Дашкольная група

Выхаванцы дзіцячага сада на занятках “Развіццё маўлення і культуры маўленчых зносін” і “Мастацтва” (заняткі музыкай і мастацкай дзейнасцю) могуць азнаёміцца з народнай цацкай, календаром народных свят, звычаямі і абрадамі нашых продкаў. Акрамя таго, у дашкольнай групе арганізоўваюцца тэматычныя тыдні “Рукатворны свет адзення”, “Беларуская народная цацка”, “Беларускія гульні”, на якіх выхаванцы таксама акунуцца ў свет мінулага. Пры гэтым з мэтай пераемнасці такія гульні, гутаркі, заняткі могуць быць падрыхтаваны і праведзены школьнікамі.

Напрыклад, падчас тэматычнага тыдня “Беларуская народная цацка”, што праходзіў у кастрычніку гэтага навучальнага года, мы наведалі рознаўзроставую групу дзіцячага сада, дзе расказалі пра Пелянашку, правялі з дзецьмі гульні і пакінулі пасля сябе маленькія падарункі – тыя самыя лялькі. У рамках тыдня “Рукатворны свет адзення” мы пазнаёмілі нашых маленькіх сяброў з Рабінкай.

Дзіця і грамадства (5-7 гадоў)

Рукатворны свет

Заняткі "На кірмашы цацак"

Праграмныя задачы:

узбагачаць уяўленні дзяцей пра беларускія народныя рамёствы па вырабе цацак з саломы, ільну, гліны, актывізаваць у маўленні іх назвы; знаёміць з асаблівасцямібеларускай народнай цацкі, яе матэрыялам, дызайнам;

удасканальваць уменні па вырабе беларускай лялькі;

развіваць уменні ўстанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі паміж функцыяй цацкі і матэрыялам, з якога яна зроблена;

развіваць цікавасць да гістарычнага мінулага Беларусі, эстэтычны густ, выхоўваць павагу да культурных традыцый народа, беражлівыя адносіны да цацак.

Абсталяванне: лялька Васілінка; канверт з дадаткам, стэнды з вырабамі народных промыслаў; узоры цацак з саломы, ільну, гліны, дрэва, іх фатаграфіі; гліна, салома; лён (нітка, кудзеля, палатно); схема вырабу лялькі з лёну; ВНД (с. 12; лісты 12, 13, 23).

Папярэдняя работа: экскурсіі ў этнаграфічны куток.


Пачатак заняткаў

-Паштальён прынёс канверт. Што там? Паглядзім! Гэта лялька Васілінка даслала запрашэнне на кірмаш цацак. Дзеці, што гэта такое 0 кірмаш цацак? Хто з вас бываў раней на кірмашы? Як вы думаеце, што цікавае вас там чакае?


Ход заняткаў

-Павітаемся з удзельнікамі кірмашу беларускімі прывітаннямі. Сёння на гэтым кірмашы Дзень цацкі. Мы ўбачым шмат вырабаў з розных матэрыялаў.

-Разгледзьце вырабы на першым стэндзе. Вы можаце пазнаць, з чаго яны зроблены? (Гліна) Як вы пра гэта здагадаліся?

Ліст 23

-Як называецца майстар, які працуе з глінай? (Ганчар) Знайдзіце карцінку, на якой намаляваны ганчар. Якія ў яго інструменты? (Ганчарны круг, стэкі, разак)

-Назавіце прадметы, якія прывёз на кірмаш майстар-ганчар. Разгледзьце іх, дакраніцеся. Як з імі гуляюць? (Паказвае цацкі)

-Вы пазналі ў фігурках свісцёлак жывёл, якіх стварыў майстар? (Зубры, пеўнікі, мядзведзі, баранчыкі, коні, птушачкі). Чаму майстры выраблялі менавіта гэтых жывёл? (Яны знаёмыя дзецям Беларусі). Некаторыя цацкі сімвалізавалі неабходную чалавеку якасць. Напрыклад, што мог абазначаць конь? За што чалавек любіць каня? (Яны прыгожыя, моцныя, цягавітыя, хутка скачуць і г.д.)

-Разгледзьце цацкі: мядзведзя, ката, каня, казу, баранчыка. Для чаго ў іх зроблены адтуліны? (Гэта свістулькі). Пра якую цацку гаворыцца ў вершы Галіны Лабанавай:

Глінянага пеўніка мне падарылі.

