У МІРНАЙ ПРАЦЫ

Пад ударамі Чырвонай Арміі фронт прасоўваўся на Захад. Але да канчатковай перамогі над ворагам было яшчэ далёка. Нягледзячы на гэта, самымі надзённымі станавіліся клопаты аб адраджэнні мірнага жыцця. Аб гэтым сведчыла і пастанова СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 21 жніўня 1943 г. "Аб неадкладных мерах па ўзнаўленню гаспадаркі ў раёнах, вызваленых ад нямецкай акупацыі".

Чэрыкаўскі падпольны РК КП(б)Б на чале з Г.А. Храмовічам яшчэ за два месяцы да вызваленняраёна стварыў аддзел народнай асветы. Узначаліў яго адважны партызан - падрыўнік, настаўнік па прафесіі, А.С Буцанец. Перад вайной Андрэй Сямёнавіч скончыў тры курсы Магілёўскага педінстытута, працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры. Ён устанаўлівае сувязі з былымі настаўнікамі - сувязнымі атрада Іванам Афанасьевічам Марозавым, Софіяй Галакціёнаўнай Лукашэнка, Антанінай Радзівонаўнай Зелянковай, якія добра ведалі людзей, што да вайны былі выкладчыкамі ў школах. З іх дапамогай Андрэй Сямёнавіч правёў вялікую работу па аднаўленню сістэмы народнай асветы. З 65 школ раёна к 1943 г. захаваліся толькі Халмянская сямігодка і сем пачатковых школ. Астатнія былі спалены акупантамі. Складаліся спісы школьнікаў, збіраліся падручнікі і школьныя прылады. Яшчэ да прыходу ў Чэрыкаў Чырвонай Арміі амаль для ўсіх школ раёна былі падабраны вопытныя спецыялісты. Так, дырэктарам Верамейскай сярэдняй школы была назначана настаўніца Н.Ф. Максіменка, Губеншчанскай - Е.М. Карніенка, Ушакоўскай сямігодкі - С.Г. Лукашэнка. На другі дзень пасля вызвалення раёна ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў - 2.10.1943 г. адбылася нарада раённага партыйна - савецкага актыву. Загадчык раёна А.С. Буцанец звярнуўся да дэлегатаў, старшынь сельскіх Саветаў, старшынь калгасаў з просьбай дапамагчы падабраць памяшканні для школ, абсталяванне і інвентар. Прысутныя горача адгукнуліся на гэты прызыў, дзякуючы чаму ўжо 11 кастрычніка пачаліся заняткі ва ўсіх школах. Праўда большасць з іх апынулася ў складаных умовах - памяшканні былі непрыстасаванымі, не хапала падручнікаў, сшыткаў, пісьмовых прылад. 10 кастрычніка 1943 г. тыражом у 500 экз. выйшаў першы пасля вызвалення нумар газеты "Сацыялістычная перамога".

Пэўныя намаганні рабіліся падпольным райкамам партыі і ў другіх напрамках. Успамінаючы падзеі тых гадоў, былы першы сакратар Магілёўскага абкама КП(б)Б І.Н. Макараў пісаў:

"За два месяцы да прыходу Чырвонай Арміі пачаў дзейнічаць і райздраўаддзел на чале з начальнікам медыка - санітарнай службы Чэрыкаўскай ваенна - аператыўнай групы І.П. Шаталавым. Іван Пятровіч, былы палкавы ўрач у каўкорпусе генерала П.А. Бялова, добра разумеў, што будучыя райбальніцу, паліклініку, сельсавецкія здраўпункты ліхім кавалерыйскім наскокам ураз не стварыць. Па крупінках збіраў ён разам са сваімі супрацоўнікамі медыцынскае абсталяванне, шукаў дасведчаных людзей, арганізоўваў збор і нарыхтоўку лекавых траў. З падборам кадраў яму было куды цяжэй, чым А.С. Буцанцу, але ўжо на другі дзень пасля вызвалення Чэрыкава нашымі войскамі ўрачыста адкрыліся раённыя ўстановы па ахове здароўя. Здраўпункты ж на месцах сталі па - сапраўднаму працаваць праз два - тры месяцы. Вялікую дапамогу аказаў супрацоўнікам І.П. Шаталава шпіталь 50-й арміі на чале з маёрам медыцынскай службы Маўчанавым.

