НА КРУТЫМ ПАВАРОЦЕ ГІСТОРЫІ

Падзеі, якія мелі месца ў перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, носяць складаны і супярэчлівы характар, патрабуюць аб'ектыўных і глыбокіх даследванняў, архіўных пошукаў. Пакуль жа многае з таго, што адбывалася, не знайшло свайго адлюстравання ў фундаментальнай гістарычнай навуцы з улікам тых фактаў, якія зараз сталі вядомы. У раздзеле выкарыстаны публікацыі апошняга часу і архіўныя дакументы, якія раней не друкаваліся, што дае магчымасць больш аб'ектыўна падысці да ацэнкі з'яў таго суровага перыяду гісторыі.

Сярод удзельнікаў кастрычніцкіх падзей у Петраградзе былі і ўраджэнцы Чэрыкаўшчыны: камісар самакатнага батальёна А.І. Попель, С.Р. Васіленка, І.К. Громаў, М.Ф. Кажэўнікаў, матросы крэйсера "Аўрора" Ф. Шпакаў і С. Чыркоў. Ураджэнцы Чэрыкаўскага павета прымалі ўдзел і ва ўстанаўленні Савецкай улады ў розных рэгіёнах краіны. Напрыклад, загінулі ў ліку 26 бакінскіх камісараў М. Басін і Я. Зевін. Сярод удзельнікаў ІІ Усерасійскага сялянскага з'езда, які адбыўся 26 лістапада 1917 г., у якасці дэлегата прысутнічаў земляроб з в. Доўгая Чэрыкаўскага павета А.Р. Маскалёў. Вось што аб гэтым сведчаць архіўныя дакументы. "Паведамляем, што ў спісках ІІ Усерасійскага з'езда Саветаў сялянскіх дэпутатаў ... сярод дэлегатаў з дарадчым голасам пад нумарам 67 значыцца Маскалёў Адам, Мандат № 12, дэлегат ад Выканаўчага камітэта сялянскай секцыі 45 пяхотнай дывізіі".

Насельніцтва Чэрыкаўшчыны па-рознаму сустрэла кастрычніцкія падзеі. Сярод сялянства павета, а, як вядома, яно складала большасць насельніцтва, панавалі ў той час ідэі партыі эсэраў. (Трэба памятаць, што эсэры і меньшавікі з'яўляліся рэвалюцыйна - дэмакратычнымі партыямі сацыялістычнай арыентацыі.) У сваёй праграме эсэры прадугледжвалі рэфармісцкі шлях развіцця краіны, абапіраючыся на рашэнні Устаноўчага сходу. У аснове Дэкрэта аб зямлі, які быў абвешчаны з трыбуны ІІ з'езда Саветаў, ляжала эсэраўская аграрная праграма. Большасць сялянскага насельніцтва Чэрыкаўшчыны было непісьменным, яно слаба разбіралася ў сутнасці бальшавіцкіх ідэй. Галоўнае для сялян было атрымаць зямлю. Абвяшчэнне Дэкрэта аб зямлі спрыяла таму, што ў лістападзе 1917 - красавіку 1918 г. большасць сялянства Чэрыкаўшчыны асцярожна павярнулася ў бок рэвалюцыі. Гэта адбылося таму, што сяляне, у тым ліку і заможныя слаі, былі зацікаўлены ў падзеле памешчыцкіх зямель. Супраць памешчыцкага землеўладання выступалі і кулакі, і беззямельныя сяляне і батрацтва. Трэба яшчэ ўлічваць і той факт, што ў гэты час большасць у Саветах павета складалі эсэры, ды і Савецкі ўрад да лета 1918 г. быў кааліцыйным: у яго ўваходзілі бальшавікі і левыя эсэры.

Аб пераважнасці эсэраўскага ўплыву ў павеце сведчаць даныя выбараў ва Устаноўчы сход, якія адбыліся па Магілёўскай выбарачнай акрузе 12 - 14 лістапада 1917 г. Спіс эсэраў і сялянскіх дэпутатаў атрымаў 87,74% галасоў ад агульнага ліку прагаласаваўшых, спіс Палескай арганізацыі РСДРП(б) атрымаў толькі 0,92% галасоў.