Гліняныя ў пеўніка ножкі і крылы,

Хвост пер’ем гарыць, і грабеньчык іскрыцца.

І свецяцца вочы, нібыта суніцы. 

Ён самы прыгожы з глінянай сямейкі,

 Ну пеўнік як пеўнік, ды дзіўны ён нейкі. 

Пяюць галасістыя пеўні ў дварышчы, 

А мой не спявае, а мой толькі свішча.  

-Гэта верш пра пеўніка-свісцёлку.  Даўней ранняй вясной маленькім дзецям давалі птушак-свісцёлкі, каб яны вучыліся дзьмуць, трэніравалі дыханне, і прасілі: "Пакліч птушак вярнуцца з выраю да сваіх гнёздаў!" Дзецям такая гульня здавалася карыснай і вельмі падабалася. Хочаце паіграць на такіх свісцёлках? (Дзеці насвістваюць).

-Працягнем знаёмства з кірмашом. А зараз мы ідзём далей. Хто на шляху сустракае нас, хто чакае на гэты раз? (На шляху стаіць сноп). Што гэта на нашым шляху? Чаму ён тут апынуўся? Каму і для чаго ён можа спатрэбіцца? Трэба яго вярнуць майстру. Каму ён неабходны для працы? (Сноп саломы. З саломай працуе майстар).

-Якія ж выдатныя, прыгожыя вырабы ствараюць майстры па саломапляценні! Што вы бачыце на гэтым століку? З якога матэрыялу зроблены гэтыя прадметы? (Саламяныя цацкі: коні, птушкі, лялькі, розныя ўпрыгажэнні). Няўжо з простай саломкі можна вырабіць такую прыгажосць?!

-Вось гэта вельмі прыгожая лялька. Паглядзіце, у што яна апранута? (Вяночак, блузка, спаднічка, каралі, фартушок...)

-Мне хацелася б навучыцца рабіць такую цацку. Майстар даслаў вам карцінкі з выявай таго, як робяць цацкі з саломы.


Гульня "Што спачатку? Што потым?" (С. 12. Лісты 12, 13)

-Разгледзьце карцінкі і раскладзіце іх па парадку. (Увесну ў зямлю сеюць збожжа - пшаніцу або жыта. Калі ўраджай паспее, каласкі зразаюць, абмалочваюць, мелюць на млыне на муку і з мукі пякуць хлеб. Затым са сцёблаў атрымліваюць салому: іх вымочваюць, сушаць, распрамляюць. Мастак малюе для майстра цацку, а майстар пляце, звязвае салому ў задуманую ляльку. Потым іншыя майстры-мастакі ўпрыгожваюць ляльку: малююць твар, шыюць адзенне, прыбіраюць ляльку. І вось гатовыя вырабы мы бачым на кірмашы).

-Чым яшчэ майстры ўпрыгожваюць лялек? (Робяць вянок на галаву). Хочаце пагуляць у беларускую народную гульню "Вяночак"?


Фізкультхвілінка: рухомая народная гульня "Вяночак"

Дзеці ходзяць па крузе ў карагодзе пад музыку, вядучы - у цэнтры з вяночкам. Калі музыка мпыняецца, вядучы надзявае вяночак аднаму дзіцяці з карагода. Дзіця з вяночкам разам з вядучым выконвае розныя рухі. Гульня працягваецца.

-Давайце разгледзім цацкі на кірмашы ў наступнага майстра. Што вы тут бачыце? (Дзеці падыходзяць да латка з драўлянымі цацкамі). З чаго зроблены гэтыя цацкі? (З дрэва). Адгадайце загадку, знайдзіце такую цацку:

З грывай, а не конь,

З рагамі, а не бык,

З барадой, а не казёл.

Гучна-гучна зароў

Цар пушчанскіх звяроў. (Зубр)


Вельмі дужы, працавіты, 

Ён прыгожы, самавіты. 

Возіць сена, возіць дровы, 

Плуг цягаць штодня гатовы. (Конь)


Ён прысмакаў з'еў нямала,

А калі харчоў не стала,

Лапу смокчучы, заснуў,

Ледзьве не праспаў вясну. (Мядзведзь)


Хто на печы на баку 

Мые вусы зранку? 

