Памятныя дні

З успамінаў Г. К. Сотнікава


Кастрычніцкую рэвалюцыю я сустрэў на фронце. Салдаты віншавалі адзін другога, і радасці не было канца. Апошні наш бой адбыўся на невялічкай рачулцы Стаход, у Заходняй Беларусі. Нашу дывізію разбілі. А з 1 студзеня па свету разляцеліся ленінскія дэкрэты. Салдаты пачалі братацца. Ненавісная ўсім вайна скончылася. Настаў заранак новага жыцця.

Вярнуўшыся з франтоў першай сусветнай вайны, салдаты - акопнікі сталі тымі людзьмі, якія ў родных мясцінах амаль усе ўключыліся ў барацьбу за Савецкую ўладу. Быў пачатак 1918 г. Ужо завяршылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, ужо абляцелі ўвесь свет першыя дэкрэты Савецкай улады, але вёска хісталася. Многія не ведалі, або не адважваліся - у які бок каму падацца, каму верыць. Былыя ж франтавікі (амаль кожны з іх) яшчэ там, у акопах сустракаліся непасрэдна з бальшавікамі або слухалі іх прамовы. Таму салдаты аказаліся больш палітычна падрыхтаванымі, чым іх землякі. Яны, вядома, і дапамагалі мясцовым бальшавікам устанаўліваць Савецкую ўладу на сяле, тлумачылі палітыку новай улады вяскоўцам.

Сярод дэмабілізаваных салдат быў і я. Калі на Чэрыкаўшчыне пачалі арганізоўвацца Саветы салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, мне аднавяскоўцы аказалі вялікі давер - абралі дэпутатам Камаровіцкай воласці, а затым дэлегатам на першы павятовы з'езд Саветаў, які быў скліканы вясной 1918 г. На з'ездзе мяне абралі членам выканкама, а затым даручылі весці аддзел сацыяльнага забеспячэння.

Гэта былі шчаслівыя, хаця і трывожныя дні раблты побач з М.Д. Шчарбітавым, які быў пачынальнікам усіх добрых спраў. Ён сам не баяўся, як кажуць, лезці ў агонь і ваду і асабістым прыкладам захапляў іншых, быў душой калектыву. Любілі і паважалі Мікалая Дарафеевіча за храбрасць, прынцыповасць, добрасумленнасць.

Дзесьці ў маі 1918 г. выклікае тав. Шчарбітаў мяне і яшчэ аднаго матроса, таксама члена павятовага выканкама (толькі вось прозвішча яго забыўся). Дык вось, тав. Шчарбітаў ставіць перад намі задачу - тэрмінова прыняць усе справы ад гарадской управы. Спакойна так сказаў, без лішніх слоў. Мы бадзёра адказалі: будзе зроблена. І толькі, калі выйшлі на вуліцу, прызадумаліся. Лёгка сказаць: прыняць справы, а хто іх ведае, гэтых таўстапузых - як яны сустрэнуць. Гарадскі ж галава Кашура - Масальскі раней быў гразой усяго Чэрыкава. Ну, што там, у нас - па нагану ў кішэні. Параіліся мы крыху і вырашылі - не сёння дык заўтра, а а выкурваць управу прыйдзецца - значыць пайшлі.

Насцярожана сустрэлі нас служачыя ўправы. Сам галава надзьмуў сваю бычыную шыю, пачырванеў як рак, але на абвастрэнне адносін не пайшоў, зразумеў буржуй, што не той час.

- Чаго, хлопцы, прыйшлі?

- Прымаць справы, - адказваем.

- Хто ж вас накіраваў? - працягвае дапытвацца і яхідна дадае: - Я б такім нават гусей не даверыў пасвіць, не то што гарадскую ўправу прымаць.

Але калі паказалі даведку павятовага выканкама - панікнуў неяк адразу галава горада, прысмірэў. Дрыжачымі рукамі падаў нам ключы і прашыпеў:

- На гэтым усё, паперы ўсе на месцы, прымайце, - і нават пакланіўся.