Устанаўленне Савецкай улады на Магілёўшчыне, у тым ліку і на Чэрыкаўшчыне, было складаным. Па-першае, у Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, якую на час рэвалюцыі ўзначальваў А.Ф. Керанскі, а з 9(22) лістапада 1917 г. - генерал М.М.Духонін. Вакол Стаўкі пачалі групавацца сілы, якія не прынялі новага рэжыму. Па-другое, на Магілёўшчыне дыслацыраваліся легіёны былога царскага генерала Доўбар - Мусніцкага, які таксама знаходзіўся на антыбальшавіцкіх пазіцыях. Толькі пасля заняцця Стаўкі рэвалюцыйнымі войскамі на чале з М.В. Крыленкам, якое адбылося 20 лістапада (3 снежня) 1917 г., і яе рэарганізацыі з'явілася магчымасць пераходу ўлады ў губерні ў рукі Саветаў. Аднак не ва ўсіх Саветах меліся ўмовы, якія садзейнічалі б прыходу іх да ўлады. Так, напрыклад, аб бяздзейнасці Чэрыкаўскага Савета ў першыя паслярэвалюцыйныя месяцы, яго цяжкім фінансавым становішчы гаварыў чэрыкаўскі дэлегат на І з'ездзе Саветаў Магілёўскай губерні, што адбыўся ў снежні 1917 г. Ён ахарактаразаваў насельніцтва Чэрыкава, як "коснае і рэакцыйнае", падкрэсліў, што Савету даводзіцца працавацьу складаных абставінах - "наяўнасць малалікага гарнізона, контррэвалюцыя, якая звіла сабе гняздо ў Чэрыкаве якраз пасля 25 кастрычніка і якая мела падтрымку з боку сабатуючых чыноўнікаў". Толькі 10 студзеня 1918 г. ІІІ Магілёўскі губернскі з'езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў прыняў пастанову аб пераходзе ўлады ў рукі Саветаў, аб іх паўнамоцтвах і функцыях. "Губернскі з'езд рабочых, салдацкіх Саветаў пастанавіў: уся ўлада на месцах належыць Саветам..." - тэлеграма з такім тэкстам была адпраўлена ва ўсе паветы губерні. Падтрымліваючы рашэнне губернскага з'езда, Чэрыкаўскі павятовы Савет 19 студзеня 1918 г. прыняў пастанову аб пераходзе ўлады да Савета. У ёй, у прыватнасці адзначалася, што "павятовы выканкам Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, аб'явіўшы аб пераходзе ўсёй улады да Саветаў, лічыць кожнага, хто акажа супраціўленне Савецкай уладзе, контррэвалюцыянерам і ворагам народа, ён будзе падвергнут ваенна - рэвалюцыйнаму суду". Прыняцце нарматыўнага акта аб пераходзе ўлады да Саветаў ад 19 студзеня, аднак, не азначала, што Савецкая ўлада была ўстаноўлена ўсюды ў вёсках. Яшчэ доўгі час у валасцях дзейнічалі старыя дзяржаўныя і грамадскія структуры,якія не заўсёды выконвалі пастановы вышэйшых органаў улады. Паказальны ў гэтай сувязі і факт існавання ў Чэрыкаве гарадской думы, якая спыніла сваю дзейнасць толькі ў маі 1918 г.

На першым з'ездзе Саветаў Чэрыкаўскага павета былі сфарміраваны новыя органы ўпраўлення, выбраны прэзідыўм выканкама. Яго склалі пяць членаў: старшыня, два таварышы старшыні, два сакратары. Першым старшынёй Чэрыкаўскага Савета быў выбраны М.Ф. Шашко. Потым гэту пасаду займалі М.І. Семяненка (некаторы час ён быў старшынёй павятовага рэўкама), Арлоў, Каралёў. Сакратаром павятовага выканкама быў Ц. Шчэрба. Аддзел народнай адукацыі складаўся з 9 чалавек, першым яго кіраўніком стаў М.І. Стапалянскі. Фінансавы аддзел узначаліў Таплёўкін. Першым ваенкамам быў выбраны Ф.П. Ціханаў. Аддзелам сацыяльнага забеспячэння кіраваў Г.К. Сотнікаў, аддзелам аховы здароўя - А. Ахіезер.

