I. Плён жніўняЯнка Брыль. Гэта вельмі дарагі мне і маім сімпатыям пісьменнік. Чытаючы яго, я адчуваю, што трапляю на тыя сцежкі, па якіх мы ідзём часта блізка, хоць нашы локці не труцца адзін аб адзін.На людскія абліччы, на жыццёвыя падрабязнасці, псіхалагічныя сітуацыі памяць у яго выключная – пісьменніцкая, прафесійная.Аднойчы ён нагадаў мне такі выпадак. Неўзабаве пасля вайны, прыехаўшы ў Брэст, мы выступалі на гарадекім вечары. Я меўся чытаць верш «Гартаванне» – пра вясковага каваля, майго першага добрага настаўніка, якога дзеці цвялілі крыўднаю мянушкаю «руб дваццаць», у такт яго кульгавай хадзе. Меўся я чытаць гэты верш, адзін з самых дарагіх мне вершаў, і спахапіўся ў час, убачыўшы, што чытаць тут яго няможна. У першым радзе, на вачах у людзей, сядзеў чалавек з драўлянаю кульбаю замест нагі, якраз як у майго каваля.Асабіста для мяне гэта была не толькі хвіліна збянтэжанасці, a і нечага большага, што не магло не пакінуць у памяці следу.Але мінулі гады, і след гэты выветрыўся, а ў памяці майго сябра застаўся. I калі ён расказаў мне пра гэтае здарэнне, як я ні намагаўся, а ўспомніць так і не змог далікатнай для мяне псіхалагічнай падрабязнасці, хоць усё жыццё быў упэўнены, што найбольш трывалая ў мяне памяць – эмацыянальная.Але, мабыць, і яна трывае да пэўнай мяжы, пасля ашчаджаючы толькі тое, што было ў маленстве і юнацтве, – самыя даражэйшыя душэўныя скарбы.Ён з тых майстроў, кожны твор якога сустракаеш з асаблівай цікавасцю, бо ведаеш: усё, што створана ім, выпрабоўваецца на трываласць высокім крытэрыем грамадзянскага сумлення і патрабавальнасцю мастацкага густу.Душэўная шчодрасць пачуцця і строгая стрыманасць, нейкая асаблівая цнатлівасць слова вызначаюць у ім пісьменніка, якога вы адразу пазнаеце па першым сказе не толькі ў рамане, аповесці, апавяданні, але нават па дзённікавым запісе з двух-трох сказаў.Напэўна, гэта і ёсць галоўная прыкмета таленту, якая вызначае асобу мастака, яго адрозненне ад іншых, яго адметнасць, самабытнасць.Асабістая пячаць, уласны знак якасці, па якіх пазнаецца слова майстра, гэта не манапольная прывілея, гэта, перш за ўсё, па трапнаму выразу Міхаіла Святлова, «права не мець права пісаць кепска». Такое права даецца пісьменніку не легка.Шырокі абсяг яго спазнання і даследавання жыцця.Мы ведаем Янку Брыля – раманіста, апавядальніка і аўтара нарысаў, Брыля – цудоўнага дзіцячага пісьменніка і Брыля – аўтара вершаў у прозе, дзівосных лірычных мініяцюр.Разнастайныя і яго мастацкія сродкі. На грані эмацыянальнага напружання малюе ён трагічныя абставіны гібелі блізкіх яму людзей у навелах, што даўно сталі хрэстаматыйнымі, «Memento mогі», «Маці», «Дваццаць», і піша адкрытатэндэнцыйныя, публіцыстычныя памфлеты на людзей, духоўна ўбогіх, нікчэмных у сваёй пыхлівай фанабэрыстасці. Яго аповесць «Ніжнія Байдуны» поўная зіхатлівага, сонечнага, сардэчна добрага гумару.Вопыт уласнага жыцця Янкі Брыля – багаты, цікавы не толькі таму, што ён увабраў у сябе многія падзеі, сустрэчы, уражанні. Гэты вопыт узбагачаецца яшчэ і штодзённай працай, усё новымі і новымі творчымі пошукамі.У яго асобе, у яго характары шчасліва спалучаюцца асаблівасці мастака – тонкага, назіральнага – з усімі лепшымі якасцямі працавіка, чалавека зямлі, блізкага да першаасноў самае цяжкае, але і самае паэтычнае працы – здабывання хлеба надзённага.Асабліва блізка спазнаць яго памаглі мне сумесныя паездкі і па сваёй роднай зямлі, і за яе межы. Быць сярод людзей разам з ім легка, прыемна, радасна. 3 яго высокай культурай абыходжання, досціпам, унутранай сабранасцю, трапнасцю слова, гатоўнасцю творчай імправізацыі не разгубіўся нават у самых складаных абставінах. Вабіць яго выхаванасць, што набываецца не прыхапкам на курсах этыкету, а ўваходзіць у натуру чалавека цераз глыбокі вопыт народнай педагогікі. Так, гэта на цяжкім, але дарагім сэрцу чорным хлебе нашага маленства і нашага юнацтва нярэдка вырасталі такія інтэлігенты.Яго інтэлігентнасць, бясспрэчна, абумовілі якасці, залежныя і ад выпрабаванняў яго нялёгкага лёсу, і ад яго самога: выхавання сілы волі, заўсёднага самакантролю – ні ў чым не даваць патачкі ўласным слабасцям, ні ў чым не рабіць сабе палёгкі і скідкі.Яго майстэрства, дасканаласць яго стылю ідуць, перш за ўсё, ад гэтай яго патрабавальнасці і самадысцыпліны.Глыбока памыляецца той, хто лічыць, што ўладу над словам гарантуе талент. Ёсць таленты, якія дасканала валодаюць пяром, а ў абыходжанні з людзьмі бездапаможныя, з намаганнем шукаюць неабходнае, так важнае і патрэбнае слова.