Горад над Сожам

“Уездный город Чериков расположен на правом берегу р. Сожа, на Московско – Варшавском шоссе, в 87 в. от Могилева”, “..расстоянием от Москвы 560 ½ от Санкт – Петербурга 925 ¾ версты” – такія звесткі аб месцазнаходжанні Чэрыкава прапануюць нам кнігі, выдадзеныя у мінулым стагоддзі. «Сведения о Черикове крайне скудны. Когда возник он – неизвестно, но сохранившиеся до настоящего времени остатки древнего вала и рва, а также и других сооружений доказывают, что здесь некогда существовало значительное укрепление», чытаем у кнізе «Городские поселения Российской империи».

Як узнікла назва горада? У сваёй кнізе “Чаму так названа?” В.А. Жучкевіч, напрыклад, піша, што назва горада паходзіць, магчыма, ад славянскага тэрмінапрымітыўнага землекарыстання “чартала, чертить, черик”. Аднак легенды паведамляюць аб іншым. У адным з паданняў гаворыцца аб тым, што ў старажытнасці высокі правы бераг Сожа быў аблюбаваны для начлегаў і жыцця славянскіх плямёнаў, якія займаліся паляваннем і рыбалоўствам. У межвх сённяшняга горада быў своеасаблівы прычал лодак, ція к іх тады называлі “чэрыкаў”. Гэта значыць,месца скаплення чэрыкаў.

Гісторыя, на жаль, не захавала нам дакладнай даты ўзнікнення горада Чэрыкава. У некаторых старажытных кнігах, у працах Без-Карніловіча, Дамбавецкага мы знаходзім звесткі аб тым, што каля 1460 г. вялікі князь Казімір IV загадаў пабудаваць тут царкву ў гонар выратавання сваёй жонкі ад смерці. У канцы XVI ст. Чэрыкаў уваходзіў у склад каралеўскіх валасцей Магілёўскага павета Мсціслаўскага ваяводства. У разрад гарадоў ён быў пераведзены па загаду караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ. Гэта адбылося ў 1604г. У 1641 г. Чэрыкаў атрымаў Магдэбургскае права. Паводле яго, гарадское насельніцтва замест адработкіпавіннасцей пачало плаціць адзіны грашовы падатак. Кіраваць горадам пачала выбарная рада, на чале якойстаяў войт. Першым войтам у Чэрыкаве быў Міхаіл Жабельскі, які належаў да магнатаў. Для пасяджэнняў рады была пабудавана ратуша.

У час паўстання ўкраінскіх казакоў пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, да якога далучыліся і беларусы, у Чэрыкаве ў 1648 г. адбылося паўстанне гараджан. У лістападзе 1648 г. польскія войскі на чале з Горскім і Пацам, што былі ўмацаваны часткай гарнізона Быхаўскай крэпасці, наёмнай пяхотай і конніцай, якую прыслалі магнаты Агінскі, Сіняўскі і Сангушка, накіраваліся на падаўленне паўстання. Большасць казацкіх атрадаў у гэты час знаходзілася на правым беразе Дняпра; у горадзе размяшчаўся толькі невялікі атрад. Моц палякаў перасягала ў некалькі разоў, і 11 лістапада 1648 г. пасля ўпартых баёў горад быў узяты, паўстанне задушана. Паўстанне 1649 г. таксама было патоплена ў крыві. У сакавіку 1649 г. вяземскі ваявода паведаміў цару Аляксею Міхайлавічу, што калі палякі ўступілі ў Бабруйск, Пінск, Мазыр, Чэрыкаў, то “ў тых гарадах беларусцаў ўсіх пасеклі”. У час руска – польскай вайны 1654 – 1667 гг. горад быў спустошаны. У маі 1659 г. сейм Рэчы Паспалітай даў казацкаму палкоўніку Івану Нячаю, які перайшоў на яе брк, прывілей на ўсёжыццёвае ўладанне Чэрыкавам, аднак у канцы гэтага ж года ён трапіў у палон да рускіх і быў высланы ў Табольск.

Не абмінулі Чэрыкаў і падзеі Паўночнай вайны. У 1708 г. шведскі кароль Карл ХІІ выступіў з Магілёва, каб каля Чэрыкава перайсці цераз р. Сож і рухацца на Украіну. Чэрыкаў быў захоплены і разрабаваны. Наткнуўшыся на супраціўленне рускіх войск, шведы былі вымушаны рухацца да Мсціслаўля, а потым зноў звярнулі на поўдзень.

