Іх выклікаў час

Сёння з болем у душы мы пазнаём праўду аб трагедыі многіх простых людзей у тую пару, якую мы ведалі як час "жорсткай класавай барацьбы за ідэалы камунізма". Складанымі становяцца і нашы адносіны да тых, хто кіраваў падзеямі таго часу, актыўна ўдзельнічаў у іх. М.Д. Шчарбітаў, М.В. Басін, Я.Д. Зевін... Кожны з іх пражыў нялёгкае, поўнае барацьбы жыццё. Яны верылі ў ідэалы рэвалюцыі і, не шкадуючы сябе, змагаліся за ажыццяўленне.

БАСІН МЭЕР ВЭЛЬКАВІЧ

Нарадзіўся ў Чэрыкаве ў 1890 г., бакінскі камісар. Член партыі бальшавікоў з 1912 г. З сям'і вадавоза. Скончыўшы рамеснае вучылішча ў Магілёве, з 1911 г. працаваў слесарам у Баку. Удзельнічаў у прафсаюзным руху, у арганізацыі бакінскай стачкі 1914 г., за што арыштаваны. З канца 1914 г. член праўлення прафсаюзаў рабочых нафтанавай прамысловасці ў Баку. З вясны 1917 г. дэпутат Бакінскага Савета, з 8.7.1917 г. член Бакінскага гаркама РСДРП(б). Адзін з кіраўнікоў усеагульнай стачкі бакінскага пралетарыяту ў верасні 1917 г. З лістапада 1917 г. сакратар прэзідыўма выканкама і рабочай секцыі Бакінскага Савета. З красавіка 1918 г. загадчык рабочай секцыі Бакінскага Савета народнай гаспадаркі. Забіты англійскімі інтэрвентамі 20 верасня 1918 г.

ЗЕВІН ЯКАЎ ДАВЫДАВІЧ
(партыйныя псеўданімы Валодзя, Сава, Таварыш Павел)

Нарадзіўся ў м. Маластоўка Чэрыкаўскага павета ў 1884 г. Алзін з 26 бакінскіх камісараў. Член партыі бальшавікоў з 1912 г. З сям'і дробнага гандляра. Удзельнік рэвалюцыі 1905 - 1907 гг. У 1904 - 1912 гг. далучаўся да меншавікоў. Вёў рэвалюцыйную работу ў Баку, Бахмуце, Крывым Розе, Горлаўцы. З 1911 г. па накіраванні Екацярынаслаўскага камітэта РСДРП вучыўся ў партыйнай школе ў Ланжумо (каля Парыжа), слухаў лекцыі У.І. Леніна. З 1915 г. член Бакінскага камітэта РСДРП. Не раз арыштоўваўся (1907, 1908, 1912, 1916). Пасял лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. інструктар Маскоўскага Савета, вёў партыйную работу ў Серпухаве, Падольску, Арэхава- Зуеве, Іванаве і інш. З жніўня 1917 г. у Баку, адзін з кіраўнікоў усеагульнай стачкі ў верасні 1917 г. З красавіка 1918 г. член Бакінскага СНК, камісар працы. Забіты англійскімі інтэрвентамі 20 верасня 1918 г.

ШЧАРБІТАЎ
МІКАЛАЙ ДАРАФЕЕВІЧ

Нарадзіўся ў в. Кляпіна Чэрыкаўскага павета ў 1893 г. Удзельнік барацьбы за Савецкую ўладу на Беларусі. З сялян. Член партыі бальшавікоў з 1917 г. З 1916 г. у арміі. У ліпені 1917 г. - лютым 1918 г. старшыня Рэчыцкага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Удзельнік устанаўлення Савецкай улады ў Рэчыцы, барацьбы з левымі эсэрамі ў Чэрыкаўскім павеце і стварэння Чэрыкаўскай павятовай арганізацыі РКП(б), сакратар павятовага камітэта партыі, загадчык аддзела Магілёўскага, потым Гомельскага губвыканкамаў. З мая 1919 г. у Чырвонай Арміі: начальнік палітаддзела 14-й (Заходні фронт) і 3-й (Паўднёвы фронт) дывізій, удзельнік штурма Перакопа. Памёр ад цяжкай хваробы ў 1921 г.

ЭРТМАН МАЙСЕЙ ЗАХАРАВІЧ

Нарадзіўся ў 1880 г. у сям'і беднага сталяра ў г. Чэрыкаве. Бацькі не мелі сродкаў, каб вучыць сына, неставала сродкаў, каб пракарміць сям'ю, апрануць яе. Бацька з малых гадоў прывучаў хлопчыка да працы. У трынаццаць гадоў ён авалодаў спецыяльнасцю калесніка і амаль 15 гадоў прысвяціў гэтай працы. Але вымушаны быў шукаць шчасця ў розных гарадах краіны.

Працаваў у Гомелі, адтуль трапіў у Кіеў. Аднак, як ні стараўся, ледзь - ледзь удавалася звесці канцы з канцамі. У гэты час рэвалюцыйны рух па ўсёй краіне ішоў на пад'ём. Напярэдадні 1905 г. рэзка павялічылася колькасць забастовак і стачак, вулічных дэманстрацый, падпольных маёмак. Хваля рэвалюцыйнага руху захапіла маладога калесніка. Вось некаторыя даныя з яго анкеты. Паведамляецца, што ён прымаў удзел у 6 эканамічных стачках, у 3 вулічных дэманстрацыях, каля 300 разоў удзельнічаў у нелегальных масоўках і мітынгах, двойчы - ва ўзброеных выступленнях. У 1905 г. М.З. Эртман упершыню ўзяў у рукі зброю. Крыху пазней Майсей Захаравіч назаўсёды звязаў свой лёс з леніскай партыяй.