У студзені 1918 г. быў арганізаваны Магілёўскі губернскі зямельны аддзел. У складзе павятовых і пасялковых Саветаў зямельныя аддзелы былі арганізаваны ў асноўным у перыяд са студзеня па сакавік 1918 г. У большасці выпадкаў яны былі створаны на аснове рэарганізацыі зямельных камітэтаў. У сярэдзіне лютага Магілёўскі губернскі выканкам прыняў пастанову аб ператварэнні ўсіх зямельных камітэтаў у зямельныя аддзелы. У адпаведнасці з гэтай пастановай у губерні былі ліквідаваны зямельныя камітэты і арганізаваны ў складзе Саветаў зямельныя аддзелы. Першым кіраўніком Чэрыкаўскага павятовага земаддзела быў Шаўцоў. Потым аддзеламі кіравалі Чыжэўскі, Каплуноў.

У адпаведнасці з Дэкрэтам аб зямлі Магілёўскі Ваенна - рэвалюцыйны камітэт 29 лістапада 1917 г. выдаў загад аб перадачы ў распараджэнне 0зямельным камітэтам панскай маёмасці і зямлі. Потым гэта справа перайшла ў кампетэнтнасць земаддзелаў. Для ажыццяўлення зямельнай палітыкі павятовы і валасныя земаддзелы павінны былі правесці дакладны ўлік зямель, уладанняў і гаспадарак з іх жывым і нерухомым інвентаром, насеннага фонду, стварыць сельскагаспадарчыя кааператывы і накіроўваць іх работу.

Прамысловасць Чэрыкава ў гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім становішчы. У чэрвені 1918 г. газета "Звезда" паведамляла, што з 40 прадпрыемстваў і майстэрань, якія знаходзіліся ў горадзе, 28 не працавалі. Многія патрабавалі рамонту, але грошай, каб яго зрабіць, мясцовыя ўлады не мелі. Цяжарам давіла на насельніцтва беспрацоўе. Не лепшым было становішча і ў вёсках павета. Канфіскацыя і размеркаванне памешчыцкіх зямель абвастрылі сацыяльнаю напружанасць, негледзячы на тое, што іх правядзенне падтрымлівалі розныя слаі сялянства. Але ўласныя інтарэсы ў іх былі неаднолькавыя. Кулакоў і заможных сялян не задавальняла норма падзелу зямлі (у павеце яна была: на працаздольнага члена сям'і - 2,5 га, непрацаздольнага - 1 га): існавала небяспека страты сваёй надзельнай і купленай зямлі. Да таго ж яны жадалі атрымаць і частку памешчыцкай зямлі. Безумоўна, падобныя жаданні заможных сялян і кулакоў не маглі задаволіць беззямельных і малазямельных сялян. Новая ўлада падтрымлівала ў асноўным апошніх, што выклікала сацыяльную напружанасць у вёсцы.

У сувязі з надзяленнем сялян зямлёю, у цэнтры ўвагі мясцовых Саветаў паўстала пытанне аб забеспячэнні беднякоў цяглавай сілай і інвентаром. У адпаведнасці з Дэкрэтам аб забеспячэнніпрацоўных сельскагаспадарчымі прыладамі ад 25 красавіка 1918 г. у Чэрыкаўскім павеце ўлады пачалі размяркоўваць інвентар сярод бяднейшага сялянства, былі ўтвораны пракатныя пункты. У павеце было арганізавана 10 пракатных і зернеачышчальных станцый. За пракат сельскагаспадарчых прылад працы была назначана невялікая плата. Напрыклад, за малатарню плацілі 40 р., сеялку - 5, плуг - 1,5 р. у тыдзень. Беднякам прылады працы выдаваліся ў арэнду бясплатна, таксама выдзялася насенне для сяўбы.