Хто ў бабулiным збанку 

Вылiзаў смятанку? (Кот)


У лесе выразана, гладка выцясана,

заліваецца, як называецца? (Дудачка)


-Дзеці, ведаеце, хто іграў на такіх дудачках? (Пастушкі-дзеці рабілі сабе з дрэва такія цацкі, каб статак жывёл чуў і не разбрыдаўся). Звычайна хлопчык іграў на дудачцы, іншыя слухалі, маглі прытанцоўваць, падпяваць, так ім было весялей прыглядаць за статкам. Потым гэтыя дудачкі дарылі сваім малодшым братам.

-І ў на на кірмашы будзе музычная хвілінка. Заіграем разам польку "Паўлінку"! (Дзеці танцуюць і імітуюць ігру на дудачках).

-Звярніце ўвагу на наступныя экспанаты кірмашу: яркія прыгожыя цацкі -што гэта? (Матрошкі; дымкаўскія паненкі, коні, птушачкі; коні і птушачкі з роспісам гжэль). Якія розныя матрошкі! Ды прыгожыя ўсе! Але сярод іх ёсць беларускія матрошкі, ёсць рускія... Хто з вас здолее выбраць беларускую матрошку? Чым беларускія матрошкі адрозніваюцца ад астатніх? (Упрыгажэннем, роспісам). Як з імі гуляць? (Матрошкі збіраюць: спачатку самую маленькую хаваюць у большую. І так хаваюць усе матрошкі ў адну). Як вы думаеце, для каго рабілі такія цацкі? (Для маленькіх дзяцей).

-Звярніце ўвагу на розныя матэрыялы на наступным стале. Чаму яны з'явіліся на кірмашы цацак? Можа, майстры ўмеюць рабіць з іх нейкія цацкі? Як называюцца гэтыя матэрыялы? (Ільняныя ніткі, кудзеля, палатно).

-Разгледзьце гэтых незвычайных лялек. ДЗеці, чым жа адрозніваюцца гэтыя лялькі ад сучасных? (Яны зроблены сваімі рукамі, іх не трэба шыць, яны цёплыя і мяккія, месцяцца ў руцэ).

-Паглядзіце, у адной лялькі шмат рук. Чаму? Яна называецца Дзесяціручка. Яе дарылі жанчыне, каб яна паспявала зрабіць шмат хатніх спраў.

_А гэта лялька Зернавушка. Унутры яна напоўнена зернем. Раней у вёсках у канцы лета, калі на палях збіралі ўраджай, лепшае, адборнае зерне хавалі ў спецыяльны мяшочак, прыбіралі яго лялечкай і беражліва захоўвалі да пасеву наступнага года. А вясной вымалі збожжа з мяшочка і сеялі яго ў полі з пажаданнямі багатага ўраджаю. 

-Тут ёсць яшчэ такія лялькі: мотанка, Вяснянка, Неразлучнікі, Спавіванка, Траўніца.

-Для чаго беларусы рабілі такіх лялек? (Цацкі бяспечныя для маленькіх дзяцей; для ўпрыгожвання дома да свята). Давайце паспрабуем змайстраваць такіх лялек.


Практычная дзейнасць па канструяванні лялек (па схемах)

Кожнае дзіця выбірае ляльку, якую хоча зрабіць само: ляльку Зернавушку або Спавіванку.

-Такія цацкі раней рабілі дзеці самі, упрыгожвалі іх лапікамі, стужкамі, кветачкамі, давалі ім імёны і гулялі з імі.

-Разгледзьце схемы, як можна зрабіць такіх лялек: глядзіце на карцінкі і па парадку, крок за крокам, зрабіце ляльку. Пачнём рабіць ляльку разам.

Дзеці разглядаюць этапы стварэння ільняной лялькі і ўпрыгожваюць сваю ляльку самастойна.


-Якія цудоўыя лялькі атрымаліся ў вас! Параўнайце сваіх лялек з узорамі.

Сярод гэтых самаробных лялек дзяцей сустракае Васілінка.


Заканчэнне заняткаў

Васілінка: Дзеці, ці спадабаўся вам кірмаш? Пра што вы тут даведаліся, што ўбачылі? Якія цацкі вам запомніліся?