Пошук слова, адзінага, трапнага, дакладнага – гэта заўсёды эмацыянальнае ўзрушэнне. Няўражлівы і абыякавы ніколі не скажа такога слова, што адразу ж адгукнецца ў людскіх сэрцах.I яму слова даецца не легка. Я не раз бачыў, як пры знешне спакойнай усёй яго магутнай паставе і валявой зацятасці ва ўсіх рысах твару, недзе ў рашучы момант, у хвіліну, калі абставіны вымагаюць сказаць свае ўласнае слова, яго вялікія кавальскія рукі заўсёды выдаюць яго незвычайную напружанасць і хва¬ляванне.Янка Брыль валодае шчаслівым дарам – трапяткім, жывым напаўненнем кожнай сваёй думкі і ў творчасці, і ў непасрэдным абыходжанні з людзьмі.Гэта мастак думкі высокага напружання, і чытаць яго нельга, не настроіўшыся на хвалю яго роздуму.Прачытаўшы Брыля, пад яго ўражаннем яшчэ доўга не можаш узяцца за іншага аўтара, за іншую кнігу. У гэтым сіла ўздзеяння таленту, улады пісьменніка над чытачом.«Я думаю, што самае важнае і карыснае людзям, што можа напісаць чалавек, – гэта тое, каб расказаць праўдзіва перажытае, перадуманае, адчутае ім», – гаварыў Л. М. Талстой, імя якога Брыль заўсёды вымаўляе з асаблівай пашанай.Пра радасць творчасці дзеля людзей Брылём напісаны цудоўныя творы: «На Быстранцы», «Галя», «Лазунок», «Надпіс на зрубе», «Гуртавое», у якіх усім ходам сваіх разваг пісьменнік сцвярджае, што чалавек працы адчувае, успрымае сэнс і хараство свету глыбей, «паўней, чым старонні назіральнік, няхай сабе нават і лепш эстэтычна падрыхтаваны або па натуры вельмі чуйны».Гаворачы пра шырокі тэматычны аб’ём творчасці Янкі Брыля, нельга не заўважыць, што асабліва шмат намаганняў трывог і хваляванняў, як пісьменнік і грамадзянін, ён аддаў і аддае выкрыццю фашызму – гэтай ганебнай плямы на сумленні і памяці дваццатага стагоддзя. Пісьменнік паказвае ідэалогію чалавеканенавісніцтва як праграму загадзя спланаванага, да дэталяў разлічанага, ператварэння чалавека ў дзікага звера або паслухмянага нявольніка.У самых розных па часе і па жанрах творах Брыль паслядоўна паказвае вытокі і карэнні фашызму. Гэта ж разам з героем свайго рамана «Птушкі і гнёзды» Алесем Руневічам аўтар на ўласныя вочы бачыў асяроддзе, абстаноўку, глебу, якія нараджалі і жывілі ідэі нацызму, пранікаючы ў побыт, у свядомасць нямецкага мешчаніна і абывацеля – прагнага драпежніка, уласніка, што паверыў у выключнасць сваёй місіі і права распараджацца лёсамі іншых народаў.Уцёкшы з фашысцкай няволі і далучыўшыся да народных мсціўцаў, Алесь Руневіч дакладна ўяўляе і разумее, дзеля чаго, з якой мэтай прыйшлі на савецкую зямлю гітлераўскія забойцы і садысты. 3 вышыні агульначалавечых ідэалаў судзіць пісьменнік носьбітаў карычневай чумы і ў гэтым рамане, і ў многіх сваіх аповесцях, апавяданнях, падарожных зарубежных нарысах, у дзённікавых развагах.3 выключнай сілай абагульнення, з гістарычнай дакладнасцю і жахліваю праўдай фактаў і падзей малюе жудаснае аблічча фашызму дакументальная кніга «Я з вогненнай вёскі...», створаная Брылём, Адамовічам, Калеснікам.Гэтая кніга – незвычайная, унікальная з’ява не толькі літаратуры, але і нашай грамадскай думкі.Багаты вопыт мастацкага асэнсавання вялікай гістарычнай перамогі савецкага народа, але, па агульным прызнанні, эпапея, роўная талстоўскай «Вайне і міру», усё яшчэ чакае свайго часу.Справа, відаць, не толькі ў дыстанцыі гэтага часу, хоць хутка і дыстанцыя зраўняецца, справа ў тым, што і ў далейшым, калі будуць пісацца творы пра Вялікую Айчынную вайну, няхай самыя буйныя і нават памерамі роўныя талстоўскаму раману, наўрад ці хто з мастакоў поўнасцю вычарпае ўсю глыбіню гістарычнай праўды, трымаючыся толькі ўласных уяўленняў – нават новых, арыгінальных, не падобных на ўжо нам вядомыя. Галоўнае і самае важнае, чаго не хапае некаторым кнігам пра вайну і асабліва пра ўсенародны подзвіг, гэта – самога народнага погляду на падзеі ва ўсёй іх складанасці і жыццёвай праўдзівасці. Па дакладным вызначэнні Канстанціна Сіманава толькі народ, сам народ можа сказаць усю праўду пра вайну.У гэтым сэнсе дакументальная трагедыя «Я з вогненнай вёскі...» дае нам нагляднае пацвярджэнне – чаго не хапае мастацкаму вопыту літаратуры. Са старонак гэтай горкай эпапеі, расказанай самімі сведкамі нечуванай нацысцкай жорсткасці, мы ўбачылі, як ахвяры падняліся над катамі на нязмерную вышыню свае маральнае перавагі і сапраўднае велічы духу.Трое нашых пісьменнікаў, трое беларускіх партызан гэтай сваёй кнігай, якая каштавала немалых намаганняў, сказалі важнае слова не толькі ў дакументальным паказе народнага подзвігу, але і нацэлілі нас на пошук новых магчымасцей мастацкага даследавання гераічнай гісторыі народа. I, перш за ўсё, галоўны вывад, які робіш з гэтай кнігі: дакумент, сведчанне відавочцы не сумяшчальны са стылістычным і слоўным прыхарошваннем і ўпрыгожваннем. 