З ГІСТОРЫІ КАМСАМОЛЬСКАГА РУХУ

У сярэдзіне 1919 г. невялікая група моладзі з энтузіязмам узялася за арганізацыю ў Чэрыкаве ячэйкі Камуністычнага Саюза Моладзі. Спачатку ў яе ўваходзіла шэсць чалавек - Касакоўскі, Любан, Фрыдберг, Лявіцін, Ніна Хутарэцкая і Мацвей Хутарэцкі. 10 жніўня 1919 г. адбыўся першы сход павятовай моладзі, на якім прысутнічала 10 юнакоў. Сход аднагалосна вырашыў стварыць павятовую ячэйку Камуністычнага Саюза Моладзі. У першую ж суботу ячэйка прыняля ўдзел у камуністычным суботніку, заявіўшы грамадскасці аб сваім існаванні. Першым сакратаром камсамольскай ячэйкі быў выбраны адзін з былых актыўных камсамольцаў малады камуніст Мацвей Хутарэцкі.

У 1920 г. у Чэрыкаўскім павеце дзейнічалі камсамольскія арганізацыі: Чэрыкаўская гарадская, Крычаўская, Краснапольская, Маляцінская, Тур'еўская, Сакольніцкая, Хацілаўская, Ржавецкая. Маладыя людзі ўступалі ў камсамол часам насуперак волі бацькоў. Рыгора Фельдмана, напрыклад, бацька пабіў так, што юнак страціў слых, але ў камсамол уступіў. Усім сэрцам успрымала моладзь праўду камуністаў, жыла дружна, цікава. Вялікіх хат у Чэрыкаве на той час не было. Спачатку камсамольцам даводзілася туліцца ў адным пакоі за кошт пацяснення гаспадароў. Пазней дом багацея Махавера быў ператвораны ў клуб. Збіраліся па вечарах, пры газавай лямпе. Маладыя людзі былі малаадукаванымі, але з настойлівасцю працавалі над сабой, чыталі, вучыліся, набіраліся вопыту. Шукалі, памыляліся, спрачаліся.

Паступова камсамольскія ячэйкі ўзніклі ў Камаровічах, Зорах, Нарках і іншых. Для аказання практычнай дапамогі ў вёскі былі накіраваны камсамольцы з Чэрыкава і Крычава. У ліку іх Любан, Лявіцін, Крывялёва, Іофе і іншыя. Узнікла неабходнасць больш планамернага і арганізаванага кіраўніцтва камсамольскім рухам. Было вырашана склікаць павятовую канферэнцыю і стварыць павятовы камітэт камсамола. Канферэнцыя адбылася зімой 1921 г. На ёй прысутнічалі прадстаўнікі шасці камсамольскіх арганізацый. Быў створаны павятовы камітэт камсамола, сакратаром выбралі Хутарэцкага.

У ліку першых мерапрыемстваў павятовага камітэта было выданне камсамольскай газеты. Выйшла ўсяго некалькі нумароў яе з вялікім інтэрвалам бо было цяжка з паперай і паліграфічнымі матэрыяламі. Занялася камсамолія і работай сярод дзяйчат і жанчын. Гэту справу даручылі Ніне Хутарэцкай. Была створана сетка дэлегацкіх сходаў (дэлегацкія сходы ў той час былі формай арганізацыі жанчын). Іх задачай было весці растлумачальную работу сярод жанчын і моладзі, нактраваную на ўкараненне новых элементаў быту, стварэнне дзіцячых устаноў, антырэлігійнае выхаванне, удзел жанчын у камітэтах беднаты, сельсаветах. Праводзілася работа па павышэнню палітычнага ўзроўню камсамольцаў, прыцягненню іх да ўдзелу ў агульнапартыйных і агульнадзяржаўных справах. Многія камсамольцы ехалі ў вёску для правядзення мерапрыемстваў па харчпадатку. Рабочая моладзь шукала адказы на злабадзённыя пытанні. Яна хацела зразумець сэнс гістарычных падзей.

