Яшчэ не блізкі час той, Якому ў снах я рад, А мроіцца так часта – Ідзе з вайны салдат.Ідзе разважным крокам Каторы дзень здалёк, I бразгае пры боку Запасны кацялок.А нанач зойдзе ў хату Перадыхнуць да дня, I кожны рад салдату, Ён кожнаму – радня.Падасць, як госцю, руку Яму стагодні дзед:– А дзе ж мае унукі, Ці значыцца хоць след?Сястры карціць пра брата, Не выцерпеў хлапчук:– Чаму не йдзе мой тата? – Спытаць я ў вас хачу...– I мне ўжо не пісалі Ад самых аж каляд...– А можа, сустракалі Майго дзе Васіля?Ты ўсіх павінен ведаць I ўсім адказваць, брат, – I хлапчуку, і дзеду – На тое ж ты – салдат.З казённае махоркі Ўжо вытрускі адны. I душыць смуткам горкім Душу ўспамін вайны...Прызнаецца на ўдачу, Успомніць ён – хто дзе. – А як жа, бачыў, бачыў Тваіх я ўнукаў, дзед.Табе зазначу шчыра, Папраўдзе, без маны: Мы не ўзялі б Мазыра, Дальбог, каб не яны.Яшчэ прыйшоў час горшы Нямецкім хіжым псам, Як білі іх пад Оршай – Магу засведчыць сам.Якраз на фланту левым Ішоў наш батальён, Фашыста ў Магілеве Паклаў нямала ён.З душой адданай, сынскай У бой мы ўсе ішлі, Без нас бы немцу ў Мінску I рады б не далі.Вось вам мая зарука, Што вернуцца яны...Чакаюць іх унукі I сівыя сыны.
1944-1964