Многа цікавых эпізодаў з тых часоў можна было б рассказаць. Хаця я асабіста ведаў справаў аддзела сацыяльнага забеспячэння, але ўдзельнічаць прыходзілася ў розных аперацыях - тут і харчразвёрстка, і барацьба з бандытамі, і многае іншае. Людзей не хапала, даводзілася ўсім быць разам на асабліва трывожных участках.

Мне хочацца рассказаць яшчэ аб адным асабліва важным, на мой погляд, мерапрыемстве, што праводзілася ў барацьбе за адстойванне Савецкай улады на Чэрыкаўшчыне летам 1918 г.

А здарылася вось што. Неяк збірае ўсіх членаў павятовага выканкама тав. Шчарбітаў і гаворыць:

-Таварышы! Нам прадстаіць адказная задача - напрацягу 24 гадзін сабраць подпісы ўсяго дарослага насельніцтва павета вось пад гэтым тэкстам.

Аказваецца, нехта з ворагаў сфабрыкаваў хлуслівы дакумент: быццам бы жыхары Чэрыкаўскага павета не жадаюць улады Саветаў, а хочуць далучыцца да Украінска - нямецкай буржуазнай Рады. Можа, так, а можа крыху інакш называлася гэтая марыянетачная "дзяржава". Халера яе ведае. Але было нешта на скорую руку злепленае са сталіцай у горадзе Гомелі. Вось і ставілася задача - абвергнуць варожую хлусню.

Раз'ехаліся мы ва ўсе куткі павета. Мне даручылі правесці работу ў Камаровіцкай воласці. Жарэбчыка далі хутканогага (у памешчыка канфіскавалі). Выехаў я апоўдні. Вёсак трыццаць трэба было аб'ехаць. У першы дзень сабраў подпісы ў вёсках Зоры, Вусце, Вохар, Рэчыца, Глінь. Усё шло добра. Вёска Вудага - першая няўдача. Там засеў белагвардзейскі капітан па прозвішчу Пруднікаў і цэлым атрадам наводзіў смуту сярод сялян. Да таго падбухторыў іх на дрэннае, што нават забіць мяне хацелі. Дзякуй аднаму добраму чалавеку - дапамог. Жыў там дзед Трыфан Бяляеў, ведаў мяне - з сынам я яго калісьці разам у школу хадзіў. Дык вось ён адвёў каня на ўскрай вёскі, а сам шапнуў мне. І я задворкамі паціху схаваўся. Не з-за страху за асабістае жыццё, а дзеля працягвання далейшай справы, дзеля захавання тых подпісаў, што ўжо сабраў, прыйшлося бегчы з гэтай вёскі.

Прыехаў у Камаровічы. Сабралі членаў валаснога камітэта. Параіліся. Было ў воласці сем або дзесяць коней. Разаслалі мы ганцоў па ўсіх всёках. І трэба сказаць, сабраліся людзі да адзінага. Пачалі праводзіць мітынг. Я растлумачыў абстаноўку. Усе прагаласавалі супраць рады. Толькі думалі пачынаць збіраць подпісы, як слова папрасіў зноў той жа капітан. Аказваецца, і ён тут. Што ж, дэмакратыя ёсць дэмакратыя. Далі яму слова. Прыгожа гаварыў. Так гэта ў яго зладжана атрымліваецца - нібы ён самы лепшы сябра сялян, іх верны абаронца. Захісталіся людзі. Частка на бок ворага перакінулася. Зноў я выступаю. Толькі закончу прамову - кадэт слова бярэ. І так гадзіны тры або чатыры. Пачнем галасаваць - большасць мяне падтрымлівае. Давялося дзейнічаць па-іншаму. Сабраў ўсіх членаў валаснога выканкама і даю загад: закрыць вароты, праверыць наяўнасць зброі ў прысутных. Капітана толькі і бачылі. А людзі перасталі палохацца, усе да аднаго паставілі подпісы.