Вялікі размах у той час атрымала мастацкая самадзейнасць, якую ўзначальвала камсамольская ячэйка. Вось што піша камсамолка 20-х гадоў Ф.Р. Каданэр: "Чэрыкаў - мая радзіма. Тут я нарадзілася, расла, вучылася і ў 1924 г. закончыла школу - камуну. Цікавым было маё жыццё ў юнацкія гады. Была камсамолкай, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці ў "Сіняй блузе". Так называўся калектыў самадзейных артыстаў. У час выступленняў мы апраналіся ў форму - сінюю талстоўку і сінюю спадніцу і шаравары. Як правіла, выступленні пачыналіся з агітмантажа.

З нумарамі мастацкай самадзейнасці мы выяджалі ў Быхаў, Гомель, Краснаполле."

З архіўных дакументаў бачны ініцыятыўныя дзеянні камсамольскай ячэйкі Чэрыкава. Так, камсамольцу рабочаму - малатабойцу Лявіціну было даручана абслугоўваць гужавы транспарт, Паўлючэнка займаўся нарыхтоўкай дроў для мясцовых устаноў. Ніна Хутарэцкая арганізавала на ўскрайку горада хату - чытальню, камсамолец Любан вёў там асветна - масавую работу.

У цяжкі час, калі на франтах грамадзянскай вайны было складанае становішча, многія камсамольцы ішлі ў Чырвоную Армію. Камсамол адправіў на фронт 20% свайго асабовага саставу. Сярод іх былі Касакоўскі, Красоўскі, Эйдлін і іншыя. Мабілізацыя моладзі праходзіла ў абстаноўцы вялікага палітычнага ўздыму. Праходзілі сходы, мітынгі, выпускалі заклікі. Тыя, хто не трапіў на фронт, аказвалі дапамогу Чырвонай Арміі ўсім, чым маглі. Так, была створана майстэрня па пашыву адзення для Чырвонай Арміі. Называлася яна "Ваензаг". Для арганізацыі майстэрні патрэбны былі швейныя машыны. Толькі пасля вялікай растлумачальнай работы сярод саматужнікаў іх удалося атрымаць і адкрыць майстэрню. Працавала там моладзь на чале з Хутарэцкім.

Камсамольцы і моладзь збіралі сродкі на ўзбраенне, на абсталяванне шпіталяў, дапамагалі сем'ям чырвонаармейцаў. Дзяўчаты даглядалі параненых, збіралі цёплыя рэчы. Гомельская губерня (у якую ўваходзіў Чэрыкаўскі павет) здала 700 паўкажушкоў для чырвонаармейцаў.

11 снежня 1926 г. адбылася раённая канферэнцыя камсамола. Быў абраны новы састаў членаў райкама камсамола - 21 чалавек. Сакратаром Чэрыкаўскага бюро райкама камсамола стаў Мінін. Раённая арганізацыя складалася з 23 ячэек, якія аб'ядноўвалі 563 чалавекі. Дзяўчат было 87. Вясковыя ячэек налічвалася 19, гарадскіх - 3, школьных - 1. У Рэчыцы, Ушаках і Лабанаўцы было па некалькі ячэек.

Мацвей Яфімавіч Хутарэцкі нарадзіўся ў 1903 г. у в. Усохі Даўжанскай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1914 г. разам са сваёй сям'ёй пераязджае ў Чэрыкаў. Сродкамі для існавання яго сям'і былі заробкі сясцёр і братоў, якія працавалі па найму ў мясцовых саматужнікаў. Дзякуючы клопатам сям'і Мацвей атрымлівае магчымасць вучыцца спачатку ў пачатковай школе, а затым у гарадскім вучылішчы. Тут вучыліся ў асноўным дзеці ніжэйшых слаёў гараджан і сялян з бліжэйшых вёсак. Выкладчыкі, асабліва інспектар, груба абыходзіліся з навучэнцамі. Таму ў 1917 г. у вучылішчы ўзнік першы пратэст, у якім прымаў удзел Мацвей.

Знаёмства з рэвалюцыйнай літаратурай, удзел у мітынгах і сходах, якітя праходзілі ў Чэрыкаве і на якіх ішла палітычная барацьба, садзейнічалі фарміраванню бальшавіцкіх поглядаў Хутарэцкага. У красавіку 1919г. мясцовая партыйная арганізацыя прыняла яго ў члены РКП(б). Першым і важнейшым партыйным даручэннем было стварэнне маладзёжнай арганізацыі.

