Яны вучылі нас

З успамінаў П. Ф. Ракіцкага, выхаванца, а потым настаўніка Леменскай школы - камуны

Ракіцкі Павел Фаміч [2(15).8.1903, в. Кустоўніца Мазырскага павета Мінскай губерні] - беларускі вучоны ў галіне агульнай біялогіі, генетыкі і селекцыі, доктар біялагічных навук, акадэмік АН БССР. Сфармуляваў і экперыментальна абгрунтаваў паняцце аб полі дзеяння гена. Упершыню ў СССР пачаў даследванні па радыяцыйнай генетыцы млекакормячых. Вывучаў узаемадзеянне паміж зменлівасцю і адборам. Распрацаваў шэраг пытанняў генетыкі колькавых прыкмет і генетычных асноў селекцыі жывёл. Памёр у 1977 г.

Калі ў думках вяртаешся ў былое, міжволі знаходзіш падзеі, якія пакінулі след на ўсё жыццё. Думаю, што ў дауніверсітэцкі перыяд для мяне вельмі важнымі былі адносіны з Лепяшынскім - спачатку ў Чэрыкаве, потым у Леменскай школе, аб якой хочацца расказаць.

У Чэрыкаў Лепяшынскія прыехалі ў пачатку 1918 г. Мадэст Мікалаевіч загадваў школай (былой гімназіяй), а Зінаіда Мікалаеўна, яго сястра, выкладала там рускую мову і літаратуру.

Каржакаваты, з сівой бародкай, вельмі стрыманы чалавек, Мадэст Мікалаевіч, калі гаварыў нават на абстрактныя тэмы, гэта выглядала неяк асабліва. У школе ён хутка заваяваў давер'е і аўтарытэт сярод настаўнікаў і вучняў. Матэматыку ён выкладаў дакладна, лагічна, цаніў у вучнях самастойнасць, асабліва пры рашэнні задач, разлічаных на кемлівасць.

Зінаіда Мікалаеўна адрознівалася ад брата экспансіўнасцю. На ўроках яе вочы гарэлі, голас звінеў, і разам з ёй загараліся мы, часам усхопліваліся з месц. Калі ж Зінаіда Мікалаеўна пачынала чытаць сваім чаканным і чыстым голасам вершы або прозу, мы ўсе заміралі. Пазней мне даводзілася слухаць многіх цудоўных дэкламатараў - Яхантава, Закушняка, Андронікава, і, пры ўсёй павазе да іх таленту, магу смела аднесці Зінаіду Мікалаеўну да таленавітых майстроў слова. У 1918 г. я пазнаёміўся з старэйшым братам Лепяшынскіх Панцеляймонам Мікалаевічам.

У 1919 г. Мадэст Мікалаевіч звярнуўся да мясцовай улады з хадайніцтвам - даць для школы - камуны былы маёнтак Лемень, размешчаны на беразе Сожа. Пасля ўцёкаў у Польшчу памешчыка Васілеўскага ў гэтым маёнтку некаторы час гаспадарнічала банда крымінальнікаў, якія выдавалі сябе за "маракоў - анархістаў". Будынак быў двухпавярховы, уцалеў прасторны падвал, сярэдняя частка якога служыла складам, а па два бакі ад склада былі памяшканні з вокнамі. Тут можна было размясціць кухню, сталовую, а таксама спальні вучняў.

Выканаўчы камітэт дапамог грашыма і матэрыяламі, выдзеліў цесляроў, печнікаў. Асноўную работу ўзяліся выканаць самі вучні. Вясковыя хлопцы, як правіла, мелі навыкі ў цяслярнай і сталярнай справе. На ўпарадкаванні школы - камуны працавалі ўсё лета. З нашага выпускнога класа Мадэст Мікалаевіч адабраў 20 найбольш фізічна моцных хлопцаў, якія першымі пасяліліся ў Лемені і пачалі абжываць, асвойваць школу.

У жніўні 1920 г. у Лемень пераехалі Мадэст Мікалаевіч, Зінаіда Мікалаеўна з сынам Колем, дачкой Ганнай і дзвюма дзяўчынкамі - Мурай і Ірай Касакоўскімі, асірацелымі пасля смерці бацькоў, былога дырэктара гімназіі. Пераехаў у Лемень і Міхаіл Іванавіч Кернажыцкі з жонкай Аляксандрай Іванаўнай, выкладчык гісторыі Мікалай Данілавіч Падабед, а ў канцы жніўня пасяліліся вучні трох старэйшых класаў.