....Ініцыятыўных, талковых работнікаў падабраў падпольны райкам партыі і на іншыя адказныя пасады. Начальнікам канторы сувязі назначылі палітрука гасчасці, ваенна - аператыўнай групы П.Д. Тоўкача (да 1941 г. працаваў сувязістам). Даваенны бухгалтар, а затым разведчык Н.П. Галенка ўзначаліў раённую кантору Дзяржбанка. Перадавы ў мірны час трактарыст, былы камандзір партызанскай групы І.Н. Калодзяжны стаў дырэктарам Чэрыкаўскай МТС".

Адразу ж пасля вызвалення раёна аднаўляецца работа Чэрыкаўскага РК КП(б)Б. Першым сакратаром стаў Г.А. Храмовіч, былы сакратар падпольнага райкама партыі. Старшынёй райвыканкама назначылі Т. Шубіна, сакратаром райкама камсамола стаў І.І. Касцючэнка. Былі падабраны старшыні для сельскіх Саветаў і старшыні калгасаў. Узнавілі сваю работу іншыя арганізацыі і службы раёна.

13 кастрычніка 1943 г. адбыўся агульны сход старшынь сельскіх Саветаў і калгасаў. Адкрыў яго Г.А.Храмовіч. У дакладзе былі прыведзены ашаламляльныя лічьы і факты аб зверствах, якія чынілі фашысты на Чэрыкўшчыне ў гады акупацыі. Пазней гэтыя страты падчыслілі больш дакладна. Было растраляна і закатавана 653 чалавекі, 456 чалавек вывезена ў Германію. У агні загінула шмат жыхароў з вёсак Рагаліна, Прыпёчына, Бакунавічы, многія загінулі пры размініраванні дарог, на допытах. Здзекам не было канца. Да вайны ў раёне налічвалася 6937 сялянскіх дамоў, засталося 2248, у райцэнтры з 916 толькі 84 дамы засталіся цэлымі. Вайна знішчыла 1379 калгасных і грамадзянскіх будынкаў, 4 бальніцы, 17 медпунктаў, усе прамысловыя прадпрыемствы, установы культуры. Немцы вывезлі 2068 галоў буйной рагатай жывёлы, 1871 каня, 2445 свіней, 4514 авечак, знішчылі ўраджай збожжавых на плошчы 5684 га. Страты, панесеныя раёнам, склалі 310 млн. рублёў.

Натуральна, што перад працаўнікамі горада і вёсак паўстала цяжкая задача - у самы кароткі тэрмін залячыць раны, нанесеныя вайной, як мага хутчэй наладзіць мірнае стваральнае жыццё.

У прынятай на сходзе старшынб сельскіх Саветаў пастанове ўказвалася, што да 25 кастрычніка неабходна закончыць уборку і абмаглот збожжавых, копку бульбы, прадугледжвалася адрамантаваць усе масты, шасэйныя дарогі. Быў вызначаны тэрмін завяршэння сяўбы азімых, стварэння кармавой базы для жывёлы, калгаснага будаўніцтва. Асаблівая ўвага была звернута на размяшчэнне ўсіх сем'яў, якія асталіся без прытулку, у прыватных дамах і ўцепленых зямлянках. Рабочую сілу і лесаматэрыялы для пабудовы вырашана было выдзеліць у першую чаргу сем'ям чырвонаармейцаў, партызан, інвалідам. Намецілі таксама арганізаваць сярод насельніцтва добраахвотны збор прадуктаў харчавання ў фонд Чырвонай Арміі.

Жанчыны, падлеткі і старыя, што складалі ў гады ліхалецця асноўную рабочую сілу, запрагліся ў плугі і бароны, уручную абмалочвалі хлеб, да крывавых мазалёў касілі. Людзі гатовы былі вынесці любы цяжар , аддаць апошні кавалак хлеба, каб толькі наблізіць канчатковы разгром ворага, пачуць доўгачаканае слова "Перамога". У пастанове Чэрыкаўскага РК КП(б)Б і райавета працоўных ад 31 кастрычніка 1943 г. указвалася: "Накіраваць на фронт 140 коней з павозкамі". Па ініцыятыве камсамольцаў раёна арганізоўваліся "чырвоныя абозы" з падарункамі для Чырвонай Арміі.

