ПАСЛЯ І ПАДЗЕЛУ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

У 1772 г. імянным указам Екацярыны ІІ ад 1, 12 і 21 верасня было аб’яўлена аб далучэнні да Расійскай імперыі ўсходніх зямель Беларусі. Гэта быў І падзел Рэчы Паспалітай. Гэтымі ж указамі на далучаных тэрыторыях засноўваюцца дзве губерніі: Пскоўская і Магілёўская. Граніца паміж Польшчай і Расіяй пасля гэтага падзелу праходзіла па заходняй Дзвіне да Віцебска, затым пагранічная лінія паварочвала на поўдзень і ішла па прамой лініі да вытокаў Друці, праходзіла ўздоўж гэтай ракі да ўпадзення яе ў Днепр і працягвалася па Дняпру.

Згодна з указамі сената ад 23 кастрычніка 1772 г., Магілёўская губерня дзялілася на 4 правінцыі – Магілёўскую, Мсціслаўскую, Рагачоўскую і Аршанскую. Указам ад 22 лмпеня 1773 г. аб раздзеле Беларускіх губерняў на паветы і аб заснаванні ў тых паветах камісарстваў, Чэрыкаў быў назначаны павятовым горадам у Мсціслаўскай правінцыі. У гэтым жа годзе на далучаных да Расіі тэрыторыях быў праведзены пагалоўны перапіс насельніцтва для збору падушнага падатку, які павінен быў замяніць існуючы ў Рэчы Паспалітай падымны падатак. Для таго каб “прыцягнуць да сябе сэрцы новых подданых выяўленнем шчодрасцей, сапраўды бязмерных”, Екацярынай ІІ у 1775 г. маніфестам ад 17 сакавіка “пунктамі 17, 21, 29, 31, 33, 35, 36 і 37 зняты зборы вясельныя (вясельная куніца), бартавыя, са звярыных і птушыных промыслаў, з таварных свіранаў, млыноў,лазняў і з рыбнай лоўлі. Рэзалюцыяй Мая 1-га таго ж года дазволена Беларускаму генералу – губернатару збіраць на працягу яшчэ 3-х гадоў падатак па зменшанаму акладу, ва ўвагу к двухгадовым неўраджаям ва ўсім Беларускім краі і з прычыны прыгнечанага мінулымі ўнутранымі іх неспакоямі становішча землеўладальнікаў і ад агаладання ўсяго тутэйшага краю праходзячымі войскамі і канфедэрацкімі натоўпамі, якімі апошнімі цэлыя жыхарствы (сёлы) былі абрабаваны”.

Насельніцтва беларускіх зямель пасля апублікавання ўказа аб уключэнні іх у склад Расіі прыводзілася да прысягі. Так як некаторыя магнаты, уладальнікі атрыманых Расіяй зямель, усялякімі спосабамі стараліся атрымаць у Уніі народ гэтых тэрыторый, імператрыца выдала ўказ аб канфіскацыі памесцяў асоб, якія супраціўляліся яе волі.

Услед за распараджэннем аб канфіскацыі маёмасці некаторых памесчыкаў, незадаволеных новым урадам, з’явіліся некалькі ўказаў аб раздачы канфіскаваных памесцяў рускім для ўмацавання рускага элемента ў Краі. Так, напрыклад, Крычаўскае староства (у яго ўваходзілі мястэчка Крычаў, Мілаславічы, Хоцімс, Забычанне і Студзянец) была аднесена да ліку дзяржаўнай уласнасці. “Гасударыня Імператрыца Екацярына ІІ падаравала яго ва ўзнагароду князю Рыгору Аляксандравічц Пацёмкіну”.

22 сакавіка 1777 г. “для ўраўноўвання паветаў ў прасторы і насельніцтве і ўстаранення нязручанасцяў у адміністрацыйных адносінах зроблена новае размеркаванне паветаў Подацкай і Магілёўскай губерняў. У апошняй загадана быць 12-ці паветам”, у тым ліку і Чэрыкаўскаму.

Важнейшым актам царскай волі Екацярыны ІІ было ўвядзенне ў зноў далучаных абласцях тых устаноў, якія існавалі і ў Расійскай імперыі на аснове закона ад 7 лістапада 1775 г.