Вясной 1920 г. ваенная абстаноўка ў краіне абвастрылася, і ў ліку іншых добраахвотнікаў Хутарэцкі трапіў на фронт. Накіравалі яго ў Смаленск, у распараджэнне Палітычнага ўпраўлення Заходняга фронту, адтуль - у Гатчыну, пад Петраград. На фронце Хутарэцкі быў паранены і з палявога шпіталю яго накіравалі ў Ржэў, а потым у Маскву, у пяты эвакашпіталь.

Пасля дэмабілізацыі Хутарэцкі вярнуўся ў Чэрыкаў і прыступіў зноў да работы ў камсамоле. У 1921 г. ён быў выбраны сакратаром павятовага камітэта камсамола. А ў хуткім часе яго абралі ў састаў губкама камсамола на пасаду загадчыка арганізацыйнага аддзела і яму давялося расстацца з камсамолам Чэрыкаўшчыны.


Ф. Рудзікаў

Моладзь вёскі Манастырок Старынскай воласці Чэрыкаўскага павета вельмі туманна ўяўляла становішча ў краіне. Чырвонагвардзейцы - Антон Хромчанка, Павел Нікеенка, Павел Міхеенка - часта наведваліся ў вёску да родных і расказвалі, як арганізоўваецца моладзь Чэрыкаўшчыны ў маладзёжныя саюзы. Гаварылі, што ў далейшым будуць арганізаваны хаты - чытальні, пункты па ліквідацыі непісьменнасці, раілі нам заняцца гэтымі пытаннямі.

Прапановы старэйшых моцна западалі ў маладыя душы. І вось аднойчы браты Міхаіл і Пракоп Хромчанкі сабралі манастыркоўскіх рабят на бераг Сожа. Яны сказалі, што толькі што вытрымалі паядынак з бацькам і ён згадзіўся аддаць палавіну дома пад хату - чытальню.

Моладзь пачала наводзіць у памяшканні парадак. Збілі лаўкі, паліцы для кніг, дасталі стол, напісалі лозунгі на абгортачнай паперы. На сценах павесілі партрэты У.І.Леніна, Я.М.Свярдлова. Пакой ператварылі ў культурную ўстанову. На веснічках Пракоп Хромчанка напісаў вывеску "Хата - чытальня".

З адкрыццём у вёсцы хаты - чытальні моладзь пацягнулася сюды на вячэрні агеньчыу. Праводзіліся гучныя чытанні кніг. У вёску пачалі дастаўляць газеты. Мала хто мог чытаць, у большасці прыходзілі паглядзець малюнкі. Была адна газавая лямпа, але газу эканомілі. У асноўным смалілі лучыну ў пячурках.

Мішу Хромчанку выбралі загадчыкам хаты - чытальні, Прошу Хромчанку - бібліятэкарам, Сямёну Лукашэнку, Васілю Міхеенку, Аляксею і Жэні Нікеенкам даручылі збор кніг для бібліятэкі. Яфім Лебядзеў адказваў за арганізацыю пункта ліквідацыі непісьменнасці.

Карціна ўяўлялася такая. На лаўках, абрубках ля печы і проста на подлозе сядзелі барадатыя, апранутыя ў армякі і латаныя паўкажушкі мужчыны, побач з імі жанчыны. Усе яны імкнулі адолець цяжкую для іх грамату, бо "настаўнікам" даводзілася амаль кожную літару параўноўваць з нейкім прадметам. Заняткі працягваліся да таго часу, пакуль не раздаваліся галасы "Рабяты, больш не можам, аловак з рук падае, рука нямее. Ды і заўтра патрэбна рана ўставаць. Лепш заўтра закончым". Мужчыны распрамлялі стомленыя спіны, даставалі кісеты з курывам, жанчыны павязвалі хусткі і расходзіліся.

Заможныя сяляне неахвотна адпускалі сваіх дзяцей у хату - чытальню. На вечарах вельмі мала было дзяўчат, маці прымушалі іх выконваць розную хатнюю работу. Але ў хуткім часе у гурток пачалі запісвацца і дзяўчаты. Першымі прыйшлі Маша і Жэня Крымцовы, Хрысціна і Ганка Котавы, Сцепаніда і Ірына Нікеенкі. Яны таксама хацелі мець якія -небудзь даручэнні. Ім даручылі чытаць кнігі, аказаць дапамогу ўдаве Анастасіі Нікеенка і іншым жанчынам, мужы якіх загінулі на грамадзянскай вайне. За гэтымі дзяўчатамі пачалі заходзіць і іншыя. Так паступова вакол хаты - чытальні згуртоўваліся вясковы маладзёжны актыў з юнакоў і дзяўчат.