Сабраў паперы, збіраюся ў Чэрыкаў ехаць. А мне паведамляюць - зроблена засада ў лесе. Прыйшлося іншым шляхам дабірацца.

Дзесьці раніцай з усіх валасцей прыехалі пасланцы з дакументамі. Два мяшкі папер назбіралі. Запакавалі ўсе, сургучную пячатку паставілі, і павёз мяшкі сам Шчарбітаў з членам выканкама Сарокіным у Гомель. Даказаць буржуям трэба, што ўсе людзі Чэрыкаўскага павета за Савецкую ўладу гарой стаяць. Па дарозе на адной са станцый арыштавалі ворагі тав. Шчарбітава. Апазналі яго. Ён калісьці у тых мясцінах па заданню бальшавікоў праводзіў работу. Павёз у Гомель матэрыялы адзін Сарокін. Даставіў. Вярнуўся. Рассказаў аб здарэнні ў дарозе. Тэрмінова была паслана тэлеграма ў Маскву паўнамоцнаму прадстаўніку Чычэрыну. У Маскве прынялі адпаведныя меры. Тыдні праз тры вярнуўся тав. Шчарбітаў. Раней быў чарнявы, а прыехаў увесь сівы. Відаць, нялёгка прыйшлося нашаму таварышу ў логаве ворага.

Яшчэ мне вельмі хацелася б успомніць аб рабоце Чэрыкаўскага ваенкамата ў першыя гады Савецкай улады.

Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі Чэрыкаўскае "павятовае воінскае прысутнае месца" было рэарганізавана ў камісарыят па ваенных справах. Былы воінскі начальнік палкоўнік царскай арміі Фінюцін быў звольнены з займаемай пасады і на яго месца мясцовы Савет назначыў чыноўніка Ціханава.

Камісарыят быў павінен займацца пастаноўкай на ваенны ўлік грамадзян, фарміраваннем воінскіх часцей з мясцовых жыхароў - франтавікоў. Асабліва вялікую работу праводзіў камісарыят, калі ім стаў кіраваць бальшавік Падалякін. Перш за ўсё ён пачаў падбіраць кадры з людзей, адданых рэвалюцыі. Загадчыкам аддзелаў быў назначаны Якаў Шавялёў (потым - палкоўнік Савецкай Арміі), аддзелам забеспячэння - Аляксей Мельнікаў (потым - пракурор Крычаўскага раёна), мабілізацыйным аддзелам - Павел Язёрскі, адміністрацыйна - гаспадарчым - Еўдакім Цацоха, аддзелам па фарміраванню і навучанню атрадаў Чырвонай Арміі кіраваў Аляксандр Захараў. У апошнім аддзеле служыў і я.

Шмат сіл для паляпшэння спраў камісарыята прыладаў ваенкам Падалякін. Пры яго непасрэдным удзеле былі ўтвораны многія валасныя ваенкаматы. Так, ваенкамам Старынскай воласці быў назначан Курачкін (у 1919 г. яго расстралялі бандыты),3 Лабанаўскай - Маркін, Даўжанскай - Кампіцкі.

У 1918 г. на тэрыторыі павета размяшчаліся некалькі партызанскіх атрадаў. Камандавалі імі Розе, Шылаў, Карпаў, Варанцоў і іншыя. Вось з гэтых атрадаў і пачалося фарміраванне першых часцей Чырвонай Арміі. Так, на аснове атрада Розе быў сфарміраваны Чырвоны полк. Мне запомнілася, што ў гэтым палку камандзірам роты быў Мікіта Каношка, камандзірам коннай разведкі - Фама Чаброў, коннага ўзвода - Дзмітрый Новікаў.

Пры райваенкамаце навучаліся, абмундзіроўваліся, а потым накіроўваліся на фронт не толькі былыя партызаны. У вёсках было многа былых франтавікоў, працоўнай моладзі. Іх трэба было прызываць на ваенную службу.