З утварэннем на аснове ўказа ад 10 студзеня 1778 г. Магілёўскага намесніцтва Чэрыкаў застаўся павятовым горадам. У павеце быў створаны: “Павятовы Суд (ці Акруговы); Дваранская Апека і Ніжні земскі Суд. Затым у кожным павеце меркаваўся Спраўнік, Павятовы казначэй, Павятовы прысяжны землямер, Павятовы Доктар і Павятовы Лекар з 2-ма падлекарамі і 2-ма лекарскімі вучнямі. У кожным горадзе быў Гараднічы, Славесны Суд, дзе засядалі суддзі і Старосты, Гарадскі Магістрат, пры якім быў Сіроцкі Суд”. З увядзеннем указаных вышэй устаноў ужо не заставалася месца для дзеяння Літоўскага Статута. Адначасова з ім страціла сілу і магдэбургскае права. Прыкладам таму можа служыць цяжба мяшчан крычаўскіх з уладальнікам Крычава князем Пацёмкіным. Ён аб’явіў сябе памешчыкам Крычава, а насельніцтва гэтага горада – сваімі сялянамі і выйграў справу ва ўсіх інстанцыях. У 1787 г. былі праведзены выбары павятовых і губернскіх прадвадзіцеляў дваранства, створаны павятовыя і губернскія дваравыя сходы.

5 жніўня 1786 г. імператрыцай Екацярынай ІІ быў зацверджаны статут народнага вучылішча, які адыграў асаблівую ролю і ў развіцці народнай асветы на Чэрыкаўшчыне. Паводле яго “народныя вучылішчы павінны былі паведамляць наведваючым іх дзецям грунтоўную элементарную адукацыю, але гэтым не павінна была абмяжоўвацца іх задача. Важна развіць у дзіцяці разумовыя сілы, але зусім недастаткова для школы развіць толькі разумовыя сілы дзіцяці. Школа павінна паставіць сабе мэтай не толькі паведаміць дзецям вядомую суму ведаў, але і зрабіць іх набожнымі хрысціянамі і вернымі сынамі царквы, сфарміраваць з іх у далейшым карысных членаў грамадства”. З лістапада 1786 г. імператрыца загадала Полацкаму і Магілёўскаму генерал – губернатару П.Б. Пасеку “прыступіць да ўпарадкоўвання народных вучылішчаў на першы раз па крайняй меры ў губернскіх і знатнейшых гарадах яго генерал – губернатарства на рахунак сум загадаў грамадскага апекавання і гарадскіх дум”.

Пасек з ахвотай узяўся за выкананне ўскладзенага на яго даручэння, і ўжо 15 сакавіка 1789 г. галоўнае народнае вучылішча было адкрыта ў Магілёве. Праз два гады “па адкрыцці галоўных вучылішчаў прыступлена было да адкрыцця малых вучылішчаў”. У 1791 г. такія вучылішчы былі адкрыты ў некаторых гарадах Магілёўшчыны, напрыклад у Оршы, Копысе, Мсціславе, Чавусах, Чэрыкаўскае малое вучылішча было адкрыта 6 лютага гэтага ж года (па другіх крыніцах яно было адкрыта ў 1790 г.). “І вучылішчы гэтых маленькіх гарадкоў не засталіся без вучняў. Асабліва значная колькасць жадаючых вучыцца знайшлася ў Мсціслаўлі… іменна 65. За Мсціслаўлем па колькасці выказаўшых жаданне вучыцца ідзе Чэрыкаў - 54”.

З далучэннем упамянутых зямель да Расіі было ліквідавана рэлігійнае прыгнечанне беларускага народа. Яму прадстаўлялася права свабоднага выбару хрысціянскага веравызнання. Разам з тым у 1774 г. даравальнай граматай Екацярыны ІІ была заснавана Беларуская каталіцкая епархія. Згодна з гэтай граматай, дазвалялася захаванне каталіцкай веры і свабоднае адпраўленне каталіцкіх абрадаў. Асобныя епіскапствы аб’ядноўваліся ў адну Беларускую епархіюна чале з епіскапам і кансісторыяй. Маёмасць каталіцкіх цэркваў і манастыроў заставалася недатыкальнай.

Двойчы на працягу шасці гадоў Чэрыкаўскі павет мяняў сваю губернскую прыналежнасць: у снежні 1796 г. пры ўтварэнні Беларускай губерніі ўвайшоў у лік павятовых гарадоў. У 1802 г. пры аднаўленні Магілёўскай губерніі пакінуты ў ёй павятовым горадам.

10 лютага 1782 г. на Беларусі “загадана ўвясці новыя дарогі”, у прыватнасці ад Смаленска да Кіева на Мсціслаў, Лабковічы, Крычаў, Чэрыкаў, да Прапойска, дзе яна злучалася з дарогаю, якая вяла ад Магілёва да Кіева.

16 жніўня 1781 г. быў зацверджаны герб г. Чэрыкава. Ён быў падобны да Магілёўскага герба, адрозніваўся залатым загалоўкам “ибо сие место всегда будет подсудно Могилеву”. План г. Чэрыкава быў зацверджаны трыма гадамі раней – 21 лютага 1778 г.