11 чэрвеня 1918 г. ВЦВК прызваў ствараць на месцах камітэты вясковай беднаты. Аб гэтым ішла размова і на першай павятовай канферэнцыі бальшавікоў 15 жніўня 1918 г. Нягледзячы на супраціўленне часткі сялянства, камбеды ствараліся ў розных валасцях Чэрыкаўскага павета. Летам 1918 г. камітэты беднаты былі арганізаваны ў Наваельнінскай, Палужскай, Брацькавіцкай, Старынскай і іншых валасцях. Усяго ў павеце было створана 12 валасных і 269 вясковых і гарадскіх камбедаў.

З утварэннем камбедаў на Чэрыкаўшчыне звязан і новы этап падзелу панскіх зямель. Гэта было выклікана тым, што вясною падзел зямлі ў некаторых валасцях, дзе большасць у мясцовых Саветах складалі кулакі і заможныя сяляне, веўся без уліку пажаданняў беззямельных и малазямельных сялян. Выканаўчыя функцыі ў новым падзеле панскай зямлі належалі камбедам. Некаторыя валасныя камбеды прымалі рашэнні, якія датычылі маёмасці не толькі памешчыкаў, але і кулакоў. Напрыклад, Маляціцкі валасны камбед на сваім пасяджэнні пастанавіў "пазбавіць кулакоў лішніх земляў і жывёлы". Не трэба забываць, што гэтыя "лішнія землі" кулакоў былі не толькі надзельныя, але і купленыя імі, гэта была іх уласнасць. У выніку другога падзелу зямлі частка беднякоў і сераднякоў атрымала дадаткова ад 0,2 да 1,5 дзес. зямлі. Усяго на першае лістапада 1918 г. фонд непрацоўных зямель (раллі і лугу) у Чэрыкаўскім павеце склаў 255,4 тыс. дзесяцін. Было размеркавана 115 тыс. дзесяцін зямлі.

У гэты час надзвычайны сялянскі з'езд, які адбыўся 26 чэрвеня 1918 г., прыняў пастанову аб падтрымцы і ахове Савецкай улады.

Аб накале барацьбы бальшавікоў і сіл, якія не падтрымлівалі іх дзеянні, сведчыць і факт роспуску бальшавікамі ў Чэрыкаве VI чарговага з'езда Саветаў, які адбыўся 5 верасня 1918 г. На гэтым з'ездзе левыя эсэры выступілі супраць арганізацыі камбедаў, крытыкавалі палітыку бальшавікоў, іх метады кіравання, патрабавалі разрыву цяжкага для Беларусі Брэсцкага міру. Як было сказана раней, эсэры карысталіся падтрымкай большасці насельніцтва павета, гэта сведчыць аб тым, што на з'ездзе яны выступілі выразнікамі інтарэсаў большасці. У выніку галасавання на з'ездзе прапановы эсэраў падтрымалі каля 300 чал., за бальшавікоў прагаласавала 70 чал. З 16 членаў павятовага выканкама - 9 былі эсэрамі, 4 - бальшавікамі, 3 - беспартыйнымі. Падтрымка большасцю дэлегатаў з'езда эсэраўскіх прапаноў не задаволіла бальшавікоў. Яны пакінулі з'езд, перайшлі ў іншы будынак і аб'явілі сябе часовай уладай у павеце. З'езд быў распушчаны. Па сутнасці гэта адлюстроўвала непрыняцце бальшавікамі іншай палітычнай пазіцыі, у даным выпадку пазіцыі левых эсэраў.

Аднак трэба адзначыць, што рашэнне аб роспуску VI з'езда Саветаў было падтрымана дэлегатамі павятовага з'езда камбедаў, які адбыўся 15 верасня 1918 г. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Дастаткова ўспомніць, што з боку эсэраў на VI з'ездзе Саветаў была прапанова - не ствараць камбеды. На з'ездзе камітэтаў беднаты павета была прынята пастанова аб неабходнасці больш актыўнай арганізацыі камбедаў. Таксама было разгледжана харчовае пытанне, прынята рашэнне ўзяць хлеб на ўлік, устанавіць цвёрдыя цэны на мануфактуру, жалеза і сельскагаспадарчыя прылады працы. Пад пагрозай смерці забараняўся продаж хлеба па спекуляцыйнай цане.