3 гэтай кнігі можна набраць дзясяткі, сотні, тысячы сюжэтаў, жыццёвых сітуацый і эпізодаў для раманаў, аповесцяў, сцэнарыяў – сапраўды, ёсць тут такія старонкі, карціны, характары, лёсы людскія, што хоць цалкам устаўляй у мастацкі твор, але нават самі аўтары, каму належыць прыярытэт адкрыцця першакрыніц, наўрад ці адважацца на іншыя формы пераўвасаблення матэрыялу. Так абагульнена, так маштабна, у такой жыццёвай канцэнтрацыі праўды пра свой характар, пра сваё светаўспрыманне і самасцвярджэнне ў бяссмерці мог ска¬заць толькі сам народ.Пасля таго, што зрабілі трое нашых літаратурных падзвіжнікаў творы аб вайне, сканструяваныя па канонах белетрыстычнай тэхналогіі, наўрад ці могуць прэтэндаваць на жыццёвую трываласць. Народ – большы мастак, чым усе мы, яго летапісцы і паэты.Нядаўна Янка Брыль апублікаваў свае новыя дзённікавыя запісы (Маладосць. 1977. № 5), падначаліўшы іх адной тэме – асабістаму аналізу перажытага, убачанага ў жыцці і паказанага ім, як мастаком, у сваёй творчасці. Маральны максімалізм пісьменніка бязлітасны. Ён судзіць сябе самымі суровымі крытэрыямі.Але калі ўсе гэтыя бескампрамісныя, строга патрабавальныя па сваёй душэўнай шчодрасці назіранні, развагі і вывады Брыля супастаўляеш з ужо створанымі каштоўнасцямі ў літаратуры ім самім, здабытымі яго нястомнай працай, міжволі пранікаешся яшчэ большай павагай да гэтага мастака, да гранічнай адкрытасці яго грамадзянскага сумлення.Гэтак судзіць сябе можа сапраўды смелы і мужны талент.Значнае месца Янкі Брыля, выдатнага майстра слова, у нашай савецкай літаратуры. Гэта факт, відавочна, для ўсіх. Але, напэўна, па-асабліваму гэта адчуваюць яго малодшыя калегі, тыя некалькі пакаленняў пісьменнікаў, чый творчы лёс складаўся пад дабратворным уплывам гэтага чуйнага і ўважлівага настаўніка і выхавацеля літаратурнай моладзі.Для кожнага талента, які ставіць перад сабою высокія заданы, – гэта сапраўды прыклад служэння роднаму народу.Свой жыццёвы жнівень пісьменнік сустрэў пленным і шчаслівым ураджаем.II. Запаветная лабараторыя3 самых яго першых крокаў у літаратуры было ясна, што гэта – паэт. Паэт надзвычай тонкай душэўнай адметнасці. Дарэчы, і пачынаў ён з вершаў. I хоць ніводзін з іх не быў ім, здаецца, надрукаваны, памятаю, як на нас, нямногіх, што напрыканцы вайны вярнуліся ў Мінск, вершы яго зрабілі моцнае ўражанне свежасці і навіны. Навіною было ўжо тое, што паявіўся паэт, якога ніхто яшчэ асабіста не ведае і не бачыў, а вершзваныя радкі яго (прывезеныя, здаецца, рэдактарам раённай партызанскай газеты) мы прабуем ужо на прафесійны зуб, радуемся трапнасці вобразаў і дакладнасці слова.Пазней, калі ён сам прыехаў у Мінск, увайшоў у пісьменніцкае асяроддзе, мы па першым уражанні былі як бы збіты з тропу свайго ўжо складзенага ўяўлення аб ім: гэты лірык з тонкаю, кволаю душою ў вершах аказаўся магутным дзецюком, з сілаю і ўчэпістасцю рук казачнага каваля Вернідуба.I я памятаю па сваім асабістым уражанні, што, калі заходзіла гаворка пра яго вершы, сам ён заўсёды губляўся і бянтэжыўся, і, відаць, не толькі ад сціпласці, але, як мне здавалася, і ад нейкай вінаватасці: а ці не выглядаю я нязграбным асілкам, які можа варочаць дубы, а я прысеў на кукішкі і на паэтычным лужку шчыпаю кветачкі? Таму неўзабаве, як бы ў сваё апраўданне, ён, адцураўшыся вершаў, заявіў пра болей салідны занятак: аказалася, што галоўны яго клопат – проза. I што ў партызанскім лагеры ён напісаў апавяданні, з якіх і лічыць сваё літаратурнае радаслоўе.Аднак, адцураўшыся вершаў ён на ўсё жыццё астаўся паэтам. Самы вялікі наш паэт у прозе Кузьма Чорны, памятаю, прачытаўшы яго апавяданні, першы ўзрадаваўся шчасліваму гукавому супадзенню, назваўшы маладога пісьменніка брыльянтам у прозе. Ён радаваўся гэтаму свайму адкрыццю, будучы ўжо цяжка хворы, і можна ўявіць сабе, што сустрэча і знаёмства з блізкім яму талентам па вобразным мысленні, па адчуванні слова былі яму асабліва дарагія і ўцешныя.Прадбачанне Чорнага спраўдзілася. Янка Брыль увайшоў у вялікую прозу праз паэзію, як і сам Кузьма Чорны.У нас часта крытыкі, каб пахваліць празаіка, гэтыя вызначэнні – паэтычная проза, лірычная проза – чапляюць як знак вышэйшага гатунку прадукцыі, хоць сама прадукцыя так жа далёкая ад паэзіі, як і ад прозы. Часта – гэта той саладжавы кісель, які ў дадатак яшчэ разбаўляецца таннай чуллівасцю і сентыментальнасцю.