Сямідзесятыя гады XVIII ст. былі знамянальнымі для Чэрыкава. У 1772 г. пасля І падзелу Рэчы Паспалітай ён адышоў да Расіі і стаў мястэчкам, у 1773 г. – павятовым горадам Мсціслаўскай правінціі, у 1777 г. – Магілёўскай губерні, а ў 1778 г. – Магілёўскага намесніцтва. У тым жа годзе быў зацверджаны план Чэрыкава, а праз тры гады, у 1781 г., яму быў нададзены герб, які нязначна адрозніваўся ад герба Магілёва. Калі была створана Беларуская губерня (1796), Чэрыкаў застаўся ў ёй павятовым горадам, а з 1802 г. – ён зноў увайшоў у Магілёўскую губерню.

У канцы XVIII ст. было праведзена генеральнае межаванне Магілёўскай губерні. Паводле яго даных, у горадзе у той час знаходзіліся павятовы суд, народнае двухкласнае вучылішча, гарадское праўленне і казначэйства, саляны і хлебны магазіны, багадзельня, яўрэйскі малітоўны дом. Паступова горад робіцца цэнтрам гандлю. Сюды прыязджаюцькупцы з розных гарадоў і мястэчак Беларусі, Украіны, Расіі. З Магілёва, Крычава, Шклова везлі вырабленыя шкуры, гаршкі, тканіну, жалеза, волава, свінец, пяньку, мыла, фарфор, шкляны і драўляны посуд, дзёгаць, вяроўкі, воўну, канаплянае масла, сала, рыбу, цукар, чай, каву, вострыя прыправы. З Чарнігаўскай губерні завозілі тытунь. Вясной жыхары Чэрыкава наймаліся да купцоў на баржы, якія плылі ўніз па Сожы да Крамянчуга, загружаліся соллю і вярталіся назад. У нядзелю на кірмаш у горад з’язджаліся сяляне прадаваць хлеб, хатнюю жывёлу, гародніну, масла, сена, дровы, саматужныя вырабы. Два разы на год адбываліся тыднёвыя кірмашы. У 1785 г. купцы Чэрыкава прадалі гандлёвым людзям з Яраслаўля, Вязьмы, Дарагабужа, Ржэва тавару на 40 тыс. рублёў.

У 1787 г., у час падарожжа ў паўднёвыя правінцыі Расіі, горад наведала імператрыца Кацярына ІІ. У той час у Чэрыкаве пражывала больш за 3000 чал., налічвалася 300 дамоў, 2 праваслаўныя царквы і яўрэйская школа. У 1803 г. у Чэрыкаве ўжо знаходзілася 410 драўляных дамоў, 21 лаўка, малое народнае вучылішча, дзе навучалася 42 чал. На працягу першых 30 гадоў ХІХ ст. змены, што адбываліся ў жыцці горада, былі нязначнымі.

У пачатку 1840-х гадоў насельніцтва ўзрасло да 3242 чал., з іх дваран было 211, мяшчан і пасадскіх – 2749, духавенства – 12 чал. У горадзе было 380 драўляных і 2 мураваныя дамы, 39 крам, 21 піцейны дом, 1 папраўчая, 1 дабрачынная ўстановы. Працавалі 3-класнае павятовае (5 настаўнікаў, 40 вучняў) і прыходскае (1 настаўнік, 24 вучні) вучылішчы. У 1846 г. у Чэрыкаве адкрылася прыватная школа для пачатковага навучання дзяўчынак, у якой 20 вучаніц навучаліся закону божаму, пачатковаму курсу рускай, французскай і нямецкай моў, граматыцы, арыфметыцы, геаграфіі, танцам і рукадзеллю. У гэты час горад па-ранейшаму заставаўся цэнтрам гандлю. Чатыры разы на год у ім праводзіліся кірмашы (Зборны, Троіцкі, Пакроўскі, Красны). Асноўнай цяглавай сілай у сярэдзіне ХІХ ст. былі коні. Жыхары горада ў 1847 г. мелі 500 коней, да 1859 г. іх лік узрос і склаў 540. У 1847 г. гараджане таксама мелі 650 галоў буйнай рагатай жывёлы, 180 авечак, 420 свіней, 100 коз.

У год правядзення царскім урадам рэформ па адмене прыгоннага права ў Чэрыкаве пражывала ўжо 3877 жыхароў. Тут быў цукровы завод, на якім працавала 202 чал., 5 невялікіх маслабойных прадпрыемстваў. Асноўным прадметам гандлю ў гэты час была пянька, якую скуплялі ў Чэрыкаве і яго наваколлі і везлі сухім шляхам у Віцебск, а потым у Рыгу, ці з мясцовай прыстані па р. Сож да Кіева. У 1865 г. з прыстані было адпраўлена 18 358 пудоў грузу на 11 637 р. Амаль усе мяшчане горада займаліся хлебаробствам; некаторыя з іх зямлю арандавалі. Гораду належала 35 дзес. сядзібнай, 1853 дзес. ворыўнай і агароднай, 112 дзес. сенакоснай зямлі. У Чэрыкаве знаходзіліся: гарадаская дума, магістрат, сіроцкі і славесны суд, гарадскі дэпутацкі сход, кватэрная камісія. У 1865 г. у горадзе было 5 мураваных казённых (астрог, 2 памяшканні ўрадавых устаноў, паштовая станцыя, шашэйны дом), 2 мураваныя і 505 драўляных уласных дамоў. Тут жа размяшчаліся праваслаўная царква, 4 яўрэйскія малітоўныя школы, каталіцкі касцёл, 9 мураваных і 54 драўляныя крамы, гарадскі млын. Працавалі павятовае 3-класнае, прыходскае 1 класнае, яўрэйскае вучылішчы, прыватная жаночая школа.

