ЗЯМЛЯ НАШЫХ ПРОДКАЎ

Археалагічныя помнікі каменнага і бронзавага вякоў

1. Бакаў, Язёрскі с/с. У паўночна – усходняй частцы каля возера.

2. Верамейкі, цэнтр с/с. Каля вытока р. Вудагі.

3. Вусце, Рэчыцкі с/с. На паўднёва – заходняй ускраіне, на 5-мятровай тэрасе.

4. Горкі І, Сормаўскі с/с. За 1 км на поўдзень, ва ўр. Ніўкі.

5. Горкі ІІ. За 1,5 км на паўднёвы ўсход, ва ўр. Угароўка.

6. Горкі ІІІ. За 2 км на поўдзень, ва ўр. Крынічная.

7. Гронаў І, Вепрынскі с/с. На ўсходняй ускраіне, на абрыве левага берага р. Сож.

8. Гронаў ІІ. За 1 км на ўсход, паміж вёскамі Гронаў і Вепрын, ва ўр. Строў.

9. Гронаў ІІІ. За 0,3 км на паўднёвы ўсход ад п.7, на беразе возера – старыцы Брадок, ва ўр. Курганне.

10. Гронаў IV. За 0,2 км на ўсход ад ур. Строў, ва ўр. Града.

11. Журавель І, Сормаўскі с/с. За 0,3 км на ўсход, на пясчаным узгорку правага берага р. Сож.

12. Журавель ІІ. На паўднёвы захад ад ур. Мел, на І тэрасе правага берага р. Сож, ва ўр. Затонец.

13. Журавель ІІІ. За 1,5 – 2 км на паўднёвы захад, на ІІ тэрасе правага берага р. Сож, ва ўр. Мел.

14 - 16. Журавель IV – VІ. За 3 км на паўднёвы захад ва ўр Чорны Бераг, Язёры, Шкутаўская Гара.

17. Забачэў, Верамейскі с/с. На беразе р. Вудагі.

18. Лімень, Чэрыкаўскі г/с. На І тэрасе р. Сож, на поўдзень ад дамбы каля дарогі з г.Краснаполле ў г.Чэрыкаў.

19. Мірагошч, Сормаўскі с/с. На пойме правага берага р. Сож, насупраць могілак, каля школы.

20. - 21. Манастырок І – ІІ, Сормаўскі с/с. У навакольнай мясцовасці, ва ўр. Дубовая Пуня каля в. Глушэц і ва ўр. Высокая Грыва.

22. Наркі, Верамейскі с/с. На беразе р. Вудагі.

23. Ушакі І, цэнтр с/с. Каля вусця р. Сянны ў заходняй частцы ўр. Барышнева Прыстань.

24. Ушакі ІІ. За 0,3 км на поўдзень ад п. 26, ва ўр. Бярозавая Грыва.

25. Ушакі ІІІ. За 3 км на захад, ва ўр. Вусце, на паўднёвым беразе воз. Дабрэтава.

26. Ушакі IV. Ва ўр. Глінь (Сасновая Грыва).

27. Ушакі V. На паўночна – заходнім беразе воз. Драбнікі.

28. Ушакі VІ. На беразе воз. Засуха.

29. Ушакі VІІ. На беразе воз. Заазер’е, ва ўр. Кашалькоў Лес.

30. Ушакі VІІІ. За 0,04 км ад вусця р. Сянны, ва ўр. Куляшоў Бугор.

31. Ушакі ІХ. За 0,7 км на поўдзень ад п. 28, ва ўр. Лазовы Барок.

32. Чэрыкаў І. На паўночна – ўсходняй ускраіне, ва ўр. Чыгароўшчына.

33. Чэрыкаў ІІ. Каля моста цераз р. Сож.

34. Чатырохдворка (былая). Вышэй вусця р. Лабчанка, ва ўр. Чырвоная Грыва.

35. Юдаўка, Верамейскі с/с. У навакольнай мясцовасці.

Археалагічныя помнікі жалезнага веку

  1. Горкі, Сормаўскі с/с, правы бераг р. Сож, ур. Ніўкі. На месцы стаянкі каменнага веку было паселішча. Знойдзена кераміка “тыпу гарадзішч”.

  2. Камаровічы, Рэчыцкі с/с. Гарадзішча ва ўр. Гарадзішча на правым беразе р. Волчас, недалёка ад в. Зоры.

  3. Гронаў, Вепрынскі с/с. За 1 км на ўсход ад вёскі, на левым беразе р. Сож, ва ўр. Строў і Курганне знойдзена каля дзесятка фрагментаў гладкасценных пасудзін эпохі позняга этапа зарубінецкай культуры, некалькі фрагментаў пасудзін быхаўскай культуры, матэрыялы позняга сярэдневякоўя. Ва ўр. Курганне захаваліся 74 курганы.

  4. Журавель І, Сормаўскі с/с. На правым беразе р. Сож, каля яру, паміж паўднёва – заходнім канцом вёскі і могільнікамі паселішча, дзе выяўлены абпаленыя камяні. К.М. Палікарповіч лічыць помнік “радзіміцкім паселішчам”. Выяўлена ляпная кераміка с расчосам позняга этапа зарубінецкай культуры і эпохі старажытнай Русі.

  5. Журавель ІІ, правы бераг р. Сож, абрыў над ракой, паўночна – ўсходней лугу. Паселішча жалезнага веку, кераміка “тыпу гарадзішч”.

  6. Журавель ІІІ – Язёры, абрыў на правым беразе р. Сож. Сляды паселішча ў кірунку да Язёраў, кераміка “тыпу гарадзішч”.

