Мінулая нядзеля была нядзеляй Добрага Пастыра. Яна распачала ў Касцёле тыдзень малітвы аб пакліканнях, святарскіх, манаскіх і місійных.
Што такое "пакліканне"? Кім хочаш стаць? Тут можна думаць адначасова ў двух накірунках:
якую спецыяльнасць выбраць;
які стан жыцця выбраць.
Нашае сэрца лепш за ўсё ведае Бог. Таму ў Яго трэба пытацца: што Ён для мяне падрыхтаваў?
Якія станы жыцця ёсць у Касцёле?
Сужэнства
Святарства
Кансэкраванае жыццё
Ёсць таксама форма самотнага жыцця, калі чалавек прысвячае сябе нейкай справе, служэнню іншым.
А зараз па чарзе...
Пра сужэнства ты шмат ведаеш са сваёй уласнай сям'і, ты бачыш таксама сем'і сяброў і знаёмых. Гэта стан жыцця, у якім чалавек спаўняе волю Бога і становіцца добрым бацькам і добрай маці.
Святарства. Як і кожнае пакліканне - гэта адказ на заклік Бога. Святарамі не нараджаюцца. Гэтую дарогу свядома выбіраюць, і яна вядзе праз семінарыю - спецыяльную навучальную ўстанову для святароў, дзе вучацца 6 гадоў. У нас у Беларусі ёсць дзве семінарыі.
Кансэкраванае жыццё. Гэта такі стан жыцця, у якім асоба, адказваючы на Божы заклік, хоча быць падобнай да Езуса, хоча як Ён, быць чыстай, убогай, паслухмянай Айцу. Таму складае тры шлюбы: чыстасці, убоства (беднасці) і паслухмянасці.
Існуюць розныя інстытуты кансэкраванага жыцця, розныя ордэны. Ёсць такія манахі, што ўвесь час знаходзяцца ў адным кляштары. Такія ордэны называем кляўзуровымі (параўнай з англійскім closure).
У нас у парафіі ты бачыш две супольнасці кансэкраванага жыцця, якія вядуць апостальскую дзейнасць. Гэта Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў (OFMCap) і Кангрэгацыя Сясцёр Місіянерак Святой Сям'і (MSF).
Сярод тых, хто выбірае кансэкраванае жыццё, існуюць дзевы кансэкраваныя. Гэта дзяўчыны, якія таксама складаюць тры шлюбы, чыстасці, убоства і паслухмянасці, але не жывуць у кляштары. Яны працуюць у розных сферах, а таксама дапамагаюць у жыцці Касцёла, у канкрэтнай парафіі.
Яшчэ на гэтым тыдні молімся аб місійных пакліканнях. Просім, каб Бог даў адвагу маладым людзям, якія б маглі абвяшчаць Яго Слова ў іншых краінах.
Паглядзі фільм, які расказвае пра адно пакліканне...
Памаліся аб новых пакліканнях да святарскага, кансэкраванага і місійнага жыцця. Памаліся таксама ў інтэнцыі тых маладых людзей, якія баяцца пайсці за голасам Бога, каб Дух Святы даў ім дар адвагі і мудрасці.