Горад часта пакутаваў ад пажараў, бо пераважная частка пабудоў была драўлянай. У 1863 г. у час пажару адначасова з іншымі будынкамі згарэлі Пакроўская і Мікалаеўская цэрквы, сінагога. Невялікае возера, што размяшчалася ў паўднёва – заходняй частцы горада, выкарыстоўвалася перш за ўсё ў якасці рэзервуара для вады пры тушэнні пажараў. Асноўная маса будынкаў горада знаходзілася “ў жаласным становішчы, некаторыя з іх цалкам перакаіліся і абваленымі стрэхамі сведчаць аб беднасці сваіх гаспадароў”. У 1864 г. было застрахавана толькі 12 дамоў, на іншыя страхавыя кампаніі адмаўляліся заключаць дагаворы. У гэты час у горадзе працавалі гарадская (2 аддзяленні, 12 ложкаў) і грамадзянская (6 ложкаў, заснавана ў 1861 г.) бальніцы. У 1865 г. у Чэрыкаве было 12 вуліц, шырыня якіх складала 8 – 10 саж., 13 завулкаў і 4 плошчы. На плошчах расзмяшчаліся гасцінны двор,склады, балаганы, арэлі і крамкі, праводзіліся кірмашы. У 1853 г. частка вуліц была выбрукавана. У горадзе мелася 12 калодзежаў, 5 могілкаў.

Да 1880 г. насельніцтва Чэрыкава ўзрасло да 5053 чал., тут размяшчаліся 9 мураваных і 555 драўляных дамоў, 106 крам, 2 царквы, 1 кляштар, 6 яўрэйскіх малітоўных школ, павятовае двухкласнае, прыходскае і яўрэйскае вучылішчы. У горадзе знаходзіліся з’езд міравых суддзяў Чэрыкаўскай акругі, акцызнае праўленне, жандарскае праўленне Чэрыкаўскага і Клімавіцкага паветаў, дваранская апека, камера сябра губернскага пракурора, тэлеграфная станцыя і застаўны шашэйны дом. Працавалі 6 маслабойных, 3 крупадзёрныя, 1 салатопнае, 1 цагельнае прадпрыемствы.

Значную інфармацыю аб жыцці Чэрыкава даў першы агульны перапіс насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г. Згодна з ім у горадзе жыло 5249 чал., з іх 290 дваран, 39 духавенства, 76 купцоў, 3876 мяшчан, 888 сялян. Па веравызнанню насельніцтва складалася з 2468 праваслаўных, 70 католікаў, 12 пратэстантаў, 2698 іўдзеяў, 1 магаметаніна. Па нацыянальнай адзнацы насельніцтва дзялілася: беларусы – 2202 чал., рускія – 278, украінцы – 12, палякі – 62, літоўцы – 1, латышы – 1, немцы – 11, яўрэі – 2681 чал. Сярэдняя пісьменнасць сярод жыхароў Чэрыкава складала 42% (сярод жанчын – 34 %, сярод мужчын – 50%).