В.А. Лукін, які прымаў удзел у вызваленні Чэрыкава і пазней быў удастоены звання ганаровага грамадзяніна гэтага горада, успамінаў: "22 лютага 1944 года перад пачаткам наступлення ў дывізію прыбыла дэлегацыя Чэрыкаўшчыны. Перад байцамі і камандзірамі нашага 1320-га стралковага палка выступіў загадчык ваенным аддзелам Чэрыкаўскага райкама партыі таварыш Касмачоў. Воінам былі ўручаны падарункі".

Па ўсіх вёсках раёна арганізоўваўся добраахвотны збор прадуктаў і грашовых сродкаў. Падпіска на другую Дзяржаўную пазыку прайшла за адны суткі. Было падпісана аблігацый на 324 758 р., прычым здадзена наяўных грошай 269 966 р. Многія жыхары аддавалі асабістыя зберажэнні на пабудову танкаў, самалётаў. Еўдакія Драчова з Халмянскага сельсавета, прапануючы свой невялікі ўклад, сказала: "У мяне ёсць 150 р. і ўсе іх аддаю на ўмацаванне магутнасці нашай Радзімы. Немцы палкамі выкалочвалі з нас хлеб і грошы. Заклікаю ўсіх калгаснікаў аддаць свае зберажэнні на ўмацаванне магутнасці нашай слаўнай Чырвонай Арміі".

На працягу восені 1943 г. і зімы 1944 г. насельніцтвам Чэрыкаўскага раёна было нарыхтавана і перададзена для Чырвонай Арміі 2540 ц збожжа, 18 226,5 ц бульбы, 1047,3 ц мяса, 893,4 ц агародніны, 2744,8 ц сена.

Радзіма высока ацаніла ўклад працаўнікоў тылу ў перамогу над ворагам. Больш 60 жыхароў раёны былі ўзнагароджаны медалём "За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 - 1944 гг.".

Надзвычайна цяжкімі былі першыя крокі, накіраваныя на аднаўленне разбуранай гаспадаркі. І не толькі таму, што вялікае гора і боль за родных і блізкіх, за сваю зняважаную Радзіму параніла душы людскія - часам не было нават за што зачапіць рукі. Людзі па крупінках збіралі ўсё, што не знішчылі і не вывезлі фашысты. Прайшло ўсяго толькі чатыры месяцы пасля вызвалення раёна, а механізатары сабралі схаваныя насельніцтвам ад фашыстаў 3500 запасных частак для трактароў, 500 лемяшоў, на 90 т нафтатары. Неўзабаве на машынным двары паявілася 28 трактароў і 3 камбайны.

Увесь раён ператварыўся ў будаўнічую пляцоўку. У хуткім часе былі пушчаны 4 млыны, падрыхтаваны да работы 4 смалакурныя заводы, адчыніліся шавецкая і кравецкая майстэрні, цырульня, пошта, сталовая, лазня. Актыўна вялося аднаўленне жылога фонду. У 1944 г. было пабудавана 295 новых дамоў, падрыхтавана 600 зрубаў, адбудавана 20 кузняў. На пабудову дамоў было адпушчана 3,5 млн. рублёў. Для інвалідаў, удоў, сірот на сродкі дзяржавы пабудавана за гэты час 30 дамоў.

Напрыклад, у калгасе "Гігант" Рэчыцкага сельсавета, дзе гітлераўцы спалілі 215 жылых дамоў, ужо у 1946 г. было пабудавана 64 дамы і ўсяго тры сям'і засталося жыць у зямлянках. У Лабанаўскім сельсавеце са 143 спаленых дамоў было пабудавана 95 і падрыхтавана 32 зрубы. Хаця ў цэлым на 1 студзеня 1946 г. у Чэрыкаўскім раёне жыло ў зямлянках 996 сем'яў калгаснікаў, у тым ліку 47 сем'яў інвалідаў Айчыннай вайны, 75 сем'яў дэмабілізаваных з Чырвонай Арміі.

У гаспадарках раёна інтэнсіўна будаваліся кароўнікі, канюшні, свінарнікі, іншыя збудаванні сельска-гаспадарчага прызначэння. Было створана 2 МТС. Дырэктарам адной з іх, Чэрыкаўскай, назначылі ў ліпені 1947 г. А.С. Валаткоўскага.

