На крутым беразе

Вёска Наркі размешчана ў 18 км ад раённага цэнтра і 6 км ад чыгуначнай станцыі Верамейкі.

Ёсць звесткі, што Наркі былі заснаваны ў 1676 г. дзвюма - трыма сем'ямі прыгонных сялян, якія збеглі ад прыгнёту польскіх паноў на ўсходнія землі. З вусных легендаў і паданняў, якія прыйшлося чуць ад старажылаў Макара Сцяпанавіча Лістраценкі і Восіпа Аўрамавіча Бандурына, даведваемся, што заснавальнікам новага пасялення быў нейкі Букавец (Цішка Баковец), а сваю назву вёска быццам бы атрымала ад таго, што першыя яе жыхары пасяліліся першапачаткова ў зямлянках - норах, на крутым беразе Козела.

Летапісныя звесткі аб заснаванні Наркоў адносяцца да яшчэ больш ранняга перыяду. Так, напрыклад, захавалася чалабітная палкоўнікаПаклонскага цару Аляксею Міхайлавічу ад 13 снежня 1654 г. аб дараванні яму і яго казакам маёмасці і вёсак у Магілёўскім і Чавускім паветах. Цар ацаніў заслугі таго палкоўніка і адпісаў яму 9 вёсачак, у тым ліку і Наркі.

Яшчэ раней, у 1604 г., польскі кароль Сігізмунд ІІІ дараваў Наркі разам з некаторымі іншымі навакольнымі вёскамі сваім верным паслугачам, выхадцам з Маскоўскай дзяржавы Хрыпуновым.

Захаваліся дакументы, датаваныя 1594 г., дзе адзначаецца, што ў той час у Нарках было 9 валок зямлі, заселеных сялянамі.

У больш познім дакуменце ("Экономические замечания к планам межевания") у 1787 г. запісана, што Наркі знаходзяцца на левым беразе р. Козел. У вёсачцы - дом для прыказчыка, простай будоўлі, драўляны. Ёсць мучны млын. На першае студзеня 1847 г. у в. Наркі было 3738 жыхароў: 1903 мужчыны і 1835 жанчыны.

Да 1850 г. вёска належала памешчыку Строганаву. У сувязі з адсутнасцю ў яго прамых нашчадкаў і няспыннай барацьбой сялян за сваё вызваленне, памешчык вырашыў "вызваліць" прыгонных. Але атрымаць сялянам вызваленне ад прыгнёту не ўдалося.

Яшчэ і зараз ад старых вяскоўцаў можна пачуць нямала жахлівых гісторый пра той час. Расказваюць, напрыклад, пра страшэнны голад. Елі крапіву, лебяду, канюшыну, лісце ліпы і дуба. Многія наогул кідалі наседжаныя месцы і ехалі шукаць шчасця ў далёкія краі. Так, за перыяд з 1888 г. па 1911 г. з Наркоў у Сібір выехала каля 60 сямей. Шмат было адыходнікаў - цесляроў, шахцёраў, сталявараў.

Сумны знешні выгляд мела дарэвалюцыйная вёска. Нізкія, быццам прыплюснутыя, з падслепаватымі акенцамі і саломенымі дахамі хаты. Асвятляліся звычайна лучынай і смалой.

Славіліся Наркі сваімі майстрамі - кавалямі, шорнікамі, ганчарамі, цеслярамі. Каля вусця р. Козел была смалакурня, дзе сяляне займаліся вырабам дваўлянага вугалю, дзёгцю і шкіпінару з карэнняў сасны.

У другой палове мінулага стагоддзя пачынаецца гісторыя Наркоўскай школы. Дакладней, афіцыйныя звесткі аб яе дзейнасці вядомы з 1888 г. Сродкі на ўтрыманне царкоўнапрыходскай пачатковай школы ішлі ад царкоўнага прыхода. Настаўнікаў падбіраў Лабанаўскі поп з ліку скончыўшых двухкласнае вучылішча. Школа знаходзілася ў наёмным памяшканні. У 1895 г. школа размяшчалася ў хаце Аўчыннікавых, настаўнікам тады працаваў Рыгор Макаравіч Кухарэнка. Праз некаторы час школа стала земскай і сродкі на яе ўтрыманне збіралі самі вяскоўцы.

Першы школьны будынак у Нарках уведзены ў 1907. Тут ужо было чатыры класы. Настаўнічалі Сямён Сцяпанавіч Барбаро і Еўдакія Рыгораўна Чысцякова. Праз год школа стала народнай.

І. Ткачоў