Летнія святы і абрадавыя лялькі

Апагей лета адзначаецца ўсімі народамі Еўропы, маючы розныя назвы. На тэрыторыі Беларусі спакон веку святкуецца некалькі народных свят, што маюць вялікае значэнне для традыцыйнай народнай культуры.

Чэрвень

Назва тлумачыцца з'яўленнем чарвякоў, а таксама чырвоным колерам, які набываюць некаторыя ягады менавіта ў гэтую пару. 

Народныя  прыказкі і прымаўкі, прыкметы:

Лета на зіму працуе. 

Летні дзень за зімовы тыдзень. 

Не поле родзіць, а лета. 

Што летам нагой коп, то зімой зубамі хоп. 

Лета прыгатуе, а зіма з’есць. 

Лецічка не ўлежна, дак уежна. 

Хто ўлетку спіць, той узімку не есць. 

Лета праляжыш, то ўзімку ў пазыкі пабяжыш. 

Людзі рады лету, а пчолы — квету. 

Благое лета, калі сонца нету. 

Не прасі лета доўгага, а малі цёплага. 

Летам і качка — прачка. 

Чэрвень — пачатак лета. 

У чэрвені ўбача спадар, што Бог дасць у дар. 

Чэрвень — пралецця скон, а лета — у гон. 

Чэрвень не гуляе — ураджай люляе. 

Чэрвень сухі — плюнь на баравікі. 

2 чэрвеня. Гэта дзень «трох мучанікаў — зледзянелых старцаў» (Фалалея, Аляксандра, Астэрыя). Да яго, казалі, няма лета, але пасля яго ўжо не бывае зімы.

3 чэрвеня. Кастусь, Алена, Міхал, Хведар. «Каля святой Алены гароды ўжо добра зялены». Лічылася, што пасеяны на Алену лён будзе асабліва ўдалы. Перакананне было падмацавана сугуччам «лён — Алена», што ў народным уяўленні рабіла святую нібыта апякункаю гэтай палявой культуры, і засталося замацаваным у прыказцы: «Сей лён на Алену — будзе кашуля па калена».

5 чэрвеня. Дзень памяці Ефрасінні Полацкай (Прадславы) — князёўны, манашкі-асветніцы XII стагоддзя. З блізкіх і далёкіх ваколіц людзі пешшу хадзілі ў Полацк пакланіцца «сваёй Ефрасінні» і «абракацца», каб дапамагала ў зямных нягодах.

6 чэрвеня. Сымон, Мікіта, Мялецій, Сцяпан, Іван,  Калінік, Хведар. Калі ў гэты дзень, што папярэднічае дню Іаана Хрысціцеля, стаяла цёплае надвор’е, то для пчаляроў існавала прыкмета: «Калі выйдзець рой перад Янам, будзець зямец панам». Незапознены вылет пчол абяцаў багаты медазбор.».

14 чэрвеня. Пакутнікі Юстын і Харытон. У гэты час селянін звычайна аглядае свае пасевы, што і адбілася ў прыказцы: «Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон — лён». А яшчэ  гаварылі: «На Усціна лета ўдаецца — жыта добрым коласам нальецца»

21 чэрвеня. Дзень астранамічнага сонцастаяння.

Старадаўняя назва гэтага свята — Дзень Кірыла-сонцаварота ці Свята летняга сонцавароту. Не толькі навукоўцы, астраномы і географы лічаць, што гэты дзень — важная астранамічная і геаграфічная падзея. Летняе сонцастаянне заўсёды лічылася ледзь ці не “прафесійным святам” астролагаў, чараўнікоў і алхімікаў.

21 чэрвеня наша планета ў адносінах да Сонца займае  такое становішча, калі сонечныя прамяні ў Паўночным паўшар’і  трапляюць  на паўночны тропік і асвятляюць дно самых глыбокіх студняў. У Паўночным паўшар’і Зямлі гэты дзень лічыцца пачаткам лета, у паўднёвым — пачаткам зімы.  Дзень летняга сонцастаяння ў нашым паўшар’і — гэта таксама яшчэ і самы доўгі дзень у годзе. У сярэдніх шыротах даўжыня дня перавышае 16 гадзін, а за паўночным палярным кругам сонца не заходзіць зусім. З 21 чэрвеня дзень паступова кароціцца, а ноч прыбывае, таксама з гэтага моманту пачынаюць паспяваць суніцы.

25 чэрвеня. Анупрэй, Пётр, Ганна, Арсень, Іона, Аўксенцій, Сцяпан, Андрэй, Феафіл. З імем Анупрэя ў сялянскім календары звязвалі паспяванне на ўзвышшах суніц. Па гаспадарках прынята было сеяць да абеду якое-небудзь белае зерне, а па абедзе — чорнае, грэчку. Выкананне гэтага правіла гарантавала ўдачу, што пацвярджала прыказка: «Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ».

Ліпень

Назва паходзіць ад слова "ліпа" - дрэва цвіце менавіта ў гэтую пару.

Народныя  прыказкі і прымаўкі, прыкметы:

Ліпень пякучы, але даручы. 

Ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае. 

Хто ў ліпені на полі пацее, таго ўзімку печка грэе. 

У ліпені з касою мужык, а баба з сярпом, але ў хаце ладком. 

Ліпень што спаліць агнямі, тое салье дажджамі. 

6 ліпеня. Купала (Купалле) – старажытнае абрадавае свята сонца і агню, урадлівасці і росквіту зямлі. Прымяркоўвалася да летняга сонцастаяння. «Дзень адбаўляецца, ноч прыбаўляецца», – кажуць у народзе, і нездарма захаваўся звычай наглядаць за свяцілам як «сонца грэе». «Сёння Купала, заўтра Іван…», – гаворыцца ў песнях. Гэтыя і іншыя факты даюць падставу сцвярджаць, што Купала – язычніцкае свята.