Было б сапраўды недарэчна і смешна, каб Янка Брыль са сваёй сілай, здольны гахнуць з-за вуха на поўную размашку молатам, цешыўся ад тага, што ўмее трымаць у руках іголку. Я ведаю, што ў літаральным, жыццёвым сэнсе ён умее яе трымаць, а ў пераносным – віртуозна валодае ёю ў сваіх паэтычных афортах-мініяцюрах і навелах, але, дзякуй богу, ён ніколі не паддаваўся спакусам лёгкага хлеба літаратурнага краўца.Бог быў добры да яго, не даўшы яму гэтых здольнасцяў: пры дапамозе халоднага разліку сканструяваць белетрыстычны сюжэт, а потым падпіраць яго гатовымі блокамі будаўнічага матэрыялу. У гэтым сэнсе ён не перадавік, не ўдарнік. Не можа механізаваць нават свайго пісьменніцкага начыння, знаходзячы асалоду ў старадаўнім, прадзедаўскім спосабе – піша пяром.Наўрад ці будзе ён аўтарам мнагатомных эпапей. Яго пераход ад апавядання, ад кароткай аповесці да эпічна-маштабных даследаванняў чалавечых лёсаў, характараў і падзей быў нялёгкі. Да першай кнігі рамана «Граніца», якая была апублікавана ў 1949 годзе, крытыкі, у тым ліку і аз грэшны, аднесліся вельмі строга. Не адразу знайшоў ён выразную творчую канцэпцыю і для рамана «Птушкі і гнёзды», вярнуўшыся да ўдасканалення кнігі пасля апублікавання.Такім чынам, пралікі і няўдачы мелі для яго далейшага росту немалое значэнне, можа быць, нават большае, чым поспехі.Сапраўднае творчае шчасце такіх пісьменнікаў у тым, што будуюць яны з самага трывалага матэрыялу – думкі і слова, выпрабаваных уласным сэрцам. I чытачу, які адкрывае для сябе такога аўтара, творы яго – верныя спадарожнікі на ўсё жыццё. Каэфіцыент карыснага ўздзеяння адной малой жамчужыны па сіле схаваных у ёй цяпла і святла не ідзе ні ў якое параўнанне з шумам і грукатам цэлых гідраэлектрастанцый, турбіны якіх рухае літаратурная вада.Тое, што ўмее бачыць Брыль, а потым даць убачыць, адчуць, перажыць нам, чытачам, – рэдкі дар трапнасці і дакладнасці мастацкага бачання.Выпадковы, мімалётны эпізод, адзін рух чалавечай душы, нечы пагляд, усмешка, якія спынілі ўвагу пісьменніка, потым спыняць і нашу, прымусяць заварушыцца і наша пачуццё, нашу думку: сапраўды – а чаму гэта важна асабіста і для мяне; чаму душэўная трывога незнаёмага чалавека занепакоіла і мяне; чаму незнаемы след на дарозе, у які ступіла мая нага, так узрушыў маю дапытлівасць: а чый ён, хто той, што ідзе перада мною?Душэўныя ўзаемасувязі, залежнасць твайго настрою ад асяроддзя, у якім ты жывеш, – гэта і ёсць хвалі, на якія павінен быць заўсёды настроены сейсмограф пісьменніцкай душы.У сферы абыходжання з чалавекам Янка Брыль, як рэдка хто з нас, мае самы тонкі досціп і чуласць. Маючы выключную трапнасць вока, ён умее ў вялікім натоўпе адрозніць чалавека як асобу, нечым больш адметную і цікавую за іншых, на тралейбусным прыпынку чужога горада зазірнуць у твар дзяўчынцы-падлетку і ўстрывожыцца яе душэўным неспакоем:«Стала шкада яе, шкада і таго, што яна ніколі не даведаецца, што падумаў пра яе, што адчуў здаравенны ды стараваты дзядзька – прахожы, з выгляду – як мне і дзеці дома кажуць часамі – чагосьці злосны...» – запісвае ў сваіх нататках пісьменнік, праўда, не зусім упэўнены, ці прыме на веру нехта іншы жыццёвую праўду гэтага псіхалагічнага факта.«Хто паверыць, калі запішу? – падумаў я. – Дый сентыментальна будзе... А сёння вось тая дзяўчынка зноў стаіць перад вачыма са сваёй задумай. I запісваю».I добра робіш, дружа мой, – скажу я, як чытач, – дзякуй табе. Дзякуй скажа і тая дзяўчынка, на вочы якой, можа, трапяцца словы твайго прызнання, – няхай не цяпер, калі яна яшчэ падлетак, а тады, калі стане маці сваіх дзяцей, тых падлеткаў, чысціня пачуццяў і жыццёвае шчасце якіх будуць залежаць перш за ўсё ад атмасферы людской чуласці, дабраты і душэўнага далікацтва іх бацькоў іх настаўнікаў і – пацешым сябе добрай надзеяй – тых «здаравенных ды стараватых дзядзькоў», што «з выгляду чагосьці злосныя».Вялікае шчасце для пісьменніка – нідзе і ніколі не быць прахожым. Янка Брыль мае гэтае шчасце і высока шануе яго:«Яшчэ, і яшчэ, і яшчэ раз адкрыць для сябе чалавека і паважаць яго як асобу, як яшчэ адно праяўленне жыцця ў яго пайвышэйшым выражэнні», — гаворыць пісьменнік ў другой нататцы, вызначаючы адчуванне павагі да чалавечай асобы як неабходнасць, як умову, як норму ўласных паводзін, як этычны і эстэтычны кодэкс грамадства.Пільным, праніклівым зрокам убачыць чалавека ў псіхалагічным выяўленні, у найтанчэйшых эмацыянальных адценнях – адна з важнейшых асаблівасцяў увагі Янкі Брыля да людское асобы.