут.

Вучні перадаюць змест раздзела “Просім у хату госцейкі нашы!” Пералічваюць рэчы, неабходныя ў гаспадарцы селяніна.

Настаўнік: Усё вельмі цяжка пералічыць, зараз мы заглянем у куфар і ўспомнім, што ж тут знаходзілася.

Вучні гавораць пра раздзел “Куфар жыцця”, прыводзячы прыклады рэчаў, што там ляжаць.

Настаўнік: А зараз правядзём гульню “Апрані ляльку”, каб яшчэ раз упэўніцца, што вы добра ведаеце назвы розных відаў беларускага народнага адзення і абутку. У вас ёсць картка №1 “Апрані ляльку”  з назвамі адзення. Вам трэба выбраць усе віды адзення. Будзьце ўважлівымі, бо між імі схаваліся “словы-самазванцы”, і не апраніце ляльку ў нешта недарэчнае.

Дзецям дэманструецца беларуская народная лялька, для якой трэба выбраць адзенне.

Настаўнік: Беларус любіць смачна паесці. Звернемся да раздзела “Хлеб і да хлеб”. Раскажыце пра цудадзейныя магчымасці хлеба.

Вучні называюць розныя стравы, гутараць пра дзяжу і хлеб.

Настаўнік: Нашу ляльку мы апранулі, а цяпер вазьміце картку №2 “Накармі ляльку”. Умовы тыя ж. На картках стравы і “словы-самазванцы”.

Праводзіцца гульня.

Настаўнік: А зараз выйдзем на двор і паслухаем расказ пра гаспадарчыя пабудовы.

Вучань – раздзел “Каля хаты ў садочку”,пералічвае надворныя пабудовы, што ў іх знаходзіліся.

Настаўнік: Як называецца навука, ўто вывучае матэрыяльную, духоўную культуру народа, яго побыт?

Этнаграфія. Вучні знаёмяцца з кнігай “Этнаграфія Беларусі”.

Настаўнік: Хата, двор, абсчтаноўка робяцца ўсё больш аднолькавымі. Даўно ўжо сталі звыклымі халадзільнікі, тэлевізары, пральныя машыны і інш. Усё гэта добра, але давайце успомнім, да чаго заклікае нас У. Караткевіч.

Вучні чытаюць эпіграф.

Настаўнік: Як вы разумееце гэтыя радкі?

Паэт звяртаецца да нас, просіць, каб мы ўзялі ў звычай любіць сваё мінулае, не грэбаваць ім, наадварот, так жыць, каб быць вартымі звання беларуса.

Настаўнік: Дык што сказалі пра сябе самі беларусы?

Вучні сцісла перадаюць змест раздзела “Людзі зямлі беларускай”, асаблівая ўвага легендзе пра тое, як Бог дзяліў землі паміж народамі.

Настаўнік: Зараз я буду называць асноўныя рысы беларусаў, а вы павінны ўспомніць адпаведны эпізод з нарыса:

- гасціннасць і шчырасць (не прапускалі госця, частавалі, аддавалі апошняе ў час пажару);

 - мудрасць і таленавітасць (шмат песняў, казак, легенд);

 - аптымізм (жарт пра згарэўшае гумно);

 - хітрасць (выпадак з коньмі ў час паўстак, 1863-1864гг.);

-  працавітасць (жанчына адна пасадзіла вялікі лес);

 - цудоўны апетыт (на рынку прадаў кабана, з’еў 3 міскі капусты з боханам хлеба…)

Настаўнік: Такім чынам, падсумоўваючы нашу з вамі размову, мы вызначылі тэму нарыса “Зямля пад белымі крыламі” і ідэю твора (эпіграф). А якімі ж мастацкімі сродкамі і прыёмамі карыстаўся аўтар для пацвярджэння тэмы і ідэі твора (яна вызначае і праблему).

Вучні гавораць, што яны тут сустрэліся і з вясёлым жартам, іроніяй, забаўнай гісторыяй, анекдотам, прыказкамі і прымаўкамі, легендамі, апісаннямі, навукрвымі даведкамі, якія падаюцца захапляюча, эмацыянальна, як у сапраўдным мастацкім творы. Твор мае і арыгінальны сюжэт, у якім аўтар паступова вядзе нас ад агульнага апісання вёскі да канкрэтнага апісання хаты, таго, што ў хаце, двары, садзе, полі і г. д. і апошнім, што ж за людзі такія жывуць на гэтай зямлі).

