Як трэба падрыхтавацца да Імшы? Ну, па-першае, трэба прыгожа апрануцца. Уяві сабе, што табе трэба ісці на аўдыенцыю да Караля. Думаю, што не пойдзеш у спартыўных штанах ці шортах. На такія важныя сустрэчы звычайна апранаюць нешта вельмі прыгожае і дастойнае - самае лепшае, што ёсць. А Езус - наш самы вялікі Кароль. Таму да Яго мы таксама павінны прыходзіць адпаведна апранутыя.
Акрамя таго, перад прыняццем Езуса ў святой Камуніі трэба захаваць эўхарыстычны пост 1 гадзіну. Гэты пост азначае, што ты нічога не будзеш есці ці піць (акрамя чыстай вады) гадзіну перад прыняццем святой Камуніі.
Святар і міністранты перад пачаткам Імшы збіраюцца ў cакрыстыі. Перад тым, як пачнецца Імша, яны рыхтуюцца і моляцца. У міністрантаў нават ёсць свая малітва. Прачытай уважліва, аб чым яны просяць Бога перад пачаткам Эўхарыстыі.
Ітак, распачынаецца Імша. Гэта нам абвяшчае гук звону.
Міністранты і святары выходзяць да алтара адзін за адным, у працэсіі. Вельмі часта ты бачыў, што яны не ідуць самым кароткім шляхам, але праходзяць увесь касцёл. Гэты жэст нам павінен нагадаць, што мы ўсе пачынаем святую Імшу. Мы не проста яе глядзім. Мы ў ёй удзельнічаем. У працэсіі нясуць кадзіла, крыж, свечкі. Кадзіла нам нагадвае пра тое, што мы хочам аддаваць хвалу Богу. Крыж - нагадвае пра тое, што Ахвяра святой Імшы - тая самая Ахвяра, якую складае Езус на Крыжы. Свечкі нагадваюць нам, што Езус - нашае Святло. Ён асвятляе нашае жыццё, калі там цёмна ад граху.
Калі міністранты і прэзбітары падыходзяць да прэзбітэрыум, то становяцца на калена. Гэта - знак пашаны для Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Святар, калі падыходзіць ужо да алтара, то яго цалуе. Гэта самае важнае месца падчас святой Імшы - на гэтым алтары адбываецца Ахвяра Езуса Хрыста.
Так як некалі падчас Апошняй Вячэры, падчас святой Імшы Езус дае нам сваё Цела і сваю Кроў.
Пасля пацалунка алтара мы распачынаем малітву Знакам Крыжа. Гэтым знакам распачынаецца кожны сакрамэнт.
Пасля Знаку Крыжа святар вітае нас вельмі прыгожымі словамі. Ён прыпамінае нам, што Бог дае нам сваю ласку, што вельмі моцна нас любіць і хоча, каб мы жылі ў еднасці з Ім і з нашымі бліжнімі.
Мы ў сваю чаргу адказваем "І з духам тваім". Гэтыя словы абазначаюць, што мы таксама молімся за святара, які служыць святую Імшу.
Пасля наступае момант, калі мы можам папрасіць у Бога прабачэння за свае штодзённыя грахі. Гэта разбудаваная малітва. Яна складаецца з закліку святара, з малітвы "Спавядаюся Богу Усемагутнаму", са спеву "Пане, змілуйся". Гэта якраз той момант, калі кожны з нас прызнае сваю слабасць і грэшнасць перад Богам. Гэта таксама момант, калі Бог прабачае нам нашыя лёгкія грахі.
Пасля акту пакаяння мы свяваем урачысты гімн "Хвала на вышынях Богу". Паглядзі ўважліва на яго. Прачытай і звярні ўвагу на тыя словы, якія выдзелены колерам.
Першыя словы гэтага гімну паходзяць з Евангелля. Анёлы, калі з'явіліся пастухам, каб расказаць ім пра Нараджэнне Езуса, спявалі менавіта гэтыя словы "Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі".
Мы разам з анёламі хочам Бога хваліць, благаслаўляць, кланяцца Яму, праслаўляць Яго, дзякаваць Яму.
Вызнаём у гэтым гімне таксама тое, у што верым: што Бог - Валадар нябесны, што Ён - можа ўсё; што Езус узяў на сябе грахі свету, мае грахі; што Езус знаходзіцца зараз побач з Айцом; што Ён - святы, што Ён - наш Валадар і Пан.
Пасля праслаўлення Бога наступае малітва, якую называем калекта. Падобнае слова да слова калекцыя, праўда? Яно абазначае "збіраць разам". У гэтай малітве святар збірае ўсе нашыя малітвы разам. Таму раскладае рукі і кажа "молімся". Пасля наступае хвіліна цішыні. У гэты момант можам успомніць, з якой інтэнцыяй мы прыйшлі на Імшу, за каго хочам асабліва маліцца.
Калекта завяршае частку святой Імшы, якую называем Уступныя абрады.
А зараз выканай заданне.
вывучы гімн "Хвала на вышынях Богу" і малітву "Спавядаюся Богу Усемагутнаму".