Сямігодка Цішкі Гартнага

Каму не вядома сёння імя Цішкі Гартнага? Цішка Гартны - Зміцер Фёдаравіч Жылуновіч - выдатны дзяржаўны і грамадскі дзеяч, старшыня першага Часовага ўрада Беларусі, акадэмік АН БССР, вядомы пісьменнік. Адзін з тых, хто стаў на Беларусі ахвяраю сталіншчыны, спачатку на Першым Усебеларускім з'ездзе Саветаў ў 1918 г., затым у 1931 г. - "За свядомае правядзенне нацыянал - апартуністычнай і нацыянал - дэмакратычнай лініі, за ўдзел у антыпартыйных групоўках КП(б)Б, за сувязь з чужымі і варожымі справе пралетаряту нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі і як з'яўляючыся рупарам варожых сіл, якога выкарыстоўвала ў сваіх мэтах нацдэмаўская контррэвалюцыя ў барацьбе з дыктатурай пралетарыяту " быў выключаны з радоў партыі, і, нарэшце, у 1936 г. быў арыштаваны. Пасля жорсткіх катаванняў і допытаў Цішка Гартны захварэў і трапіў у славутую на той час Магілёўскую спецпсіхбальніцу, у адной з палат якой памёр 11 красавіка 1937 г. І толькі зусім нядаўна ён быў рэабілітаваны.

Цікавы факт біяграфіі Ц. Гартнага звязаны з наведваннем ім горада па-над Сожам. У 20-я гады Цішка Гартны вельмі многае зрабіў для папулярызацыі гісторыі і асабліва рэвалюцыйнага руху Беларусі, станаўлення нацыянальнай школы, адраджэння традыцый і мовы беларускага народу. Мусіць, справы беларусізацыі і прывялі Цішку Гартнага ў Чэрыкаў у 1926 г.

Вось як апісваў Ц. Бусел наведванне Гартным Чэрыкаўскай школы - сямігодкі. Цішка Гартны "абыходзіў усе класы і рабіў пытанні на беларускай мове. Ён так спадабаўся вучням, што ўсе яны глядзелі проста яму ў вочы і рабілі часта добры адказ на яго пытанне". Беларускі пісьменнік і член ЦВК рэспублікі пакінуў у школьнай кніжцы такі запіс: "Быў у другой сямігодцы - зрабіла добрае ўражанне з боку выгляду і знаёмства дзяцей з беларускай мовай. Асабліва вынес прыемнае ўраджанне ад нулявой групы. Пераконваюся лішні раз, што асвета будзе ў шмат разоў пладавіцей, калі цалкам пяройдзе на беларускую мову. Добрае ўражанне ад загадчыка т. Дзем'янюка і часткі настаўнікаў".

У школе некалькі дзён прыгадвалі прыезд цікавага госця, а потым узнікла думка - надаць сямігодцы імя Цішкі Гартнага. З вышыні сённяшняга дня гэта прапанова бачыцца нейкай дзівацкай. Але на той час было модным надаваць заводам, шахтам, навучальным установам, калгасам імёны вядомых жывых сучаснікаў.

У сямігодцы адбыўся агульны сход, на якім была прынята пастанова наступнага зместу: "Дзякуючы таму, што 2-я Чэрыкаўская школа - сямігодка з'яўляецца па свайму складу чыста пралетарскай школай, дзе вучацца выключна дзеці сялян, гарадской беднаты і савецкіх працаўнікоў і школа вядзе працу ў пралетарскім напрамку, выконвае ўказанні правадыроў рэвалюцыі і партыі, а Цішка Гартны з'яўляецца першым пралетарскім паэтам і працаўніком па будаўніцтву Беларусі - калектыў школы просіць РАНА паклапаціцца перад уладай аб прысваенні школе імя Цішкі Гартнага і назваць яе: Чэрыкаўская школа - сямігодка імя Цішкі Гартнага".

Пасля таго як мясцовыя ўлады далі згоду на перайменаванне школы, настаўнікі і вучні адправілі тэлеграму Гартнаму. Было гэта 31 снежня. "У час шостай гадавіны існавання БССР 2-я Чэрыкаўская сямігодка просіць вашай згоды аб перайменаванні школы ў імя першага старшыні рабоча - сялянскага ўрада БССР - першага пралетарскага паэта Цішкі Гартнага. Вучні школы - выключна незаможнія сяляне Беларусі - запэўніваюць, што панясуць Вашы пралетарскія матывы ў вёску, каб давесці яе цераз нацыянальнае пытанне да камунізму".

Адказу доўга чакаць не давялося. "Шчыра дзякую за ўспамін. Даю згоду. Цішка".

Праўда, сямігодцы нядоўга давялося насіць імя гэтага чалавека.