Вось мы і прыйшлі да апошніх скарбаў, якія схаваныя ў Святой Імшы. Ты ўжо ведаеш, што ў святой Камуніі прымаеш Цела Езуса, якое дае кожнаму з нас жыццё вечнае. Таму кожны раз пасля прыняцця Цела Хрыста пад постаццю хлеба, трэба Яму падзякаваць за тое, што прыйшоў у тваё сэрца. Гэта вельмі важны момант, момант падзякі.
Пасля спецыяльнай малітвы, пачынаюцца абрады заканчэння. Бог дае нам праз святара сваё благаслаўленне. Паўтараецца дыялог, які ўжо тры разы паўтараўся падчас святой Імшы:
-Пан з вамі.
-І з духам тваім.
Бог нас благаслаўляе. Бог дае нам сваю ласку, каб мы далей ішлі ў свет і былі Яго вучнямі. Мы пасля прыняцця святой Камуніі становімся жывымі манстранцыямі. Езус жыве ў нашых сэрцах. І трэба пра гэта памятаць тады, калі выходзім з касцёла.
Дар Божага благаслаўлення, Яго падтрымкі і дапамогі - гэта яшчэ адзін скарб, які атрымліваем падчас святой Імшы. Без Божай дапамогі ў нас не атрымаецца быць добрымі вучнямі Хрыста.
Пасля благаслаўлення святар кажа словы: "Ідзіце ў супакоі Хрыста". У лацінскім варыянце мы б пачулі "Ite missa est" - даслоўна "Ідзіце, Імша ёсць". Гэта абазначае, што святая Імша працягваецца ў нашымі штодзённым жыцці. Тое, што мы пачулі ў Божым Слове, Божую Любоў, якую атрымалі, мы павінны несці ў свет. Мы павінны гэтым дзяліцца з тымі, хто побач з намі дома, у школе, на вуліцы.
Мы ўсе пасланыя, каб быць вучнямі Езуса ў свеце. Паглядзі фільмік пра чалавека, які паводзіць сябе як сапраўдны вучань Хрыста. Ён мае адкрытыя вочы і добрае сэрца.
А зараз - заданне, у якім ты зможаш паўтарыць увесь пройдзены матэрыял. Трэба правільна падабраць адпаведны момант святой Імшы да таго скарбу, які мы адкрылі.
прачытай тэму 24 у падручніку
выканай заданне 2 на ст. 109.
Жадаю добрых канікул! У наступным годзе мы з вамі будзем адкрываць Святое Пісанне. Нас чакае шмат цікавых сустрэч на старонках Бібліі. Да сустрэчы ў верасні!