-Вы і самі зрабілі шмат розных прыгожых лялек! Разгледзьце, якія акуратныя і прыгожыя атрымаліся вашы лялькі!

-Для каго вы пастараліся? Хто будзе гуляць з гэтымі лялькамі? 

Дзеці прапануюць падарыцб лялек выхаванцам малодшай групы.

Гульні з календаром народных лялек

Развіваючая гульня “Чаму так назвалі ляльку?”

Мэта: замацаваць уяўленні аб народных святах і абрадах, развіваць увагу, мысленне замацаваць уяўленні аб прыродных  з’явах для ўсіх сезонаў года, развіваць уменне прыдумваць падзеі, якія адпавядаюць адпаведнай ляльцы.

Матэрыял:гульня “Каляндар народнай лялькі”,народныя лялькі.

Апісанне:Педагог паказвае дзецям ляльку, гаворыць яе назву, прапануе  здагадацца і паразважаць, чаму так назвалі ляльку.

Музычна-дыдактычная гульня “Поры года”

Мэта: замацаваць уяўленні аб народных святах, развіваць здольнасць да ўспрымання музычных вобразаў.

Матэрыял:гульня “Каляндар народнай лялькі”,народныя лялькі, музычны твор цыкла “Поры года” П.Чайкоўскага.

Апісанне:Дзецям прапаноўваецца паслухаць урывак з твора і вызначыць якую пару года яны праслухалі і паказаць на календары, успомніць народныя святы гэтага сезона. 

Развіваючая гульня “Якая лялька схавалася?”

Мэта: замацаваць уяўленні аб народных святах і абрадах, развіваць увагу, мысленне.

Матэрыял:гульня “Каляндар народнай лялькі”,народныя лялькі, хусцінка.

Апісанне:Педагог разглядае з дзецьмі “Каляндар народнай лялькі”, прапануе ім заплюшчыць вочы. У гэты час хусцінкай закрывае адну з лялек і дзеці павінны здагадацца, якая лялька схавалася.

Развіваючая гульня “Што змянілася?”

Мэта: замацаваць уяўленні аб народных святах і абрадах, развіваць увагу, мысленне.

Матэрыял:гульня “Каляндар народнай лялькі”,народныя лялькі.

Апісанне:Педагог разглядае з дзецьмі “Каляндар народнай лялькі”, прапануе ім заплюшчыць вочы. У гэты час дарослы мяняе лялек месцамі і дзеці павінны здагадацца, што змянілася.

Дыдактычная гульня “Пара года”

Мэта: замацаваць уяўленні аб прыродных  з’явах для ўсіх сезонаў года.

Матэрыял: гульня “Каляндар народнай лялькі”, народныя лялькі.

Апісанне: Педагог прапаноўвае разглядзець лялькі. Знайсці і падабраць ляльку да адпаведнай пары года.

Крыніца

Мастацтва

Расказванне верша М. Чарняўскага "Конік" (сярэдняя група)

Мэта: развіваць у дзяцей уменне эмацыйна ўспрымаць верш, разумець змест вершаванага тэксту; пабуджаць малых выражаць свае ўяўленні з дапамогай гульнявых дзеянняў.

Матэрыял: прамысловая цацка "Конік", лялька "Сонечны конь", малюнкавы вобраз "Конік".


Ход занятку

Педагог: Сёння да нас у дзіцячы садок прыйшло дзве пасылкі. Адна з іх - з беларускай хаткі, што знаходзіцца на другім паверсе школы. Давайце паглядзім, што ў гэтай пасылцы. Гэта беларуская народная лялька "Сонечны конь". Конь па славянскіх традыцыях - асабліва ўшанаваная жывёла. Незаменны памочнік у побыце і верны спадарожнік воіна-волата, конь уяўляўся нашым продкам у абліччы залатога сонца, а пышная грыва, якая развіваецца на ветры, нагадвала сонечныя прамяні. 

Разглядзіце нашага коніка. Ці падобна яго грыва на сонечныя прамяні? 

Такую цацку раней рабілі самі і даравалі братам, бацькам або сябрам.

А вось другая пасылка. Гэтая пасылка з магазіна цацак. Як вы думаеце, што ў ёй? Там таксама конік, аднак прамысловы. Ці адрозніваецца ён ад першага?