  7. Журавель IV, паўднёвая частка ўр. Мел, правы бераг р. Сож. Выяўлена кераміка эпохі неаліта, ляпная кераміка І тысячагоддзя н.э. і бронзавая падвеска. У верхнім слаі знойдзены фрагменты ляпной пасудзіны, характэрнай для помнікаў быхаўскай культуры (VІ – ІХ ст.). Ва ўр. Селішча на поўдзень ад вёскі знойдзена грубаляпная гладкасценная кераміка VІ – ІХ ст. За 1 км на паўднёвы захад ад ур. Мел знаходзіцца курганны могільнік, які налічвае 41 насып.

  8. Краснае, былое памесце. У 1925 г. абследаваў Л.Г. Вяржбіцкі. Знойдзена кераміка позняга этапа зарубінецкай культуры.

  9. Новае жыццё І – Ушакі, цэнтр с/с, левы бераг р. Сож, ва ўр. Ворлішчы, на лузе. Сляды паселішча ранняга жалезнага веку.

  10. Новае жыццё ІІ – Ушакі, левы бераг р. Сож, каля воз. Засуха. Паселішча жалезнага веку, кераміка “тыпу гарадзішч”.

  11. Новае жыццё ІІІ – Ушакі, левы бераг р. Сож, правы бераг р. Сянны, дзе яна ўпадае ў Сож. Паселішча каля курганаў. Выяўлена ляпная кераміка “тыпу ранніх курганаў” і ганчарнай эпохі Старажытнай Русі. Ганчарная кераміка і ва ўр. Куляшоў Бугор.

  12. Піленка, Ушакоўскі с/с. Ля вёскі захавалася круглае гарадзішча – свяцілішча з выхадам на поўдзень. Па перыметру яно абнесена кальцавым валам вышынёй да 1,5 м. Пляцоўка круглая, дыяметрам 17 м. Культурны слой адстунічае.

  13. Тур’е, Сормаўскі с/с, ур. Гарадзец. На беразе р. Вудагі, правага прытоку р. Сож, за 5 км паўночней Чэрыкава. За 1 км на поўнач ад в. Гарадзішча (разбурана).

  14. Ушакі, цэнтр с/с. Знойдзены дзве групы курганаў. Першая група з 46 курганаў на зжахад ад вёскі, ва ўр. Шведскія Горы. Другая група з 12 курганаў за 2,5 км на паўночны захадад вёскі ва ўр. Вусце.

  15. Юдаўка, Верамейскі с/с. Гарадзішча мысовага тыпу, за 0,5 км на паўночны захад ад вёскі, на левым беразе р. Козел, якая ўпадае ў р. Вудагу. Пляцоўка гарадзішча абнесена валам, з напольнага боку умацавана другім валам, мае форму трапецыі 50 х 17 м.

  16. Чэрыкаў, правы бераг р. Сож. Гарадзішча мысовага тыпу ва ўр. Гарадок (разбурана).

Прырода надзяліла зямлю Чэрыкаўшчыны надзвычай шчодра. Багатыя дзічынай лясы, прыдатныя для рыбалоўства рэкі з мноствам старарэччаў і заток, урадлівыя глебы, шматлікія пясчаныя пагоркі на поплаве Сожа, незлічоныя запасы крэменевай сыравіны- усе гэта вабіла вока чалавека з далёкай сівой мінуўшчыны. Трапіў ён сюды амаль адразу, як адступіў апошні ледавік. Адбылося гэта зусім нядаўна па геалагічных мерках, недзе 12 тыс. гадоў назад, калі прырода канчаткова абудзілася ад яго жудаснага подыху і пачаўся сучасны перыяд, які завецца галацэнам.

А што было раней? Аб гэтым можна толькі меркаваць па знаходках на суседніх тэрыторыях. Менавіта на Падняпроўі і ў Пасожжы ля вёсак Абідавічы Быхаўскага, Падлужжа Чачэрскага і ля пас. Свяцілавічы Веткаўскага раёнаў знойдзены адзінкавыя прылады працы (скрэблы, востраканечнікі), дакладны час вырабу якіх геалагічнымі метадамі вызначыць немагчыма. Па форме і тэхніцы апрацоўкі можна меркаваць аб іх прыналежнасці да так званай муст’ерскай культуры (старажытна – каменны век 100 – 40 – 35 тыс. гадоў назад). Ужо тады ў басейн Сожа з суседніх рэгіёнаў, відаць, праніклі неандэртальцы (старажытныя людзі), якія, магчыма, наведалі і зямлю Чэрыкаўскага раёна. Мабыць, яны і былі першымі з людзей, нага якіх ступіла сюды. Але гэта падзея магла адбыцца і значна раней, у любы міжледавіковы перыяд, і пазней, у пачатку апошняга абледзянення.

Упэўнена можна сцвярджаць, што дюдзі з’явіліся на Сожы недзе 24 – 23 тыс. гадоў назад. Тады яны заснавалі сезоннае паселішча ля в. Падлужжа Чачэрскага раёна,, рэшткі якога захаваліся да нашых дзён. Гэта быў час так званага верхняга палеаліту. Людзі гэтай гістарычнай эпохі (краманьёнцы) ужо нічым не адрозніваліся ад нашага сучасніка па сваіх фізічных даных. Яны палявалі на маманта, валасатага насарога, мядзведзя, пясца, зайца і іншых звяроў, займаліся зборам усяго ядомага з жывёльнага і расліннага царства, будавалі жытлы з костак маманта, шылі вопратку са скур.

Знойдзеныя на тэрыторыі раёна рэшткі гэтых жывёл даюць магчымасць меркаваць аб пранікненні чалавека на тэрыторыю раёна і ў верхнім палеаліце. Тым больш, што тут было ўсё неабходнае для жыцця. Асабліва вабіла ў тыя далёкія часіны першабытных паляўнічых наяўнасць побач са статкамі буйных жывёл лёгкадаступных крэйдавых адкладанняў. У іх было шмат крэменю – сыравіны, якую ў старажытнасці цанілі больш за ёсе. Сустракаліся яны часцей за ўсё на правым беразе Сожа, які звычайна ў адрозненне ад левага больш стромкі; ля Чэрыкава і Гронава, Мірагошча і ў іншых месцах крэйдавыя адкладанні агаляюцца па схілах берагоў. Ёсць яны і на левым беразе, асабліва паміж вёскамі Ушакі і Бакунавічы. Гэта найбольш старажытныя з геалагічных утварэнняў, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна. Там, дзе адкладанні размыты ці размыта марэна старадаўніх часоў, у якой таксама было шмат крэменю, “назбіранага” на ўсім шляху з далёкай Скандынавіі, адкуль ледавікі надыходзілі, крэмень сустракаецца на паверхні глебы вялікімі скапленнямі.