Каму, як не яму, павінна запасці ў памяць і астацца там назаўсёды старэнькая хаціна на доўгай вясковай вуліцы, па якой ён прайшоў двойчы з канца ў канец, каб яшчэ раз зірнуць на самотную хату. Чым яна прыцягвае яго ўвагу – пісьменнік даходзіць не адразу. Не тым, што яна – хата, старая, спрадвечная. «У агародчыку, – заўважае Брыль, – перад хатай стаяла бабуля – таксама спрадвечная. Стаяла, калі я ішоў па вёсцы ў адзін канец, стаяла, калі вяртаўся». Але і на гэтым не канчаецца абсяг убачанага. I вось нарэшце пісьменнік заўважае, адкрывае для сябе тую адзіна неабходную яму падрабязнасць, гаворачы прафесійнай мовай – мастацкую дэталь, якая раптам высвечвае сэнс вобраза, стварае цэлую карціну глыбокага эмацыянальнага напаўнення.Знарок стаўлю кропку, каб ухмылка здольных лавіць на паўслове зайграла на нечым твары, які ўжо моршчыцца ад неэстэтычнасці таго, што я абвясціў цэлай паэтычнай карцінай: старэнькая хата, агародчык, а ў ім – бабуля спрадвечная. Якая ж тут паэзія, што тут паэтычнага?Сапраўды, нічога, таму што ў ёй, у гэтай карціне, няма галоўнага эмацыянальнага асяродка, няма той душы, якую зараз, на вашых вачах, у яе (карціну) удыхне мастак:«Побач з бабуляй, каля не вельмі ўжо відушчага акна, – сакавіты зялёны куст. Можа, я не пазнаў бы за нейкіх пяць крокаў а то і не пацікавіўся б, што за куст, але на ім цвіла ружа. Толькі адна».Толькі адна – зазначае пісьменнік. I вы раптам убачылі, як гэтая адна ружа дала вам адчуць і ўсю самотнасць старой жанчыны, і яе надзею на добры водгук няхай сабе і незнаёмага сэрца. Гэта адна-адзінюткая ружа ў агародчыку цяпер ужо зазіхацела, як зыркі вечаровы зніч у шарую гадзіну чалавечага жыцця, калі прыйшла пільная патрэба падумаць – дзеля чаго і як ты яго пражыў.«Светлая кропка агеньчыка», – гаворыць пра гэтую ружу сам пісьменнік, а я, чытач, дадаю: «О, каб жа мы, людзі, часцей умелі бачыць, заўважаць, а яшчэ лепш – запальваць гэтыя агеньчыкі, наколькі б мы былі лепшыя, дабрэйшыя і шчаслівейшыя!»I яшчэ адзін запіс, яшчэ адзін верш пра людскую дабрату – няхай сабе даверліва-наіўны, але колькі ў ім шчырасці і чысціні!… Старая жанчына едзе ў аўтобусе па пыльным гасцінцы род¬ных мясцін. Hi з таго ні з сяго – зазначае аўтар – яна развязала чыстую белую хустку і пачала частаваць пасажыраў вялікімі чырванабокімі яблыкамі. Не знайшоўшы ў сваіх думках тлумачэння такому парыву раптоўнай гасціннасці, калі кабета раздала пасажырам яблыкі, пісьменнік не можа супакоіцца, сказаўшы недакладнае і ўмоўнае: «ні з таго ні з сяго». Яму рупіць дайсці запаветнага сэнсу – з чаго? 3 якое прычыны, з якога штуршка нарадзілася і радасна затрапяталася ў душы пачуццё гарачай удзячнасці людзям, шчодрае імкненне падзяліцца шчасцем, здабытым яе працай. Аўтар перабірае ў сваіх развагах самыя розныя меркаванні. I ніводнага з іх не прымае.«А можа, радасць яе прасцейшая? – задае ён пытанне сабе самому. – Скажам, доўга ішла палямі, вельмі стамілася і ўжо нават не верыла, што аўтобус той будзе, што ён на пустым скрыжаванні яе прасёлка з гаспінцам спыніцца, возьме яе... А ён спыніўся і ўзяў!..»Як бы ўсцешыўся іншы «псіхолаг» – нарэшце знойдзена тлумачэнне, самае жыццёвае і дакладнае.Аж не! «Не, не ў гэтым прычына яе дабраты», – сцвярджае аўтар, так стройна ўжо выбудаваўшы паслядоўную, лагічную і гарманічную кампазіцыю сваіх доказаў. Аказваецца, не! А ў чым жа? – зноў пытаецца пісьменнік. I разам з ім пытаемся ўжо і мы. Акцэнт і інтанацыя, якія гучаць у нашай зацікаўленасці, ужо набылі вышэйшую танальнасць, набліжаючыся да свайго крэшчэнда. Прычынныя ўжо не да прыватнага выпадку, задумваемся і мы разам з пісьменнікам.У чым жа прычына дабраты чалавечай – у натуры, у разуменні жыцця – у чым?I самае цікавае, што ні на адно з пастаўленых пытанняў пісьменнік не дае адказу. Але кожны з нас пачынае сам шукаць і тлумачэння, здавалася б, вельмі нязначнай падзеі, і адказу на вельмі значныя пытанні.Калі Янка Брыль пачаў публікаваць свае першыя цыклы лірычнага дзённіка, мне гэта здалося недаравальный раскошай, раскідваннем таго, што потым пісьменніку прыдалося б для будучых твораў. Уласна кажучы, прызначэнне запісной кніжкі для пісьменніка – творчыя нарыхтоўкі. Аднак, ведаючы, якая ўчэпістая памяць у Брыля – не толькі зрокавая, але і псіхалагічная, памяць перажытых пачуццяў, я ўпэўніўся, што ён мог бы зусім абысціся без запісных кніжак. Тут якраз я і дайшоў, як мне здаецца, больш важнай акалічнасці, што нататкі, запісы, дзённік, у якіх з такім даверам і нават інтымнасцю гаворыць з чытачом Брыль, – гэта, па сутнасці, самая запаветная лабараторыя пісьменніка, у якой даследуецца найгалоўнейшы аб’ект мастацтва – чалавек.