А зараз паглядзіце яшчэ і на малюнкі. Апішыце коніка, раскажыце, якія ў яго грыва і хвост. Так, у коніка прыгожая доўгая грыва і хвост. На нагах у коніка капыткі. Такога коніка купілі ў магазіне цацак маленькаму хлопчыку. Паслухайце, як расказваецца пра коніка ў вершы Міколы Чарняўскага "Конік".

Мне прывезлі коніка,

Коніка-куплёніка,

З цёмнай грывай стрыгунка,

З цёмнай грывай скакунка.

Мяне конік панясе

Па мураўцы, па расе.

Капыткамі загрукоча, 

Ручаінку пераскоча,

Паімчыць, нібы віхор,

За лужок, за сіні бор.


Паслухайце яшчэ раз, як хлопчык расказвае пра коніка, якога яму купілі ў магазіне.

Мне прывезлі коніка,

Коніка-куплёніка,

З цёмнай грывай стрыгунка,

З цёмнай грывай скакунка.

Мяне конік панясе


Расказванне верша педагог суправаджае жэстыкуляцыяй.

Хлопчык любіць гуляць са сваім конікам-куплёнікам. Пакажыце, як вы ўмееце скакаць на коніку. Малайцы, усе ўмеюць скакаць на коніку. А зараз (імя дзіцяці) паскача на коніку, а я прачытаю вершык.

Юрку конік панясе

Па мураўцы, па расе.

Капыткамі загрукоча, 

Ручаінку пераскоча,

Паімчыць, нібы віхор,

За лужок, за сіні бор.

Хто яшчэ хоча пакатацца на коніку? Я раскажу пра гэта вершык.

Мастацтва

Расказванне ўрыўка з каляднай песні "Дзе каза рогам" (сярэдняя група)

Мэта: вызваць у дзяцей цікавасць да фальклору; выкарыстоўваць малюнкавы вобраз казы з мэтай канцэнтрацыі ўвагі малых; спрыяць разуменню маўлення дарослага з апорай на нагладнасць.

Матэрыял: малюнкавы вобраз "Каза-дзераза", лялька "Каза".


Ход занятку

Педагог (паказвае дзецям малюнкавы вобраз "Каза-дзераза", ляльку "Каза"): Паглядзіце на малюнак. Раскажыце, хто на ім адлюстраваны. Апішыце казу: якая яна, як выглядае, ці падабаецца вам. Параўнайце намалёваную казу з народнай лялькай. Што ў іх падобнага? Чым яны адрозніваюцца?

Такую ляльку рабілі нашы продкі да вялікага свята - Раства або Каляд. Таму казу часта называлі каляднай казой. У Беларусі гэта свята адзначаецца 25 снежня і 7 студзеня.

А цяпер паслухайце ўрывак з каляднай песні.

Дзе каза рогам,

Там жыта стогам,

Дзе каза хвастом,

Там жыта кустом...


Педагог просіць дзяцей расказаць калядную песеньку пра казу.

Мастацтва

Знаёмства з цацкай "Каза" (другая малодшая група)

Мэта: пазнаёміць з цацкай "Каза"; забяспечыць асобасна-арыентаванае ўзаемадзеянне цацкі з дзіцём ("пазнаёміць" казу з кожным малым); даць магчымасць кожнаму малому пагуляць з цацкай; падтрымаць жаданне падаць голас, як гэта робіць каза.

Матэрыял: народная і прамысловая цацкі "Каза".


Ход занятку

Педагог (паказвае цацку "Каза"): Хто гэта? Чаму вы так думаеце? Як вы здагадаліся, што гэта каза? Як каза голас падае? Паслухайце забаўлянку пра казу.

Ішла каза рагатая, бадатая:

-Каго пападу, таго забаду!

Аленку папала,

Аленку забадала.

Будык-будык-будык!


На апошніх словах педагог дакранаецца цацкай да дзіцяці.

Вазьміце ў рукі цацку. Раскажам гэтую забаўлянку разам. Да каго ты хочаш дакрануцца, Аленка? Калі ласка, давай раскажам пра казу і дакранемся да Міхасіка (і гэтак дале пра ўсіх дзетак).