1787 г. быў знамянальных для тагачаснай Чэрыкаўшчыны: гэты край наведала імператрыца Екацярына ІІ. Вось як апісвае гэту падзею М.В. Без-Карніловіч:

“Января 20-го в 9 часов утра [Екатерина] отправилась в г. Чериков: при въезде в него производилась пушечная пальба; Магистрат Её поднес ключи. Государыня Императрица, в Черикове, изволила пожаловать на все Православные церкви 300 руб. да на состоящую в Полоцкой губернии Пятницкую церковь 300 руб., Православному монастырю в г. Невеле 200 руб. Из Черикова поехала в Рогалин, оттуда в Пропойск”.

Увядзеннем у далучаным пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай краі законаў, агульных для Расійскай імперыі, Екацярына ІІ імкнулася дасягнуць поўнага зліцця зноў далучаных абласцей з дзяржавай, але “сістэма Імператрыцы Екацярыны не доўга мела сілу ў краі”. Яна хутка пачала мяняцца з уступленнем на рускі прастол Паўла Пятровіча (1796 - 1801) – сына Екацярыны ІІ і Пятра ІІІ. “Палякі выклікалі ў імператара Паўла моцнае спачуванне да іх журботнай долі. Ён пачаў вяртаць многіх выгнаннікаў з Сібіры і зноў аддаваць канфіскаваныя ў іх памесці”.

На рубяжы XVIII і XIX ст. гарады Магілёўскай губерніі нельга было лічыць прамысловымі цэнтрамі. У данясенні сенатараў графа Аляксандра Варанцова і Аляксея Нарышкіна аб аглядзе Магілёўскай губерніі ў 1784 г. аб кожным горадзе сказана: “Фабрык і заводаў у гэтым горадзе ніякіх няма”. “Экономические примечания к генеральному межеванию Могилевской губернии” (па 5-й рэвізіі, складзены ў 1800 – 1802 гг.) даюць падрабязныя апісанні кожнага горада. Аб г. Чэрыкаве, напрыклад, сказана: “Заводаў няма, а для абывацеляў купляюцца штогод свечы з бліжэйшых месц. Гарбарных заводаў няма, але ў адным абывацельскім доме ёсць адзін чан і работа выконваецца самім гаспадаром, а калі і наёмнымі людзьмі, вырабляе 25 чорных і 9 скур падэшвенных ялавічных”. У Чэрыкаве з агульнай колькасці насельніцтва мужчынскага полу (2313 чал.) рамеснікаў было 46 чал., гэта значыць менш 2%. Усё насельніцтва Чэрыкаўскага павета, паводле 5-й рэвізіі, складала 39 109 чал.

Асноўным і самым даходным відам дзейнасці для вотчынных гаспадарак Чэрыкаўшчыны, як і для усеё Усходняй Беларусі, было вінакурства. У канцы XVIII ст. тут прыкметна расце колькасць вінакурняў не толькі ў буйных, але і сярэднепамесных памешчыкаў. Так, у адным толькі Чэрыкаўскім павеце іх было 20. Выгаднасць вінакурства заключалася ў асобным праве, яколе называлася прапінацыйным і было ўстаноўлена польскімі каралямі яшчэ ў ХІІІ – ХІV ст. і распаўсюджана ў XVIII - XIX ст. у Польшчы, Беларусі, на Украіне, у Прыбалтыцы і Бесарабіі. Сутнасць яго заключалася ў тым, што памешчыкі мелі права не толькі гнаць віно ў сваіх вінакурнях, але і прадаваць яго ў сваёй гаспадарцы. Гэта прапінацыйнае права і з’яўлялася крыніцай значнага абагачэння памешчыкаў, якія прадавалі віно ў корчмах. Так, напрыклад, князем А.М. Галіцыным у м. Краснаполле Чэрыкаўскага павета “з 36-ю сёламі ў 1778 г. была аддадзена па кантракту на 2 гады яўрэю Зельману з сынам прадажа віна ў 21 карчме”. Прытрымліваючыся прапінацыйнага права, Галіцын за вольны продаж віна ў корчмах плаціў прапінацыйныя грошы павятовае казначэйства. У Чэрыкаўскае казначэйства за ўвесь 1780 г. ён заплаціў 489 р. 60 к.

