Вясновыя святы і абрадавыя лялькі

Вясна - цудоўная пара года. Яна нясе з сабой цяпло, абуджэнне ад зімовага сну. Нездарма нашы продкі так любілі гэту пару года і імкнуліся паскорыць яе надыход. 3 гэтай мэтай праводзіліся нават спецыяльныя святы. 

Сакавік

Беларуская назва першага месяца вясны паходзіць ад слова "сок". У гэтую пару ён пачынае цячы з дрэў .

Народныя  прыказкі і прымаўкі, прыкметы:

Сакавік часамі снегам сее, а часамі сонцам грэе. 

Сакавік зялёны — ураджай благі. 

Як у сакавіку туман, дык у жніво дождж — пан! 

У сакавіку зіма не гніе — у красавіку трава не расце. 

Няма ў сакавіку вады — няма ў красавіку травы. 

Сакавік дрэвам сок пускае. 

Сакавік мокры — хлеб горкі. 

Жыта ў сакавіку глядзіць у неба — не пакаштуеш зімой хлеба. 

Сакавік дажджом імжыцца — хлеба будзе ў рукавіцу. 

2 сакавіка. Дзень пакутніка Фёдара Цірана, які ўспрымаўся сялянамі як ахоўнік ад злодзеяў.

4 сакавіка. Згодна ж з каталіцкім календаром, адзначаецца Казімір. Яго імя, зарыфмаванае ў народнай прыкмеце з адпаведным станам прыроды, нібы падводзіла рысу пад панаваннем зімы: «На Казімера зіма ўмера».

9 сакавіка. Прысвятак Паўраценне, або Абратанне (ад царкоўнага «Обретение» — знаходжанне галавы Іаана Хрысціцеля). Асабліва шанавалі яго пчаляры. Яны заглядвалі ў вуллі і калі знаходзілі («обретали») пчол жывымі, то ўжо не сумняваліся ў паспяховай іх перазімоўцы.

14 сакавіка. Дзень Аўдакеі (Яўдокі). Імя святой нярэдка ў народзе гучала таксама і ў мужчынскай форме: «Аўдакей». Радок з валачобнай песні быццам пацвярджае беларускую назву першага веснавога месяца: «Святы Аўдакея сокі збіраець». Да гэтага тэрміну, як правіла, сыходзіў снег, нярэдкім быў і галалёд, таму і зазначана ў прыказцы: «На Яўдокі — голы бокі».

19 сакавіка. Кастусь, Феафіл, Хведар, Аркадзь. У каталіцкім жа календары — Язэп. Народная прыказка таксама не абышла гэтую дату ўвагаю: «Як Язэп кіўне барадою, дык зіма ўцякае ўніз галавою». Наогул жа ясная пагода на Язэпа прыносіла спадзяванні на добры ўраджай. Як вядома, у перыяд пастоў (на які прыпадае і Язэп) існуе афіцыйная забарона на вянчанні. Калі ж такое здаралася, то ў народзе знаходзіла адпаведную ацэнку: «Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту».

22 сакавіка. Сорак пакутнікаў, або па народнаму Саракі (Соракі). Калі на Саракі здараўся мароз, то меркавалі, што пасля яго адбудзецца яшчэ 40 маразоў. На Саракі сарока пачынае віць гняздо і прыносіць для яго 40 пруткоў. Раніцай перад усходам сонца хлопчыкі стараліся перакінуць цераз страху 40 трэсак — калі гэта ўдасца, то ўлетку добра будуць ім знаходзіцца птушыныя гнёзды. Свае звычаі былі і ў дзяўчат: яны пераломвалі 40 дошчачак і перарывалі 40 вяровачак і шнуркоў. Прадметы, што пераломваліся і разрываліся, напэўна, павінны сімвалізаваць сабою сілы, якімі была скавана зямля, і выкананне гэтага абраду мела сваёй мэтаю наблізіць надыход цяпла, абудзіць ад зімовага сну ўсю жывую прыроду. «На Саракі дрэвы адпушчаюцца» — сведчылі народныя назіранні. «На Саракі прыляцелі з-за мора птакі» — падказвалі вясковыя фенолагі і нават удакладнялі: «Прылятае 40 жаўранкаў». Калі ў гэты дзень на стрэхах ляжаў снег, то на Благавешчанне снег будзе пакрываць усю зямлю, а на Юр’я — асобныя мясціны. Калі на Саракі ўволю нап’ецца вол ад расталых ледзяшоў — значыць, будзе добрая вясна. А яшчэ 22 сакавіка – дзень веснавога раўнадзенства.

