Восеньскія святы і абрадавыя лялькі

На Русі было не так шмат восеньскіх свят і абрадаў, а звязана гэта з тым, што ў славян гэты час асацыяваўся з завяданнем прыроды і заміраннем жыцця.

Верасень

Назва месяца паходзіць ад слова "верас" – расліны, якая цвіце ў канцы лета і пачатку восені.

Народныя  прыказкі і прымаўкі, прыкметы:

Як настане верасень — гаспадарам поўна гумно і кішэнь. 

Халодны верасень, але сыты. 

У верасні адна ягада, дый то горкая рабіна. 

У верасні палі агонь і ў хаце, і на полі. 

Верасень — з досвіткам дзень. 

Як настаў верасень, дык туман кожны дзень. 

У верасні і ліст на дрэве не трымаецца. 

5 верасня – пакутнік Лупа. Як і наогул першая дэкада верасня, прызнаваўся ўдалым для азімай сяўбы – тады, маўляў, “на Лупа будзе жыта купа”.

7 верасня – святы Варфаламей (у народзе Баўтрамей). Імя яго рыфмавалася з адпаведнымі гэтай працы аграрнымі работамі: “Прыйшоў Баўтрамей – жыта на зіму сей”. У гэты ж дзень прадугледжваўся адлёт у вырай буслоў, іх зварот праз дзевяць месяцаў падмацоўваў тлумачэнне, што дзяцей прыносяць менавіта гэтыя птушкі: Святы Баўтрамей высылае буслоў на дзяцей”.  

21 верасня — праваслаўныя вернікі святкуюць нараджэнне Прасвятой Багродзіцы. Ёсць і іншая назва — Багач. Гэтае свята звязана з заканчэннем земляробчых работ і збору ўраджаю. Багачом таксама называлi кошык з жытам i свечкаю (жыта намалочвалi з першага зажыначнага снапа i зносiлi па жменьцы з кожнага двара). З багачом абыходзiлi ўсе двары ў вёсцы, а на заканчэнне заганялi на выгане статак i абносiлi вакол яго багач. Пасля свята яго ставiлi ў хаце пэўнага гаспадара i пакiдалi да наступнага жнiва (за гэта ён частаваў удзельнiкаў урачыстага абходу). Верылі, што багач забяспечвае дому дабрабыт.

27 верасня — Узвіжанне (Здзвіжанне). Так у народзе называлася царкоўнае свята, звязанае з ушанаваннем крыжа, які ўздымаўся над натоўпам вернікаў. Народнае тлумачэнне назвы немудрагелістае: “Да Здзвіжання ўсё павінна быць здзвінута” — усе азімыя і яравыя павінны быць звезены з поля. Гэта апошняе свята, якое канчаткова “развітваецца” з летам. Калі на працягу верасня ліст на дрэвах трымаецца моцна — зіма не хутка прыйдзе.

Каст рычнік

Беларуская назва месяца паходзіць ад слова "кастрыца" (кастра): у гэты час сяляне часалі, трапалі лён і каноплі, з якіх ападала шмат кастры.

Народныя прыказкі і прымаўкі, прыкметы:

У кастрычніку — насмаркаць Багачу, я свой сноп малачу. 

У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі. 

Кастрычнік ходзіць па краю й гоніць птушак з гаю. 

Кастрычнік ні калёс, ні палоз не любіць. 

Кастрычнік зямлю балоціць, а лес дык залоціць. 

У кастрычніку снег — толькі на грэх. 

У кастрычніку гром — зіма без снегу. 

З сёмага па чатырнаццатага кастрычніка — тыдзень перад святам Пакрова, «бабіна лета» . Звычайна на Беларусі ў гэтыя дні ўсталёўваецца прыгожае надвор’е, і пагоднасць дзён увасабляе такім чынам шчасце «бабуль».

9 кастрычніка. Іван Багаслоў (Багуслаў). Гэты дзень – мяжа ўсім шанаванням дбайнага земляроба, бо зямля атрымлівае за свае дары нябеснае благаславенне на спакой да самае вясны. Няўпраўнасць гаспадара дакаралася ў народзе: «Хто не дасее да Івана Багаслова, той не варты добрага слова». Галоўнай жа прыкметай дня быў пачатак восеньскіх вяселляў – свацці і жаніхі дамаўляліся пра дзяўчат на выданні, што гучыць у прыказцы: «Іван Багуслаў дружкі разаслаў».