З упамянутага раней данясення графа Аляксандра Варанцова і Аляксея Нарышкіна аб аглядзе Магілёўскай губерніі ў 1784 г. вынікае, што пераважная большасць купцоў у гэтых краях былі яўрэямі і ў іх руках быў сканцэнтраваны асноўны гандаль. У Чэрыкаве яўрэі складалі болей 66% усіх купцоў. Трэба адзначыць, што пасля далучэння гэтага краю да Расіі, прыкметна паскорылася развіццё купецкага гандлю. Для прыкладу, колькасць купцоў у Чэрыкаве з 1776 па 1785 г. вырасла з 1 да 102 чал.

Важную ролю ва ўнутраным гандлі ў канцы ХІІІ – пачатку ХІV ст. адыгрывалі кірмашы. У сярэдзіне 80-х гадоў на кірмашы ў Крычаўскае графства, напрыклад, прязджалі купцы з Масквы, Пецярбурга, Кіева, Чарнігава з сукном, шаўковымі вырабамі, шубамі, жалезам, меддзю, тытунём і рыбай. Чэрыкаўскія купцы прадавалі скупленыя імі ў сялян навакольных вёсак сельскагаспадарчыя прадукты і вырабы рамёстваў рослаўльскім, вяземскім, дарагабужскім і ржэўскім купцам.

У першай палове 1801 г. частка прамысловых прадпрыемстваў у Чэрыкаўскім павеце належала памешчыку Івану Галынскаму. Паводле звестак яго ўпраўляючага, гэта былі наступныя заводы: парусінавыя фабрыкі ў м. Крычаў і с. Благоўскім, якія за паўгода выпусцілі “брызендуку бялейшага шт. 440, чарнейшага шт. 541. Мераю кожная штука па 50 аршын”. (У канцы XVIII ст. Крычаўскай фабрыкай выпушчана парусіны ад 600 да 1000 кускоў па цане ад 10 да 15 р.) У с. Задробскаўскім – гарбарны завод, на якім выраблялі тавар на боты. “Вырабляецца скур валовых падэшвенных 20, з якіх ва ўсякія скуры выразаецца падэшв пар на 25 ялавічных чорных і шэрых, 278 шт. пад’ялавічных чорных і шэрых 72 шт., конскіх шэрых 228 шт.”. У в. Падлужскай – “завод жалезны, на якім вырабляецца лемяшовае жалеза”. У в. Батаева працуе шкляны завод, які вырабляе ліставое шкло і шкло для сасудаў. На заводзе за першую палову 1801 г. выраблена “шкла аконнага скрынак 16. Зольнага скрынак 35. Бутэлек шкла зольнага звычайнай меры шт. 200 штофаў, штофаў таго ж шкла 160. Бутэлек шкла сіняга мераю ў чвэрць штофа 70, чарачак шкла зольнага 400, чарачак жа шкла паўхрустальнага шт. 100, шклянак шкла зольнага 100, шклянак жа шкла паўхрустальнага 70”.

На рубяжы XVIII і XIX ст.на тэрыторыі Чэрыкаўскага павета дзейнічалі і канатныя мануфактуры, прадукцыя якіх паступала ў Херсон. На адной з гэтых мануфактур працавала 180 рабочых. Найбольш буйным прадпрыемствам была судабудаўнічая верф у Крычаве, заснаваная ў 1785 г. Тут жа працавала і парусінавая мануфактура Пацёмкіна, на якой было 172 станы. Працавалі на ёй прыгонныя сяляне. Вырабленая прадукцыя вывозілася ў Херсон і Крамянчуг для аснашчэння ваеннага флоту.

Аб стане сельскай гаспадаркі Чэрыкаўшчыны 24 лютага 1805 г. магілёўскі губернатар паведамляў: “Ураджай наогул па губерніі ў 1804 г. быў даволі добры, і хоць у некаторых памесцях Беліцкага, Чэрыкаўскага, Сенненскага, Магілёўскага, Копыскага і Бабінавіцкага паветаў пабіла градам рознага хлеба да 1300 чвэрцяў, але гэта не мела важнага ўплыву, пацярпеўшыя ж атрымалі дапамогу ад памешчыкаў і з запасных сельскіх магазінаў”. У справаздачы таго ж губернатара ёсць звесткі і аб тым, што ў Чэрыкаўскім павеце было развіта пчалярства: “Мёд і воск дастаўляўся ў немалой колькасці ў сталічныя гарады Пецярбург і Маскву, а таксама да Рыжскага порта і ў іншыя месцы”.

