За годам - год

З успамінаў Л.В. Валюжэніча, былога дырэктара 2-й Чэрыкаўскай школы

Яшчэ да першай сусветнай вайны працаваў я настаўнікам пачатковых школ у Чэрыкаўскім павеце. З 1923 па 1934 - у сярэдняй школе Чэрыкава. У гэты час я меў шчасце сустракацца з многімі цікавымі людзьмі: Майсеем Эртманам, Пракопам Рабцавым, Грыгор'евым, Кацярынай Васілеўнай Грыгор'евай, якая вучылася разам з М.І. Ульянавай, была ў эміграцыі ў Парыжы, Жэневе, дзе сустракалася з У.І. Леніным, Г.В. Пляханавым.

Ніколі не забуду першых будаўнікоў савецкай улады ў Чэрыкаўскім павеце - сакратара павятовага камітэта партыі Максіменку, старшынь павятовага выканкама Князева, Сліўкіна, Лоцманава, загадчыкаў аддзелаў Лукашова, Нікалаева, Стапалянскага, ваеннага камісара Лявонава. Гады сцёрлі з памяці імёны іншых слаўных змагароў за пабудову новага жыцця ў прысожскім краі.

Нарадзіўся я ў в. Глушкі Маляцінскай воласці Чэрыкаўскага павета. Сям'я наша складалася з 9 чалвек. Бацька - сляпы, непісьменны, маці непісьменная простая сялянка. Шэсць братоў і адна сястра. Апрача мяне і малодшага брата, у школе ніхто не вучыўся. Да новага ўраджаю сям'і ніколі не хапала хлеба, і я з бацькам звычайна хадзіў да багатага суседа пазычаць яго.

Пачатковую школу я скончыў паспяхова і па парадзе настаўніка А.Р. Шавала паступіў у царкоўна - настаўніцкаю школу ў Крычаве. У 1905 г. скончыў школу з правам выкладання граматы ў школах. Год давялося працаваць па найму ад грамады за сорак рублёў, на другі год стала крыху лепш. Аднак я разумеў, што толькі набыўшы настаўніцкую кваліфікацыю і больш глыбокія веды, змагу атрымаць права на выкладанне ў пачатковай школе. Набыў падручнікі і пачаў рыхтавацца да экзаменаў. Вясной 1909 г. паспяхова вытрымаў экзамены пры чэрыкаўскім гарадскім вучылішчы. Тут пры прыходскай школе праходзіў месячную практыку. У канцы таго ж года быў прызначаны загадчыкам народнай школы в. Савінічы цяперашняга Клімавіцкага раёна.

Пачалася першая сусветная вайна. У ліку многіх настаўнікаў быў прызваны ў армію і накіраваны на фронт. К разгар грамадзянскай вайны пайшоў у Чырвоную Армію, дзе знаходзіўся да 1922 г.

Дэмабілізаваўшыся з радоў Чырвонай Арміі, я закончыў вучобу ў інстытуце. У 1923 г. быў прызначаны настаўнікам Леменскай доследна - паказальнай школы - камуны другой ступені імя У. І. Леніна. Школа - камуна аб'ядноўвала ў адзін спаяны дружбай калектыў хлапчукоў і дзяўчынак камунараў, педагогаў і іх сем'і.

Работа ў школе - камуне дала мне многае. У верасні 1924 г. мяне прызначылі дырэктарам 2-й Чэрыкаўскай сямігадовай школы. І я змог выкарыстаць набыты вопыт у арганізацыі вучэбна - выхаваўчага працэсу. Сямігодка размяшчалася ў трох невялікіх будынках. Настаўнікі жылі на прыватных кватэрах. Пачатковыя класы камплектаваліся дзецьмі гарадскога насельніцтва. У V - VII класы прымалі таксама выпускнікоў вясковых школ першай ступені.

Мясцовыя органы ўлады жыва ўнікалі ў школьнае жыццё. Да пачатку новага навучальнага года было адрамантавана паўразбуранае двухпавярховае памяшканне ў цэнтры горада. Неўзабаве школе прысвоілі імя Цішкі Гартнага.

Вядома, былі ў нас і цяжкасці. У бібліятэцы мала было кніг, не хапала падручнікаў, дапаможнікаў, прыбораў і рэактываў. Мала было выкладчыкаў з вышэйшай адукацыяй.

Коратка аб культурным жыцці тагачаснага Чэрыкава. Прафесійныя артысты ў тыя гады не наведвалі глыбінныя раёны. Але аматары сцэны арганізоўвалі канцэрты. Працаваў у школе таленавіты выкладчык малявання І.В. Грушэўскі. Дзякуючы яго старанням, у школе развіўся талент многіх юных мастакоў. Дакладна не памятаю, у якім годзе ў Ленінградзе была арганізавана Усесаюзная выстаўка дзіцячай мастацкай творчасці. 2-я сямігодка г. Чэрыкава на гэту выстаўку нактравала некалькі партрэтаў, пейзажаў, жанравых малюнкаў, падрыхтаваных нашымі юнымі мастакамі. Экспанаты былі заўважаны. Здольнага юнака Ліберфарба тады ж выклікалі ў Маскву і ўладкавалі ў мастацкае вучылішча.

З павагай і шчырым захапленнем успамінаю свайго даўняга таварыша па працы К.В. Гатальскага. Працавалі разам у Леменскай школе - камуне. Пасля Гатальскі аж да самай смерці працаваў у чэрыкаўскіх школах. Гэта быў сапраўдны энтузіяст эстэтычнага выхавання моладзі.

Школьныя справы не засланілі сабой пераўтварэнні, што адбываліся ў эканамічным жыцці. Давялося мне і маім таварышам прымаць непасрэдны ўдзел у калектывізацыі. Неяк павятовы камітэт партыі атрымаў паведамленне, што ў Вепрынскім калгасе пачалося самавольнае расцягванне маёмасці. Стварылі камісію з ліку работнікаў павятовага камітэта партыі і выканаўчага камітэта, актывістаў - усяго 21 чалавек. У Вепрыне сабралі людзей па ўчастках і разам з членамі валаснога савета пацікавіліся, чаму пачалося разбазарванне абагуленага зерня. Аказалася, што завадатарамі сталі не калгаснікі, а людзі, прагныя да нажывы. Разабраліся. Дзякуючы праведзенай растлумачальнай рабоце першы ў раёне калгас працягваў жыць і набіраць сілы.