У сувязі з рашэннем вераснёўскага павятовага з'езда камбедаў пачаліся выбары ў падліковыя камісіі. У прыватнасці, у пачатку кастрычніка 1918 г. на Камаровіцкім валасным з'ездзе Саветаў была выбрана падліковая камісіяя для ўліку хлеба. Прынята рашэнне сыскваць пазямельны падатак з грамадзян воласці, якія мелі больш за 9 дзес. зямлі, камітэтам беднаты хлеб выдзяляць са скідкай 50%. У гэты ж час у Даўговіцкай воласці функцыі валаснога Савета перайшлі да валаснога камітэта беднаты. Тут таксама была выбрана падліковая камісія.

У час канфіскацыі памешчыцкіх маёнткаў камбеды праводзілі ўлік іх маёмасці. Разам з гэтым яны ўлічвалі і пасевы азімых хлябоў на памешчыцкіх землях, якія былі засеяны восенню 1917 г. былымі гаспадарамі. Па закону гэтыя пасевы не падлягалі ўраўняльнаму размеркаванню, яны пераходзілі ў распраджэнне валасных Саветаў. Аднак некаторыя мясцовыя камітэты нарушалі гэты закон. Вакол размеркавання памешчыцкага ўраджаю ішла вострая барацьба паміж Саветамі і заможнымі сялянамі, якія спрабавалі сарваць гэта мерапрыемства. Некаторыя валасныя Саветы, у якіх яны складалі большасць, прымалі пастановы аб размеркаванні пасеваў на корані, захаванні іх азімых пасеваў на арэндаваных памешчыцкіх землях. Так было, напрыклад, у Даўговіцкай воласці. У канцы ліпеня 1918 г. Чэрыкаўскі земаддзел адмяніў пастанову Даўговіцкага валаснога Савета аб размеркаванні ўраджаю на корані.

Восенню 1918 г. узмацнілася сацыяльная напружанасць у вёсках павета. Гэта было звязана з тым, што Паўночна - Заходні абласны камітэт РСДРП(б) узяў курс на масавае стварэнне камун, іншых калектыўных гаспадарак. Праводзіўся ён без усякага ўліку настрою сялянства, асноўная частка якога жадала весці індывідуальную гаспадарку. У гэты перыяд у Беларусі, у тым ліку ў Чэрыкаўскім павеце, узнікалі сялянскія хваляванні.

Пытанне аб стварэнні на Чэрыкаўшчыне калектыўных гаспадарак узнімалася 28 лістапада 1918 г. на VII павятовым з'ездзе камбедаў. Яно выклікала сур'ёзныя спрэчкі, аднак у выніку было адобрана. На з'ездзе таксама абмяркоўвалася пытанне аб надзвычайным рэвалюцыйным падатку, была прынята пастанова аб перавыбарах валасных і пасялковых Саветаў. 6 снежня 1918 г. гэту пастанову падтрымаў Чэрыкаўскі павятовы камітэт РКП(б).

Да канца 1918 г. у павеце было арганізавана 20 камун, 13 калгасаў і 4 арцелі. Як сведчаць архіўныя матэрыялы, на адну калектыўную гаспадарку тут прыходзілася больш за 380 дзес. зямлі.

Камбеды да пачатку 1919 г. зліліся з валаснымі і пасялковымі Саветамі, якія к гэтаму часу ў выніку перавыбараў сталі ў асноўным бальшавіцкімі.

Павятовая партыйная бальшавіцкая арганізацыя была створана ў маі 1918 г. пад кіраўніцтвам М.Д. Шчарбітава, які і ўзначаліў яе. 12 студзеня 1919 г. у Чэрыкаве адбылася ІІ павятовая партыйная канферэнцыя. На ёй прысутнічала 25 дэлегатаў, якія прадстаўлялі 200 членаў партый і 325 кандыдатаў і спачуваючых. На канферэнцыі было падкрэслена, што ў павеце вядуць работу 22 партыйныя ячэйкі, сярод якіх 8 - у валасцях, 12 - у сёлах і 2 - у чырвонаармейскіх часцях. Таксама адзначалася, што поўнасцю з камуністаў складаліся павятовы выканкам, ваенны камісарыят і Надзвычайная камісія. З 88 членаў валасных Саветаў - 24 члены партыі і 58 спачуваючых. Такім чынам, відаць, што да пачатку 1919 г. органы мясцовай улады амаль поўнасцю складаліся з прадстаўнікоў партыі бальшавікоў тых, хто падтрымліваў яе ідэі. Пазіцыі левых эсэраў у Саветах і іншых органах улады былі значна падарваны. Аднак іх ідэі яшчэ панавалі сярод сялянства.