К канцу XVIII ст. павялічыліся адработачныя павіннасці сялян. У пачатку XIX ст. у некаторых памешчыкаў сяляне працавалі на паншчыне да 6 дзён у тыдзень, незалежна ад колькасці і якасці зямлі, якой яны карысталіся. З 1797 па 1812 г. у тры разы былі павялічаны размеры падушнага падатку. Вельмі цяжкім было становішча сялян і ў дзяржаўных памесцях (староствах). Па сваіх павіннасцях яны падраздзяляліся на паншчынныя і аброчныя. Часта паншчына дапаўнялася яшчэ і аброкам (прадуктовым і грашовым). Акрамя аброку, з сялян браліся і іншыя грашовыя зборы.

Многія казённыя памесці царскі ўрад здаваў у арэнду памешчыкам, якія, здаралася, даводзілі сялян да поўнага разарэння. Не аючы сіл цярпець такую эксплуатацыю, сяляне выказвалі непаслушэнства сваім уладальнікам. Так, напрыклад, на падставе збірання арэндатарам “залішніх супраць кантракта павіннасцяў” у 1804 г. адбылося паўстанне сялян Кашанскага староства ў Чэрыкаўскім павеце. Паўстанне гэта было задушана.

Цяжар паднявольнага становішча сялян узмацніўся ў перыяд Айчыннай вайны 1812 г. Землі Чэрыкаўшчыны падвергліся спусташэнням як пры наступленні французскіх войск, так і пры іх адступленні. У гэтай сувязі М.В. Без-Карніловіч пісаў: “Мясцовыя жыхары не столькі цярпелі бедстваў ад бесперапынных пераходаў войск, як ад грабяжу, буянства, насілля беглых ці адстаўшых салдатаў і марадзёраў. Старх многіх прымусіў пакінуць свае сялібы, дамы і пажыткі і адправіцца далей у глыб Расіі, ці хавацца па лясах, пераносіць нягоды. Жыхары, якія ў час вайны не пакідалі сваіх дамоў, падвергліся вялікім падаткам хлебам, жывёлай, грашыма. Адступленне французаў было страшным. Салдаты адбіралі ў жыхароў апошні мяшок мукі, сцягвалі апошняе адзенне з плеч”. Чатырохмесячнае знаходжанне французаў у Магілёўскай губерні разарыла яе на 33½ млн асігнацыямі. Цяжкімі былі і людскія страты. У параўнанні з канцом XVIII ст., напрыклад, колькасць жыхароў мужчынскага полу ў Чэрыкаве скарацілася на 1269 чал. (паводле даных на 1824 г.). К 1825 г. колькасць жыхароў Чэрыкава склала: 1044 мужчын і 1089 жанчын. У гэты час у горадзе было 2 мураваныя і 365 драўляных дамоў, 2 царквы, 2 богаўгодныя ўстановы, 27 крам, 21 піцейны дом, лазня, 43 сады. Аб тэмпах будаўніцтва ў дарэформенным Чэрыкаве, аб яго развіцці і росце колькасці гараджан гавораць скупыя статыстычныя звесткі. К 1829 г. колькасць драўляных дамоў у горадзе ўзрасла ўжо да 380. У 1842 г. там было пабудавана чатыры драўляныя дамы, а ў 1847 г. – яшчэ адзін мураваны. К 1855 г. у Чэрыкаве было ўжо 3 мураваныя казённыя дамы і 437 драўляных, 9 драўляных і 47 драўляных гандлёвых крам, 3 царквы, магазін. У 1854 г. было пабудавана 4 драўляныя прыватныя дамы і 14 драўляных крам.

У пачатку 50-х гадоў ХІХ ст. у Чэрыкаве пражывала 3455 чал. (1720 мужчын і 1735 жанчын). З іх: духавенства – 26 чал. Абодвух палоў; дваран і чыноўнікаў – 112 мужчын і 77 жанчын; купцоў трэццяё гільдзіі– 5 мужчын і 5 жанчын; мяшчан і пасадскіх людзей абодвух палоў – 2855 чал. У горадзе былі 2 дабрачынных установы, 2 карчмы, 22 шынкі, папраўчая ўстанова. У Чэрыкаўскім павеце ў 1854 г. пражывала 38 560 мужчын і 37 037 жанчын.

К гэтаму часу Чэрыкаў займаў плошчу ў 2919½ дзес. зямлі. У Чэрыкаўскі павет уваходзіла: 114 047 дзес. палёў, 13 080 – лугоў, 2104 – выганаў і кустарнікаў, 51 838 дзес. будаўнічага лесу і 152 823 дзес. лесу, які ішоў на дровы. Балоты, азёры і рэкі займалі 4197 дзес. зямлі. Чэрыкаўскі павет к сярэдзіне ХІХ ст. аб’ядноўваў 6 мястэчак і 376 вёсак. У сярэднім на адну душу мужчынскага полу прыходзілася па 9 дзес. зямлі.

