Сёмік і Сёмчыха

7-ы чацвер пасля Пасхі - Сёмуха

Сёмуха (Тройца, Зялёныя святкі)  – завяршальнае веснавое свята, якое святкуецца на сёмым і восьмым тыдні пасля Вялікадня.

Да Сёмухі стараліся парабіць усе веснавыя сельскагаспадарчыя справы. Абыходзілі хрэсным ходам вёску і палі. Напярэдадні свята чыста прыбіралі хату і сядзібу, а потым упрыгожвалі зелянінай – галінкамі і дрэўцамі бярозы, радзей – клёна, ліпы, падлогу хаты і двор засцілалі аерам. Традыцыя захавалася і па сённяшні дзень. Зеляніну не выкідвалі, аддавалі скаціне, затыкалі пад страху ад грому, утыкалі ў агарод ад кратоў, у капцы бульбы ад чарвей. 

Да Сёмухі рабілі парных лялек, якія сімвалізуюць сабой шчаслівую шлюбную пару, гаспадара з гаспадыняй. Як знак таго, што гэта пара, некаторыя прадметы іх адзення выконваюцца з аднолькавых тканін. Рукі лялек звязваюць разам зялёнай ніткай або злучаюць бярозавай галінкай.