Ці былі тут людзі 20 – 12 тыс. гадоў назад, невядома. Ніякіх пэўных доказаў няма, адны толькі меркаванні. Летапіс першапачатковага засялення Пасожжа часова спыніўся.

Наступны этап засялення пачаўся з’яўленнем на тэрыторыі раёна чалавека эпохі мезаліту (сярэднекаменны век, 12 – 7 тыс. гадоў назад). Да гэтага часу тут сфарміраваліся ўсе галоўныя элементы рэльефу. Утварыліся надпоплаўныя тэрасы. Верхняя (другая) тэраса ёсць амаль на ўсім правым беразе, ля Чэрыкава і в. Журавель яна падыходзіла да самай ракі. Поплаў развіты тут на супрацьлеглым левым беразе Сожа. Першая надпоплаўная тэраса распаўсюджана на левым беразе і толькі кавалкі яе дзе – нідзе захаваліся на правым (ля в. Мірагошч, на поўнач ад в. Журавель і ў іншых мясцінах). Паміж Чэрыкавам і в. Мірагошч Сож прымае мерыдыянальны напрамак, што на ўсім працягу яго цячэння адбываецца яшчэ толькі аднойчы на суседняй Слаўгарадчыне (паміж вусцем р. Проні і в. Гайшын).

На ўсім працягу надпоплаўных тэрас, як і на ўсіх пясчаных пагорках поплава і схілах шматлікіх старарэччаў, можна знайсці рэшткі старажытных паселішчаў. Гэта прылады працы, зброя, прылады побыту, рэшткі пахаванняў і жытлаў, посуд і шмат іншага. З гэтых сціплых знаходак мінулага і складаецца гісторыя далетапіснага часу. Лепш за ўсё захоўваюцца прылады з крэменю, каменю, металу і гліняны посуд. Амаль не захаваліся ў пясчаных глебах Пасожжа рэчы з дрэва і костак. Але і яны дзе – нідзе трапляюць у палон археолагаў. Напрыклад, побач з р. Ляснянкай ля в. Лясная знайшлі свідраваную рагавую сякеру.

У сувязі з інтэнсіўнай паляўнічай дзейнасцю, зменай клімату, жывёльнага і расліннага свету менавіта ў пачатку мезаліту чалавек вынайшваў лук і стрэлы. Тэрыторыя Чэрыкаўскага раёна на тую пару была ўжо абжыта. Амаль без перапынку ўздоўж правага берага Сожа ад в. Горкі да в. Журавель цягнуцца мезалітычныя паселішчы. Упершыню яны былі знойдзены яшчэ ў 20 – 30-я гады нашага стагоддзя, калі беларускі археолаг Канстанцін Міхайлавіч Палікарповіч крок за крокам пачаў абыходзіць берагі Сожа ў пошуку старажытных помнікаў. Бо да той пары яшчэ ў канцы ХІХ ст. былі адшуканы і вядомы па літаратурных даных толькі некаторыя курганныя могільнікі. Паступова дзякуючы намаганням даследчыкаў (у даваенныя гады, апрача К.М. Палікарповіча, - А.М. Ляўданскага, А.З. Кавалені, у пасляваенныя - В.Ф. Капыціна, А.Г. Калечыц, В.Л. Ліпніцкай, В.П. Трэццякова, У.Д. Будзько, Г.В. Штыхава, П.А. Рапапорта і інш.) спіс археалагічных помнікаў раёна значна павялічваўся, і зараз вядома, што іх было да нядаўняга часу больш за 50.

Да мезалітычнай пары асартымент прыладаў працы значна пашырыўся і пачаў налічваць некалькі дзесяткаў тыпаў. Сярод іх можна знайсці прататыпы ўсіх прылад, неабходных нам у гаспадарцы і зараз. Адрозніваюцца яны малымі, па нашых мерках, памерамі і сыравінай, з якой вырабляліся. Многа прылад зроблена з крэменю. Крэмень вельмі добра калоўся, даючы вострыя краі, і таму побач з дрэвам і косткамі жывёл чалавек тысячагоддзямі карыстаўся ім. Паселішчы мезалітычнае пары звычайна размяшчаліся на найбольш высокіх тэрасах і ўаймалі адносна невялікую плошчу ўздоўж іх краёў.

Так, напрыклад, за 1,5 км на паўднёвы ўсход ад в. Горкі, на першай надпоплаўнай тэрасе правага берага р. Сож ва ўр. Угароўка ў 1928 г. К.М. Палікарповічам была адкрыта стаянка, датуемая эпохай позняга мезаліту (8 – 6 тыс. гадоў назад). З 1974 г. тут праводзіць раскопкі В.Ф. Капыцін. Ім ускрыта 1668 м2 культурнага пласта, знойдзена больш за 50 тыс. прадметаў, сярод якіх больш за 1000 прылад працы, шмат нуклеусаў, наканечнікаў да стрэл. Да гэтага ж перыяду адносіцца і яшчэ адна стаянка, якая атрымала назву Крынічная. Яна знаходзіцца за 0,5 км на поўдзень ад апісанай вышэй стаянкі і была таксама адкрвта К.М. Палікарповічам у 1928 г. У 1977 – 1978 гг. яе даследвала В.Л. Ліпніцкая, а ў 1972 і 1984 г. – В.Ф. Капыцін. Ускрыта 334 м2 культурнага пласта, што залягаў на глыбіні 0,6 м ад паверхні. У знойдзенай калекцыі, якая налічвае больш за 10 тыс. прадметаў, ёсць нуклеусы, тронкавыя наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы і іншыя прылады. Для іх вырабу выкарыстоўвалі цёмна – шэры мелавы крэмень, паклады якога знаходзяцца на беразе старыцы р. Сож.