Паколькі спачатку Чырвоная Армія фарміравалася на добраахвотных пачатках, нам, работнікам райваенкамата, даводзілася праводзіць вялікую растлумачальную работу і агітацыйную работу сярод насельніцтва. Мы праводзілі мітынгі, сходы, гутаркі, арганізоўвалі вечары адпачынку, канцэрты, ставілі спектаклі.

Вялікую работу па маштабу і глыбіні пераўтварэнняў у першыя гады Савецкай улады павінны былі выканаць зямельныя аддзелы. Першы зямельны аддзел быў арганізаваны пры выканкаме Савета пад старшынствам Шаўцова. У 1919 г. аддзелам кіраваў Чыжэўскі, у 1920 - Каплуноў. Галоўнай задачай аддзела было правядзенне ў жыццё палажэння аб землеўпарадкаванні. У сферу дзеяння ўваходзіла ўсё сельскагаспадарчае жыццё павета: жывёлагадоўля, садоўніцтва, размеркаванне зямлі, ахова лесу на корані і інш. У сувязі з гэтым вялікая ўвага ўдзялялася агітацыйна - прапагандысцкай, растлумачальнай рабоце па сельскай гаспадарцы, чыталіся лекцыі, арганізоўваліся кароткатэрміновыя сельскагаспадарчыя курсы і шэраг іншых мерапрыемстваў.

У галіне жывёлагадоўлі была арганізавана заатэхнічная служба, бралася на ўлік племянная жывёла. Агранамічным пададдзелам кіраваў Цілюпа. Аграномамі працавалі Атрашкевіч, Бязлюдны, Адамовіч, Мацвееў, Аўрусін. Пры павеце і кожнай воласці агранамічнымі пададдзеламі ствараліся пракатныя пункты сельскагаспадарчых машын. Рэзка адчуваўся недахоп сельгасінвентару. Сяляне ахвотна бралі на пракат інвентар і машыны. У Лабанаўскім пракатным пункце агранамічным старастамбыў Фішар, пры Палужскай воласці - Рыгор Нятылька, пры Крычаўскай - Кузьма Старадымаў і інш.

Для таго каб павялічыць колькасць інвентару, падоўжыць тэрмін яго службы была створана сельскагаспадарчая рамонтная майстэрня. Загадваў ёй Нісенгауз, інжынерам быў Фрайнгор. Кавалямі працавалі Аляксееў, Халіпскія.

Існаваў сельскагаспадарчы склад па продажу насельніцтву інвентару, машын і інш. Спачатку ўсе тавары і матэрыялы адпускаліся за грошы. А потым за хлеб, зерне. Саламарэзка каштавала 63 пуды жыта, плуг - 3- 4 пуды, серп, цвікі і іншыя прадметы - па некалькі фунтаў.

У першыя гады Савецкай улады вельмі цяжка было пракарміць сям'ю, асабліва мнагадзетную. У земаддзеле вырашылі адкрыць грамадскую сталовую. Атрыма дазвол. Сталоўка размясцілася ў доме Ліпніка (цяпер вуліца Пралетарская). Поварам быў І. Цыганкоў. Прадукты атрымлівалі ў саўгасе "Горы" (зараз Краснапольскі раён). Асноўным прадуктам быў ячмень. Зерне абдзіралі, а потым варылі суп, кашу. Гатавалі таксама кампот з сушаных яблыкаў без цукру. Калі Чэрыкаўскі выканкам пераехаў у Клімавічы, я звольніўся з работы. Але ў жніўні 1926 г. зноў вярнуўся ў Чэрыкаў і працаваў у лясной гаспадарцы да выхаду на пенсію.

Цяжкі быў той час, але шчаслівы. Хоць мы былі распранутымі, часам галадалі, нярэдка нам пагражала і смерць, аднак даручаную нам справу даводзілі да канца.

З успамінаў удзельнікаў грамадзянскай вайны

С. Ладзесаў. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі я быў конюхам у князя Абаленскага. Дзень і ноч працаваў на стайні, каб зарабіць некалькі рублёў у месяц. Мяне мог зняважыць не толькі сам памешчык, а і любы з яго сям'і. Нават заезджы чыноўнік не называў інакш як "эй ты, быдла!".