Мастацтва

Выяўленчае мастацтва (шосты год жыцця)

Тэма: "Беларускія цацкі"

Маляванне дэкаратыўнае паводле задумы "Беларусачка", "Гаспадынька"

Праграмны змест: працягваць вучыць дзяцей распісваць беларускія народныя цацкі, перадаючы падабенства і адрозненні малюемых аб'ектаў; стымуляваць дзіцячую самастойнасць, імкненне перадаваць праз малюнак свой настрой; удасканальваць уменне маляваць фарбамі; фарміраваць цікаўнасць да беларускіх народных лялек. 

Асноўны матэрыял: сілуэты цацак, выразаныя з паперы, гуаш, пэндзлікі, цацкі "Беларусачка", "Гаспадынька", зробленыя з гліны, лялька "Рабінка".

Папярэдняя работа: разглядванне альбома "Беларуская цацка".

Рэкамендацыі па арганізацыі і выкананню работы

Успомніць з дзяцьмі, для чаго і для каго рабілі цацкі ў даўнія часіны. З якога матэрыялу рабілі цацкі.

Прапанаваць дзецям разгледзець беларускія цацкі "Беларусачка", "Гаспадынька", зробленыя з гліны, а таксама ляльку-мотанку "Рабінка". Звярнуць увагу на адзенне, элементы яе роспісу, асноўны колер, пераважны ў беларускіх цацках.

Дзеці пачынаюць сваю працу з пакрыцця сілуэта карычневай фарбай, а затым малююць узор. Дзеці выбіраюць сілуэты цацак, выразаныя з паперы, і ўпрыгожваюць іх, выкарыстоўваючы ў адзенні беларускі геаметрычны арнамент.

Мастацтва

Выяўленчае мастацтва (пяты год жыцця)

Тэма: "Знаёмства з беларускім арнаментам"

Лепка дэкаратыўная "Каралі для лялькі Каці"

Праграмны змест: вучыць дзяцей дзяліць камяк пластыліну на некалькі аднолькавых частак, ляпіць адразу па 3-5 аднародных элементаў, рабіць каралі рознымі спосабамі і ўпрыгожваць іх; замацаваць прыёмы прышчыпвання, защыпвання, адцягвання; выклікаць цікаўнасць да дэкаратыўнай лепкі. 

Асноўны матэрыял: каляровы пластылін, каўпачкі ад фламастараў, дрот, дошкі, стэкі, каралі розных відаў, лялька "Кацярына-санніца".

Папярэдняя работа: разглядванне альбома "Беларуская дэкаратыўная творчасць", дыдактычная гульня "Падбяры ўпрыгожванне да ўбрання".

Рэкамендацыі па арганізацыі і выкананню работы

Паказаць дзецям каралі. Прапанаваць успомніць, якія каралі носяць іх мамы. Сказаць, что ў лялькі Кацярыны хутка дзень нараджэння і ёй патрэбна зрабіць падарунак.

Дэманстрацыя лялькі "Кацярына-санніца".

Выхавацель: 7 снежня ў народным беларускім календары запісана цікавае свята - Дзень Кацярыны-санніцы. Менавіта пачынаючы з гэтага дня адкрывалася пракладанне санкавага шляху, возніцтва, калі спраўлялі гулянне. Усё больш упэўнены наступ снежнай зімы адчуваўся з кожным днём.

Людзі збіраліся ў далёкую дарогу з таварамі. Гаварылі: "Калёсы хлеб у хату возіць, а санкі - на кірмаш”. Санкі на сялянскім падворку былі немалой падмогай. І ўсе іх належыла ў дзень Кацярыны абавязкова скаціць з гары: і дарожныя санкі, і сялянскія (простыя) санкі на бярозавых палоззях, і ручныя саначкі. Да таго ж на ўсіх санках у гэты дзень належыла пакатаць вясковы народ, бо Кацярына наказвае ў хаце не сядзець, а на санках з гор катацца, весяліцца, цешыцца. Таму на гэты дзень даводзіліся гулянні.

Кацярыну ўяўлялі вясковыя жыхары дабротнай, спраўнай, той, пра якую кажуць: сыр ды малако! Паглядзіце на нашу ляльку,яна таксама прыгожая і прывабная. 