Пра гэты перыяд гісторыі Н. Стужынская піша: "Непрыманне харчовай, аграрнай і нацыянальнай палітыкі, якую праводзіла Савецкая ўлада, выклікала вясной - летам 1919 г. актыўны працэс фарміравання паўстанцкіх атрадаў так званых "зялёных" у Горацкім, Рагачоўскім, Быхаўскім, Чэрыкаўскім паветах Гомельскай губерні. Для падаўлення паўстанцаў у Горкі сцягнулі немалыя сілы..." ("Звязда", 28 мая 1992 г.).

У маі 1919 г. паўстала пытанне аб пераносе губернскага цэнтра з Магілёва ў Гомель. 25 мая адбыўся І Гомельскі губернскі з'езд Саветаў. На ім было аб'яўлена аб стварэнні Гомельскай губерні. Чэрыкаўскі павет ўвайшоў у яе склад, а ўся губерня - у склад РСФСР.

У гэты час амаль уся тэрыторыя Беларусі была захоплена палякамі. 26 красавіка 1919 г. прэзідыум Магілёўскага губернскага Савета прафсаюзаў звярнуўся да жыхароў губерні з адозвай, у якой прызваў насельніцтва папоўніць рады Чырвонай Арміі. У поўным саставе пайшлі на фронт некаторыя выканкамы мясцовых Саветаў, напрыклад Прапойскі валасны выканкам. За красавік - май 1919 г. у павеце пайшлі на фронт 120 камуністаў, галоўным чынам з гарадской арганізацыі. У гэты перыяд дзве арганізацыі распаліся: Мірагашчанская - пасля адыходу вайсковай часці і Наваельнінская - у сувязі з адыходам галоўных работнікаў у атрад асобага прызначэння.

Аб складаным фінансавым становішчы ў павеце ў час грамадзянскай вайны сведчыць і той факт, што ўлады не мелі грошай нават на ўтрыманне дзіцячага прытулку, што знаходзіўся ў Чэрыкаве. На 1 лютага 1919 г. у ім было 61 дзіця: школьнага ўзросту - 27 і дашкольнага - 34. Недахоп сродкаў на яго ўтрыманне прывёў да таго, што прыём сірот спыніўся.

Каб забяспечыць сем'і чырвонаармейцаў усім неабходным і скараціць плошчы незасеяных палёў, 10 ліпеня 1919 г. у павеце былі арганізаваны спецыяльныя органы. За некалькі месяцаў сваёй работы, як сведчаць справаздачы Чэрыкаўскага павятовага камітэта пасяўных плошчаў і камісіі па аказванню дапамогі чырвонаармейскім гаспадаркам, яны выдзелілі насеннага матэрыялу: 1960 пудоў - сям'ям чырвонаармейцаў і частцы бяднейшага сялянства; 2 тыс. пудоў - савецкім гаспадаркам; 90 пудоў - камуне "Рассвет" і 20 пудоў - Сафіеўскай школе малочнай гаспадаркі. Усяго было адпушчана насеннага матэрыялу 4070 пудоў, якіх хапіла б, каб засеяць 407 дзес. зямлі. За гэты час з мэтай аказання дапамогі сем'ям чырвонаармейцаў пазыкай было абследавана 8 валасцей: Дубровіцкая, Лабанаўская, Студзянецкая, Брацькавіцкая, Старынская, Палужская, Даўговіцкая і г. Чэрыкаў.