Цікавая і стаянка, якая знаходзіцца за 1,5 км на паўднёвы захад ад в. Журавель ва ўр. Мел. Яна таксама датуецца эпохай позняга мезаліту. Выявіў яе ў 1928 г. і даследваў у 1934 г. К.М. Палікарповіч. Пазней, у 1972 – 1973 гг. раскопкі тут праводзіў В.Ф. Капыцін. Было даследавана 130 м2 культурнага пласта на глыбіні 0,5 – 0,6 м. У цэнтры раскопу, у паглыбленні авальнай формы памерам 1,5х2 м, ускрыта майстэрня па апрацоўцы крэменю. Сабрана больш за 6 тыс. расшчэпленых крэменеў, у тым ліку 290 прылад працы: нуклеусы, тронкавыя наканечнікі стрэл, бакавыя, сярэдзінныя і вуглавыя разцы, канцавыя, двайныя і паўкруглыя скрабкі, клінападобныя сякеры, вырабы з выемкамі, праколкі і пласціны з апрацаваным рэтушшу краем.

Да якога перыядук належыць тыя ці іншыя прылады працы з вялікай дакладнасцю вучоныя ўстанаўліваюць з дапамогай трасалагічнага метаду (па слядах спрацаванасці на іх паверхні). Вылучаюцца прылады для палявання (наканечнікі стрэлаў, у пазнейшыя часы дзідаў і дроцікаў), для разбірання забітых жывёл (сякеры, нажы), скрабкі для апрацоўкі скур, прылады для апрацоўкі косці і дрэва (разцы, скоблі, цяслы), для пашыву адзення (праколкі, свярдзёлкі) і шмат іншых. Больш за ўсё ў час раскопак трапляюцца адходы крэменевай вытворчасці.

Для вырабу прылад бралі акруглыя жаўлакі, адсякалі адну ці абедзве вяршыні і потым здымалі з гэтага каменю правільныя доўгія пласціны, ці шырокія няправільнай фогрмы адшчэпы. Гэта і былі асноўныя нарыхтоўкі, з якіх з дапамогай дадатковай аперацыі рэтушавання выраблялі разнастайныя прылады для палявання і побыту. Выкарыстоўвалі і аббітыя жаўлакі, так званыя нуклеусы, часцей за ўсё у якасці рубячых прылад.

Вельмі шырока ўжываліся косткі і дрэва. З іх выраблялі гарпуны і кручкі, наканечнікі і кінжалы, амулеты, статуэткі і іншыя рэчы. З цягам часу тэхніка апрацоўкі няспынна ўдасканальвалася, але асноўныя этапы крэменеапрацоўкі прайшлі праз увесь каменны век.

Пералічанымі помнікамі мезаліту спіс іх не вычэрпваецца. Мезалітычныя знаходкі ёсць таксама ля в. Горкі ва ўр. Ніўкі, ля в. Гронаў ва ўр. Строў.

У раннім мезаліце пабывалі тут, відаць, плямёны так званай грэнскай культуры, а ў познім мезаліце – сожскай, што наклала адпаведны адбітак на іх інвентар, па якім, у сваю чаргу, археолагі ўстанаўліваюць культурную прыналежнасць і перыяд існавання.

Археалагічная культура – умоўнае паняцце. Яно ўключае ўсю сукупнасць рэшткаў старажытнасці, якія вучоным пашчасціла здабыць. Гэта заўсёды толькі частка таго, што належала і чым карыстаўся жыхар пэўнага адрэзку часу на пэўнай тэрыторыі. Рэканструяваць гэтыя рэшткі і на аснове іх аналізу аднавіць асноўныя рысы сацыяльна– эканамічнага развіцця тых ці іншых старажытных плямёнаў – задача археолага.

У канцы V – пачатку IV тысячагоддзя да нашай эры жыхары Пасожжа навучыліся ляпіць гліняны посуд. З яго з’яўленнем звязана станаўленне новай гістарычнай эпохі – неаліту (новы каменны век), часу першага буйнога грамадскага падзелу працы і і кардынальных змен у эканоміцы першабытнага грамадства (“неалітычная рэвалюцыя”). Посуд рабілі шляхам паслядоўнага налепу гліняных стужак. Пры гэтым атрымлівалі востра- і акругладонныя гаршкі розных памераў. Спачатку сценкі посуду рабілі тоўстымі (да 1,5 см), дно запаўнялі глінай аж на 5 – 6 см. Венцы заставаліся роўнымі. У цеста, якое складалася з гліны і пяску, дамешвалі шмат раслінных рэшткаў. Калі такі гаршчок абпальвалі, расліннасць, выпальваючыся, пакідала адметныя сляды. Па іх і слабаму дрэннаму абпалу і можна вылучыць найбольш старажытны посуд.

Першыя гаршкі аздаблялі адбіткамі ямак ці наколамі так званага грэбня. Гэта кароткі ланцужок з маленькіх частых чатырохвугольных наколаў. Для нанясення арнаменту выкарыстоўвалі завостраныя палачкі, косткі дробных жывёл, белемніты, ці, як завуць іх у народзе, “чортавы пальцы” з крэйдавых адкладанняў і іншыя акруглыя прадметы. Дзеля ўтварэння грабенчатых адбіткаў больш за ўсё ўжывалі звычайныя рачныя ракавінкі, край якіх лёгка можна было зрабіць шчарбатым. Вынаходніцтва посуду дазволіла чалавеку харчавацца варанай стравай. У залежнасці ад прызначэння посуд меў розныя памеры і розную ступень арнаментацыі. Для захавання запасаў рабілі вялізныя і больш простыя пасудзіны. З цягам часу працэс выпрацоўкі і арнаментацыі посуду значна ўскладніўся. Ад нанясення ўзораў па ўсёй паверхні, ці толькі ў ніжняй і верхняй частках гаршкоў перайшлі да стварэння складаных кампазіцый. Гэта былі рамбічныя, трохвугольныя, зігзагападобныя, джыяганальныя, ялінкавыя і іншыя ўзоры.

