Параскева

10 лістапада - дзень Параскевы Пятніцы

Лялька Параскева – берагіня жаночых рамёстваў. Параскева – гэта хрысціянская заступніца жанчын і жаночай працы.

У лістападзе ёсць свята – дзень Параскевы Пятніцы. Святая Параскева Пятніца шанавалася як жаночая заступніца, заступніца рукадзельніц. У гэты дзень жанчыны і дзяўчаты паказвалі адна другой сваё рукадзелле. Было прынята ў гэты дзень вырабляць ляльку – Параскеву. Апраналі яе ў народны жаночы касцюм. На рукі лялькі дзяўчыны і жанчыны навязвалі паясы, стужкі, карункі, невялікія прылады жаночай працы: верацяно, напарстак, нажнічкі, падушачку з іголкамі і г.д.

У кожнай гаспадыні раней абавязкова была лялька-працаўніца Параскева, якая дапамагала ў хатніх клопатах. Жанчына часта казала: “Як шмат спраў, на ўсе рук не хапае!”, таму ў Параскевы магло быць ад васьмі да шаснаццаці рук, у кожнай – якое-небудзь гаспадарчае начыненне.