Актыўная работа маладзёжнай групы ў Манастырку ператварыла хату - чытальню ў культурны цэнтр вёскі, дзе пачалі праходзіць "сходкі", на якіх вырашаліся грамадскія справы. Уважліва прыслухоўваліся маладыя да ўсяго, што адбывалася ў Чэрыкаўскім павеце. Стараліся і самі ўнесці уклад у агульную справу. Культармейцы хадзілі па дамах і пекаконвалі сялян у неабходнасці падтрымліваць уладу Саветаў, ісці у гурткі лікбеза. Жаданне працаваць было вялікае, нягледзячы на адсутнасць вопыту. "Настаўнікі" вучыліся самі і вучылі іншых.

Неяк Прошу Хромчанку было даручана пачытаць вечарам Чэхава. Згадзіўся юнак, але калі сабралася аўдыторыя, то аказалася, што апавяданяў няма. Хромчанка не разгубіўся і ўзяў з паліцы першую трапіўшую пад рукі кнігу. Як жа ўсе здзівіліся, калі ён пачаў чытаць пра хваробы жывёлы. Але кніга выклікала інтарэс у слухачоў, і пазней быў арганізаваны сельскагаспадарчы гурток.

Непрыкметна моладзь пачала заваёўваць аўтарытэт сярод дарослых. Калі некаму трэба было нешта напісаць або хто не спраўляўся з малацьбой ці ўборкай, моладзь ахвотна ішла на дапамогу. Аднойчы на агульным сходзе вырашалася пытанне аб зборы хлеба, абутку і адзення для патрэб Чырвонай Арміі. Міша Хромчанка прапанаваў падрыхтаваць спектакль і ўвесь збор перадаць у фонд Чырвонай Арміі. Згадзіліся і пачалі рыхтаваць п'есу. Ад жадаючых паглядзець яе не было адбою. Цана білета - адзін фунт жыта. Праўда, сталых прапускалі бясплатна. Памяшканне, дзе адбыўся спектакль, было нічым іншым, як пуняй. Паколькі заваявалі сабе славу "артыстаў", то адважыліся паказаць спектакль і ў суседніх вёсках. Вынік паездак - дзве фурманкі хлеба, якія потым былі перададзены Чэрыкаўскаму паветваенкамату і адпраўлены на фронт.

У 1918 г. я пайшоў у Чырвоную Армію. А ў наступным годзе мяне прынялі ў камсамол. Калі ў 1920 г. у Лемені была адкрыта школа - камуна, па рэкамендацыі савета хаты - чытальні туды былі накіраваны манастыркоўскія актывісты Аляксей Нікеенка, Мікалай Лебядзеў, Яўген Нікеенка. Прошу Хромчанка паслалі ў сельскагаспадарчую школу. У мінулым дзеці беднякоў закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы і сталі спецыялістамі: Яўген - аграномам, Мікалай - ветурачом, Аляксей - юрыстам. Некаторыя свой лёс звязалі з Чырвонай Арміяй.

У 1928 г. была створана першая камсамольская ячэйка ў Верамейскім сельсавеце. У яе ўваходзілі восем чалавек: С. Гаўрыш, Т. Андрэенка, П. Аўраменка, Ф. Кароткі, І. Іваноў, Р. Свірыдаў, А. Малярова, І. Максімаў. Кожны з іх дастойна пражыў жыццё, ніхто не запляміў свайго імя.

Вялікую, складаную работу выконвалі камсамольцы, моладзь у пачатку 30-х гадоў. Складанасць заключалася ў тым, што слабымі былі сродкі інфармацыі. Не было радыё, газеты дастаўляліся прыкладна раз у тыдзень. Уся інфармацыя аб жыцці краіны ў асноўным ішла цераз сельскі Савет па проваду.

