Сёння ты даведаешся пра апошнюю ўмову добрай споведзі - выкананне прызначанай пакуты. Каб лепш зразумець тэму, трэба паглядзець фільмік, які апавядае пра сустрэчу Закхея з Езусам. Глядзі ўважліва.
Езус праходзіў праз Ерыхон. І вось, чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць. А калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: «Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме». Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю. А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі: «Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека». Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: «Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш». Езус сказаў яму: «Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула». (Лк 19, 1-10)
Закхей не толькі пашкадаваў за тое, што зрабіў. Ён яшчэ захацеў кампенсіраваць тое зло, якое зрабіў. Таму сказаў: "Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш". І так зрабіў. Падумай, як можна кампенсіраваць злыя ўчынкі. Выканай заданне.
Пасля Споведзі трэба кампенсіраваць зло, учыненае Богу і бліжнім. Таму святар прызначае нам пакуту. Гэта можа быць якая-небудзь малітва. Старайся ўважліва слухаць тое, што скажа святар. Трэба запомніць, якую пакуту ён прызначыць. І трэба яе абавязкова выканаць.
Трэба таксама кампенсіраваць зло, якое мы зрабілі іншым людзям. Калі кагосьці падманулі - трэба сказаць праўду, калі кагосьці абазвалі - папрасіць прабачэння, калі не слухалі бацькоў - папрасіць у іх прабачэння і быць паслухмяным, калі штосьці зламалі - адрамантаваць.
Здараецца, што мы пакрыўдзілі кагосьці, каго больш ніколі ў жыцці не сустрэлі. За такога чалавека можна памаліцца.
Прачытай у падручніку тэму 33.
Выканай заданні: 1 на ст 137, 1-2 на ст 139.
Не забывай пра рахунак сумлення!