Вербніца

Апошняя перад Вялікаднём нядзеля - Вербніца

Вербніца (Вербная, Пальмавая нядзеля), апошняя перад Вялікаднем нядзеля, з якою было звязана асвячэнне ў храмах галінак вярбы, што служыла аберагальным і прадукавальным сродкам. Пасля асвячэння прынята было сцябаць вербачкамі адзін аднаго з прыгаворкамі і пажаданнямі: "Не я б'ю - вярба б'е. За тыдзень - Вялікдзень", "Хвароба ў лес, здароўе ў косці". Верылі, што б'ючы галінкамі, можна перадаць чалавеку здароўе, жыццёвую моц, хараство вярбы, якая першай абуджаецца ад зімовага сну.

Выкарыстоўвалі вербу і ў народнай медыцыне: ад зубнога болю і ад ліхаманкі; давалі дзецям ад глістоў. Падпальвалі галінку і дымам абкурвалі хворага, попелам вярбы пасыпалі месца вакол калыскі нованароджанага дзіцяці. З дапамогай вербы дзяўчаты праводзілі варажбу. Вярбу бралі з сабой перад ворывам, калі збіраліся на проведкі нівы; на Юр'е, калі ішлі ў поле "расу таптаць". Вярбу вешалі ў хляве, ёю сцябалі скаціну, каб была здаровая, плодная, не паддавалася сурокам.

Асвячэнне вярбы на Вербніцу ўспрымалася ў народзе як выгнанне з яе нячыстага духа. Паводле народных вераванняў, чэрці ўцякаюць з вады пасля Вадохрышча і пасяляюцца на вярбе, ажно пакуль тую не асвецяць на Вербніцу, пасля чаго чэрці ўцякаюць у траву да яе асвячэння на Купалле.

Лялька Вербніца (Вялікдзень) сімвалізуе жанчыну, якая ідзе асвячаць кулічы і пісанкі. Уся лялька павінна быць выканана без выкарыстання іголкі. Выключэнне можа быць толькі ў вопратцы, прычым, апранутая Вербніца павінна быць у прыгожае адзенне з перавагай чырвонага колеру.

Рабіць такую ляльку сваімі рукамі трэба за тыдзень да Вялікадня (напярэдадні Вербнай нядзелі). Вербніцу выстаўляюць на акно, каб людзі бачылі, што ў гэтым доме праз тыдзень будуць святкаваць Вялікдзень. На само свята ляльку ставяць на стол побач з велікоднымі прысмакамі – кулічом і фарбаванымі яйкамі.

Традыцыйна народную велікодную ляльку Вербніца трэба рабіць у чырвоным колеры, які сімвалізуе адраджэнне і радасць. Прычым, твар лялькі таксама павінен быць чырвонага колеру.