Пад кантролем савецкіх органаў улады знаходзілася пытанне забеспячэння бедняцкага насельніцтва сельскагаспадарчым інвентаром. Было вырашана ўвесь атрыманы інвентар размяркоўваць выключна па пракатных станцыях. Да пачатку кастрычніка 1919 г. у павеце ўжо налічвалася 17 пракатных станцый, якія мелі 182 аднаконныя і параконныя плугі, 166 барон, 36 сеялак, 262 касы, 33 сенакасілкі, іншы сельскагаспадарчы інвентар. Да гэтага ж часу было выдзелена на аказанне дапамогі сем'ям чырвонаармейцаў і іншыя расходы 115 тыс. рублёў, з іх 40 тыс. рублёў было дадзена саюзу кааператываў за дастаўку сельскагаспадарчага інвентару і 20 тыс. рублёў на ўтрыманне служачых.

У 1919 - 1920 гг. павялічвалася дэзерцірства з радоў Чырвонай Арміі. Урад быў вымушаны стварыць спецыяльныя камітэты па барацьбе з дэзерцірствам. З 18 па 24 снежня 1919 г. Чэрыкаўскі павятовы камітэт партыі аб'явіў "Тыдзень абароны". Асноўная мэта гэтага мерапрыемства - збор прадуктаў харчавання і цёплага адзення ў насельніцтва, барацьба з дэзерцірствам.

Нягледзячы на складанае становішча ў першыя паслярэвалюцыйныя гады, на Чэрыкаўшчыне ў былых панскіх сядзібах адкрываліся клубы, бібліятэкі. У першай палове 1919 г. у Чэрыкаве пачала працаваць зубная амбулаторыя. Такія ж амбулаторыі намячалася стварыць ў Крычаве, Краснаполлі, Маляцічах.

З 1918 г. у Чэрыкаве выдавалася газета "Красный клич" - орган Чэрыкаўскага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. 1 лістапада 1919 г. убачыў свет першы нумар газеты "Голос коммуніста" - орган Чэрыкаўскіх камуністаў. У той час рэдактарам газеты быў М. Ленскі - Дармянёў. Газета мела невялікі фармат, па знешняму выгляду нагадвала лістоўку. Друкавалася на рускай мове.

Незадавальненне часткі насельніцтва палітыкай і метадамі кіравання новай улады прывяло да антысавецкага паўстання, якое адбылося ў першых чыслах сакавіка 1920 г. у Быхаўскім, Прапойскім і Чэрыкаўскім паветах. Паўстаўшыя нападалі на мясцовыя валасныя і пасялковыя Саветы, захапілі некаторыя населеныя пункты. Яны распрацавалі план сваіх дзеянняў, мелі спецыяльны штаб, паміж вёскамі наладзілі конную сувязь. Мясцовая ўлада не змагла падавіць паўстанне. На дапамогу было накіравана некалькі спецыяльных ліквідацыйных атрадаў ад 8-й дывізіі. Яны складалі да 200 штыкоў, 7 шабель і 3 кулямётаў. Канчатковая ліквідацыя паўстання была даручана Заходняму сектару ВОХРа. За час падаўлення паўстання было арыштавана каля 600 чал. Забітымі і параненымі паўстаўшыя страцілі каля 50 чал. Сярод урадавых войск было забіта 10 чал.

Вясной 1920 г., нягледзячы на блізкасць польскага фронту, складанае становішча ў вёсках, сяляне рыхтаваліся да пасяўных работ. Гэтаму ж пытанню ўвагу ўдзялялі і органы ўлады. 17 красавіка адбылося аб'яднанае пасяджэнне ўсіх аддзелаў Чэрыкаўскага павятовага камітэта партыі і выканкама. На пасяджэнні было прынята рашэнне - аб'явіць у павеце "Тыдзень пашырэння пасяўных плошчаў". Для паспяховага яго правядзення была арганізавана спецыяльная камісія, якую ўзначаліў загадчык павятовага земаддзела Казлоў. Удзельнікі пасяджэння звярнуліся да працоўных павета з заклікам, у якім прызвалі правесці сеў на палях маламаёмных і бясконных сем'яў чырвонаармейцаў, старых, удоў, сірот, непрацаздольных грамадзян. Правядзенне "Тыдня пашырэння пасяўных плошчаў" прынесла добрыя вынікі. Была засеяна амаль уся ворная зямля.