Трэба адзначыць, што кожнай неалітычнай культуры належацьасобыя арнаментацыя і форма посуду, а ў некаторых выпадках і своеасаблівы склад цеста. Пасожжа, у тым ліку і Чэрыкаўшчыну, насялялі плямёны верхнедняпроўскай культуры. Каранямі яна паглыбляецца у мясцовы мезаліт, а ў плане гістарычнага лёсу насельніцтва распаўсюджваецца далёка на поўнач. Па некаторых адзнаках можна заўважыць ўплыў ад кантактаў з неалітычнымі плямёнамі Палесся, Падзвіння, Падзясення і інш. У канцы неалітычнага перыяду для арнаментацыі посуду, гэтага асноўнага паказчыка культуры, верхнедняпроўскія плямёны ўжывалі каля 40 рознатыпных грабенчатых адбіткаў, больш 10 ямчатых, авальных, каплепадобных, фігурных адбіткаў, розныя трохвугольныя, лапчастыя наколы (канцом палачкі, перавітай тканінай ці шнурам), ногцевыя ўцісканні, зашчыпы пальцамі. Усяго больш за 100 элементаў, з дапамогай якіх рабілі не меней 130 матываў, якія стваралі сістэмы. Найбольш істотнымі адзнакамі прыналежнасці да верхнедняпроўскай культуры былі тры тыпы посуду: шыракагорлыя, прамасценныя, якія завужаліся да вострага дна, вастрадонныя, злёгку выпуклыя з адагнутым вонкі венчыкам, акругладонныя, нізкія. Сустракаюцца сасуды рытуальнага прызначэння. Іх дно арнаментавана з абодвух бакоў. Звычайна ўвесь посуд меў у 1 – 2 см ніжэй краёў шэраг цыліндрычных ямак. Вядучы элемент арнамента – адбіткі грэбня, на другім месцы – ямкавыя і на трэцім – лапчастыя ўцісканні.

Большасць прыладаў працы па ранейшаму выраблялі з крэменю і некаторую частку з косці і дрэва. Аднак апрацоўка стала больш дасканалай, часцей за ўсё двухбаковай. З’явіліся новыя формы наканечнікаў стрэл (рамбічныя і трохвугольныя), мноства добраапрацаваных сякер, цёслаў (прыладаў для даўблення лодак). Распаўсюдзіліся прыёмы шліхтавання.

У эпоху неаліта жыхары лясной зоны Еўропы, у тым ліку і Беларусі, працягвалі займацца паляваннем, збіральніцтвам, але паступова асноўным заняткам стала рыбалоўства. Гэта знайшло адлюстраванне і ў тапаграфіі неалітычных стаянак: яны пачалі размяшчацца бліжэй да вады, як правіла, на першых надпоплаўных тэрасах ці на пясчаных пагорках поплава, асабліва ля шматлікіх старарэччаў, заліваў і вусцяў малых рэк.

Значна павялічылася колькасць насельніцтва. Паводле даных К.М. Палікарповіча, на кожныя 1,3 км у сярэднім прыходзілася адно неалітычнае паселішча. На іх жылі больш доўгі час, таму культурны пласт звычайна значна таўшчэйшы, але гэта не абавязкова, таму што побач з доўгатэміновымі лёгка можна знайсці рэшткі часовых, кароткатэрміновых, лагераў першабытных паляўнічых. У межах Чэрыкаўскага раёна неалітычныя паселішчы знойдзены ля вёсак Гронаў у трох месцах (ур. Строў, Курганне і Града), Ушакі (ур. Барышнева, Прыстань, Вусце, Глінь, Засуха і Кашалькоў Лес), Вусце. Да таго ж тут маецца мноства месцазнаходжанняў, якія не раскопваліся, а ў час збораў на іх паверхні не было знойдзена якіх – небудзь адметных, тыповых для той ці іншай гістарычнай эпохі прыладаў. Таму яны, хоць і ўзяты на ўлік, але дакладна не датаваны і лічацца помнікамі каменнага веку. Сярод іх рэчы, знойдзеныя ў паўднёва – ўсходняй частцы в. Бакаў ля возера; на ўсходняй ускраіне в. Гронаў на схіле левага берага р. Сож; ва ўр. Чорны Бераг, Язёры, Шкутаўская Гара ля в. Журавель; на поўдзень ад дамбы ля дарогі з Краснаполля ў Чэрыкаў побач з вёскай Лімень; на поплаве правага берага р. Сож, насупраць могілак, ля школы в. Мірагошч; ва ўр. Дубовая Пуня і Высокая Грыва, у аколіцах в. Манастырок; на паўночна – заходнім беразе воз. Драбнікі і побач з вусцем р. Сянны ва ўр. Куляшоў Бугор ля в. Ушакі; крыху вышэй вучця р. Лабчанкі, ва ўр. Чырвоная Грыва ля былой в. Чатырохдворка. Можна з упэўненасцю сказаць, што большая частка пералічаных аб’ектаў ўтрымлівае матэрыялы верхнедняпроўскай неалітычнай культуры, да якіх дамешана частка прыладаў з часоў бронзавага веку. Гэтая заканамернасць тыповая для ўсіх першабытных паселішчаў Пасожжа.

З усіх пералічаных вышэй помнікаў дакладна датаваны толькі той, які размешчаны каля в. Гронаў, дзе праводзіліся раскопкі.