Цяжкі працэс станаўлення прайшла і другая МТС - Ударная. Яна размясцілася побач з в. Верамейкі. Ва ўспамінах былага зампаліта гэтай МТС В.Е. Церахава маюцца прозвішчы брыгадзіраў трактарных брыгад, якія ад цямна да цямна не пакідалі калгасных палеткаў, дабіваліся высокіх вынікаў: Мікалай Дудараў, Алена Шэпелева, Купчанка, Белахонаў, Шчуплянкова і іншыя.

Шырокі водгук у той час атрымаў прызыў працаўнікоў Алтая, Кубані і іншых абласцей да хутчэйшага пасляваеннага пад'ёму сельскай гаспадаркі. 17 красавіка 1947 г. у раённай газеце "Сацыялістычная перамога" публікуецца тэкст сацыялістычных абавязацельстваў працоўных раёна.

Камсамольцы і моладзь сельгасарцелі "Юны араты" Шароеўскага сельскага Савета таксама выступілі са зваротам да ўсёй моладзі Чэрыкаўскага раёна - актыўна ўдзельнічаць у пад'ёме разбуранай вайной сельскай гаспадаркі. У 1947 г. кожны малады калгаснік выпрацаваў ад 250 да 320 працадзён. Гэта дало магчымасць арцелі паспяхова правесці пасяўную, своечасова і без страт убраць ураджай, разлічыцца з дзяржавай і выдаць на працадзень па 1,2 кг збожжа і 5,5 кг бульбы.

Камсамольцы Вепрынскай сямігадовай школы ўзялі шэфства над калгаснай птушкафабрыкай. 11 лістапада 1948 г. на старонках раённай газеты звеннявага калгаса "Чырвоны Кастрычнік" Вепрынскага сельсавета Еўдакія Баравікова дзялілася вопытам атрымання высокага ўраджаю:

"Другі год я працую даяркай. Падлічыла свае магчымасці і вырашыла, што ўдзень у свабодны час я магу працаваць у полі. Калі ў калгасе стваралі звяно высокага ўраджаю, я папрасіла, каб і мяне залічылі ў гэта звяно. У склад звяна ўвайшло 12 чалавек камсамольцаў і несаюзнай моладзі. Мяне назначылі кіраваць звяном. Мы далі слова, што вырасцім па 200 ц бульбы з гектара на плошчы 4,5 га. Мы святкавалі дзень нашай працоўнай перамогі. Камсамольскае слова стрымалі".

Аднаўленне гаспадарак, МТС, самаадданасць сельскіх працаўнікоў давалі магчымасць хутка павялічваць пасяўную плошчу. Ужо ў 1947 г. у параўнанні з мінулым яна ўзрасла на 3236 га. Толькі азімых у раёне пасеялі на 1104 га больш. У 1948 г. даваенную пасяўную плошчу асвоілі 43 сельгасарцелі, а 29 калгасаў нават перавысілі яе. І яшчэ штрых, які падвёў рысу пад адным з самых цяжкіх вынікаў вайны - у раёне не засталося ніводнай сям'і, якая б пражывала ў зямлянцы. К гэтаму часу былі адноўлены ўсе даваенныя прамысловыя прадпрыемствы, пушчана ў дзеянне буйнейшая новабудоўля - суднабудаўнічая верф, якой да вайны не было. Пабудаваны новы цагельны завод з гофманскай печчу. Выпуск прадукцыі мясцовай прамысловасці дасягнуў даваеннага ўзроўню. Пэўныя зрухі былі дасягнуты і ў галіне адукацыі - працавалі 3 дзесяцігодкі і 14 сямігодак. Агульная колькасць навучэнцаў склала каля 8 тыс. чалавек. Пры суднаверфі адкрылася школа ФЗА, дзе дзесяткі падлеткаў набывалі розныя прафесіі: кавалёў, цесляроў, суднабудаўнікоў і іншыя. У кожным з 14 сельсаветаўраёна адчыніліся хаты - чытальні, у раённым цэнтры 2 бібліятэкі - раённая і пры парткабінеце. У Рэчыцкім сельсавеце пачала працаваць сельская бібліятэка. У раённым цэнтры і на суднаверфі абсталяваны гукавыя кінаўстаноўкі, сельскую мясцовасць абслугоўвала гукавая кінаперасоўка.