Памятаю імперыялістычную вайну, на якую трапіў у 1915 г. Нас ужо называлі не быдлам, а "храбрымі рускімі воінамі" і заклікалі не шкадаваць крыві і жыцця "за цара - бацюхну, Расію - матухну".

Адкрыць вочы, пазнаць праўду лапамог бальшавік Яфім Сцяпанавіч Марынчанка. Калі грымнула лютаўская рэвалюцыя, ён часта выступаў перад салдатамі, гаварыў, што вайна выгадная капіталістам і памешчыкам, а не простаму люду, заклікаў раззбройваць афіцэраў, самім выбіраць камандзіраў.

Восенню 1917 г. я атрымаў накіраванне ў Георгіеўскі батальён (там служылі толькі георгіеўскія кавалеры), які ахоўваў царскую Стаўку ў Магілёве. Адразу ж па прыбыцці ў батальён я даведаўся, што ў Магілёў едзе прапаршчык Крыленка з некалькімі тысячамі рэвалюцыйных матросаў. Бальшавіцкія агітатары праніклі ў батальён і заклікалі не страляць у сваіх, а пераходзіць на бок рэвалюцыі. Разам з некалькімі дзесяткамі салдат я так і зрабіў.

Вясной 1917 г. я прыйшоў дадому. Разам з бацькамі рыхтаваўся да сяўбы, калі пачуў, што ў Прыпёчыне рабуюць насельніцтва польскія легіянеры. Дванаццаць язёрцаў, у тым ліку і я, пайшлі ў Чэрыкаў, дзе ўступілі ў атрад В.Р. Розе.

Цяжка было ваяваць - не хапала патронаў, вопраткі, абутку. Але ўсё ж мы адстаялі ад варожай навалы родную уладу.

Пасля грамадзянскай вайны прыехаў у родныя мясціны. Удзельнічаў у стварэнні камбедаў, калгасаў, адным з першых сам стаў калгаснікам.

З.І. Прасянцоў. Царскую Расію нярэдка называлі матухнай, але гэтая матухна для рабочых і сялян была мачахай. У глыбіны народных мас нарастаў гнеў супраць эксплуататараў, і ў 1917 г. грымнула Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя.

Мы, сяляне - беднякі, з радасцю ўспрынялі вестку, што ўлада ў краіне перайшла ў рукі рабочых і сялян.

Назабыўны, хвалюючы час. Памятаю, як у канцы студзеня 1918 г. з Магілёўскага губсавета ў павет прыйшло распараджэнне аб утварэнні на месцах органаў народнай улады. Але перш за ўсё трэба было абяззброіць паліцыю і арганізаваць ахову памешчыцкіх маёнткаў. З гэтай мэтай у в. Прыпёчана і быў створан узброены атрад. У яго ўвайшлі Трафім, Нічыпар і Еўдакія Ламянковы, Макар, Сямён Прасянцовы, Максім Брылёў, Аляксей Мельнікаў і я. Камандзірам стаў франтавік Трафім Ламянкоў, камісарам - член РСДРП з 1917 г. Еўдакія Ламянкова. У нас была адна вінтоўка і 8 паляўнічых ружжаў.

Перш за ўсё вырашылі арыштаваць былога ўрадніка, памешчыцкага лоўчага, які жыў ва ўрочышчы Бакаў. Аднак калі мы падышлі да дома царскага паслугача, той пачаў страляць. Мы адказалі агнём. У ходзе перастрэлкі ўраднік быў забіты. У яго доме мы знайшлі дзве вінтоўкі і мноства патронаў.

З Бакава мы накіраваліся ў Горкі, дзе быў маёнтак княгіні Абаленскай. Тут таксама не абышлося без бою, бо памешчыцу ахоўвалі чэркесы. І ўсё ж такі маёнтак мы захапілі. Маёмасць і інвентар раздалі беднякам - сялянам.