Паселішча ля старарэчча Сожа, якое мае назву Брадок, што знаходзіцца паміж вёскамі Гронаў і Вепрын ва ўр. Курганне і Строў, было знойдзена ў 1974 г. леніградскім археолагам В.П. Трэццяковым па паведамленню настаўніка П.В. Шамро. У 1975 г. тут праводзіла раскопкі А.Г. Калечыц. Зборы з паверхні засведчылі наяўнасць матэрыялаў мезаліту і неаліту. У раскопе ва ўр. Строў большасць з іх належала да жалезнага веку, астатнія – да неаліту. На плошчы 56 м2 сабрана значная колькасць ромбападобных наканечнікаў стрэл, скрабкоў, разцоў, скобляў, сякер, праколак, адыходаў крэменевай вытворчасці. Фрагменты посуду ўпрыгожаны адбіткамі грэбня, ямкамі і лапчастымі ўзорамі ці ўвогуле неарнаментаваныя. Былі знойдзены таксама рэшткі посуду ранняга перыяду бронзавага веку.

Найбольшую каштоўнасць маюць вынікі раскопак на паселішчы ва ўр. Курганне. Яно размешчана побач з першым, па другі бок Брадка. Тут аўтарам артыкула было раскапана 140 м2, знойдзена амаль 1,5 тыс. вырабаў з крэменю і больш за 2 тыс. фрагментаў ляпнога посуду. Каля 350 прыладаў маюць дадатковую апрацоўку і з’яўляюцца гатовымі прыладамі працы. Сярод іх вялікую колькасць складаюць скрабкі, шмат скобляў, праколак, свярдзёлкаў, ёсць сякеры, цяслы, разцы розных тыпаў, наканечнікі стрэлаў трохвугольнай і рамбічнай формы. Вельмі цікавы булававідны малаток ці грузіла з крэменю, свідраваны ў цэнтры.

Сярод рэшткаў посуду пераважаюць тыя, якія ўпрыгожаны адбіткамі грабенчатага штампа, ёсць з сапраўднымі круглымі ямкамі, лапчастымі адбіткамі, спалучэннем грэбня і ямчатых наколаў, з трохвугольнымі наколамі і рознымі іх спалучэннямі. Частка посуду не арнаментавана. Аналіз атрыманых матэрыялаў дае падставу меркаваць, што мясцовае насельніцтва мела кантакты асабліва з насельніцтвам Волга – Окскага рэгіёна. Гэта найбольш усходняя з раскапаных па Беларусі неалітычных стаянак.

Шляхам збору матэрыялаў з паверхні разбураных плошчаў помніка даследавана яшчэ ў даваенныя гады неалітычнае паселішча ля в. Ушакі. Яно размешчана на краі ніжняй надпоплаўнай тэрасы ля возера Заазер’е, ва ўр. Кашалькоў Лес. Было знойдзена шмат розных рэчаў. Сярод іх скрабкі розных тыпаў, разец, рубячыя прылады. Рэшткі неалітычных паселішчаў знойдзены і ў іншых месцах.

У канцы ІІІ – пачатку ІІ тысячагоддзя да н.э. на змену веку каменнаму прыйшоў век бронзавы. На тэрыторыі Чэрыкаўскага раёна з’явіліся так званыя “шнуравікі”. У лік культур са шнуравай керамікай (упрыгожанай адбіткамі шнура) і баявымі сякерамі ўваходзіла і сярэднедняпроўская, распаўсюджаная на Падняпроўі. Узаемаадносіны гэтых прышлых плямёнаў, знаёмых з жывёлагадоўляй і земляробчай працай, з мясцовым насельніцтвам, уплыў іх на грамадскія адносіны і ідэалогію склалі галоўную сутнасць гістарычнага працэсу ў бронзавым веку. Эканамічныя сувязі паміж прышэльцамі і мясцовымі жыхарамі ўвесь час узмацняліся і прывялі даістотных змен у вытворчых адносінах. Бурнымі тэмпамі працякалі этнічныя працэсы. Першабытнаабшчынны лад уступіў у стадыю разлажэння.

Для заняткаў земляробствам і жывёлагадоўляй неабходны былі палі, лугі, урадлівая глеба. Пачалося актыўнае асваенне прырэчных прастораў, высечка і выпальванне лесу. Дзеля гэтага спатрэбілася значная колькасць свідраваных каменных сякер, у тым ліку шліфаваных. Дзірку ў такіх сякерах свідравалі полай трубчатай косткай, папярэдне шліфуючы бакі і асабліва лязо з дапамогай мокрага пяску на паліравальнай пліце. Знойдзены яны на пашы ля вёсак Верамейкі, Забачэў, Наркі, Вусце, Юдаўка, ля Чэрыкава. У народзе іх завуць “грамавымі стрэламі”.

Паяўленне маёмаснай няроўнасці стала штуршком да грабежніцкіх пахода ў і ўзброенных сутычак. Частка свідраваных сякер, як і новы тып стрэл (трохвугольных з шыпамі), служыла дзеля гэтых мэтаў. Вельмі рэдка археолагі знаходзяць вырабы з каляровых металаў. На ўсім Пасожжы іх не больш 30. Прычына – адсутнасць руд каляровых металаў. На думку вучоных, руду каляровых металаў прывозілі з Каўказа ці Карпат. Мясцовая бронзаліцейная вытворчасць калі і існавала, дык трымалася на пераапрацоўцы гатовых зліткаў. Істотна ўдасканалілася і дасягнула вяршыні крэменеапрацоўка.

Прынцыпова іншым быў посуд сярэднедняпроўскай культуры. Найбольш характэрныя для яе акругла- і пласкадонныя гаршкі з шырокім адагнутым вонкі венчыкам. Побач з адбіткамі шнура для ўпрыгожання паверхні ўжывалі лінейны штамп, складаючы трохвугольныя, ялінкавыя кампазіцыі. Посуд пачалі рабіць танкасценным і значна лепш абпаленым.