Настаўнік: А людзі жылі і жывуць цудоўныя, якія сваімі справамі ўслаўляюць нашу краіну. Дзкуючы ім пра нас ведаюць і ў іншых дзяржавах. Сярод іх і нашы землякі С. Законнікаў, Дз. Ул. Крупеня. Паслухайце кароткія паведамленні пра іх.

Вучні расказваюць пра Дз. Крупеню і С. Законнікава

Настаўнік: Скажыце, калі ласка, а якім ўяўляецца вам У. Караткевіч пасля прачытанага нарыса?

Настаўнік: Мы павінны быць удзячны сваёй Бацькаўшчыне, адчуваць сябе часцінкай беларускай зямлі. Мы шмат гаварылі пра наш край, народ, яго звычаі. Далей пра гэта вы скажаце ў сваіх сачыненнях “Людзі зямлі беларускай”. Пачняце, напэўна, з таго, што, чытаючы кнігу, перапаўняліся гонарам за свой народ і Бацькаўшчыну. Прыведзяце прыклады лепшых рысаў характару беларусаў. Магчыма, нехта  напіша нарыс, у якім раскажа пра сваіх суседзяў, знаёмых, родных.

- Сёння за ўрок вы атрымалі адзнакі…

- Хочацца спытаць, з якім пачуццём вы пакідаеце наш урок?

Вучні адказваюць, што яны любяць свой край, народ, літаратуру, мінулае нашай краіны. Успамінаюць верш У. Караткевіча “Беларуская песня”, яго апошнія радкі:

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй раллёй, на якую ўпадзем у журбе,

Мы клянёмся табе, што ніколі,

 Ніколі,

Ніколі,

Так,

Ніколі не кінем, не кінем,

Не кінем цябе!

Самайстойная работа для вучняў 

Урок беларускай літаратуры (5 клас)

Тэма "Прыкметы і павер'і"


1) Павер'і - гэта ...

2) Дапоўніце прыкмету патрэбным выразам.

Жнівень сее, жне і косіць —

3) Народныя прыкметы па форме і змесце набліжаюцца да ...

4.Складзіце прыкметы са слоў: на грак, вясна, гары, двары, на.

5. Разгадайце крыптаграму. Назвы якіх беларускіх свят зашыфраваны ў ёй?

4,18,1,14,15,10,25,28

19,1,18,1,12,10

Запішыце прыкметы, звязаныя з гэтымі святамі:

-свята,

-дата святкавання,

-пара года, 

-прыкметы, звязаныя са святам.

Калядкі - вясёлыя святкі (з успамінаў жыхаркі в. Дубраўка Герцык Праскоўі Пятроўны)

       Сёння ў нашым грамадстве ўсё ўзмацняецца цікаўнасць да слаўнай мінуўшчыны нашай краіны, да шматлікіх традыцый нашых продкаў, да нашай культуры і старадаўняга побыту. Добра вядома, што выпрацаваныя стагоддзямі нормы паводзін захоўваюць у сабе мудрасць жыцця, спосаб згоднага суіснавання чалавека і прыроды, чалавека ў бязмежным Сусвеце.  Чалавек, які забываецца на свае карані, сваё мінулае, не мае будучыні. Мы  – працяг папярэдніх пакаленняў і падмурак для будучых. 

На пачатку студзеня праваслаўныя хрысціяне святкуюць Каляды. У імклівы час мабільных тэлефонаў, камп’ютараў і інтэрнэту значнасць гэтага свята неяк згубілася. З большым размахам адзначаецца Новы год. А між іншым, Каляды - адно з дванаццаці галоўных праваслаўных свят. Зараз жа,  адразу пасля шырокага святкавання сустрэчы Новага года, яно крыху страціла сваю адметнасць. 

  Раней першае, што сведчыла аб набліжэнні Каляд, — гэта тое, што маці хавала верацёны, прасніцу, кудзелю. Лічылася, калі на Каляды ўбачыш верацяно, летам будуць на пакосе ці ў лесе сустракацца гадзюкі і вужы. Потым пачыналі прыбіраць у хаце. Мылі пасцельную бялізну, фіранкі, ручнікі. Дзеці таксама стараліся, удзельнічалі ў гэтай справе. Чысцілі, скраблі, шаравалі лаўкі, услоны, качэргі, вілкі, стол, посуд. Дапамога была нязначная, больш круціліся пад нагамі, але дух набліжэння свята ахопліваў усіх. Пасля агульных намаганняў у хаце зіхацела, пахла свежасцю і чысцінёй.