У населеных пунктах праходзілі сходы, на якіх ставілася пытанне аб арганізацыі калгасаў. Моладзь горача агітавала за новае, калектыўнае жыццё. Камсамольцы вельмі дапамагалі старшыні сельскага Савета. камуністу Волкаву - чалавеку з цвёрдым, валявым характарам. Хочацца адзначыць, што ў 1929 г. без асаблівых перагібаў у Верамейках утварыўся калгас.

Вельмі цяжка прыйшлося камсамольцам з в. Каркоўшчына. Хоць і невялікай яна была, але двойчы даводзілася тут арганізоўваць калгас. На адным са сходаў востра станавілася пытанне: як жыць далей? У гэты час праз акно варожай куляй у час выступлення быў забіты камсамолец Рыгор Свірыдаў.

Асаблівым аўтарытэтам у маладзёжным асяроддзі карысталася Соф'я Гаўрыш - першы камсамольскі сакратар. Стройная, у колішняй форме камсамольскага работніка (з рамянём і партупеяй), яна выклікала павагу. Нават мы зайздросцілі Гаўрыш.

Як і паўсюдна, у вёсцы працавала царква. Камсамольцы і моладзь так накіроўвалі атэістычную работу, што мясцовы прыход намнога скараціўся. Канцэрты мастацкай самадзейнасці, гучныя чытанні і спрэчкі да другіх пеўняў - гэта навізна вабіла людзей.

У 1929 г. у сельсавеце пачала працаваць хата - чытальня. Першым "ізбачом" быў Іван Цацоха. У распараджэнне Цацохі быў перададзены дом святара з трох пакояў і раяль; дарэчы, іграць на ім ніхто не ўмеў. Цацоха быў імклівым, мэтанакіраваным чалавекам. Ён сабраў фонд кніг, і мы з задавальненнемчыталі ўслых шырокай аўдыторыі. Разам з Цацохам мы рыхтавалі цікавыя вечары адпачынку, канцэрты мастацкай самадзейнасці, чыталі Беднага, Купалу, Коласа, афармлялі шматлікія лозунгі, плакаты. І праз дзесяцігоддзі з павагай і любоўю ўспамінаю Цацоху.

У 1933 г. Верамейская пачатковая школа стала сямігодкай, хату - чытальню зачынілі. Першыя камсамольцы пайшлі кожны сваёй дарогай. Соф'я Гаўрыш Чэрыкаўскім райкамам камсамола была накіравана на вучобу ў савпартшколу. Андрэенка і Малярова паступілі ў педагагічныя навучальныя ўстановы. Мяне і трох маіх аднагодкаў калгас адпусціў у школу ФЗВ будаўнікоў у Магілёў. Мы ўсе вельмі хацелі вучыцца і цягнуліся да ведаў.

У 1936 г. я вярнуўся ў сваю родную школу пасля заканчэння Магілёўскага педінстытута настаўнікам роднай мовы і літаратуры. А разам са мной настаўнікамі матэматыкі і пачатковых класаў - Цымбарэвіч і Маціясевіч. Усе мы былі камсамольцамі. Мясцовая арганізацыя адразу ўмацавалася трыма членамі: камсоргам стаў завуч сямігодкі Іван Марозаў - чалавек ініцыятыўны, духоўна багаты. У 1938 г. яго прынялі кандыдатам у члены КПСС.

Успамінаючы камсамолію трыццатых гадоў, яшчэ раз пераконваешся, што кожны з нас жыў з верай у шчаслівую будучыню.

Нарадзіўся я ў в. Тур'е ў сям'і селяніна. Скончыў пачатковую школу, потым вучыўся ў Чэрыкаўскай школе. У камсамол уступіў у 1924 г. Да гэтага часу ў нашай вёсцы ўжо існавала камсамольская ячэйка. Арганізаваў яе мой аднавясковец Д.І.Старавойтаў, які вярнуўся з грамадзянскай вайны. Мне даручылі кіраўніцтва піянерскай арганізацыяй. Кожны тыдзень я сустракаўся з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Мы развучвалі песні, рэпеціравалі п'есы, якія паказвалі на вясковай сцэне. Дарэчы, сцэну зрабілі самі.

Разам з другімі камсамольцамі - Антонам і Стафанам Старавойтавымі, Мітрафанам Агеенка, Максімам Кадзелай, Анісімам Сафеенка і іншымі - я актыўна ўключыўся ў правядзенне калектывізацыі.