30 сакавіка. Аляксей, Макар, Марына. «На Аляксея зіма пацея» — адзначалі ў народзе.  А яшчэ казалі: «рыба — аб лёд, саначкі — аб плот», г. зн. рэкі ўскрываліся, а селянін з саней канчаткова пераходзіў на калёсы. Аляксей настойліва нагадваў земляробу пра набліжэнне палявых работ.

Красавік

Беларуская назва паходзіць ад слова "красаваць", бо тады з'яўляюцца першыя краскі - кветкі. У старажытнай літаратуры сустракаецца найменне "кветень".

Народныя  прыказкі і прымаўкі, прыкметы:

Красавік сініць і дзьме, бабам цяпло нясе, а мужык пазірае ды галавою ківае. 

У красавіку грымот — цёплы будзе год. 

Красавік сушыць, нічога з зямлі не рушыць. 

У красавіку зямля грэе. 

У красавіку дождж праходзіць, сонца грэе — тады ўсякі не збяднее. 

6 красавіка. Калісьці ў гэты дзень адзначалася «свята камаедзіцы» — у гонар мядзведзя. На стол падаваліся  раслінныя стравы, у тым ліку і гарохавыя камы, якія і далі назву святу.

7 красавіка. Благавешчанне (Дабравешчанне, Звеставанне). Як і на кожнае свята, на яго забаранялася што б там ні было рабіць: «На Благавешчанне дзеўка косу не пляце, птушка гнязда не ўе». Праваслаўная царква адзначала зачацце Маці Божай Ісуса Хрыста. У народзе свята яно лічылася днём надыходу вясны. Шмат дзе якраз ад Благавешчання адбывалася Гуканне вясны.  I хаця па вёсках шчыра гукалі вясну, не заўсёды яна з’яўлялася, таму канчаткова развітвацца з зімою было ранавата: «Да Благавешчання зіму не лай і сані трымай». Пасля свята дазвалялася ўрабляць зямлю пад новыя пасевы (да гэтага часу зямля спіць і чапаць яе нельга). Благавешчанне было вяхою ў прадбачанні надвор’я. Калі свята аказвалася цёплым, селянін мусіў чакаць марозную восень, і наадварот, снег, што заляжаўся да гэтае пары, абяцаў цёплую восень. Па асаблівасцях гэтага дня рабіліся прагнозы на ўраджай. Як на Благавешчанне дождж — збярэш багата хлеба; калі суха, то летам магчыма засуха. Умеранае надвор’е — умеранае будзе лета і такі ж ураджай. Гаварылі, што такое ж надвор’е, як на Благавешчанне, павінна паўтарыцца на Вялікдзень.

17 красавіка. Нядзеля на шостым тыднi Вялiкага посту называлася Вербнай,Пальмавай нядзеляй, Вербнiцай. У некаторых рэгiёнах былi вядомы i такiя назвы – Вербiца, Вярбiч, Вярба (ад назвы раслiны, якая раней за астатнiя рэагуе на веснавую цеплыню i лiчыцца сiмвалам урадлiвасцi: колькi вярбу нi ламай, а яна праз хуткi час дасць новыя галiнкi).  Свята беларускага народнага календара Вербная нядзеля мае хрысцiянскiя вытокi i звязана з евангельскiмi падзеямi. У Евангеллi ад Мацвея, дзе апiсваецца жыццёвы шлях Сына Божага Ісуса Хрыста, паведамляецца пра найвялiкшае з Яго цудаў – уваскрэсенне памерлага чатыры днi таму Лазара. Назаўтра Iсус прыйшоў у Iерусалiм, жыхары якога сустракалi яго як самага дарагога госця, усцiлаючы дарогу пальмавымi галiнкамi. Хрысцiянская царква надала гэтай падзеi статус найвялiкшага свята. Толькi замест пальмавых галiнак славяне, у тым лiку i беларусы, выкарыстоўваюць у сваiх абрадах вярбу.

24 красавіка. Вялікдзень (рус. Пасха) — вялікае веснавое свята, карані якога вядуць у глыбокую старажытнасць. Некалі ім адкрываўся новы каляндарны год. Пазней царква замацавала яго ў сваім «рухомым» велікодным календары.

 30 красавіка. Калі ў апошні дзень красавіка сонца ўзыйдзе ясна — будзе сухое лета, а калі праз хмары — дажджлівае.

