Гэтае месца знаходзілася на гары, якую называлі аліўнай, бо ў часы Езуса яна была пакрыта аліўкавымі дрэвамі. Езус моліцца ў гэтым месцы. Ён просіць Бога, каб, калі гэта магчыма, не піць келіха мукі, але перад усім хоча выканаць волю Айца. Таму прымае тое, што для Яго падрыхтавана.
Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім мноства людзей з мячамі і кіямі ад першасвятароў і старэйшын народу. А той, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, той і ёсць; схапіце Яго!» І адразу падышоў да Езуса, і сказаў: «Вітай, Раббі!» І пацалаваў Яго. А Езус сказаў яму: «Сябра, чаго ты прыйшоў?» Тады, падышоўшы, усклалі рукі свае на Езуса і схапілі Яго. І вось, адзін з тых, хто быў з Езусам, працягнуў руку, выхапіў свой меч і, ударыўшы слугу першасвятара, адсек яму вуха. Тады Езус сказаў яму: «Схавай меч свой, бо кожны, хто бярэ меч, ад мяча і загіне. Ці думаеш, што Я не мог бы папрасіць Айца Майго, і Ён адразу ж паставіў бы каля Мяне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў? Але як тады збудуцца Пісанні, што так павінна стацца?» У тую хвіліну Езус сказаў натоўпу: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб схапіць Мяне. Кожны дзень сядзеў Я ў святыні і навучаў, і вы не схапілі Мяне». А гэта ўсё сталася, каб збыліся Пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі. (Мц 26, 47-56)
Езус ведае, што такое здрада. І то здрада вельмі блізкага чалавека. Ён разумее нас у тыя моманты, калі нас пакідаюць, падманваюць, крыўдзяць, калі хтосьці, каму давяралі і каго любілі, аказваецца здрайцам.
Калі ў тваім жыцці былі такія асобы, то можаш пагаварыць пра гэта з Езусам, якога выдаў Юда.
У часы Езуса Юдэя была часткай Рымскай Імперыі. Для таго, каб кіраваць гэтай часткай (правінцыяй), рымскі цэзар вызначаў свайго прадстаўніка. У часы Езуса такім прадстаўніком быў Понцій Пілат.
Так як юдэі мелі сваю святыню, верылі ў Адзінага Бога, то мелі таксама сваіх святароў. Галоўным святаром, які ўзначальваў служэнне ў святыні, быў першасвятар. У часы Езуса ім быў Каяфа.
Езуса завялі да Каяфы і да Пілата. Прысуд смерці вынес Пілат.
Пасля бічавання, Пілат прапанаваў адпусціць Езуса. Але народ прасіў адпусціць разбойніка Барабу, а Езуса выдаць на ўкрыжаванне.
Перад тым, як вынесці смяротны прысуд Езусу, Пілат абмыў рукі. Гэта абазначала, што ён змывае з сябе ўсялякую адказнасць за дадзены прысуд, такім чынам паказвае, што ён не вінаваты ў смерці Езуса.
Езуса вялі на смерць. Тыя, хто быў сказаны на такую смерць, павінны былі самі несці свой крыж на месца пакарання.
Паглядзі фільмік пра дарогу Віа Долароса ў Ерузалеме.
Пачытай: http://www.blagobor.by/article/history/muki
Калі надышла шостая гадзіна, цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. А каля дзевятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён кліча Іллю». А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы: «Чакайце, пабачым, ці прыйдзе Ілля зняць Яго». Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў. (Мк 15, 33-37)
Шостая гадзіна паводле нашага вылічання часу - 15.00.