Абсяг і axoп аспектаў даследавання тут самыя разнастайныя. Дыяпазон хваль, на якія адгукаецца сэрца даследчыка, настолькі шырокі, што мы часта чуем, як у гаме яго перажывання адначасна гучаць – лагодная усмешка і глыбокае засмучэнне, радасць адкрыцця і бяссілле перад неразгаданай тайнай, даверлівасць шчасця і замкнёнасць, зацятасць самотнай душы.Што зблізіла, зрадніла пачуцці двух, нават не знаёмых між сабою, Антона Чэхава і Максіма Багдановіча? Супадзенне лёсу? Сумная акалічнасць, што ў апошнюю хвіліну абодва апынуліся далека ад роднай зямлі, ад родных і блізкіх людзей?Амаль побач стаяць у Брылёвым дзённіку запісы пра Чэхава і пра Багдановіча, аднак зусім не гэтыя пытанні вынікаюць з разваг і настрою аўтара. Атмасфера свайго, асабістага, душэўнага дачынення перш за ўсё ўразіць вас у гэтых развагах. I Чэхаў, і Багдановіч – дарагія і блізкія нам, людзям, сваёй высокай паэзіяй чалавечнасці. Яны – абодва вялікія паэты, хоць, як вядома, першы з іх ніколі не пісаў вершаў.Брыль выпрабоўвае самыя разнастайныя ракурсы бачання чалавека. Зусім не абавязкова падыходзіць з загадзя прэтэнцыёзнымі, маштабнымі вымярэннямі нават да такіх гігантаў, як Леў Мікалаевіч Талстой. Гляньце на яго з добрай, даверлівай усмешкай. Аказваецца, і ў такіх волатаў духу ёсць свае зямныя «слабасці», цераз якія чамусьці яшчэ бліжэй спазнаеш чалавека і пачынаеш любіць яго яшчэ мацней.У час свайго падарожжа па Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы Брыль занатоўвае такі факт даўняй гісторыі:«У адной з музейных залаў Вартбурга, перад уваходам у тую келлю, дзе Лютэр перакладаў Біблію ў адзін час з нашым Скарынаю... прыемна было чуць ад фрау-гіда, што тут быў калісьці Пётр Першы, а потым Талстой, малады яшчэ, але ўжо слаўны аўтар трылогіі і ваенных апавяданняў. Дык ён, як сведчыць запіс каменданта гэтага замка, больш за ўсё несалідна катаўся на восліках...»У любым выпадку, нават калі камендант замка быў настолькі абмежаваны, што болей нічога не ўбачыў у Талстым, ці нават быў цвёрда перакананы ў сваёй вышэйшай значнасці і перавазе і з асуджэннем глядзеў на госця-блазна, – скажам яму: дзякуй табе, камендант-служака. Тваё асуджэнне выклікала яшчэ большае наша замілаванне жывою натураю дарагога нам чалавека!Па даўняй традыцыі ў старадаўнім парку Вартбурга, як сцвярджае Янка Брыль, і цяпер катанне на восліках – вялікая асалода, асабліва для малышоў.Што ж, будзем лагодныя, даруем і нашаму, як гаворыць пісьменнік, «несаліднаму» Льву Мікалаевічу, які не ўстаяў супраць такой прывабнай спакусы – і пракаціўся на восліку.Будзем, сябры, не толькі лагодныя, а часам і цярплівыя да людскіх слабасцей, тым больш што нехта ж церпіць і нашы!Для пісьменніка, для паэта катэгорыі часу, нават цэлыя, далёкія адна ад другой эпохі – не перашкода ў вызначэнні блізкасці людскіх пачуццяў, асабліва на самых высокіх вяршынях выпрабавання, калі душэўная мужнасць становіцца подзвігам трываласці, вернасці і годнасці чалавечай асобы.У Грузіі на гары Мтацмінда на помніку Грыбаедаву юная Ніна Чаўчавадзэ, жонка паэта, навечна запісала свой адчай і роспач: «...для чего пережила тебя любовь моя?»Гэта вядома многім – і тым, хто пабываў ля магілы Грыбаедава, і тым, хто ведае яго жыццяпіс. Беларускі пісьменнік тут, на гары Мтацмінда, здавалася б, па далёкай асацыяцыі, але па блізкай памяці яго сэрцу, прыгадвае трагедыю, якая здарылася ў часы яго юнацтва ў роднай вёсцы: «У мнагадзетнай удавы ўтапіліся ў касавіцу, купаючыся позна ўвечары, дзве старэйшыя дачкі, работніцы і красуні».Далей аўтар расказвае, як праз трыццаць з лішнім гадоў, прыйшоўшы пад старыя сосны на вясковых могілках, ён пазнаў шэры, замшэлы помнік тае жахлівай трагедыі. I нават прачытаў яшчэ не сцёртыя часам словы, выбітыя на камені местачковым майстрам, – словы, якія маці адарвала ад свайго сэрца:
Ой, вы, сосны, не шумеце, Маіх дочак не будзеце.