Вечарам на Куццю, 6 студзеня, перад Нараджэннем Хрыстовым, стол засцілалі абавязкова белым абрусам, вячэру гатавалі з дванаццаці страў. На стале былі стравы з рыбы, гародніны, грыбоў, сушанай садавіны, мёду, кампот з сухіх яблыкаў і груш, у які дадавалі сухія чарніцы і вішні і, канечне, тая самая ячневая каша-куцця з мёдам. Варылі яе таксама незвычайна, а другой гадзіне ночы старэйшая жанчына ў сям’і ішла ў свіран за зернем, а старэйшы мужчына – па ваду. Ваду і зерне нельга было чапаць да таго моманту, як будзе гатова печка. Нарыхтаванай такім чынам куцці надавалася асаблівае магічнае значэнне, яна павінна была надаваць усім здароўя, моцы, удачы. Пачынаў вячэру, як звычайна, гаспадар, акрамя таго за стол так ці інакш запрашаліся ўсе продкі. Рэшткі куцці падкідвалі пад столь, каб ячмень наступным годам урадзіў высокі. Пасля гэтага крупы скормлівалі хатнім птушкам.

Але найбольш запамінальным з Калядных свят ўсё-такі быў Шчадрэц. Ён святкуецца 13 студзеня, перад Старым Новым годам. З вялікім нецярпеннем чакалі гэтага дня дзеці.

Вячэра на Шчадрэц была багатай - каўбасы, халадзец, белы хлеб… Ледзь дачакаўшыся абеду, дзеці беглі ў сяло  шчадраваць. Колькі было радасці ад прадчування атрымаць пачастунак!

Расчырванелыя з марозу, нясмела пераступалі парог хаты.

 — Ну, што скажаце? — хітравата ўсміхаючыся, пытаў гаспадар.

— Мы па каляду…

— Дык песні спявайце!

— Шчодры вечар, добры вечар, — наперабой пачыналі дзяўчынкі.

— Хопіць, хопіць, — перапыняла гаспадыня.

Яна саджала дзяцей за стол, давала гасцінцы - цукеркі-падушачкі або нават грошы. Якое гэта было багацце - рубель на дваіх!

— А цяпер бяжыце дахаты, бо хутка сцямнее.

Дзяўчаткі беглі, прыціскаючы да сябе гасцінцы. Набліжаўся вечар, у хатах запальваліся агні, сінія цені ад дрэў, пабудоў лажыліся на снег, ён паскрыпваў пад нагамі, браўся мароз, на небе высыпалі ясныя зоркі.

У цёплай хаце, забраўшыся на печ, чакалі калядоўшчыкаў. Бывала, нават засыналі, не дачакаўшыся. Тады  будзіла маці:

— Дзяўчынкі, глядзіце, які цуд!

Пад вокнамі чуліся калядныя песні, іграў гармонік. Што самае незвычайнае, чароўнае - гарэла зорка. Яна паварочвася, і на ёй рухаліся розныя звяркі, сняжынкі. Дзяўчаткі прыпадалі да шыбін, углядаючыся ў казачных герояў. Тут былі і Каза, і Мядзведзь, і Баба Яга… Сапраўдная казка!

Маці выносіла калядоўшчыкам пачастунак - каўбасу, гарэлку, грошы. Яны дзякавалі, жадалі шчасця, багацця, здароўя. І з песнямі ішлі далей. Святло ў хатах ніхто не тушыў. Наадварот, лічылася, калі калядоўшчыкі абмінулі хату - дрэнная прыкмета. Зачараваныя, усе яшчэ доўга прыслухоўваліся да далёкага гармоніка, песень, смеху. Ад марозу патрэсквалі дрэвы, чуўся брэх сабак - пад гэтыя гукі, нарэшце, засыналі.

На працягу Каляд днямі вазілі дровы, сена. А вечары святыя. Таму нічога не рабілі. Збіраліся суседзі, сваякі, або рана лажыліся спаць. Адпачывалі.

Наступнае ў чарадзе Калядных свят - Вадохрышча. Святкуецца 19 студзеня. З ранку святочна апранутыя мужчыны высякалі ў рацэ палонку. Сюды збіраліся маладзіцы,  хлопцы, дзяўчаты, мужчыны. Запрашалі бацюшку (калі сваёй царквы ў вёсцы не было).  Ён чытаў малітву, апускаў сярэбраны крыж  у ваду, такім чынам асвячаў яе. І тады прысутныя набіралі ваду ў збанкі, гладышы ці шкляныя бутэлькі.

