Untitled page

У пасляваенныя гады ў Чэрыкаўскім раёне адбываўся працэс узбуйнення калектыўных гаспадарак за кошт аб'яднання больш дробных. Архіўныя матэрыялы даюць нейкае уяўленне аб гэтым працэсе.

Калгас "Кастрычнік" Вепрынская сельсавета, цэнтр в. Вепрын.

Прыкладна ў 1930 г. рашэннем агульнага сходу жыхароў в. Вепрын Вепрынская сельсавета была створана сельскагаспадарчая арцель (калгас) ім. Сталіна з цэнтрам у в. Вепрын. У 1958 г. згодна з рашэннем выканкама Чэрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў працоўных, у склад гэтага калгаса ўвайшлі калгасы: "Чырвоны Кастрычнік" - в. Вепрын, "Трэці рашаючы" - в. Гронаў. Цэнтрам узбуйненагакалгаса стала в. Вепрын Вепрынскага сельсавета. У 1959 г. агульны сход калгаснікаў калгаса ім. Сталіна вырашыў перайменаваць гаспадарку ў калгас "Рассвет", а ў снежні 1962 г. калгас "Рассвет" быў названы калгасам "Кастрычнік" з цэнтрам у в. Вепрын.

Калгас "Бальшавік" Сормаўскага сельскага Савета, цэнтр в. Зоры.

У 1930 г. рашэннем агульнага сходу жыхароў в. Зоры Глінскага сельскага Савета была арганізавана сельскагаспадарчая арцель (калгас) "Бальшавік". У 1947 г. ад калгаса "Бальшавік" адышлі вёскі Багданаўка, Ямкі, Латышчына, на базе якіх быў створаны калгас "30-годдзе Кастрычніка" з цэнтрам у в. Ямкі. У ліпені 1950 г. рашэннем Чэрыкаўскага выканкама і рашэннем агульнага сходаў калгаснікаў калгасаў Глінскага сельсавета калгасы "30-годдзе Кастрычніка", "Чырвоная зорка", "Бальшавік" аб'ядналіся ў калгас "Бальшавік". Цэнтрам аб'яднанага калгаса стала в. Зоры. 24 лістапада 1960 г. калгас "Бальшавік" увайшоў у склад Рэчыцкага сельсавета. Зараз гэта гаспадарка ўваходзіць у склад Сормаўскага сельскага Савета.

Калгас ім. Ільіча Рэчыцкага сельсавета, цэнтр в. Рэчыца.

У 1932 г. на тэрыторыі Рэчыцкеага сельсавета былі створаны сельскагаспадарчыя арцелі (калгасы): "Ленінскі шлях", "Чырвоная зорка", "Праца Леніна", "На варце", якія рашэннем Чэрыкаўскага райвыканкама і па жаданню саміх калгаснікаў аб'ядналіся ў калгас "Ленінскі шлях" - цэнтр в. Вохар. Калгасы ім. Будзённага і ім. Варашылава аб'ядналіся ў калгас ім. Будзеннага, цэнтр в. Рэчыца. У 1959 г. калгас ім. Будзённага стаў называцца калгасам ім. Ільіча, а ў лістападзе гэтага ж года быў аб'яднаны з калгасам "Ленінскі шлях". У 1963 г. рашэннем агульнага сходу калгаснікаў калгас "Ленінскі шлях" стаў калгасам ім. Ільіча Рэчыцкага сельскага Савета з цэнтрам у в. Рэчыца. У 1979 г. калгас ім. Ільіча быў аб'яднаны з калгасам "Другая пяцігодка".

Калгас "Іскра" Сормаўскага сельсавета, цэнтр в. Вудага.