Май (т равень)

Сучаснай літаратурнай назве месяца "май" адпавядае старабеларуская форма "травень", якая паходзіць ад слова "трава", бо ў гэтым месяцы зямля пакрываецца зеленню.

Народныя  прыказкі і прымаўкі, прыкметы:

У травень будзе мужык управен. 

У май каню сена дай, а сам на печ уцякай. 

Май — жывёлу ў поле пхай. 

Май зямлю грэе, а сіверам вее. 

Май халодны — не будзеш галодны. 

Сухі марац, мокры май — будзе жыта, як гай. 

Мокра ў маі — будуць пышныя караваі. 

Як у маі суха, то падцягвай бруха. 

Як ідзе дождж у сакаўцы, то хлеба будзе ў рукаўцы, а як у маі — будзе і ў гультая. Майская трава галоднага корміць. 

Грымоты ў маю спрыяюць ураджаю. 

Май — і пад кустом рай. 

Май халодны, год хлебародны. 

6 мая. Георгій (Юр’я, Юрай, Ягор’я). З гэтага дня пачынае куваць зязюля. Густы юр’еўскі дождж упэўніваў селяніна, што вырасце густое вялікае жыта. Галоўнай адказнасцю, якой народ надзяліў святога Юр’я, было апякунства хатняй жывёлы і гаспадаркі. Адначасова Юр’я называлі і валадаром ваўкоў. У народзе ўяўлялі, што ён едзе на белым кані і замыкае пашчы дзікім звярам, пасля чаго тыя менш нападаюць на жывёлу.

7 мая. Сава, Валянцін, Лявонцій, Хама, Лізавета, а таксама Аляксей і Аўсей — імёны гэтых святых як быццам самім сваім гучаннем заклікалі селяніна хоць што-небудзь пасеяць на ніве. Асабліва сугучнае з абавязковай палявой культурай імя апошняга святога, здавалася, зашыфроўвала ў сабе несумненную параду: «Аўсей — авёс сей».

8 мая. Марк, Сільвестр. «Дождж на святога Марка — дык зямля, як скварка». Адзначаны ў каталіцкім календары Станіслаў даваў селяніну свае парады на гэты дзень: «Сей лён на Станіслава, вырасце як лава».

15 мая. Дзень Барыса і Глеба.  Калі сабраць усё, што гаворыцца пра Барыса ў народных песнях, то можна з упэўненасцю назваць гэты дзень святам працы: «Святы Барыс — коні пасець, прывёўшы дамоў, закладываець…», «барануець, поле раўнуець…», «ляды паліць», «ячмень сеець з поўнай сявенькі, з правай жменькі, кіне рэдка — дасць Бог густа». Па розных мясцовасцях на Барыса неабходным лічылася сеяць бульбу, бабы, цыбулю.

22 мая. Мікола веснавы (ці летні). «Да Міколы няма дабра ніколі» — гаварылі ў народзе, г. зн. няма пэўнасці ў надвор’і, і толькі Мікола «пагоду становіць», таму і зваўся ён яшчэ цёплым. Гаспадар ведаў, што, зрабіўшы запас сена да Міколы, ён можа заставацца спакойным за жывёлу: «Мей сена да Міколы і не бойся зімы ніколі». Не забывалася і народная песня пра гэтага, бадай, самага шанаванага святога — цудатворца, абразы якога віселі амаль у кожнай хаце: «Святы Мікола па межах ходзіць, жыта раўнуець… дзе вымакла — там падсушыць, дзе высахла — там падмочыць»; «Мікола — стары сявец, ячмень сеець… з левай ручкі засяваець, кінець рэдка — расцець метка», «і траву расціць, і скот пасціць». Веснавы Мікола лічыўся святам конюхаў. Каб засцерагчы коней ад свавольства ведзьмаў, пастухі абкурвалі коней прыхаванымі купальскімі зёлкамі. З Міколінага дня трэба паспяшацца пастрыгчы авечак, пакуль яны не пачалі ліняць: «Да Міколы не сей грэчкі, не стрыжы авечкі». Паглядаў селянін і на палеткі: як жыта выплыве перад Міколаю, то будзе добры ўмалот.

24 мая. Дзень Кірылы і Мяфода. Па ім меркавалі пра ўсё наступнае лета: калі ён мокры — і лета будзе мокрае, калі сухі — усё лета сухое.