Крок за крокам працоўныя раёна пераадольвалі разруху і цяжкасці пасляваеннага перыяду. У 1967 г. прадукцыя прамысловых прадпрыемстваў значна перавысіла даваенны ўзровень, расшырыліся пасевы азімых і яравых культур, яны занялі плошчу ў 33 282 га. На ўзбраенні сельскіх механізатараў знаходзілася значная колькасць тэхнікі: 301 трактар, 97 збожжаўборачных і 44 сіласаўборачных камбайнаў, 32 бульбакапалкі, 207 грузавых аўтамабіляў. У раёне налічвалася 225 трактарыстаў - машыністаў і камбайнёраў, 112 шафёраў. У сельскагаспадарчую вытворчасць укараняўся севазварот, перадавы вопыт лепшых гаспадарак.

Удзялялася ўвага ахове здароўя. У раёне было 3 бальніцы на 150 ложкаў, 19 фельчарска - акушэрскіх пунктаў, дзіцячая і жаночая кансультацыі, санэпідэмстанцыя, паліклініка. У сістэме медыцынскага абслугоўвання працавала 24 урачы, 29 фельчараў, 67 медыцынскіх сясцёр.

Ажывілася культурнае жыццё раёна - працаваў Дом культуры, 17 сельскіх клубаў, адчыніліся раённая, дзіцячая і 12 сельскіх бібліятэк з агульным кніжным фондам, які складаў 182 тыс. экземпляраў. Працавала 51 школа , у тым ліку 10 сярэдніх, у якіх займалася 5717 навучэнцаў. Многія вучні Манастыркоўскай пачатковай школы з удзячнасцю ўспамінаюць свайго настаўніка Д.Т. Лушчаева, які аддаваў душу любімай справе. І не выпадкова яму першаму ў раёне было прысвоена ганаровае званне заслужанага настаўніка БССР. Такой жа ўзнагародай была адзначана і праца дырэктара Чэрыкаўскай сярэдняй школы В.І.Камандзенкі, дырэктара Вусценскага дзіцячага дома Т.С. Ігнаценкі.

К гэтаму часу было адчынена 16 паштовых аддзяленняў сувязі, устаноўлена 6080 радыётрансляцыйных пунктаў. Кожная сям'я выпісвала газеты і часопісы. Значнай падзеяй было адкрыццё дома адпачынку "Сож", у якім адначасова магло размясціцца 254 чалавекі. У асабістым карыстанні грамадзян мелася 18 легкавых аўтамабіляў і 500 матацыклаў.

Кожная пяцігодка мела свае адметныя рысы. Цяжкай выдалася дзевятая (1970 - 1975), калі раён не выканаў планавых паказчыкаў. Давалі аб сабе знаць цяжкасці ў эканоміцы, якія абвастрыліся ў краіне, шматлікія нявырашаныя праблемы. Не спыняўся адток сялян у гарады. Гэта не магло не адбіцца і на сацыяльна - эканамічным развіцці раёна. Патрэбны былі пэўныя намаганні з боку працоўных раёна, кіраўніцтва, каб зменшыць уплыў адмоўных тэндэнцый. У наступнай пяцігодцы гаспадаркі раёна атрымалі прадукцыі амаль на 100 млн рублёў, замест 63 млн у мінулай. Было здадзена ў экплуатацыю 23 775 кв. м жылля, больш чым за дзве папярэднія пяцігодкі. У Рэчыцы, Вепрыне, Язёрах справілі наваселле тыповыя школы, уступілі ў строй 3 дзіцячыя сады на 230 месц. У цэнтры Чэрыкава ўзняўся трохпавярховы будынак раённага вузла сувязі. Дзейнічалі раённы, 3 сельскія дамы культуры, 25 клубаў. Кніжны фонд бібліятэк налічваў больш за 300 тыс. тамоў. У гуртках самадзейнасці прымала ўдзел 2000 калгаснікаў, рабочых і служачых. Ва ўсіх працоўных калектывах былі створаны спартыўныя арганізацыі, якія аб'ядноўвалі ў сваіх радах каля 3,5 тыс. аматараў фізкультуры і спорту.

У 1986 г. узнікае раённае аграпрамысловае аб'яднанне, здадзены ў эксплуатацыю свінаводчы комплекс на 54 тыс. галоў у год. У раслінаводстве створана 27, а ў жывёлагадоўлі 54 гаспадарча - разліковыя падраздзяленні, 26 малочна - таварных ферм пераведзена на паточна - цэхавую сістэму арганізацыі працы.