У 1930 г. былі створаны сельскагаспадарчыя арцелі (калгасы) ім. Калініна (в. Вудага) і "Іскра" (в. Глінь). У 1950 г. (10 лістапада) на агульным сходзе калгаснікаў пастанавілі аб'яднаць калгас ім. Калініна Глінскага сельсавета і "Піянер" у сельгасарцель ім. Калініна. Цэнтрам аб'яднанага калгаса стала в. Вудага. У 1955 г. калгасы ім. Калініна (в. Вудага) і "Іскра" (в. Глінь) аб'ядналіся ў калгас ім. Хрушчова з цэнтрам у в. Глінь, які ў 1958 г. быў названы калгасам "Праўда". У 1960 г. калгас "Праўда" увайшоў у склад Рэчыцкага сельсавета. У 1963 г. на базе калгаса "Праўда" былі створаны дзве гаспадаркі: калгас "Праўда" (в. Глінь) і калгас "Іскра" (в. Вудага). Да калгаса "Іскра" адышлі ў асноўным землі і населеныя пункты былога калгаса ім. Калініна.

Калгас "Краіна Саветаў" Рэчыцкага сельсавета, цэнтр в. Камаровічы.

Прыкладна ў 1930 г. была створана сельскагаспадарчая арцель (калгас) "Краіна Саветаў" (в. Камаровічы). Да гэтай гаспадаркі ў 1950 г. былі далучаны калгасы "VI з'езд Саветаў" (в. Камаровічы - 2) і ім. Варашылава (в. Гойкаў). У снежні 1956 г. агульны сход калгаснікаў вырашыў далучыць да гэтай гаспадаркі калгас "Гігант" (в. Халоблін). У сакавіку 1960 г. да калгаса "Краіна Саветаў" далучыўся калгас "Рассвет".

Калгас "Прагрэс" Язёрскага сельсавета, цэнтр в. Сакалоўка.

У 1930 г. рашэннем агульнага сходу калгаснікаў в. Сакалоўкі была арганізавана сельскагаспадарчая арцель (калгас) "Іскра". У 1950 г. калгасы "Іскра" (в. Сакалоўка), "Праўда" (в. Прыпёчына) Язёрскага сельсавета і "Авангард" (в. Бакаў) Мірагашчанскага сельсавета аб'ядналіся ў калгас "Іскра" (цэнтр в. Сакалоўка). У 1959 г. да калгаса "Іскра" была далучана гаспадарка "Шлях да камунізму" (в. Доўгая) і ў гэтым жа годзе калгас "Іскра" стаў насіць назву "Прагрэс".

Калгас "Чырвоны араты" Ушакоўскага сельсавета, цэнтр в. Галоўчыцы.

У 1930 - 1932 гг. рашэннем агульнага сходу жыхароў в. Галоўчыцы была арганізавана сельскагаспадарчая арцель (калгас) "Чырвоны араты" з цэнтрам у в. Галоўчыцы Зябенскага сельсавета. У 1950 г. калгасы Зябенскага сельсавета "Чырвоны араты" (в. Галоўчыцы), "Перамога" (в. Піленка), "Чырвоны пераможнік" былі аб'яднаны ў адну сельскагаспадарчую арцель (калгас) "Чырвоны араты". У 1959 г. рашэннем агульнага сходу калгаснікаў узбуйненых калгасаў Зябенскага сельсавета "Добраахвотнік" (цэнтр в. Зябень) і "Чырвоны араты" аб'ядналіся ў адзін калгас "Чырвоны араты" з цэнтрам у в. Галоўчыцы.

Калгас "Маладая гвардыя" Ушакоўскага сельсавета, цэнтр в. Ушакі.

У 1930 г. была арганізавана сельскагаспадарчая арцель (калгас) "Чырвоны штурмавік" з цэнтрам у в. Ушакі. У ліпені 1950 г. рашэннем агульнага сходу калгаснікаў гаспадаркі калгасы "Чырвоны штурмавік" (в. Ушакі), "Бальшавік" (в. Бакунавічы), ім. Сталіна (в. Пільня) аб'ядналіся ў калгас ім. Сталіна. У лістападзе 1959 г. гэта гаспадарка стала называцца калгасам "Маладая гвардыя з цэнтрам у в. Ушакі.