Фабрычная прамысловасць у дарэформенны час на Чэрыкаўшчыне, як і ва ўсёй Магілёўскай губерніі, была развіта слаба. Паводле даных кнігі “Военно – статистическое обозрение Российской империи”, якая была выдадзена у 1848 г., у павеце знаходзілася: парусінавы, 2 шкляныя, 3 меднаплавільныя і 3 гарбарныя заводы. У в. Старынка, якая належала памешчыку Уладзіміру фон Бенкендорфу, працаваў “меднаплавільны з чыгуналіцейным і механічны завод, які заслугоўвае асаблівай увагі па вытворчасці на ім у значнай колькасці чыгунных, медных і жалезных вырабаў: у мінулым [1846] годзе рыхтавалася на ім вялікая колькасць карабельных рэчаў і артылерыйскіх фур”. Прадукцыя гэтага завода збывалася на падраду для Чарнаморскага флоту, нязвачная яе частка – унутры губерні. У 1859 г. гэты завод змяшчаўся ў чатырох мураваных корпусах і ў 10 драўляных пабудовах, “звыш таго маецца магазін 3-павярховы каменны і сушыльняў каменных 6”. На заводзе працавалі: адзін чужаземны майстравы і 10 рускіх вольнанаёмных, 60 прыгонных, 98 чаляднікаў, 30 вучняў, чорнарабочых прыгонных і вольнанаёмных – да 500 чал. “На заводзе ўжываліся матэрыялы: жалеза, чыгун, сталь і іншыя металы, якія набываліся пакупкаю з казны ў Маскве, Калузе і другіх месцах”. У фальварку Мікалаеўка, які належаў памешчыцы Ганне Камар, працаваў паравы цукровабурачны завод, “які мог апрацоўваць у год да 50 000 беркаўцаў цукровых буракоў на цукар, што збываўся па гандлёвых цэнах у Маскве, розных мястэчках і павятовых гарадах гэтай і суседніх губерняў”. На заводзе меліся тры паравыя машыны – адна малая і дзве вялікія, працавалі 2 чужаземныя майстравыя і 200 чал. Вольнанаёмных Размяшчаўся ён у трохпавярховыі будынку, у якім адзін паверх быў мураваны, а два – драўляныя. У 1859 г. на заводзе выраблена 1000 пудоў цукру на суму 7500 р. Заводы па выпрацоўцы шкляных вырабаў знаходзіліся: пры фальварках Петруліне, які належаў памешчыку Мечыславу Кастравіцкаму (у 1859 г. там было “спрацавана ліставога шкла звычайнага, прыкладна цаною кожную скрынку ў 120 лістоў , мераю лісту 15 вяршкоў, па 11 руб. Сер. – 650 скрынак, на суму 7150 р.”); Малінаўцы, які належаў памешчыку Антону Калантаю (на заводзе працавалі тры цагляныя печы. На працягу года выраблена шкла ліставога звычайнага, цаною за скрынку ў 120 лістоў па 10 руб. Сер. – 750 скрынак, на суму 7500 р.); у в. Ляшчынка, якая належала памешчыкам Галынскім (тут за год было выпушчана ліставога шкла на суму 5850 р.). На пералічаных шкляных прадпрыемствах працавала ад 30 да 40 прыгонных. Вырабленае шкло збывалі ў асноўным у г. Кіеў. Акрамя шкляных, у Чэрыкаўскім павеце працавалі крупадзёрныя і гарбарныя заводы. Крупадзёрныя заводы памешчыкаў Галынскіх на р. Бесядзі і памешчыка Васілеўскага на р. Сянне сваю прадукцыю прадавалі ў Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай, часткова Магілёўскай губернях. Гарбарныя заводы працавалі пры фальварку Міхаліне (в. Гута) і в. Хоцімск. За 1859 г. на іх было выраблена прадукцыі суадносна на 24 000 р. і 1400 р.