7 ліпеня. Іван Купала (Іван Купальны, Іван, Пятроўскі Іван, Іван Летні, Іван Вялікі, Іван Посны, Іван Злосны, Іван Ведзьмін, Ян). Працяг купальскага свята. «Учора была Купала, а сёння Іван…», – спяваецца ў народнай песні. 

12 ліпеня. Пятро (Пятроў дзень). Старадаўняе земляробчае свята, якое завяршае Купалле. Селянін заўважаў: «Святы Пятро – у жыце ядро», «Пятрок у касу звоніць».

Лічылася, што пасля Пятра лета ідзе на спад. «Прыйшоў Пятрок – апаў лісток», «Пётр і Павел на гадзіну дзень убавіў, Ілля-прарок два ўвалок».

14 ліпеня. Кузьма і Дзям`ян. Свята кавалёў

21 ліпеня. Градавы дзень. Засцерагаў ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы.

Жнівень

Назва месяца жнівень («серпень») адлюстроўвае прыродныя асаблівасці пары. Назва "серпень" (ад слова "серп") захавалася ў украінцаў, чэхаў, палякаў.

Народныя  прыказкі і прымаўкі, прыкметы:

Кожная хата ў жніўні багата. 

Прыдатны красавік цяплом, а жнівень дабром. 

Жнівень сее, жне і косіць — на сталах багацця досыць. 

У жніўні сярпы грэюць, ды вада халодзіць. 

У жніўні панамі сярпы — маруды тады не цярпі. 

Што поле ўродзіць, жнівень знаходзіць. 

Хто ў жніўні гуляе, той узімку галадае. 

У жніўні і верабей піва варыць. 

2 жніўня. Прарок Ілля. Адзін з шануемых у сялян вобразаў успрымаецца па той жа сэнсава-фанетычнай асацыяцыі (Iлля — ліць— дождж) нібы родны брат Макрыны. Грымоты з маланкамі на Іллю тлумачылі тым, што гэта сам прарок у вогненнай калясніцы раз’язджае па небе. А каб не ўзнік пажар ад навальніцы, стараліся не працаваць. Калі ж выпадала сонечнае надвор’е, баяліся гневу Іллі, які можа пакараць грэшную зямлю і людзей засухай. Нормай лічылася, што прарок Ілля прынясе дождж: «Ілля наробіць гнілля».  Дзень Іллі ўспрымалі як рубеж між летам і восенню: «Ілля жніво пачынае, а лета канчае»; «На Іллю да абеду лета, а па абедзе восень». I яшчэ адна прыкмета: «Прыйшоў Ілля і ўкінуў у ваду алядня» —  з гэтага дня забаранялася купацца.

9 жніўня. Угоднік Панцеляймон лічыцца лекарам, асабліва ад хвароб галавы. Дзень адзначае таксама Мікалая, Анфісу, Клімента, Германа, Навума, Саву.

14 жніўня. Макавей (Макава, Макаўе, Першы Спас, Спас Мядовік, Медзяны Спас). Свята маку і мёду.  Асвячалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву, сланечнік. Елі пірагі з макам і моркваю.  Прыказкі сцвярджаюць: “Першы Спас – провады лета”, “Ад Першага Спаса халодныя росы”. 

15 жніўня. Прачыстая (Першая Прачыстая, Першы святок, Зельная). У каталіцкім календары – Унебаўзяцце (Успенне) Божай Маці (уведзена ў VІІ стагоддзі). Існуе шмат прыказак і прыкмет на гэты дзень: “Прыйшла Прачыста – стала поле чыста”, “Зельная Божая Маці ўсяго можа нам даці”, “Да святка араць – лішнюю капу нажаць”, “Прачыстая прынясе хлеба чыстага”, “Першы Святок і першы світок”. Свенцяць зёлкі, кветкі, садавіну, збожжа, што лічацца гаючымі і аберагаючымі.

19 жніўня. Другі Спас, Яблычны Спас. Свята садавіны, якую асвячаюць, пасля чаго дазвалялася есці яблыкі, бо яны лічыліся грэшнымі пладамі. Згодна Бібліі, змей-спакушальнік праз яблык зрабіў грэшнай Еву. Таму першыя плады неабходна было асвяціць у дзень Пераўтварэння Госпада Бога і Спаса нашага Ісуса Хрыста. Асвячалі таксама мёд, каласкі новага ўраджаю. Усё можна было ўжываць у ежу, аб чым і сцвярджала прыказка: “Спас – усяму час”. Пачыналі сеяць азіміну. Наогул лічыцца, што ўжо скончылася лета: “Першы і Другі Спас – бяры рукавіцы ў запас”.

28 жніўня. Прачыстая (Успенне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Гаспажа, Зялёная, Зельная). Царкоўную назву «Успение» (вечны сон, смерць) тлумачылі ў народзе тым, што да гэтага дня спеюць розныя плады. Прачыстая была сапраўдным святам ураджаю, яна падводзіла вынік працы селяніна: «Свята Прачыста — поле ўрачыста». З асаблівай  пашанай казалі пра новы хлеб: «Прачыстая прынясе хлеба чыстага». Як Спас славіўся асвячэннем яблык, так Прачыстая — асвячэннем хлеба.

29 жніўня. Трэці Спас (Хлебны Спас, Арэхавы Спас). Шмат дзе спраўлялі дажынкі – свята канца жніва. Канец жніва і змена надвор’я адлюстраваны ў прыказках: “Трэці Спас хлеба прыпас”, “Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе”.