У пачатку ХХ ст. (1904) плошча горада дасягнула 1,3 кв. вярсты, насельніцтва – 5781 чал. З 763 жылых пабудоў мураваных было 8, астатнія – драўляныя, у тым ліку крытых жалезам – 19 і крытых дрэвам – 744. Лік вуліц і завулкаў склаў 25, працягласць выбрукаваных вуліц – 2 вярсты. Асвятліліся яны 40 газавымі ліхтарамі. Гараджане выкарыстоўвалі ваду з ракі і калодзежаў, нечыстоты вывозіліся за горад. У штаце гарадской паліцыі знаходзіліся памочнік прыстава, паліцэйскі наглядчык, 6 ніжэйшых паліцэйскіх чыноў. У горадзе працавалі бальніца на 24 месцы, прыёмны пакой на 4 месцы, аптэка, якая належала нашчадкам правізара Лісоўскага, кіраваў ёю правізар Манус Агнеравіч Гурэвіч, 2 аптэкарскія магазіны, 3 урачы, 3 акушэркі, 4 фельчары, 1 ветэрынар, 1 ветэрынарны фельчар. На 1 бальнічны ложак прыходзілася 207 чал., на 1 урача – 1927 чал. Вольнапрактыкуючымі ўрачамі ў Чэрыкаве ў той час былі А.С.Ахіезер, Х.З.Гурэвіч, дантыст У.Г.Махавец. Разам з тым у горадзе былі 21 гасцініца і камора, 4 заезныя дамы, 10 корчмаў, харчэвен, чайных. На 1 піцейную ўстанову прыходзілася 165 жыхароў. Дзейнічалі 3 праваслаўныя царквы, 1 каталіцкі касцёл, 6 яўрэйскіх малітоўных дамоў – 578 чал. на 1 культавую пабудову. У той жа час працавала 3 ніжэйшыя навучальныя ўстановы (6 настаўнікаў, 344 вучні), вучні складалі толькі 6% ад усяго насельніцтва. Працавала бясплатная народная бібліятэка – чытальня павятовага Камітэта апекі па народнай цвярозасці, 2 кніжныя магазіны, яны належалі мяшчанам Р.В.Вайсберг і І. Позіну. Таксама ў Чэрыкаве працавала друкарня мешчаніна Д. Падземскага. Прамысловасць прадстаўлялі 23 маленькія прадпрыемствы (73 рабочых), 118 рамесных прадпрыемстваў (216 рамеснікаў). У горадзе знаходзіліся таксама бойня (350 галоў у год), 5 складоў хлеба, 2 – лесу, 4 - пянькі, 1 – сена. Тут жа размяшчаліся натарыяльная кантора, таварыства цвярозасці, гарадская турма, друкарня.

Развіццё рэвалюцыйнага руху тармазілася адсутнасцю буйных прамысловых прадпрыемстваў ў горадзе. У сакавіку 1897 г. у Чэрыкаве за ўдзел у забастоўцы з Віцебскай губерні былі сасланы некалькі рабочых і студэнтаў, якія пачалі праводзіць агітацыйную работу ў першую чаргу праз створаную імі рабочую школу. Праз некалькі месяцаў паліцыя закрыла яе. Тады быў створаны камітэт дапамогі падлеткам, які займаўся працаўладкаваннем моладзі, вёў агульнаадукацыйную і агітацыйную работу. Яго актыўныя члены былі арыштаваны. Пасля іх вызвалення ў 1900 г. быў створан камітэт рабочых пад назвай “Калектыў”, у складзе 10 чалавек. Камітэт падтрымліваў сувязь з Палескім камітэтам РСДРП, атрымліваў ад апошняга літаратуру, што выдавалася групай Пляханава, распаўсюджваў пракламацыі. У 1902 г. у Чэрыкаў паступіла газета “Іскра”. У сакавіку 1904 г. арганізацыя ўвайшла ў “Бунд”, са жніўня 1905 г. спыніла сваю дзейнасць у Чэрыкаве.

У 1904 г. выбухнула забастоўка на мануфактуры Індэнбаўма. У яго панчошнай майстэрні на 75 вязальных машынах працавала каля 200 работніц, большую частку якіх складалі падлеткі. Акрамя таго, 200 – 300 машын знаходзілася дома ў майстрых. Забастоўка працягвалася больш за 2 месяцы і скончылася перамогай рабочых. Каля 2 месяцаў баставалі краўцы Чэрыкава. У 1906 г. адбыліся хваляванні ў гарадскім вучылішчы.

У час рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. павялічылася колькасць сялянскіх хваляванняў у Магілёўскай губерні. У Чэрыкаўскім павеце пачасціліся выпадкі патравы памешчыцкіх лугоў, захопу зямельных угоддзяў, яўнага супраціўлення сялян мясцовай уладзе. У сувязі з гэтым у чэрвені 1905 г. Магілёўскі губернатар быў вымушаны накіраваць у г.Чэрыкаў роту салдат у распараджэнне паліцэйскага спраўніка.

Напярэдадні першай сусветнай вайны насельніцтва горада дасягнула 6198 чал. (1910). У гэты час агульны лік жылых пабудоў склаў 748 (12 мураваных і 736 драўляных), вуліц і завулкаў – 22 (выбрукаваных вуліц 25%, тратуараў 32,5%). Асвятлялі іх 42 газавыя ліхтары. Працавала 7 гасцініц, рэстаран, карчма, 6 харчэвен, сталовых, чайных, буыетаў, 3 вінныя лаўкі. Дзейнічалі 3 ашчадныя касы, страхавое таварыства, натарыяльная кантора, бібліятэка – чытальня, друкарня, фотаатэлье. Напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Чэрыкаве працавалі мужчынская гімназія, 2 пачатковыя вучылішчы.


А. Шчарбатаў.