За перамогу ў рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве ў гонар 70-годдзя Кастрычніка раён атрымаў пераходны Чырвоны Сцяг ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ.

У гэты нялёгкі перыяд адраджэння зруйнаванага вайной жыцця шмат людзей праяўляла высокі працоўны энтузіязм. Не толькі чэрыкаўлянам, але і многім людзям за межамі раёна добра знаёмы прозвішчы Е.С. Белавусавай, М.А. Марчанкі, М.І. Суворава, А.І. Царкова - ткачыхі, будаўніка, шафёра і шахцёра. Самаадданай, таленавітай працай на карысць Радзімы яны заслужылі высокіх узнагарод. Кожнаму з іх прысвоена званне - Герой Сацыялістычнай Працы. Вядомым стала і прозвішча даяркі з саўгаса "Шароеўка" Таццяны Аляксееўны Сляпцовай. Яшчэ ў 1966 г. яна ўзяла высокі на той час рубеж - надаіць ад кожнай каровы па 3000 кг малака - і з поспехам дасягнула яго. Т.А. Сляпцова адна з першых у раёне ўдастоена высокай узнагароды - ордэна Леніна. Такія ўзнагароды атрымалі і свінарка саўгаса "Чэрыкаўскі" С.П. Міронава, хлебароб В.Ц. Карнюшчанка, лесаруб С.С. Курылін, шахцёр Ф.Я. Новікаў, механізатар М.А. Софін.

У ліку першых былі ўзнагароджаны: ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга - цялятніца калгаса імя Ільіча Л.І. Баштала, даярка калгаса "Прагрэс" В.П. Кузьмянкова, даярка калгаса "Іскра" Т.І. Нікіценка, ордэнам "Знак Пашаны" - даярка саўгаса "Ударнік" М.Ц. Кажамякіна, даярка саўгаса "Сцяг" Л.С. Котава, даяркі калгаса "Маладая гвардыя" С.Я. Паўлюкова, Т.І. Стаблецкая, даглядчык жывёлы калгаса "Праўда" І.Д. Секушэнка.

Многія працаўнікі Чэрыкаўскага раёна не раз былі ўдзельнікамі Усесаюзнай выстаўкі дасягненняў гароднай гаспадаркі. У 1973 г. калгасніца калгаса "Другая пяцігодка" Надзея Ферапонтаўна Уласава была ўзнагароджана бронзавым медалём і грашовай прэміяй. Такія ж узнагароды атрымалі і калгаснікі гэтай гаспадаркі М.Н. Яфрэменка, Р.М. Казачэнка, Н.А. Зубарава, брыгадзір П.У. Паўлушкін, свінарка саўгаса "Лабанаўка" У.М. Сафроненка, даглядчык жывёлы калгаса "Маладая гвардыя" Е.С. Максіменка, брыгадзір эксперыментальнай базы "Чэрыкаў" А.Ц. Аляксеенка, рабочы гэтай гаспадаркі В.Ц. Карнюшчанка. Многія былі ўзнагароджаны граматамі, занесены на дошкі гонару, а прозвішча кінамеханіка з в. Верамейкі Леаніда Рыгоравіча Козырава занесена ў Кнігу працоўнай славы існаваўшага ў той час Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па кінематаграфіі.

Чэрыкаўская зямля багата таленавітай інтэлігенцыяй, сярод якой ёсць вучоныя і пісьменнікі, кампазітар і мастак.

У раёне клапоцяцца аб выхаванні павагі да чалавека працы, да тых людзей, што, не шкадуючы свайго жыцця, мужна сталі на абарону Радзімы ў цяжкі для яе час. Праводзяцца сустрэчы моладзі з ветэранамі, ускладаюцца кветкі да помнікаў і абеліскаў, створаны гісторыка - краязнаўчы музей. Некаторыя вуліцы Чэрыкава носяць назвы добра вядомых ў раёне людзей, ушаноўваюць імёны ганаровых грамадзян горада. Гэта стварае пэўныя ўмовы для захавання добрых традыцый, перадачы іх наступным пакаленням. Гісторыя сведчыць, што маральная сіла народа, яго здольнасць да прагрэсу маюць непарыўную сувязь з яго аднасінамі да сваёй спадчыны.