Заканчваліся Калядныя святы 21 студзеня. Сярэдзіна зімы. Наперадзе яшчэ былі і маразы, і мяцеліцы, завірухі і адлігі… Пачыналіся будні. Жанчыны снавалі кросны…

Чакалі вясну…

Багач (свята заканчэння ўборкі зерневых і пачатак азімай сяўбы)

Галоўнае ў абразе святкавання Багача - лубка-кошык, напоўнены жытам, з устаноўленай свечкай. Лубка прыладкоўвалася на самым пачэсным месцы - покуці і называлася Багач. Багач, згодна павер'я, забяспечваў ніву жытам. На свята лубку з зернем і запаленай свечкай па чарзе пераносілі ад гаспадара да гаспадара, тым самым жадаючы кожнаму багацця. Лічылася, што Багач прыносіць у хату дастатак і шчасце. Таму кожная сям'я была яму рада.

На Багача да ўсходу сонца гаспадар засяваў ніву жытам. Да азімай сяўбы селянін (паступова) прыступаў урачыста. У доме ўсё мылася, чысцілася, варылі і пяклі шмат смачнага.

Адпраўляючыся на засеўкі, селянін апранаў белую кашулю; вярнуўшыся з сяўбы, вечарам спраўлялі ўрачыстую вячэру.


Задачы: папаўняць уяўленні дзяцей пра традыцыі святкавання народнага свята Багач; 

фарміраваць выканальніцкія ўменні і імкненне да самавыражэння; 

выхоўваць цікавасць да культурнай спадчыны беларусаў. 

Матэрыялы і абсталяванне: праектар, ручнікі, дываны, посцілкі, рэчы народнага побыту, сноп жыта, лавы, багач, чыгунок з дранікамі.

 

Зала ўпрыгожана сялянскімі ручнікамі, дыванамі, посцілкамі, рэчамі народнага побыту. Пасярод яе - сноп жыта. Гучыць беларуская народная полька "Дажынкі". 

На экране - надпіс "Прыйшоў Багач, кідай рагач, бяры сявеньку і сей памаленьку". На покуці - Багач.


Ход мерапрыемства


У залу ўваходзяць дзеці. Яны ўладкоўваюцца на лавах. На сярэдзіну залы выходзіць дзяўчынка ў беларускім нацыянальным адзенні.


1 дзяўчынка (у беларускім нацыянальным адзенні): Шаноўныя госці! Сёння мы запрасілі вас на свята Багач. У мінулым людзі адзначалі яго тады, калі апошні сноп на полі быў дажаты.

Сноп урачыста прыносілі ў хату, абмалочвалі, зерне ссыпалі ў лубку. Затым устаўлялі свечку і запальвалі яе. Такім чынам рабіўся багач, які заносілі ў кожны двор.


Да снапа падбягае дзяўчынка.


2 дзяўчынка:

Гаварыла поле шырокае, жыта ядранае.

Жнейкі, жнейкі мае маладыя, сярпы залатыя,

Прыходзьце ка мне заўтра рана, 

Каб я недажатым не стаяла.

Не хачу я ў полі стаяці, 

Апошнімі каласамі махаці,

А толькі хачу ў полі - стагамі,

А ў гумне - капамі.


У залу ўваходзіць група дзяўчынак у беларускім нацыянальным адзенні. Яны спяваюць песню "А ў нас сёння дажыначкі":

А ў нас сёння дажыначкі, а ў нас,

А нас сёння дажыначкі.

Гаспадару пажытачкі, 

А ў нас сёння дажыначкі.

Гаспадару пажытачкі,

А нам жнейкам хмель-мядочку.

Гаспадару пажытачкі

Звілі жнейкі па вяночку.

Звілі вянкі не з руты-мяты,

А з буйнога жыта злата.


Жнейкі апрануты ў белыя кашулі і светлыя спадніцы. Галовы рпакрыты светлымі хусткамі. Яны нясуць на плячах 

сярпы, другія трымаюць у руках торбачкі з ежай, глечыкі з квасам. Яны імітуюць абрад "завіванне барады". Дзяўчаты абступаюць сноп з усіх бакоў, упрыгожваюць яго кветкамі, затым абвязваюць каляровай стужкай.