Археалагічныя рэшткі бронзавага веку на тэрыторыі раёна, апрача сякер, прадстаўлены галоўным чынам керамікай. Яны сустракаюцца даволі часта на ўсіх неалітычных помніках, а таксама пераважаюць у зборах з паверхні на паселішчах ля в. Журавель, што на паўднёвы захад ад ур. Мел, на першай надпоплаўнай тэрасе правага берага р. Сож, ва ўр. Затанец; ва ўр. Бярозавая Грыва і Лозкі Барок ля в. Ушакі. На паўночна – усходняй ускраіне г. Чэрыкава на беразе возера – старыцы ва ўр. Чыгароўшчына таксама ёсць рэшткі паселішча бронзавага веку. Побач знойдзены клінападобныя і ромбападобныя двухлёзныя сякеры, 2 сякеры – кліны, авальная матыка, шарападобная падвеска і іншыя рэчы. Вырабы бронзавага веку былі знойдзены і на 1,5 км на паўднёвы ўсход ад в. Горкі, на ўзвышшы Угароўка. На такіх паселішчах трапляюцца косткі буйной і дробнай рагатай жывёлы, коней, свіней, а таксама зернецёркі, матыкі, посуд з адбіткамі зерня на сценках. Гэта і ёсць доказы існавання земляробства і жывёлагадоўлі.

Аб дыферэнцыяцыі грамадства ў гэты час можна меркаваць пры вывучэнні могільнікаў. Разам з беднымі безынвентарнымі пахаваннямі сустракаюцца і пахаванні, калі побач з нябожчыкам былі пакладзены дзесяткі рэчаў, у тым ліку з металу, косці. Пахавальны абрад быў надзвычай разнастайным. Сярэднедняпроўскія плямёны хавалі нябожчыкаў пад курганнымі насыпамі і ў грунце па абраду трупаспалення і трупапалажэння. Сярод некалькіх з захаваўшыхся курганных могільнікаў магчыма былі і насыпаныя ў бронзавым веку, але яны не вывучаліся.

Тое ж можна сказаць пра помнікі сярэдняга і позняга бронзавага веку. Яны дасюлб не адшуканы.

У VII – VI ст. да н.э. на большай частцы тэрыторыі Беларусі, у тым ліку ў Пасожжы, наступіў жалезны век. Яго пачатак адпавядае шырокаму распаўсюджванню важнейшага вынаходніцтва – здабычы жалеза з балотнай руды, запасы якой на Беларусі былі незлічоныя. З жалеза кавалі сякеры і нажы, цуглі і сярпы, наканечнікі стрэл і дзідаў, іншыя прылады працы, зброю і ўпрыгожанні. Непараўнальныя з каменнымі аналагамі моц і надзейнасць гэтых вырабаў прывялі да таго, што яны хутка амаль поўнасцю выцеснілі першыя. Пэўны час працягвалі існаваць толькі каменныя свідраваныя сякеры. Рэзка ўзрасла прадукцыйнасць працы. Пашырылася падсечнае (ляднае) земляробства. Добрыя ўраджаі спрыялі і развіццю жывёлагадоўлі, даючы корм на час утрымання статка ў стойле.

У жалезным веку працягваўся рост маёмасці няроўнасці, які меў і адмоўны бок. Рэзка ўзраслі ўзброенныя сутычкі, грабяжы. У сувязі з гэтым насельніцтва вымушана было пераходзіць у час небяспекі з адкрытых паселішчаў (адно з іх знойдзена ва ўр. Строў ля в. Гронаў) на ўмацаваныя гарадзішчы. Іх будавалі звычайна на найбольш узвышаных і цяжкадаступных месцах (мысы ў далінах рэк, пясчаныя руды на поплаве і карэнных берагах, сярод балот). Дадаткова ўмацоўвалі валамі, равамі, драўляным частаколам. Паступова гарадзішчы сталі асноўным тыпам паселішчаў.

Археалагічныя знаходкі, якія датуюцца жалезным векам, на тэрыторыі Чэрыкаўскага раёна ў асноўным належаць мілаградскай і зарубінецкай культурам.

Мілаградская культура – гэта архіалагічная культура плямёнаў, якія жылі ў Сярэднім і Верхнім Падняпроўі. Сваю назву яна атрымала ад гарадзішча каля в. Мілаград Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Датуецца яна сярэдзіна VII – VI ст. да н.э. – І ст. н.э. Насельніцтва жыло на гарадзішчах і паселішчах у жытлах слупавай канструкцыі і паўзямлянках, якія мелі выступы ў адным з вуглоў ці ля сцен, ужывала жалезныя наканечнікі коп’яў, нажы, сярпы, ляпны кругладонны і пласкадонны гладкасценны посуд, бранзалеты, сасудападобныя прасліцы, падтрымлівала сувязі са скіфамі і плямёнамі культуры штрыхаванай керамікі. Пахавальны абрад – трупапалажэнне ў курганных і бескурганных могільніках. У сацыяльна – гістарычным развіцці плямёны мілаградскай культуры знаходзіліся на пачатковай стадыі распаду першабытнаабшчыннага ладу. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, паляваннем і апрацоўкай жалеза.