Два радкі, народжаныя горам і адчаем непісьменнай жанчыны, – гэта ўжо катэгорыя той народнай паэзіі, якая ніколі не можа быць ні прымітыўнай, ні будзённай, бо выйшла з самых глыбінь людскіх пачуццяў.«Дзевятнаццацігадовы юнак, я тады, у далёкай давераснёускай рэчаіснасці, запісаў сабе новую тэму апавядання. I, як многія іншыя тэмы, не вырашыў яе, нават і не пачаў хоць пачуцці хвалявалі мяне. Асабліва ў той ліпеньскі вечар, калі мы, моладзь трох вёсак, неслі па вузкай, калматай дарозе дзве труны... I тады і доўга яшчэ я не ведаў, што мне рабіць з маім хваляваннем...» – даверліва прызнаецца нам, чытачам, пісьменнік. I мы адказваем яму такой жа даверлівасцю і шчырасцю. I хоць, па сутнасці, на гэтай глыбока псіхалагічнай навеле канчаюцца новыя запісы дзённіка, не канчаюцца нашы хваляванні і наш роздум над жыццём, над веліччу духоўнай трываласці чалавека.3 пакалення ў пакаленне, ад папярэднікаў да сучаснікаў як жывое водгулле перадаюцца такія пачуцці, якія ў сваіх найвышэйшых выяўленнях збліжаюць і яднаюць і сэрца юнай удавы Грыбаедава, і сэрца старой мнагадзетнай ўдавы з беларускай вёскі.У адным са сваіх запісаў Янка Брыль сам у сябе пытаецца: «Хто быў аўтарам выдатных вершаў, якія сталі народнымі песнямі?» I хоць на пастаўленае пытанне і не дае адказу, але чытач удзячны яму ўжо затое, што такі адказ і адказы на многія іншыя пытанні ён, даверыўшыся ходу і развіццю аўтарскай думкі, увайшоўшы ў напружаную атмасферу яго пошукаў, пачынае шукаць сам, радуючыся адкрыццям, да якіх падрыхтаваў яго пісьменнік.Час можа скрышыць, стачыць і высакародны мармур і просты камень, сцерці літары, выбітыя на іх, але ён бяссільны сцерці з памяці людской словы, якія ўжо аддадзены ў запавет сэрцам іншых людзей: «...для чего пережила тебя любовь моя?» і «Ой, вы, сосны, не шумеце, маіх дочак не будзеце».Час не захаваў, не данёс да нас імёнаў людзей, вядома ж – непісьменных, але сапраўдных паэтаў, геніяў з народа, што аддалі яму ў запавет назаўсёды, навечна свае самыя найлепшыя, найпрыгажэйшыя пачуцці, укладзеныя ў словы і ў музыку такіх песенных шэдэўраў, як «А ў полі вярба», «Ці свет, ці світае», «Ой, не кукуй, зязюленька», – пералік іх бясконцы, як бясконцая сама народная творчая спадчына.Гэтыя развагі, выкліканыя развагамі калегі па працы, могуць здацца ў пэўнай ступені абстрагаванымі і аднабаковымі ў спосабе аналізу. Ахвотна прыму гэты папрок. Але я свядома паставіў перад сабой задачу – не толькі чытаць тое, што напісаў таварыш, але і думаць разам з ім, увайсці ў яго лабараторыю, побач з ім весці доследы, якія найбольш займаюць яго ўвагу, і калі вынікі нашых пошукаў у нечым разыдуцца, не супадуць – вінаваты будзе не яго, а мой аспект бачання, ход і логіка маіх вывадаў.Каб не склалася ўражання, што Янка Брыль у сваім дзённіку заняты выключна разважаннямі на тэмы адвечных ісцін, сцвярджэннем крытэрыяў і законаў мастацтва ў яго ўжо выяўленых формах, зазначу, што і ў новых лірычных запісах перш за ўсё выступае сучаснік, чалавек нашых дзён, з пачуццём высокай грамадзянскай адказнасці за ўсё, што бачыць, адчувае, перажывае, аб чым думае і чым устрывожаны.Час яшчэ не сцёр з памяці людской, ні з пакутнай зямлі слядоў, якія пакінулі на ёй нечуваныя трагедыі, страты і ахвяры, што прынесла чалавецтву карычневая чума.У нататках, звязаных з паездкай па Германіі, вобразныя аналогіі і асацыяцыі ўвесь час займаюць увагу пісьменніка, які не толькі на свае вочы бачыў жахі вайны, знявагу і прыніжэнне людской годнасці, але і ў нашы дні востра адчувае небяспеку новых прошукаў чалавеканенавісніцтва і апраўдання злачынстваў, што ўпісаны ў гісторыю крывёю мільёнаў людзей:«...з крутой, арлінай вяршыні крэпасці Кёнігстайн глядзеў на ўтульныя, чырванадахія вёсачкі ў зеляніне садоў, на палявую і лясную красу далін і ўзгоркаў над велічнай, гістарычнай ды песеннай, Эльбай.I зноў уявілася, што і адгэтуль, з чароўнай Саксонскай Швейцарыі, людзі хадзілі далека, «за свет вочы», паліць старых і дзяцей у якім-небудзь большым ці меншым Асвенціме, большай ці меншай Хатыні, у нашым наднёманскім Новым Сяле...»У наступным запісе нота занепакоенасці і трывогі падымаецца на яшчэ вышэйшую ступень – ступень асабістай адказнасці чалавека за сваю будучыню, бацькі за сваіх дзяцей.«Чаму праз майго сына, ставячы яго ў розныя сітуацыі былой і будучай вайны, мне прасцей разумець увесь жах бесчалавечнасці? – разважае сам-насам з сабою пісьменнік, адказваючы на сваё пытанне так: – Таму, што ён найбліжэйшы да майго «я», мы з ім амаль адно, я больш за ўсё на свеце даражу яго прыходам у жыццё, прыходам у якасці майго наступніка, майго паўтарэння ў лепшай – я так хачу – у чысцейшай, дасканалейшай сутнасці».I далей: «Ён – як усе дзеці ўсяго свету. Усе яны – як ён... Боль усіх дзяцей мне лягчэй зразумець праз боль ягоны, праз боль, што не можа быць не маім».Гэта ўжо – выснова высокага гуманістычнага і грамадзянскага абавязку бацькоў, што ўсім сваім жыццём бароняць най¬вялікшую каштоўнасць новага камуністычнага грамадства – чалавечнасць чалавека.