Але асноўным заняткам на Чэрыкаўшчыне ў сярэдзіне ХІХ ст. па – ранейшаму заставалася земляробства з трохпольнай сістэмай сельскай гаспадаркі, якую падтрымлівала вінакурства. Тутэйшыя памешчыкі лічылі вінакурства адзіным сродкам для ўтрымання дастатковай колькасці жывёлы для ўгнаення зямлі. Землі Чэрыкаўскага павета адносіліся ў той час да сярэдняга, другога, разраду (па якасці зямлі губерні падраздзяляліся на тры разрады). Ворнай зямлі ў павеце было 114 056 дзес. У асноўным сеялі жыта, авёс і ячмень. Пасевы гароху, грэчкі, каноплі, ільну і пшаніцы былі нязначнымі. Сярэднія цэны на прадукты сельскагаспадарчай працы ў 1848 г. былі наступныя: чвэрць жыта каштавала 4 р. 80 ко., пшаніцы – ад 6 да 8 р. 50 к., ячменю – 4 – 5 р., аўса – 2 – 3 р., гароху – 7 р., бабоў – 6 р. і грэчкі – 4 р. Падзённая плата работнікаў залежала ад ураджаю і складала да 8 да 25 к. сер.; работнікам за год плацілі ад 10 да 15 р. сер. Пры працяглых неўраджаях урад адпускаў у пазыку грошы на прадукты харчавання для насельніцтва, яшчэ дазвалялася браць хлеб з сельскіх запасных магазінаў; беззямельным дваранам, адстаўным салдатам і іх жонкам хлеб таксама адпускаў урад. Для таго каб мець запасны харчовы капітал, у павятовае казначэйства з кожнай рэвізскай душы ўносілі па 3 к. сер.

Асаблівую ўвагу у Чэрыкаўскім павеце звярталі на развядзенне буйной рагатай жывёлы. Паводле справаздачы магілёўскага губернатара за 1847 г. аб стане сельскай гаспадаркі губерні, датаванай 23 сакавіка 1848 г., у павеце было 42 755 галоў рагатай жывёлы – гэта адзін з самых значных паказчыкаў па Магілёўскай губерні. Акрамя таго, у павеце налічвалася 29 653 кані, 19 461 простая авечка, 18 713 свіней і 2056 коз. (У г. Чэрыкаве было: 650 галоў рагатай жывёлы, 500 коней, 180 авечак, 420 свіней, 100 коз.).

У ліку паветаў Магілёўскай губерні, багатых будаўнічым і карабельным лесам, быў і Чэрыкаўскі павет. Гэта і абумовіла развіццё ў павеце такой галіны, як лесаводства.

На асноўныя заняткі жыхароў Чэрыкаўскага павета ўказваў у сваіх справаздачах і магілёўскі губернатар. Ён, у прыватнасці, адзначаў, што жыхары займаліся ў асноўным хлебаробствам, некаторыя з іх займаліся “ляснымі вырабамі”. У павеце вырабляліся скуры і гліняная пасуда, якая ўжывалася ў быту простага народа.

Аб занятках жыхароў г. Чэрыкава захаваліся звесткі, прыведзеныя ў кнізе “Экономическое состояние городских поселений Европейской России в 1861 – 1862 гг.”, выданай у Санкт – Пецярбургу ў 1863 г.

«Ремесленная промышленность в Черикове так ничтожна, что едва удовлетворяет немногосложным потребностям местного населения. Не все жители города находят пропитание на месте, часть уходит для заработков в другие места. Паспортов на отлучки выдано в 1861 г. 76, из того числа: купцам 15, мещанам христианам 35 и евреям 26, и краткосрочных видов: христианам 10 и евреям 12. Хлебопашеством занимаются в городе все вообще мещане христиане; они обрабатывают большею частию собственную землю, частию же арендуют у соседних помещиков. Городу принадлежит земли всего около 2000 дес.; в том числе: усадебной 35 дес. 446½ саж., пахотной и огородной 1853 дес. 18 саж. И сенокосной 112 дес. 1173 саж.»

Паводле звестак губернскага статыстычнага камітэта за 1861 г., у Чэрыкаве “паказана рамеснікаў: хлебнікаў і булачнікаў 28, мяснікоў 9, маслабойнікаў 10, краўцоў 64, шаўцоў 44, печнікаў 4, сталяроў 12, меднікаў 7, кузняцоў 14, сцякольшчыкаў 2, часаўшчык 1, канавал 1, маляроў 2, пераплётчыкаў 2, цесляроў 5; усяго 205, з таго ліку майстроў 127”. У горадзе было 72 крамы, гасцініца і 10 корчмаў.

Гандлем у павеце займаліся ў асноўным яўрэі. Яны скуплівалі ў памешчыкаў сыравіну, якую часткова прадавалі ўнутры губерні, часткова збывалі ў Чарнаморскія і Балтыйскія порты. Пянька, канаплянае і льняное семя і гарэлка прадаваліся ўнутры губерні: лес сплаўлялі ў Херсон; смалу і дзёгаць – у Маларусію. У павет увозіліся: хлеб, шаўковыя, шарсцяныя і бумажныя тканіны, жалеза, сала, свечкі, цукар. За межы павета ў асноўным збывалі сваю прадукцыю парусны завод у в. Гута (у г. Рыгу), шкляны ў в. Лысаўка (у г. Крамянчуг). На ўнутрыгубернскі рынак працавалі гарбарны завод у в. Гута, медзеплавільны і гарбарны заводы ў ф. Задобрасць.