На рубяжы нашай эры паўднёва – ўсходняя чпстка тэрыторыі Беларусі ўвайшла ў сферу распаўсюджвання зарубінецкай культуры, якая атрымала сваю назву ад могільніка, каля с. Зарубінцы на Кіеўшчыне. Даследаванне помнікаў гэтай культуры паказала, што у іх аснове ў большасці выпадкаў знаходзяцца мілаградскія слаі. Храналагічна зарубінецкая культура падзяляецца на ранні этап (канец ІІ ст. да н.э. – пачатак ІІ ст. н.э.), якому характэрны гарадзішчы, паселішчы і бескурганныя могільнікі, і позні (ІІ – V ст. н.э.) – з паселішчамі і бескурганнымі могільнікамі. Большасць даследчыкаў выдзяляюць помнікі позняга этапа ў самастойную культуру, якая мае назву кіеўская. Насельніцтва будавала наземныя жытлы слупавой канструкцыі прамавугольнай формы і паўзямлянкі, ужывала жалезныя наканечнікі коп’яў, клінападобныя сякеры, нажы, сярпы, ляпны і глянцаваны пласкадонны посуд, бранзалеты, шкляныя пацеркі, розныя фібулы і інш. Пахавальны абрад у плямён гэтай культуры – трупаспаленне (вельмі рэдка сустракаецца трупапалажэнне), у магілах трапляюцца прылады працы, посуд, упрыгожанні.

Плямёны зарубінецкай культуры падтрымлівалі сувязі са скіфска – сармацкімі і кельцкімі плямёнамі, гарадамі Паўночнага Прычарнамор’я, з плямёнамі, якія жылі на тэрыторыі Польшчы і Прыбалтыкі. У сацыяльна – гістарычным развіцці плямёны гэтай культуры знаходзіліся на стадыі распаду першабытна-абшчыннага ладу і складвання тэрытарыяльнай абшчыны. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, апрацоўкай жалеза, рабіла бронзавыя ўпрыгожанні. Большасць даследчыкаў лічаць зарубінецкую культуру старажытнаславянскую.

На тэрыторыі Чэрыкаўскага раёна знойдзены паселішчы, могільнікі і асобныя рэчы, якія адносяцца да позняга этапа зарубінецкай культуры.

Дакладна датаваць гарадзішчы і курганныя могільнікі, знойдзеныя на тэрыторыі раёна, немагчыма, бо яны не раскопваліся. Гарадзішчы вядомы ля вёсак Камаровічы, Тур’е, Юдаўка і г. Чэрыкава.

Наконт Камаровіцкага гарадзішча, што за 0,5 км на поўдзень ад вёскі, на правым беразе р. Волчас, ёсць даведка аб узросце. Яго датуюць раннім жалезным векам. Трохкутная пляцоўка з двух бакоў абмежавана ярамі, з трэцяга – валам дугападобнай формы.

Гарадзішча ля Юдаўкі знаходзіцца на мысе 8-мятровай тэрасы левага берага р. Козел. Пляцоўка ўмацавана кальцавым валам. Ад карэннага берага яе аддзяляе два равы. Адкрыўшы і даследваўшы гарадзішча ў 1977 г., Г.В. Штыхаў таксама аднёс яго да ранняга жалезнага веку. Што датычыцца гарадзішча ля в. Тур’е ва ўр. Гарадзец, за 1,5 км на паўднёвы ўсход на правым беразе р. Вудажкі (прыток р. Вудагі), то тут авальная пляцоўка таксама акружана кальцавым валам, але даследваўшыя яго ў 1936 г. А.Н. Ляўданскі і А.Д. Каваленя не знайшлі тут культурнага слоя і на гэтай падставе аднеслі яго да тыпу гарадзішчаў – сховішчаў. На іх не жылі, а толькі хаваліся ў часы небяспекі. Зараз яно разбурана. У 1989 г. археалагічны атрад Магілёўскага педінстытута імя А. Куляшова пад кіраўніцтвам В.Ф. Капыціна знайшоў на тэрыторыі раёна яшчэ адзін даволі загадкавы аб’ект. Ля в. Піленка захавалася невялікае круглае ў плане гарадзішча – свяцілішча (магчыма гэта быў майдан, дзе атрымлівалі вугаль, спальваючы дрэвы) з выхадам на поўдзень. Па перыметру яно абнесена кальцавым валам вышынёй да 1,5 м. Пляцоўка круглая, дыяметрам 17 км. Культурны слой адсутнічае. Знойдзена толькі вуголле.

Гарадзішча ў г. Чэрыкаў цалкам забудавана.

Больш за ўсё з тых далёкіх часоў уцалела курганных насыпаў. Захавалася 18 насыпаў ля в. Пабеда, ва ўр. Дуброва, побач са старым рэчыцкім пагостам; 44 насыпы ля в. Грамабой, ва ўр. Курганне; 12 – ля в. Вохар, ва ўр. Блевачова, таксама ля сучанага пагоста; 15 – ля в. Піленка, на правым беразе р. Сянны, ва ўр. Піленскія Курганы; суцэльныя некропалі існуюць за 2,5 км на паўднёвы захад ад в. Журавель, на беразе Сожа (41 насып), ля в. Гронаў, ва ўр. Курганне (74 насыпы). У двух групах ля в. Ушакі налічваецца 58 насыпаў (12 ва ўр. Вусце і 46 ва ўр. Шведскіе Горы). 9 насыпаў існуе ля в. Горкі. Яны цягнуцца ўсцяж даліны Сожа і дарогі ў вёску.

Пісьмовыя крыніцы паведамляюць нам, што ў старадаўнія часы курганныя могільнікі былі вядомы яшчэ ля вёсак Юдаўка, Вусце, Тур’е, Рэчыца, Ржавец, Камаровічы і ў іншых месцах. Зараз колькасць іх значна зменшылася. Паводле апошніх даследванняў В.Ф. Капыціна (1989 г.), ля вёсак Тур’е і Рэчыца захавалася па аднаму кургану, ля могілак у в. Камаровічы – 7, ля в. Ржавец – 4 насыпы. Таксама ў гэты час знойдзены 4 курганы ля п. Юны Пахар і 7 ля п. Жытнеў. Усім ім пагражае небяспека разбурэння.

У эпоху Кіеўскай Русі (пачалася ў апошняй чвэрці І тысячагоддзя н.э. – скончылася ў ХІІІ ст.) на месцы паселішчаў ўзніклі вёскі, на месцы гарадзішчаў узводзілі буйныя замкі і крэпасці. Курганы скончылі насыпаць у XIII – XIV ст.