Мне, разам з землякамі - членамі ўзброенага рэвалюцыйнага атрада, давялося ўдзельнічаць у захопе царскай стаўкі ў Магілёве. Я ў той час быў ужо байцом першага Магілёўскага Чырвонагвардзейскага атрада. Мы занялі чыгуначны вакзал, дэпо, станцыю і не прапусцілі да сэрца рэвалюцыі - Петраграда - контррэвалюцыйныя войскі. І тут з Чэрыкава і Прапойска на імя старшыні губвыканкама паступілі тэлеграмы, што на гэтыя гарады наступае дывізія польских легіянераў.

Наш атрад атрымаў заданне выступіць супраць ворага. Адну групу з 400 чал. і чатырма кулямётамі павёў на Чэрыкаў намеснік камандзіра атрада Ламянкоў. Другую, такую ж па колькасці, групу павёў на Прапойск камандзір Вераб'ёў.

Каля Прапойска нам паведамілі, што легіянеры ўзялі напрамак на пасёлак Карму. У белапалякаў было каля чатырох тысяч салдат і афіцэраў. Каля в. Гарадзішча мы іх дагналі і вырашылі даць бой. За ноч нашы разведчыкі разбурылі лініі сувязі, а камандзір расставіў па дарогах невялікія баявыя заслоны па 5 - 10 чал.

Раніцай наш атрад з боку хутара Вугал напаў на праціўніка ў Гарадзішчы, дзе размясціўся штаб легіянераў. Нечаканае нападзенне, адсутнасць сувязі зрабілігармідар у стане ворага. Яшчэ большая паніка ўзнялася, калі легіянеры натыкнуліся на нашы заслоны. Наш атрад захапіў 27 падвод з харчаваннем і боепрыпасамі. Праўда, страцілі забітымі і параненымі прыкладна чвэрць байцоў, але працягвалі гнаць ворага. Пад Рагачовам дывізія легіянераў была акружана нашымі і рагачоўскімі партызанамі, латышскімі стралкамі. Велікія страты панеслі польскія легіянеры.

Наш атрад атрымаў загад ісці ў тэрміновым парадку да Магілёва, які да гэтага часу занялі белапалякі. Спыніліся пад Старым Быхавам. Тут пачаў фарміравацца з добраахвотнікаў і адданых Савецкай уладзе казакоў Быхаўскі конны партызанскі атрад. Камандаваць атрадам, які складаўся з 75 чал., стаў данскі казак Карпаў.

Многія з нас не ўмелі ваяваць у конным страі, валодаць шаблямі і пікамі. Таму конны атрад перадыслацыраваўся ў Крычаў, дзе некаторы час прысвяціў баявой вучобе. У той час палякі не вялі актыўных дзеянняў і невялікі атрадамі раз'яджаюцца па вёсках павета, рабуючы насельніцтва, тэрарызуючы сем'і партызан і чырвонагвардзейцаў.

Мы атрымалі паведамленне, што ў Прыпёчына прыбыў такі атрад. Нехта данёс, што ў вёсцы шмат сем'яў партызан і палякі пачалі шныраць па хатах. Яны збілі плёткамі старасту Мітрафана Марускова, сялян Засіма Мельнікава і Фядоса Агеева, калі тыя не ўказалі на партызанскія сем'і. Палякі вырашылі спаліць вёску, а перад гэтым сабраць харчовую кантрыбуцыю. Наш атрад выступіў з Крычава ў напрамку Доўгае. Мы зайшлі ў Чэрыкаў і папярэдзілі аб з'яўленні ворага атрад В.Р. Розе, які тут знаходзіўся.

Не даходзячы трох кіламетраў да Прыпёчына, мы спыніліся, і праз знаёмых я выклікаў свайго 15-гадовага брата Сцяпана і яго сябра Івана Агеева. Пад выглядам жабракоў яны разведалі сілы ворага, і мы нанеслі нечаканы ўдар.