У пачатку 1921 г. у Чэрыкаве праходзіў настаўніцкі з'езд. З'езд прыняў рэзалюцыю, у якой ухваліў вопыт леменскай школы - камуны, хоць многія настаўнікі ў той час адносіліся да гэтага вопыту адмоўна, альбо, у лепшым выпадку, вельмі стрымана.

Перада мной фотакопія пасведчання, якое выдавалася выпускнікам школы - камуны. У пераліку прадметаў, акрамя звычайных - алгебры, геаметрыі, фізікі і г.д., значыліся і такія: матэматычны аналіз, гісторыя культуры (апрача ўсеагульнай гісторыі), палітэканомія, законазнаўства. У выпускным класе ў хаду былі камбінаваныя задачы, якія ўключалі адначасова матэрыял з алгебры, геаметрыі і трыганаметрыі, і мы нават спаборнічалі - хто больш зможа рашыць такіх задач. А "страшныя" дыферэнцыялы і інтэгралы здаваліся нам простымі ў выкладанні Мадэста Мікалаевіча.

Зінаіда Мікалаеўна ніякімі запісамі і канспектамі не карысталася, яе метад выкладання - суцэльная імправізацыя. Яе ўрокі літаратуры вучні любілі і лічылі самымі цікавымі.

Хімію ў нас выкладаў Пётр Мікалаевіч Лепяшынскі, а спевы і музыку Міхаіл Іванавіч Кернажыцкі, які ў свой час скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. Гэта быў касцяк педагагічнага саставу школы. У Чэрыкаве было шмат настаўнікаў, аднак Мадэст Мікалаевіч падбіраў іх для Леменскай школы - камуны вельмі асцярожна, рабіў стаўку на моладзь.

Вельмі самастойнай фігурай сярод моладзі быў Мікалай Данілавіч Падабед. Ён скончыў настаўніцкі інстытут, нейкі час працаваў інспектарам. Потым выказаў жаданне выкладаць у Лемені гісторыю і геаграфію. Да вучняў Мікалай Данілавіч адносіўся па - бацькоўску цёпла, а Мадэста Мікалаевіча лічыў вышэйшым аўтарытэтам.

Выкладчыкам фізікі быў малады настаўнік Навум Ільіч Ахіезер, сын чэрыкаўскага ўрача, які скончыў сярэднюю школу на два гады раней за мяне. Вучыцца далей не паехаў, пад уплывам Лепяшынскага застаўся настаўнічаць спачатку ў Чэрыкаве, а потым у Леменскай школе. Навум Ільіч быў выдатным педагогам і абаяльным чалавекам.

У 1920 г. я не мог і падумаць, што апынуся ў складзе педагагічнага калектыву школы - камуны. Быў я тады вучнем выпускнога класа і выконваў грамадскія абавязкі - загадчыка бібліятэкай і сакратара школы, вёў усю дзелавую перапіску і справаздачнасць. Вясна 1921 г. Пасля выпускнога вечара большасць маіх аднакласнікаў раз'ехаліся - хто ў Ленінград, хто ў Маскву, хто ў Кіеў - паступаць у інстытуты. Мадэст Мікалаевіч прапанаваў мне застацца ў школе выкладчыкам. Ён даверыў мне выкладанне прыродазнаўства, якое ўключала батаніку, заалогію і асновы эвалюцыйнага вучэння. Мабыць, з пунктугледжання сучасных патрабаванняў я быў пасрэдным настаўнікам. Мае веды ў біялогіі былі вельмі скромнымі, бо атрыманы яны былі толькі шляхам самаадукацыі. Але чаго не зробіць смеласць маладосці! У Леменскай школе - камуне я працаваў да лета 1923 г.

29 верасня 1922 г. Мадэста Мікалаевіча не стала. Кіраўніцтва школай прыняў Пётр Мікалаевіч. Ён разумеў, што пры ўсіх намаганнях Зінаіды Мікалаеўны, Міхаіла Іванавіча і астатніх настаўнікаў замяніць Мадэста Мікалаевіча будзе цяжка.

Прайшоў яшчэ адзін навучальны год. У пачатку жніўня 1923 г. Саша Масальскі, Міша Зубовіч і я паехалі ў Маскву.