Вясной 1920 г. сялянам сучасных Чэрыкаўскага, Горацкага, Быхаўскага і Чавускага раёнаў быў дадзены нарад на працоўную павіннасць. Неабходна было выдзеліць на патрэбу Чырвонай Арміі 3000 падвод. Нягледзячы на цяжкае становішча, сяляне Чэрыкаўшчыны да пачатку ліпеня выканалі гэту павіннасць. Яны перавезлі 300 тыс. пудоў грузаў на патрэбу арміі. Была праведзена новая мабілізацыя ў армейскія рады. У чэрвені некаторыя паветы губерні, у тым ліку і Чэрыкаўскі, мабілізавалі ў Чырвоную Армію 2860 чал. У першую чаргу ў армію ішлі камуністы.

Восенню 1920 - у пачатку 1921 г. у Чэрыкаўскім павеце зноў адбыліся антысавецкія выступленні. У гэты час тут актыўна дзейнічалі атрады белых афіцэраў Белахвостава, Зязюліна, Пруднікава, на мяжы Чэрыкаўскага і Рагачоўскага паветаў - Мельнікава.

У першыя паслярэвалюцыйныя гады мясцовыя органы ўлады прымалі меры для ліквідацыі непісьменнасці дарослага насельніцтва, адчыняліся дзіцячыя сады, працавалі мастацкія гурткі. У 1920 г. у павеце было 64 школы па ліквідацыі непісьменнасці. У 1920/21 навучальным годзе на Чэрыкаўшчыне працавала 275 школ першай ступені. У іх навучалася 19 620 дзяцей: 12 163 хлопчыкі і 7457 дзяўчынак. У гэтых школах працавала 505 настаўнікаў. У павеце таксама дзейнічалі дзесяткі школ другой ступені.

Колькасць насельніцтва ў Чэрыкаўскім павеце ў 1920 г. у параўнанні з 1917 г., па адных даных, паменшылася і склала 166 515 чал. (76 618 мужчын і 89 897 жанчын). Па іншых даных, у 1920 г. у павеце было зарэгістравана 171 006 жыхароў (84 886 мужчын і 86 120 жанчын). Часова адсутнічала 11 008 мужчын, 10 220 з якіх былі прызваны ў Чырвоную Армію, знаходзіліся ў харчовых атрадах, фарміраваннях Надзвычайнай камісіі і г.д. Па іншых прычынах часова адсутнічалі 788 чал., у тым ліку 75 жанчын.

Да канца грамадзянскай вайны ў павеце было ўзята на ўлік 25 090 сялянскіх гаспадарак і 1280 гаспадарак у мястэчках. Акрамя гэтага, у павеце налічвалася 11 камун, 241 арцель, 6 саўгасаў і 2193 іншыя гаспадаркі.

У сувязі з нацыяналізацыяй вытворчасці і зямлі фактычна была ліквідавана нешматлікая праслойка прамысловай і гандлёвай буржуазіі, памешчыкаў, зменшылася колькасць заможных сялян і павялічылася агульная колькасць гаспадарак. У 1920 г. да часовага найму рабочай сілы прыбягалі 1559 гаспадарак (без уліку скрытага найму). Ва ўмовах разрухі большасць гаспадарак займалася промысламі. Такіх гаспадарак было 17 029. У гэты ж час павялічылася колькасць гаспадарак, якія не мелі жывёлы і кароў: адпаведна ў 1920 г. іх зарэгістравана 4105 і 18 791, інвентару не мелі 1392 гаспадаркі, без усякага пасеву засталіся 397 гаспадарак, 454 сялянскія гаспадаркі не мелі пасеваў у полі.

У гады першай сусветнай і грамадзянскай войн загінулі сотні і сотні ўраджэнцаў Чэрыкаўшчыны, прадстаўнікоў розных класаў і сацыяльных груп, розных нацыянальнасцей. Гады вялікіх узрушэнняў падарвалі фізічныя, маральныя, інтэлектуальныя сілы большасці людзей. У павеце ўзраслі беспрацоўе, спекуляцыя, злачыннасць. Голад і галеча цяжарам ляжалі на людзях. У перыяд рэвалюцыі і грамадзянскай вайны грамадства, на жаль, не знайшло мірных шляхоў рашэння наспеўшых праблем, а ідэя сусветнай рэвалюцыі патрабавала ўсё новых і новых ахвяр.