Гэтыя некалькі эпізодаў з маёй баявой маладосці даюць некаторае ўяўленне аб тым, як нялёгка давалася ўстанаўленне новай улады.

Д.І. Старавойтаў. Нарадзіўся я ў в. Тур'е былой Лабанаўскай воласці Чэрыкаўскага павета ў 1900 г. Сям'я наша была бядняцкая. У 17 гадоў застаўся сіратой. Вось і давялося пайсці па найму да пана Астанковіча і кулакоў.

Пасля перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі я, тады 18-гадовы юнак, уступіў у атрад Чырвонай гвардыі. Камандаваў ім баявы камандзір Вальдэмар Розе. У хуткім часе гэты атрад быў ператвораны ў 153-ці полк партызанскіх злучэнняў. Мяне накіравалі на курсы камандзіраў кулямётных каманд у г. Ржэў Цвярской губерні. Па заканчэнні курсаў выехаў у полк асобага назначэння штаба 15-й арміі ў якасці камандзіра кулямётнай каманды латышскага палка, камандзірам якога быў тав. Віліс Лаціс. Полк ваяваў на паўночна - заходнім фронце супраць генерала Юдзеніча. Першае баявое хрышчэнне я атрымаў на фронце ў раёне вёсак Усве, Ліцвякі, Калодзіжкі Віцебскай губерні. Прымаў удзел у баях за вызваленне гарадоў Гдова, Пскова, станцыі Патапава, Жогава. Пад Псковам уступіў у камсамол.

Пасля разгрому армій Юдзеніча і Калчака наш латышскі полкбыў перакінуты на Заходні фронт. У ліпені 1920 г. нашы часці вызвалілі Мінск, павятовы цэнтр - мястэчка Глыбокае, гарады Маладзечна, Навагрудак, Ваўкавыск, Гродна, Вільна і інш. Ваяваў на тэрыторыі Польшчы і удзельнічаў ва ўзяцці гарадоў Ломжа, Беласток. Ад г. Беластока давялося з цяжкімі баямі адступаць, прыкрываць адыходзячыя часці і эвакуіравацца за Беласток. За баявыя заслугі я быў прадстаўлены да ордэна Чырвонага Сцяга.

Пасял шпіталю ў канцы снежня 1921 г. мяне накіравалі ў распараджэнне Чэрыкаўскага ваеннага камісарыята. Памятаю, які вялікі ўрон быў нанесены грамадзянскай вайной народнай гаспадарцы. Выведзены з севаабароту вялікія плошчы зямлі, навокал разруха, голад. Трэба было брацца за аднаўленне жыцця. Райкам партыі даручыў мне заняцца ўмацаваннем камсамольскіх ячэек на вёсцы. У той час яны былі створаны ў вёсках Мірагошч, Шароеўка, Доўгае, Горкі, Дубраўка, Глінь, Наркі. Я быў выбраны членам павятовага камітэта камсамола. У хуткім часе мяне накіроўваюцьна курсы ў г. Магілёў, па заканчэнні якіх пачаў працаваць у саўгасе "Елізавеціна" Краснапольскай воласці. У канцы 1923 г. меня выбралі старшынёй камітэта прафсаюза работнікаў зямлі і лесу і адначасова намеснікам старшыні райпрафсавета. Старшынёй у гэты час працаваў Г.М. Эртман. На маю долю выпала работа аб'ядноўваць і арганізоўваць батрацкія камітэты, заключаць дагаворы з кулакамі, арганізоўваць арцелі лесарубаў, сплаўшчыкаў, прымаць людзей у члены прафсаюза, кіраваць прафсаюзнымі арганізацыямі.

У ліпені 41-га года пайшоў змагацца супраць нямецкіх акупантаў. Доўгія вёрсты франтавых дарог прывялі мяне ў Берлін. Аб гэтым сведчаць і баявыя ўзнагароды, фатаграфія ля Брандэнбургскіх варот і роспіс на сцяне рэйхстага.