Сацыяльна - эканамічнае развіццё раёна ў 80-я гады адбывалася ў нялёгкіх умовах. У краіне не былі пераадолены застойныя з'явы ў эканоміцы, валюнтарысцкія метады кіравання сельскай гаспадарка. Спробы знайсці выйсце з крызісу шляхм перабудовы гарамадскага жыцця ў рамках аднапартыйнай камандна - адміністрацыйнай сістэмы поспеху не мелі. Цяжкім выпрабаваннем для жыхароў раёна абярнулася аварыя на Чарнобыльскай АЭС.

Складаныя працэсы перабудовы эканомікі і адраджэння духоўнага жыцця, якія пачалі адбывацца ў Беларусі пасля прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэцэ, знайшлі свой адбітак і на Чэрыкаўшчыне. У пачатку ажыццяўлення зямельнай рэформы ў раёне праведзена інвентарызацыя зямель калгасаў, саўгасаў і ішных землеўладальнікаў. Быў створаны спецыяльны фонд мясцовых Саветаў. На першым этапе яму было перададзена 807 га зямель, затым уключана яшчэ 1929 га. У гэты час 404 сям'і пашырылі зямельныя ўчасткі, 610 грамадзян Чэрыкава атрымалі зямлю пад агароды. За 1991 г. і ў першай палове 1992 г. былі ўтвораны тры сялянскія (фермерскія) гаспадаркі. Адна размешчана на тэрыторыі Рэчыцкага сельскага Савета ў в. Вусце, на плошчы 50 га, а дзве другія плошчай 5 і 10 га на тэрыторыі Сормаўскага сельскага Савета.

Пры раённай цэнтральнай бібліятэцы пачаў дзейнічаць клуб аматараў беларускай мовы "Спадчына". У школах вывучаецца не толькі гісторыя рэспублікі, але і роднага краю. У апошні час абудзіўся рух за адраджэнне і дасканалае вывучэнне беларускай мовы. Гэта дае магчымасць не толькі вучням, але і дарослым, усяму насельніцтву раёна выйсці на шырокую дарогу азгаямлення са спадчынай бацькоў і дзядоў.

Пэўныя перамены ў жыцці раёна адлюстроўваюць і іншыя падзеі. З'явіліся малыя прадпрыемствы, якія разам з фермерскімі гаспадаркамі ўносяць пэўны ўклад у развіццё эканомікі раёна. Малое прадпрыемства "Астра", напрыклад, неаднаразова выступала спонсарам цікавых мерапрыемстваў. Многія жыхары, працоўныя калектывы ўнеслі ахвяраванні на будаўніцтва царквы. У горадзе і раёне працягваецца газіфікацыя. На плошчы горада ў гонар 50-годдзя вызвалення раёна ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў адкрыты мемарыяльны знак.

Сацыяльна - эканамічнае становішча раёна ў перыяд пераходу эканомікі да рыначных адносін адлюстравана ў звароце Чэрыкаўскага раённага Савета народных дэпутатаў у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і Дзяржкамчарнобыль: "Рэзка знізіліся даходы большасці насельніцтва, яны дасягнулі крытычнай адзнакі, за якой ўжо рэальна намячаецца голад і галеча. Зарплата механізатараў і жывёлаводаў застаецца мізернай і не дае магчымасці забяспечыць сям'ю, у асаблівасці дзяцей, экалагічна чыстымі прадуктамі. Ва ўмовах фінансавага банкруцтва гаспадаркі не могуць забяспечыць вядзенне сельскагаспадарчых работ у адпаведнасці з патрабаваннямі радыяцыйнага небяспечнай тэхналогіі, яепя патрабуе ў 1,5 раза больш матэрыяльных затрат". У гэтым дакуменце, надрукаваным у раённай газеце 16 студзеня 1993 г., гаворыцца пра крытычнае становішча ў працоўных калектывах, якія не могуць эканамічна выжыць ў рыначных умовах. Адбываецца спад вытворчасці, скарачэнне рабочых месц, што прыводзіць да беспрацоўя.

У раёне ўведзены абмежаванні на спажыванне электраэнергіі, звадкаванага газу.

Апынуўшыся ў цяжкіх умовах, многія людзі разгубіліся. Ідэалы, за якія яны змагаліся, аказаліся нязбытнымі. Адно стала зразумелым - шлях да лепшага жыцця патрабуе яшчэ шмат намаганняў і працы.