14 кастрычніка. Пакроў (Пакравы, Пакрова). Само слова праваслаўная царква тлумачыла літаральна: пакроў (пакрывала) Божай Маці. У народнай жа трактоўцы гэта паняцце атрымлівала куды больш шырокі сэнс, ахопліваючы самыя розныя прыкметы прыроды: «Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам», «…рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом»; «Святэй Пакроў стагі пакрыў: першы стажок дранічкамі, другі стажок саломкаю, трэці стажок белым снегам». Гаварылі, што зіма закрывае лета, а Бог пячатае зямлю пасля Пакрова, і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў. На Віцебшчыне існаваў звычай пячы на свята пірог і абыходзіць з ім усе гаспадарчыя будыніны, прыкладаючы да кожнае страхі, каб буры, што пачынаюцца ад Пакрова, не разбуралі стрэхі. Прыгадаем, што абыходзілі з хлебам палеткі вясною і менавіта на Юр’я, калі зямля «адмыкаецца» ад сіл, якія скавалі яе. Юр’е і Пакроў яднаюцца між сабою тым, што з першым звязаны выган жывёлы пасля зімы, а з другім — пачатак зімавання скаціны ў хляве («Пакрова — зарыкала ў хляве карова»). На Пакроў трэба было закласці ў яслі корму, нават калі жывёла была сытая: «На Пакровы дай сена карове». Дзякуючы фанетычнай сугучнасці свята Пакрова сабрала шмат прыкмет і парадаў, звязаных з каровамі: «Прыйшла Пакроўка — не дала малака кароўка» (г. зн. запускаецца) або — у дачыненні да нерухавага гаспадара: «Хто сее на Пакрове — не будзе мець чаго даць карове». Пакроў лічыўся надзейным паказчыкам прагнозаў надвор’я на даволі аддаленыя дні і нават на цэлыя поры года.

14—21 кастрычніка. Тыдзень пасля Пакрова. У некаторых мясцінах Беларусі называўся «дзявоцкае лета» ў адрозненне ад «бабінага». Усе дні размяркоўвалі між дзеўкамі і дзяўчынкамі, якіх ужо прынялі «ў дзеўкі», і варажылі пра добры характар будучых маладух. Калі дні стаялі пагодныя, сонечныя, значыць, і характар у дзяўчат павінен быць людскі, ласкавы. Далікатныя абмеркаванні і размовы змушалі дзяўчат, якім не зашкодзіць, удумліва глянуць на сябе і на свой нораў.

Ліст апад

Назва месяца тлумачыцца проста: канец ападання лісця з дрэў

Народныя  прыказкі і прымаўкі, прыкметы:

Лістапад — вераснёўскі ўнук, кастрычнікаў сын, зіме бацюхна родны. 

Калі ў лістападзе грыміць — ратай вясну сніць. 

У лістападзе гола ў садзе. 

Прыйшоў лістапад — кармі скацінку, брат. 

У лістападзе кладзі капусту ў кадзі. 

Лістапад зіме сцежку пракладае. 

Лістапад снегу навее — хлеба прыбудзе, а вада разальецца — сена набярэцца. Лістапад-паўзімнік: мужык з калёсамі развітваецца, у сані перабіраецца. 

Лістапад на рабой кабыле ездзіць: то снег, то слата. 

1 лістапада. Іван, Клеапатра. А ў каталіцкім календары — дзень Усіх Святых, калі адбываецца агульнае памінанне нябожчыкау. Народная творчасць, абыгрываючы назву гэтай урачыстасці, паведамляе пра змены надвор’я: «Па Усіх Святых — холад для ўсіх».

2 лістапада. Задушны дзень. Працяг памінальных дзён у католікаў.

3 лістапада. У правслаўных — Памінальная, Радзіцельская субота.

4 лістапада. Казанская. «Хто на Казанскую жаніхаецца, той не пакаецца». У праваслаўным царкоўным календары – святкаванне Казанскага абраза Божай Маці. Захаваліся цікавыя народныя назіранні: “Да Казанскай – не зіма, а пасля – не восень; зранку – дождж, звечара – снег”; “На Казанскую дождж пойдзе – зіму прывядзе”; «Што Казанская пакажа, тое й зіма скажа».

10 лістапада. Параскева, Параскімка, Параскі Асеннія. Дзень забароны прадзення і ткання; заступніца жанчын і сям`і, апякунка жаночага рукадзелля. Царква да гэтага дня прыстасавала святкаванне святой Параскевы Пятніцы – велікапакутніцы, якая жыла ў ІІ стагоддзі ў Іконіі.

12 лiстапада. Дзень Зiновiя. Сiнiчкiн дзень. Першае масавае з’яўленне сiнiц каля дамоў — прыкмета надыходзячых вялiкiх халадоў.

14 лістапада. Кузьма-Дзям`ян (Кузьмінкі). Гэты дзень лічыўся прысвяткам кавалёў. А яшчэ дзень Кузьмы-Дзям’яна асабліва шанаваўся дзяўчатамі, бо гэтыя святыя спрыялі вяселлям.

27 лістапада. Святога Юстыніяна беларусы лічылі збавіцелем ад бясплоднасці. На абразах ён намаляваны з дзіцем на руках у малітве перад іконаю Божай Маці. Бяздзетныя ці тыя, у каго паміралі дзеці, абавязкова мелі абраз святога Юстыніяна ў сваім доме.

28 лістапада. Піліпаўка (Калядны, Піліпаўскі пост). Пачынаецца апошні ў годзе пост — Калядны, або Піліпаўскі (Піліпаўка), які працягваецца да самых Каляд (да 7 студзеня).