У імя айца і сына I ўсемагутнага духу, Божа, не грукай у спіну I не лупі па вуху.Ты так мяне, грэшнага, перыў, Што я ўжо ва ўсім вінюся, Самаахвярна веру Кожнай тваёй аплявусе.Нібыта на прывязі чоўнік, Снуюся ў жыццёвых кроснах, Раб твой, слуга твой, чыноўнік, Якому ад страху млосна.Ледзь тузанеш нагавіцы, Урэжаш казённай папругі, Прысыплеш азадак гарчыцай, А потым прызнаеш заслугі.Падымеш мяне, балеснага, Спагадай прылашчыш урэшце, I я ўжо спяваю песні Пра дзіўнае дзіва ў рэшаце.Аж выпінаюся з сілы, Першы бягу за пратэсай Навысціжкі перад усімі, Паперад самога прагрэсу.Таўку ўжо іншых у спіну, 3 размаху луплю па вуху У імя айца і сына I ўсемагутнага духу.
1969