Па рэкамендацыі сакратара райкома камсамола Васіля Рыбакова я паступіў у Магілёўскі палітыка - асветны тэхнікум і пасля яго заканчэння атрымаў накіраванне на Віцебшчыну.

У 1934 г. мяне прызвалі ў рады Чырвонай Арміі. Калі служыў у арміі, быў кіраўніком палітгуртка, палітінфарматарам у сваім узводзе. У 1939 г. я ўступіў у партыю і быў нактраваны на работу ў органы міліцыі.

Вялікая Айчынная вайна застала мяне, выпускніка Ленінградскай школы палітработнікаў міліцыі, у Брэсце. З нас, учарашніх курсантаў, стварылі мабільную групу па знішчэнню варожых дэсантаў. Многія мае сябры загінулі ў першыя дні вайны. А мне выпаў цяжкі шлях адступлення.

У Мінску нашаму атраду было дадзена заданне выехаць у Ленінград, каб удзельнічаць у эвакуацыі з горада дзяцей, а таксама каштоўнасцей. Пазней я аказаўся ў Калінінскай вобласці, потым на Украіне - у Варашылаўградскай вобласці, дзе працаваў начальнікам райаддзела міліцыі.

У 1947 г. я вярнуўся ў свой раён. Працаваў інструктарам райкама партыі, потым намеснікам дырэктара Чэрыкаўскай МТС, старшынёй калгаса "Чырвоны Кастрычнік", на савецкай і партыйнай рабоце.

Часам думкамі пераносішся ў далёкае мінулае. У канцы 1918 - 1919 гг. на Чэрыкаўшчыне праводзілася кампанія па стварэнню камун. Была створана камуна і ў в. Тур'е - у маёнтку памешчыка Астанкевіча. Панскі двор знаходзіўся ў маляўнічым месцы на беразе р. Вудагі. Побач было возера, вялікі сад. Маёнтак акружаў лес. Памешчыку належалі два вялікія дамы і некалькі меншых, шмат "халодных" пабудоў. На беразе Вудагі стаяў вадзяны млын. Усё гэта, а таксама жывёла, сельскагаспадарчы інвентар было перададзена камуне.

Спачатку ў камуну ўступіла 20 сялян з навакольных вёсак: Тур'е, Шароеўка, Вербеж і інш. Першымі камунарамі з в. Тур'е былі: Ягор Паўлаў з сям'ёй з чаторых чалавек, Васіль Зубараў з сям'ёй, Фёдар Зубараў - чатыры чалавекі, Герасім Зубараў - чатыры чалавекі, Прохар Фралоў - тры чалавекі; з в. Шароеўка: Самуіл Церашкоў - чатыры чалавекі, Іван Мельнікаў - тры чалавекі, Мітрафан Сляпцоў з сям'ёй, Васіль Антоненка - чатыры чалавекі; з в. Вербеж: Андрэй Гладкоў - чатыры чалавекі і інш.

Усе члены камуны былі бясконныя беднякі, пастухі, парабкі. Ганна Карпава (па мужу Аляксеенка) - парабчанка памешчыка Васілеўскага, Андрэй Гладкоў - парабак з в. Вербеж, Зубаравы - усе вясковыя пастухі. Узначальваў Тур'еўскую камуну Міхаіл Макаравіч Фралоў.

Усе камунары жылі ў дамах памешчыка Астанкевіча. Там была кухня, грамадская сталовая. У сельскагаспадарчых пабудовах знаходзіліся коні, каровы, свінні, птушкі (індыкі). Для апрацоўкі зямлі карысталіся плугамі, баронамі, з машын - малацілкамі, веялкамі, сарціроўкамі і інш. Зямельны ўчастак складаўся прыкладна з 250 дзес. лепшых зямель. Астатняя памешчыцкая зямля была падзелена паміж беднатой. Усё, што выраблялася камунай, ішло ў агульны фонд. Называлася камуна "Чырвоны араты".

На аснове гэтай камуны ў 30-х гадах быў створаны калгас "Чырвоны Кастрычнік". На месцы панскага двара вырас невялікі пасёлак Юны Пахар, які ўваходзіў у гэты калгас.