Сёння наша тэма - другая частка святой Імшы - Літургія Слова.
Па-першае, успомнім, як называецца месца, адкуль чытаецца Божае Слова падчас святой Імшы. Памятаеш? Амбона!
Яшчэ сёння будзе новае слова - лекцыянарый. Гэтым словам называем кнігу, у якой змешчаны тэксты са Святога Пісання на кожны дзень. Запомні гэтую назву.
Літургія Слова - гэта дастаткова вялікая частка Імшы. Яна ўключае ў сябе некалькі падпунктаў:
І чытанне
Псальм
ІІ чытанне
Аллелюя
Евангелле
Казанне
Вызнанне веры
Малітва верных
І чытанне звычайна бярэцца са Старога Запавету (бываюць выключэнні). Яно пачынае Літургію Слова. На гэтае чытанне мы сядаем - і слухаем Слова Божае як вучні ў школе. Трэба старацца слухаць уважліва, не размаўляць у гэты час і не займацца іншымі справамі.
Пасля чытання прыходзіць момант, калі мы на Божае Слова адказваем. Гэты адказ называем Псальмам. Калі ўважліва паглядзіш у сваю Біблію, то знойдзеш у Старым Запавеце кнігу "Псалтыр". З гэтай кнігі і бяруцца псальмы, якія спяваем падчас Імшы. Усяго ў Бібліі 150 псальмаў. Традыцыйна аўтарам шматлікіх з іх лічыцца цар Давід.
У нядзелю і ўрачыстасці ёсць яшчэ ІІ чытанне - з Новага Запавету. У звычайны дзень гэтага чытання няма.
Пасля наступае момант, калі мы ўсе ўстаём. Гэта спеў "Аллелюя". Гэтае слова абазначае "Хвалім Бога". Гэтым спевам мы праслаўляем Бога за тое, што дае нам Сваё Слова.
А зараз - момант, калі да амбоны падыходзіць святар. Калі І і ІІ чытанні маглі чытаць міністранты або іншыя вернікі, то Евангелле - Слова, якое чытае або святар, або дыякан. Перад тым, як падысці да амбоны, святар моліцца, схіліўшыся перад алтаром:
Пасля гэтай кароткай малітвы ён падыходзіць да амбоны і кажа словы, якія мы з вамі ўжо чулі на пачатку Імшы: "Пан з вамі", на што мы адказваем: "І з духам тваім". Пасля гэтага дыялогу святар абвяшчае, што зараз будзе чытаць Евангелле паводле... (і тут называе імя евангеліста). У Святым Пісанні маем 4 кнігі Евангелля:
Пасля гэтых слоў святар робіць спачатку знак крыжа на Лекцыянарыі, а пасля разам з намі: на ілбе, на вуснах і на сэрцы. Гэтым знакам мы хочам, каб Бог дапамагаў нам разумець Слова, сведчыць пра Яго сваімі вуснамі і любіць Яго ўсім сэрцам.
Пасля прачытанага Евангелля святар (або дыякан) цалуе Божае Слова. Мы ж праслаўляем Бога за Яго Слова да нас перад прачытаннем Евангелля і пасля.
Наступае чарговы пункт Літургіі Слова - казанне. У ім святар стараецца нам растлумачыць тое Слова, якое мы толькі што пачулі. Таму тут мы таксама сядаем - і ўважліва слухаем, стараемся зразумець тое, што праз святара Бог нам хоча сказаць.
Пасля казання ў нядзелю ўсе мы вызнаём нашую веру. Так, як калісьці нашыя бацькі вызнавалі веру ў час нашага хросту, так зараз мы кажам, у Каго мы верым. Уважліва прачытай Сімвал Веры і пастарайся зразумець, што ты вымаўляеш падчас святой Імшы. Падкрэсленыя словы - гэта словы, на якія мы схіляем галаву.
Пасля Вызнання Веры наступае час на малітву верных. Малітва можа быць малітвай падзякі, просьбы, перапрашэння. Падчас малітвы верных мы найчасцей просім Бога аб нечым. Трэба памятаць, што калі молімся ўголас, то трэба сказаць за каго хочам маліцца, аб чым Бога просім, і сказаць у канцы словы "Цябе просім", а ўсе адказваюць "Выслухай нас, Пане". У малітве верных Касцёл моліцца за ўвесь свет. Просім Бога спачатку за ўвесь Касцёл, за Папу Рымскага, за святароў, молімся за ўсіх, хто патрабуе малітвы, молімся за памерлых, а ў канцы - за ўсіх, хто сабраўся на святой Імшы.
Малітва верных заканчвае Літургію Слова. Далей пачынаецца Эўхарыстычная Літургія. Пра яе - у наступны раз.
А зараз выканай заданне, каб лепш запомніць тэму.