Для малых дзетак рыхтавалі дзядулі і бабулі да Кацярыны казырачныя саначкі з лялькамі. Казырачныя саначкі, ці казыркі - гэта санкі з загнутым перадам палоззяў. Іх ладзілі дзяды. А бабулі тым часам шылі лялькі для сваіх унукаў.

Дзеці разглядваюць ляльку.

Выхавацель: Для таго, каб заахвоціць Кацярыну на добры снег, мы зробім прыгожыя каралі для лялькі. 

Як можна зляпіць каралі? Якой формы і якога колеру могуць быць каралі? 

Прыгожыя каралі, як правіла, роўныя, аднолькавыя. Іх можна зляпіць з шарыкаў, авалаў, у форме клубочкаў, завіткоў і іншых элементаў. Упрыгожваць можна пры дапамозе стэкаў, каўпачкоў ад фламастараў. Гатовыя пацеркінанізваюць на дрот.

У працэсе работы дапамагчы дзецям падзяліць пластылін на роўныя часткі. У канцы занятка прапанаваць падараваць ляльцы Кацярыне самыя прыгожыя каралі, а астатнія - іншым лялькам.

Мастацтва

Выяўленчае мастацтва (пяты год жыцця)

Тэма: "Знаёмства з беларускім арнаментам"

Маляванне дэкаратыўнае "Беларускае адзенне"

Праграмны змест: вучыць дзяцей будаваць узор беларускага геаметрычнага арнаменту; планаваць паслядоўнасць выканання дзеянняў; падахвочваць распісваць беларускім арнаментам аднародныя прадметы; садзейнічаць развіццю дзіцячай творчасці; працягваць развіваць інтарэс да малявання; выхоўваць акуратнасць.

Асноўны матэрыял: сілуэты адзення (фартух, спадніца, кашуля, пояс), выразаныя з белай паперы; штампы ў форме элементаў беларускага геаметрычнага арнаменту, паралонавыя падушачкі з гуашшу чорнага і чырвонага колераў; узоры беларускага нацыянальнага адзення, лялька "Зернявушка".

Папярэдняя работа: дыдактычная гульня "Складзі ўзор" (беларускі геаметрычны арнамент), экскурсія ў беларускую хатку.


Рэкамендацыі па арганізацыі і выкананню работы

Паказ беларускага нацыянальнага адзення. Звярнуць увагу на прыгажосць узора. Гутарка па пытаннях:

-Якім узорам упрыгожана адзенне?

-Якія элементы ўзора вы пазналі?

-У якіх месцах размешчаны ўзор?

Дэманстрацыя лялькі "Зернявушка", фартух якой выкананы з арнаменту. Гутарка па пытаннях:

-Які элемент адзення лялькі змяшчае арнамент?

-Якія ўзоры прысутнічаюць ва ўзоры?

Выхавацель: Сёння мы з вамі будзем упрыгожваць сілуэты адзення беларускім арнаментам. Маляваць узор будзем з дапамогай штампаў. Неабходна штамп макнуць на паралонавую падушачку, а затым нанесці на сілуэт адзення.

Акцэнтаваць увагу дзяцей на чаргаванне, паўтор элементаў узора, колера.

Дзеці па жаданні выбіраюць сілуэты адзення, выразаныя з паперы, і прыступаюць да ўпрыгожвання.

У канцы занятка замацаваць элементы беларускага геаметрычнага арнаменту, разгледзець дзіцячыя работы.

Знаёмства з беларускім нацыянальным адзеннем у школьным музеі

Знаёмства з Зернявушкай у школьным музеі

Знаёмства з лялькамі

    Падарункі для выхаванцаў дашкольнай  

                  групы - Пелянашкі

    Падарункі для выхаванцаў дашкольнай 

                       групы - Пелянашкі

На занятку мастацтва

На занятку мастацтва

   Знаёмства з календаром народных лялек

                                  Гульні з календаром

Выкарыстаныя крыніцы

На старонцы выкарыстаны матэрыялы з кніг "Рисование, аппликация, детский дизайн для почемучек пятого года жизни", "Рисование, аппликация, детский дизайн для фантазеров", "Народная цацка - люстэрка культуры", "Дзіця пазнае рукатворны свет", сайт БЕЛАРУСКАЯ ХАТКА : Каляндар народнай лялькі (belaryskaiahata.blogspot.com).