Група дзяўчынак размяшчаецца асобна. Яны садзяцца на падлогу і пачынаюцьплясці вянкі з каласоў і кветак. Адна дзяўчына падыходзіць да снапа і вымаўляе словы, якія павінны прагучаць на фоне спеву.

 

Дзяўчынка: Радзі, Божа, жыта!

Радзі і пшаніцу на другое лета!

Лепшае за гэта!


З апошнімі словамі песні жнейкі "дажынаюць" сноп, падхопліваюць яго і выходзяць з залы.

На сярэдзіну залы выбягае дзяўчынка, а ў гэты момант група рабят "збірае" каласы.

 

Дзяўчынка (усхвалявана): Ой, глядзіце, колькі я каласоў назбірала!

 

Дзеці (усе): Дзе? Дзе? (абступаюць дзяўчынку) І праўда, багата!

 

Хлопчык: Дзе шчырая праца, там густа, а дзе лянота, там пуста!

 

Дзяўчынка: Зямля, як талерка! Што пакладзеш, тое і возьмеш.


Гучыць музыка, а дзеці зноў пачынаюць збор каласоў. Потым яны садзяцца на падлогу маляўнічай групкай. 

Музыка сціхае.


Дзяўчынка: Ой, нешта сумна стала!

Адзін з хлопчыкаў (весела): А я ведаю загадкі!

Дзяўчынка: А вось і не ведаеш!

Хлопчык: Ведаю!

Дзеці: Ну, дык загадай!

Хлопчык: Добра, слухайце! Стаіць паніч дагары нагамі!

Дзеці (разам): Вілы, вілы!

Хлопчык: А я яшчэ адну ведаю. Маленькі, гарбаценькі, а ўсё поле абскача!

Дзеці (разам): Серп, серп!

Другі хлопчык: Я таксама ведаю загадкі!

Дзяўчынка: Нічога ты не ведаеш!

Другі хлопчык: Ведаю, вось слухайце. Адна матка дванадцаць сыноў мае, на ўсіх націскае.

Дзеці: Граблі!

Дзяўчынка: Ну, хопіць вам размаўляць... Гутарка гутаркай, ды і за працу час!


Усе падхопліваюцца і пачынаюць зноў збор каласоў пад тую ж музыку. Затым садзяцца на свае месцы.

На сярэдзіну залы выходзіць другая група. Яны па чарзе вымаўляюць наступныя словы, адлюстроўваючы свае пачуцці выразнымі рухамі рук:

Ой, якая багатая восень!

Усё ў яе ўдалося!

Жыта ў трубу павілося,

А авёс, як тын, парос!

А ячмень палёг на пляцень!

А пшаніца, як брусніца,

А грэчачка, як кветачка!


Гучыць уступ да карагода "Прывітанне, восень". Дзеці водзяць карагод, у цэнтры якога знаходзіцца дзяўчынка, апранутая ў касцюм Восені.


Дзеці (разам): Восень, Восень! Прывітанне!

Рады мы тваім дарам!

У цябе мы запытаем:

-Што прынесла, Восень, нам?

Восень: Я прынесла вам мукі!

Дзеці:  Значыць, будуць піражкі!

Восень: Я прынесла грэчкі!

Дзеці: Будуць перапечкі!

Восень: Буракоў, капусты, круп…

Дзеці: Будзе боршч і будзе суп.

Восень: Ці рады вы грушам?

Дзеці: На зіму насушым.

Восень: Ну, а яблыкі, што мёд!

Дзеці: На варэнне, на кампот!

Восень: Я прынесла мёду!

Дзеці: Поўную калоду!

Ты і яблык, ты і мёду, ты і хлеба нам дала.

Ну, а добрае надвор’е ты для нас не прыпасла?

Восень. Я пашлю вам дожджык з неба!

Дзеці: Не, не хочам, нам не трэба!

Дожджык,  дожджык, не перашкаджай, мы збіраем ураджай. 

Будзе ў нас багаты год. А цяпер - у карагод!

 

Выконваецца беларускі танец. Пасля танца ў цэнтры залы застаецца толькі Восень. Да яе падыходзяць некалькі хлопчыкаў. 


Хлопчыкі (па чарзе): Ой, Восень мая, Восень сцюдзёная!

Чаго ж ты раненька захаладалася?

Восень: А я не раненька, а я позненька!

Як мая пара прыйшла, лісточак апаў, зямельку ўслаў!


Усе разам адбягаюць на свае месцы. Гучыць музыка. У залу шпаркім крокам уваходзіць гаспадыня. У руках яна трымае чыгунок з дранікамі.