«Самая цудоўная, самая міжнародная музыка – дзіцячы смех», – гаворыць Янка Брыль – вобразна, афарыстычна, са ўсёй шчырасцю добрай душы.I, можа быць, дарэмна пісьменнік часта як бы спахапляецца ў гэтай шчырасці і сарамліва просіць у чытачоў прабачэння за сваю расчуленасць і, чаго ён асабліва баіцца, сентыментальнасць. Дзіва што! «Здаравеннаму дзядзьку» яна не да твару, і ўсё ж, як на тое ліха, найбольш церпіць ад яе Брыль якраз жа ў часе сваіх дачыненняў з дзецьмі і ніяк не можа змірыцца з тым, што гэта – натуральная ўласцівасць кожнага добрага чалавека.Янка Брыль па-асабліваму любіць і адчувае маленства. Усё, што ён напісаў і піша пра дзяцей, прадыктавана глыбокім душэўным замілаваннем, роздумам і пачуццём. I сярод новых яго запісаў столькі жывой непасрэднай радасці і эмацыянальнага ўзрушэння там, дзе ён сустракаецца з дзецьмі, захапляецца шчырай наіўнасцю і чысцінёй іх пачуццяў даверлівасцю іх вачэй.Дзеці – усюды дзеці. I ў Германіі, і ў Польшчы, у Беларусі, Грузіі і Арменіі.Тое, што Брыль піша пра дзяцей, з асаблівай асалодай чытаюць дарослыя. I тут я падышоў якраз да той, як мне думаецца, асаблівасці пісьменніка, якую ён, уступіўшы ў дзедаўскі ўзрост, добра разумее і сам. Можна выдатна, цудоўна пісаць пра дзяцей, і ўсё ж гэта будзе літаратура для дарослых. Брыль, які адчувае пэўную мяжу паміж літаратурай пра дзяцей і літаратурай для дзяцей, пакуль што не зусім упэўнена пераходзіць на яе другі бок.На першы погляд, гэта здаецца загадкай. У чым тут сакрэт? У якой прафесійнай спецыфіцы?Дасканала валодаючы кампазіцыяй псіхалагічнага сюжэта, дакладнасцю дэталі, натуральнасцю паводзін сваіх герояў, сцісласцю, суровай ашчаднасцю кожнага слова, Брыль дастаткова мае і той душэўнай шчодрасці, якую так тонка адчуваюць і цэняць дзеці. I, аднак, ён яшчэ не стаў дзіцячым пісьменнікам у поўную меру сваіх магчымасцей. А павінен стаць ім. Я даўно перакананы, што кожны сапраўдны мастак рана ці позна прыходзіць да дзяцей. У гэтым ёсць свая заканамернасць, прыходзіць, бо мае патрэбу далучыцца да той крыніцы, якая жывіць чалавека шчасцем творчасці.Не зусім спадзеючыся на маладога, пачынаючага аўтара, на¬ват самага здольнага, які бярэцца пісаць для дзяцей, я ўпэўнены ў большым поспеху пісьменніка, што ідзе не толькі ад літара¬турнага вопыту, а ў першую чаргу – ад жыццёвага, і якому ёсць што сказаць, ёсць чаму навучыць, і які ўмее гаварыць з дзецьмі.Як гэта будзе ні парадаксальна і недаравальна маёй непаслядоўнасці, я ўсё ж вярнуся да той Брылёвай «слабасці» – замілавання дзецьмі, за якую так часта просіць у нас выбачэння сам пісьменнік і ад якое я так легка хацеў выбавіць Брыля, параіўшы яму – не саромецца расчуленасці. I ўсё ж сам Брыль, відаць, бліжэй да ісціны: расчуленасць цэняць дарослыя, дзеці яе не прымаюць у абыходжанні з імі. Яны вымагаюць поўнай сур’ёзнасці, роўнасці і абсалютнага даверу.Па сваіх дзецях я памятаю, як артыстка – улюбёнка ўсіх дарослых, што праславілася на ўвесь свет выключнай імітацыяй дзіцячага голасу, заўсёды выклікала самы бурны пратэст у маленькіх слухачоў. Пачуўшы яе перадачу, малыя адразу ж кідаліся, каб выключыць радыё.3 радаснай гатоўнасцю дзеці прымуць у сваю гульню, залучаць у свет сваёй выдумкі і фантазіі кожнага, у тым ліку не толькі дзядзьку, але і дзеда, калі мы шчыра паверым і з поўнай павагай і захапленнем будзем глядзець на будучага касманаўта, які круціць перад сабой нябачнае стырно і гудзе на поўную моц усяго свайго рэактыўнага рухавіка. А яшчэ лепш – і самому папрабаваць пераадолець сілу зямнога прыцягнення і ўзняцця ў стратасферу вобразнага мыслення дзіцяці. У гэтым выпадку не страшна і «здзяцінець», калі гэта кампенсуецца вялікай радасцю далучэння да тых найвышэйшых крытэрыяў душэўнай натуральнасці, дзе канчаецца, нарэшце, адчуванне вінаватасці за тое, што мы не толькі стараватыя дзядзі, a і дзяды.У сваіх запісах, што працягваюць лірычны дзённік пісьменніка, Янка Брыль ўбачыўся чытачу не толькі як мастак, якога мы ўжо добра ведаем па шчодрых, поўных прыгаршчах сонечных зярнят і які вызначыўся нястомнымі пошукамі сілы, хараства і выразнасці слова, – у новых мініяцюрах пісьменнік шукае і знаходзіць сілу, хараство і выразнасць думкі ва ўсіх яе самых запаветных выяўленнях непасрэдна праз пачуцці, праз сэрца людское.Канцэнтрацыяй думкі пісьменнік узняў лірычную мініяцюру на новую, яшчэ большую ступень паэтычнасці, кампазіцыйнай і вобразнай завершанасці.Гэта сапраўды паэзія высокай чалавечнасці, якая патрабуе ад чытача напружання думкі, непаспешлівых разваг і роздуму.
1971-1977
Вітка, В. Выбраныя творы / Васіль Вітка ; укладанне і каментар Т.Тарасавай ; прадмова А. Васілевіч. – Мінск : Беларуская навука, 2013. – (Беларускі кнігазбор. Сер. 1. Мастацкая літаратура). – С. 446–482.