У сярэдзіне ХІХ ст. кірмашы па-ранейшаму заставаліся галоўнымі гандлёвымі цэнтрамі. У 1846 г. у Чэрыкаве былі праведзены чатыры кірмашы: Саборны – 8 сакавіка (было прывезена тавару на 220 р. сер., прададзена на 200 р. сер.); Троіцкі – 8 чэрвеня (прывезена тавару на 196, прададзена на 180); Пакроўскі – 1 кастрычніка (прывезена тавару на 235, прададзена на 220); Красны – 27 снежня (прывезена тавару на 255 р. сер., прададзена на 240 р. сер.). У гэтым жа годзе ў Чэрыкаўскім павеце адбыліся наступныя кірмашы: у м. Крычаў – у 10-ю пятніцу на вялікадні; у м. Краснаполле – Афанасьеўскі (16 студзеня), Духаўскі (у дзень сашэсця Святога Духа), Прачыстай (15 жніўня), Мікалаеўскі (6 снежня), Самым мнагалюдным з гэтых кірмашоў быў Афанасьеўскі. На ім ішоў гандаль хлебам і пянькой. Пазней кірмашы праводзіліся і ў с. Самацеевічы. Сяло Горы таксама “вядома сваім кірмашом рагатай жывёлай і коньмі ў дзесятую пятніцу пасля Светла – Хрыстова Уваскрашэння”.

Для пераправы цераз р. Сож у сярэдзіне ХІХ ст. у г. Чэрыкаве выкарыстоўвалі летам плыт на канаце, які паднімаў груз да 400 пуд., а вясной – байдак, які паднімаў 200 пуд. Пры в. Мірагошч для пераправы служыў такі ж плыт, а вясною – 2 паромы. У 1847 г. з прыстаняў, якія знаходзіліся ў Чэрыкаўскім павеце, было адпраўлена грузаў: у м. Крычаў – адно судна, тавару было на суму 1760 р.; у Чэрыкаве – адно судна, тавару было на суму 1500 р.; у с. Гронава – два судны і 13 плытоў, тавару было на суму 12 909 р.; у с. Манастырок – адно судна, 47 плытоў, тавару было на суму 20 344 р.; у с. Ушакоўка – 7 суднаў, 41 плыт, тавару было на суму 21 854 р.

У першай палове ХІХ ст. па тэрыторыі Чэрыкаўскага павета праходзіла дарога з Магілёва да Рослаўля, яна мела разрад малой, ці павятовай дарогі. На працягу гэтай дарогі было 7 станцый, у тым ліку і ў Чэрыкаве. У гэты ж час ішло будаўніцтва шашы Масква – Варшава, якая таксама пралягла праз Чэрыкаўшчыну. Праз павет пралягалі гандлёвыя дарогі з Маларусіі на поўнач, у прыватнасці з Чарнігаўскай губерні. Па гэтай дарозе з Маларусіі ў Магілёўскую губерню дастаўляліся хлеб, масла, рагатая жывёла і коні. Ад Новага Быхава да Чэрыкава праходзіла так званая “ўнутраная гандлёвая дарога”, якая “ідзе праз Палкі, Быхань і Ржаўку да Прапойска па мясцовасці нізіннай, балоцістай і лясістай, а ў Чэрыкаўскім павеце па мясцовасці роўнай і скрозь крытай лясамі”. Дарога ад Прапойска да Чэрыкава – былая паштовая. У гандлёвых адносінах гэта дарога служыла для ўнутранай сувязі паміж Чэрыкаўскім, Быхаўскім і Рагачоўскім паветамі.

Гісторыя захавала скупыя звесткі аб гарадскіх даходах Чэрыкава. У 1836 г., напрыклад, з-за недастатковасці гарадскіх даходаў было дазволена “на ўтрыманне памяшканняў у гэтым горадзе праводзіць з казны па 2000 р. асігнацый у год”. У 1840 г. гарадскія даходы склалі 4740 р. 66 к. серабром. У 1858 г. у Чэрыкаве “даходы звычайныя склалі 1089 р. 78 к.; расходы бягучыя – 933 р. 75¾ к.; капітал непарушны – 65 р. 23 к.”.

У сярэдзіне ХІХ ст. абвастрылася палітычнае становішча ў краіне. Нарастала нездаволенасць сялян прыгонніцтвам. Гэта прымусіла ўрад пайсці на рэформы. У 1861 г. было адменена прыгоннае права. Пачаўся новы этам у гісторыі краіны, які характарызаваўся станаўленнем і развіццём капіталізму.