 

Гаспадыня (зычна): Гэй, Рыгор! (пад нос) Каб цябе качкі патапталі! І дзе ж гэта ён падзеўся?

Чуецца голас з другога канца залы.

Рыгор: Я тут, мая ясачка!

Гаспадыня:  Дзе цябе носіць! Ты падрыхтаваўся?

Рыгор: А што, мая ясачка?

Гаспадыня: Як што? Жнейкі ўжо вяртаюцца з работы… О, чуеш, спяваюць?


У гэты час чуваць спеў за дзвярыма. Гаспадары мітусяцца, рыхтуюць пачастункі. У залу ўваходзяць жнейкі. Яны спяваюць жніўную песню:

А чыё ж тое поле

Зазвінела стоя, зазвінела, зазвінела.

А то ж наша поле

Зазвінела стоя, зазвінела, зазвінела.

Жнейкі маладыя, сярпы залатыя

Затым яно зазвінела.

Пад сонейкам жалі, песні распявалі

Затым яно зазвінела.


Спявачкі, прыбраныя ў святочнае адзенне, нясуць перад сабой "завітую бараду".

 

Жнейкі (па чарзе): Адчыняй, пан, вароты!

Ідуць жнейкі з работы!

Адчыняй і другія - ідуць маладыя, сярпы залатыя!

Усе разам: Добры дзень, наша гаспадыня!

Гаспадыня: Добры дзень, жнейкі маладыя!

Жнейкі: Добры дзень гаспадару маладому!

Рыгор: Добры дзень жыту яравому, зерню залатому! 

Жнейкі з паклонам перадаюць сноп гаспадару.

Рыгор: Добрае жыта, багатае…


Гучыць вясёлая музыка і жнейкі спяваюць песню "Добры дзень жыту":

Добры дзень жыту яравому

Хазяіну палявому.

Добры дзень жнейкі маладыя

Сярпочкі залатыя.


З вясёлымі воклічамі  ўсе пачынаюць церушыць сноп над ручніком, затым зерне засыпаюць у лубок, устаўляюць свечку, падпальваюць яе. Рыгор бярэ лубок і ўрачыста ставіць, як на покуці.

 

Гаспадыня:  Добры ў нас атрымаўся багач! А зараз не грэх і пачаставацца.

 

Гучаць вясёлыя мелодыі Жнейкі, госці і ўдзельнікі свята садзяцца за сталы.


Гаспадыня (разносіць частаванне): Хлеб ды соль! Смачна есці!

Жнейкі (па чарзе): Вялікае дзякуй! Мы даўно сябруем з вамі і прыйшлі за пірагамі.

Гаспадыня: У мінулым годзе, калі жыта ўрадзіла, дык уся радня хадзіла!

А як жыта звялося, дык нікога не засталося.

Рыгор: Ешце, госцейкі, бо без  сала куса няма жыцця ў беларуса.

Жнейкі: Дзякуй, на смачны кусок знойдзем куток.

Гаспадыня: Чым хата багата, тым і рада. 

А самая багацейшая тая, у якой гучаць песні.


Гучыць песня "Пойдзем, дзеўкі":

Пойдзем, дзеўкі,

Пойдзем, дзеўкі, каля жыта, каля жыта.

Ці не знойдзеш каго ў жыце,

Ці не знойдзеш.

Ці коніка варанога,

Ці малайца маладога, маладога.


Рыгор: Але, дзеўкі, трэба ўжо несці Багача да іншых двароў.

Жнейкі: Павесяліліся і досыць!

Гаспадыня: Не, даражэнькія, так справа не пойдзе... Трэба Багача правесці весела, як і сустрэлі. А ну, заспяваем,

даражэнькія! Грай, музыка!


Гучыць вясёлая музыка. Гаспадар бярэ Багача і нясе яго з залы, за ім выходзяць усе ўдзельнікі свята і спяваюць: 

"Ой,  пара дамоў":

Ой, пара дамоў, пара,

Бо расіца напала.

Першая мядовая,

Друга мядовая.

Мы лядок таптаць будзем,

А мядок збіраць будзем.

Выраб календара народных лялек на занятку "Умелыя рукі"

Выраб календара народных лялек на занятку "Умелыя рукі"

Выкарыстаныя крыніцы інфармацыі

На дадзенай старонцы былі выкарыстаны матэрыялы з выдання "Пран-канспект урокаў. 5 клас".